Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АЛЕЙКІ́Я,

гл. Агранулацытоз.

т. 1, с. 237

АЛЕЙКСА́НДРЭ ((Aleixandre) Вісентэ) (26.4.1898, Севілья, Іспанія — 14.12.1984),

іспанскі паэт. Творы 1920—30-х г. напісаны пад уплывам сюррэалізму і фрэйдызму: зб-кі «Акруга» (1928), «Шпагі нібы губы» (1932), «Разбурэнне ці любоў» (1933), кн. вершаў у прозе «Страсць зямлі» (1935). У час нац.-рэв. вайны ў Іспаніі (1936—39) пісаў антыфаш. вершы. Зб. «Цені раю» (1944) — паэтычная утопія пра царства шчасця і прыгажосці, якое бачыць чалавек на парозе смерці. Аўтар філас. лірыкі (зб. «Апошняе нараджэнне», 1953; «Гісторыя сэрца», 1954; «Унутраныя дыялогі», 1974 і інш.), кн. мемуараў «Сустрэчы» (1958). Нобелеўская прэмія 1977.

Тв.:

Mis poemas mejores. Madrid, 1968.

В.Алейксандрэ.

т. 1, с. 237

АЛЕ́ЙНАЕ ДРЭ́ВА гл. Тунг.

т. 1, с. 237

АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.

У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл. Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн. т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).

Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял. Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс. т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс. т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс. т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс. т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл. Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс. т, 1990; 44,3 тыс. т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.

Т.​Н.​Жданоўская, Г.​П.​Астапенка.

т. 1, с. 237

АЛЕ́ЙНІК (Барыс Ільіч) (н. 22.10.1935, с. Зачапілаўка Новасанжарскага р-на Палтаўскай вобл.),

украінскі паэт. Акад. АН Украіны (з 1990). Скончыў Кіеўскі ун-т (1958). Паэтызуе стваральную працу, прыгажосць прыроды, героіку сучаснасці і гіст. мінулага Украіны. Аўтар зб-каў паэзіі «Сталь загартоўваюць кавалі» (1962), «Кола» (1968), «На лініі цішыні» (1972), «Ісціна» (1976), «Мера» (1984), кн. літ.-крытычных артыкулаў «Планета паэзіі» (1983), публіцыст. кн. «Князь цемры: Два гады ў Крамлі» (1993) і інш. За зб. «Стаю на зямлі» (1973) Дзярж. прэмія СССР 1975, за зб-кі «Сівая ластаўка» (1979), «У люстры слова» (1981), «Дума аб горадзе» (1982). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1983, за публіцыст. творы і цыкл вершаў «Скаварада і свет» (1994) Міжнар. прэмія імя Г.​Скаварады 1994. Перакладаў на ўкр. мову творы Г.​Бураўкіна, Н.​Гілевіча, А.​Куляшова. Кнігу выбр. вершаў і паэм Алейніка на бел. мову пераклаў Бураўкін.

Тв.:

Вибр. твори. Т. 1—2. Київ, 1985;

Бел. пер. — Заклінанне агню. Мн., 1979.

В.​А.​Чабаненка.

Б.І.Алейнік.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІК (Дзмітрый Іванавіч) (н. 11.5.1929, г. Беразіно),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960, вучыўся ў В.​Волкава, У.​Сухаверхава, В.​Цвіркі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Вясна. Порт» (1963), «Вечная памяць» (1965), «Лясное возера» (1969), «Белыя коні» (1972), «Асеннія далячыні» (1978), «Дзявочы гай» (1979); мазаічных пано «Карагод» (1968) і «Каруначніцы» (1974, абодва з М.​Казакевічам) і інш.

Т.​А.​Карповіч.

Дз.Алейнік. Вясна. Порт. 1963.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІК (Сцяпан Іванавіч) (3.4.1908, с. Пасыцэлы Балцкага р-на Адэскай вобл. — 11.1.1982),

украінскі паэт-гумарыст і сатырык. Скончыў Адэскі пед. ін-т (1934). Друкаваўся з 1926. Аўтар кн. вершаў «Нашы знаёмыя» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), зб-каў гумарыст. вершаў і фельетонаў «Ходзіць Перац па агародзе» (1952), «Які Сава — такая і слава» (1955), «Здаравенькі былі!» (1958), «П’яныя ваўкі» (1962), «Дазасядаўся!..» (1968) і інш., біягр. апавяданняў («З кнігі жыцця», 1964), успамінаў пра дзеячаў л-ры і мастацтва. Пераклаў на ўкр. мову творы У.​Корбана (у зб. «Тона попелу», 1964).

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ, 1978;

Бел. пер. — Гумар і сатыра. Мн., 1959;

Цуд у чаравіку. Мн., 1970.

В.​А.​Чабаненка.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІК (Уладзімір Пятровіч) (н. 12.9.1959, г. Смалявічы),

бел. спартсмен (скачкі ў ваду з вышкі). Сярэбраны (1980, Масква) і бронзавы (1976, Манрэаль) прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіён Еўропы (1977), СССР (1976, 1980). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІКАЎ (Павел Раманавіч) (снеж. 1917, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл. — 18.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1940). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Малодшы камандзір Алейнікаў вызначыўся ў лютым 1940 у баях у раёне пас. Краснасельскае Выбаргскага р-на. У Вял. Айч. вайну на Паўд. і 3-м Бел. франтах. Загінуў у баі.

т. 1, с. 238

АЛЕ́ЙНІКАЎ (Пётр Марцінавіч) (12.7.1914, в. Крывель Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 9.6.1965),

рус. кінаакцёр. Скончыў Ін-т сцэн. мастацтваў у Ленінградзе (1935). З 1932 здымаўся ў кіно. Яго героі — абаяльныя маладыя хлопцы, нястомныя гумарысты, адданыя сябры, добрыя і высакародныя: Малібога («Сямёра смелых»), Пётр Алейнікаў («Камсамольск»), Ваня Курскі («Вялікае жыццё»), Саўка («Трактарысты»), танкіст («Беларускія навелы») і інш. Творчаму шляху Алейнікава прысвечаны фільм «Пётр Марцінавіч і гады вялікага жыцця».

П.М.Алейнікаў.
П.М.Алейнікаў (у цэнтры) у ролі Малібогі (фільм «Сямёра смелых»).

т. 1, с. 238