Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЮ́НЦКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

старажытнаплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах (каля 800—900 тыс. гадоў назад), якое папярэднічала Міндэльскаму зледзяненню. Датуецца часам заканчэння фарміравання альпійскай складкавасці і паступовага стварэння рэльефу зямной паверхні, блізкага да сучаснага, канцом неагенавага, або пачаткам антрапагенавага перыяду. Звязана з пашырэннем плошчы зледзянення Альпаў. Вылучаюць некалькі стадый гюнцкага зледзянення. На тэр. СНД адпавядае перыяду адкладу гурыйскіх або апшэронскіх пластоў (каля 1,8—0,7 млн. г.). Некат. даследчыкі параўноўваюць гюнцкае зледзяненне з нараўскім зледзяненнем, што было на тэр. Беларусі і доўжылася прыкладна 40 тыс. г. (600—500 тыс. г. назад) ад канца брэсцкага перадледавікоўя да пач. белавежскага міжледавікоўя.

т. 5, с. 554

ГЮРДЖА́Н (Акоп Маркаравіч) (17.12.1881, г. Шуша, Нагорны Карабах — 28.12.1948),

армянскі скульптар. Вучыўся ў маст. акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906—10), наведваў майстэрню А.Радэна. Працаваў у Маскве (з 1914), Парыжы (з 1921). Адметнае ў творчасці Гюрджана — своеасаблівае спалучэнне рыс стараж. мастацтва Усходу і тагачасных зах.-еўрап. плыней. Аўтар партрэтаў М.Горкага (1914), С.Рахманінава (1915), М.Сар’яна (1927), статуі «Саламея» (1925), помніка Л.Талстому ў Парыжы (устаноўлены ў 1955), надмагілляў.

Літ.:

Дрампян Р.Г. А. Гюрджян. Ереван, 1973.

т. 5, с. 554

ГЮРДЖА́Н (Габрыэл Мікаэлавіч) (24.4.1892, г. Артвін, Турцыя — 1987),

армянскі жывапісец. Нар. мастак Арменіі (1945). Скончыў Пензенскія вышэйшыя маст.-пед. майстэрні (1920). З 1922 у Арменіі. Выкладаў у Ерэванскім маст. ін-це (1945—58). Пераважна пейзажыст: «Шыракскі канал» (1926), «Севан. Зангбуд» (1936), «Ерэван у дні Айчыннай вайны» (1942), «Збор бавоўны» (1949), «Руіны сярэдневяковай крэпасці Севан» (1958), «Жніво ў калгасе. Арменія» (1969) і інш.

т. 5, с. 555

ГЮРЗА́ (Vipera lebetina),

змяя сям. гадзюкавых. Пашырана ў Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на некат. астравах Міжземнага м. Жыве ў сухіх перадгор’ях, цяснінах, па схілах гор і далінах рэк, у вінаградніках, садах. Падвід (V.l. schweizeri), які жыве на а-вах Эгейскага м., занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 1,6 м. Афарбоўка зверху шаравата-пясчаная або карычнявата-чырвоная, уздоўж спіны папярочна выцягнутыя цёмна-бурыя або аранжавыя плямы. Па баках цела больш дробныя цёмныя плямы. Галава аднатонная. Бруха светлае, у дробных цёмных плямках. Яйцажывародная, адкладвае да 43 яец. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, дробнымі птушкамі. Укус гюрзы можа быць смяротным. Яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 5, с. 555

ГЯМЫ́Ш,

самая высокая вяршыня Малога Каўказа, на хр. Мураўдаг, у Азербайджане. Выш. 3724 м. Складзена з вывергнутых парод.

т. 5, с. 555

ГЯНДЖА́,

горад у Азербайджане, каля падножжа М.Каўказа. 278 тыс. ж. (1992). Чыг. станцыя. Прам-сць: лёгкая (тэкст., дыванова-суконная, бавоўнаачышчальная), машынабудаванне і металаапрацоўка (прыладабудаванне, грузавое машынабудаванне), каляровая металургія, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў, фарфору, мэблі і інш.). 3 ВНУ. Тэатр.

Засн. ў 7 ст. У 1138 зруйнавана землетрасеннем, перанесена на новае месца. У 12—13 ст. буйны гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр. У 18 ст. цэнтр Гянджынскага ханства. У 1804 далучана да Расіі. У 1804—1918 наз. Елізаветполь, у 1935—89 — Кіравабад.

т. 5, с. 555

ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г. Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.

т. 5, с. 555

ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,

дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.

т. 5, с. 555

ГЯУ́РАЎ (Нікалай) (н. 13.9.1929, г. Велінград, Балгарыя),

балгарскі спявак (бас); адзін з буйнейшых сучасных оперных спевакоў. Нар. арт. Балгарыі (1962). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Сафійскай, Ленінградскай і Маскоўскай (скончыў у 1955) кансерваторыях. Спяваў у Сафійскай нар. оперы (з 1956), у Вял. т-ры ў Маскве (1957—58), у Венскай, Парыжскай операх, Балонскім оперным т-ры. З 1961 саліст т-ра «Ла Скала». Асаблівае месца ў яго творчасці займае італьян. і рус. оперны рэпертуар. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно; «Мефістофель» А.Бойта), Даланд («Лятучы галандзец» Р.Вагнера), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Гран пры Міжнар. конкурсу спевакоў у Парыжы (1955) і Франц. акадэміі грампласцінак імя Ш.Кро (1972). Дзімітроўская прэмія 1959, 1966.

Літ.:

Абаджиев А. Николай Гяуров. М., 1984;

Бикс Р. Н.Гяуров в големия театьр на идеите. София, 1985.

т. 5, с. 555

ГЯЧЭ́ВІЧ ((Гечан-Гячэвіч) Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 5.4.1770—19.3.1840),

дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. З 1788 крайчы Вілейскага ваяводства, з 1791 член цывільна-вайск. парадкавай камісіі ваяводства (з 1792 старшыня яго аддзялення). З 1795 на царскай службе: засядацель земскіх судоў, падкаморы Вілейскага пав. і інш. Займаўся размежаваннем Мінскай і Віленскай губ. З 25.10.1816 мінскі віцэ-губернатар, з 31.12.1818 мінскі цывільны губернатар. Тайны саветнік (1831). 26.2.1831 прызначаны сенатарам.

У.П.Крук.

т. 5, с. 555