Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГРАМА́ДСКІ АБАРО́НЦА,

прадстаўнік грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву, якому даручаецца прымаць удзел у судовым разглядзе справы з мэтай абароны правоў і інтарэсаў падсуднага. Удзел грамадскага абаронцы ў судзе прадугледжаны крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Грамадскі абаронца самастойны ўдзельнік працэсу, незалежны ад удзелу ў справе прафесійнага абаронцы — адваката. Ён не мае права адмовіцца ад абароны, за выключэннем выпадку, калі калектыў, што ўпаўнаважыў яго, ануляваў дадзенае яму даручэнне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 398

ГРАМА́ДСКІ АБВІНАВА́ЎЦА,

асоба, якая па даручэнні грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву прымае ўдзел у судовым разглядзе справы і выконвае функцыі грамадскага абвінавачання. Грамадскі абвінаваўца самастойны ўдзельнік судовага працэсу і не звязаны з пазіцыяй па справе дзярж. абвінаваўцы — пракурора. Ён мае права адмовіцца ад абвінавачання, калі даныя судовага следства даюць для гэтага падставу. Працэсуальнае становішча грамадскага абвінаваўцы ў Рэспубліцы Беларусь рэгламентавана крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 398

«ГРАМА́ДСКІ ГО́ЛАС»,

газета Беларускай часовай рады (БЧР) — паліт. аб’яднання польскай арыентацыі ў Зах. Беларусі. Выдавалася штотыднёва з 22.6.1924 да 28.1.1926 у Вільні на бел. мове. Крытычна ставілася да эміграцыйнага ўрада Бел. Нар. Рэспублікі і ўрада Сав. Беларусі, прапагандавала ідэю згуртавання грамадскіх сіл, адзінага нац. фронту. Памяркоўна крытыкавала палітыку польск. ўрада, асвятляла праблемы царквы на Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра творчасць Я.​Купалы, М.​Багдановіча, пра стан бел. мастацтва, дзейнасць Бел. аб’яднанага т-ра, аб праблемах бел. мовы. Публікавала маст. творы і пераклады на бел. мову з інш. моў. З уздымам нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі спыніла сваё існаванне.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 398

ГРАМА́ДСКІ ДАГАВО́Р,

тэорыя паходжання дзяржавы, прапанаваная галандскім вучоным Г.Гроцыем. Упершыню трактоўка дзяржавы як дагавору паміж людзьмі прапанавана Эпікурам. Асаблівае пашырэнне мела ў эпоху бурж. рэвалюцый 18—19 ст. (Д.​Дзідро, Т.​Гобс, Ж.​Ж.​Русо). Прыхільнікі грамадскага дагавору лічылі, што дзяржава ўзнікла ў выніку дагавору паміж людзьмі, у якім прадугледжвалася добраахвотнае адмаўленне асобных з іх ад сваіх натуральных правоў на карысць дзярж. улады, закліканай абараняць уласнасць і бяспеку грамадзян. У розных варыянтах гэту ідэю развівалі Дж.​Лілберн і Дж.​Мільтан у Вялікабрытаніі, І.​Кант і І.​Фіхтэ ў Германіі, Т.​Пейн у Амерыцы. Ідэя грамадскага дагавору ляжыць у аснове паліт. поглядаў А.​М.​Радзішчава. Яна значна паўплывала на фарміраванне паліт. светапогляду дзекабрыстаў («Руская праўда» П.​Пестэля).

т. 5, с. 398

ГРАМА́ДСКІ ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,

гл. Падзел працы.

т. 5, с. 398

ГРАМА́ДСКІ ПАРА́ДАК,

сістэма грамадскіх адносін, якая рэгулюецца маральнымі і прававымі нормамі, мае на мэце гарантаванне грамадскай бяспекі і спакою, абароны гонару і годнасці грамадзян і нармальных умоў для дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый. Складваецца ў працэсе свядомага і добраахвотнага выканання грамадзянамі правіл паводзін, устаноўленых законам і маральнымі нормамі. Выкананне гэтых правіл забяспечвае зладжанае і ўстойлівае супольнае жыццё людзей. Парушэнні грамадскага парадку цягнуць за сабой адпаведную адказнасць: маральную, адм., крымінальную.

т. 5, с. 398

ГРАМА́ДСКІ ЦЭНТР,

цэнтральная зона населенага пункта або яго частак, у якой сканцэнтраваны ўстановы грамадскага, адм.-дзелавога, культ.-асв., гандл.-быт., спарт., рэкрэацыйнага і інш. прызначэння. У буйных гарадах грамадскія цэнтры ствараюцца паводле іерархічнага прынцыпу: агульнагар. цэнтр, цэнтры гар. раёнаў, жылых, вытв., рэкрэацыйных, а таксама мікрараёнаў, жылых і прамысл. комплексаў, спецыялізаваныя цэнтры — навук., навуч., мемар., мед. і інш.

Стараж. грамадскія цэнтры гарадоў фарміраваліся з будынкаў жылога і абарончага (замкі), культавага (храмы), гандл. прызначэння, устаноў самакіравання (ратушы) вакол плошчаў у межах абарончых крапасных умацаванняў. Кампазіцыя сучасных грамадскіх цэнтраў захоўвае традыцыі, адлюстроўвае новы сац.-грамадскі змест і дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Пры развіцці і рэканструкцыі грамадскіх цэнтраў важнейшая задача — ахова гіст. спадчыны, помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, горадабудаўніцтва. Сярод буйнейшых сучасных грамадскіх цэнтраў Еўропы і Амерыкі комплекс Дэфанс і Форум у Парыжы, грамадскі цэнтр у новым раёне ў Франкфурцена-Майне (Германія), цэнтры гарадоў-спадарожнікаў Харлаў, Стывенедж у Англіі, Велінгбю, Фарста ў Швецыі, Тапіёла ў Фінляндыі, адм. цэнтры гарадоў Таронта (Канада) Бостана (ЗША), «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку.

На Беларусі грамадскія цэнтры развіваюцца паводле праектаў рэгенерацыі, складзеных для ўсіх гіст. гарадоў (Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Магілёва, Пінска і інш.). У іх ствараюцца ахоўныя зоны помнікаў гісторыі і культуры, свабодныя ад транспарту пешаходныя зоны і вуліцы. Грамадскія цэнтры новых гарадоў (Салігорска, Светлагорска, Наваполацка), пасёлкаў і буйных вёсак (в. Малеч Брэсцкай, Верцялішкі Гродзенскай, Акцябрскі Віцебскай, Сарачы Мінскай, Мышкавічы Магілёўскай абласцей) уяўляюць сабой сучасныя добраўпарадкаваныя грамадскія комплексы і арх. ансамблі.

Літ.:

Соколов Л.И. Административные центры городов. М., 1979;

Моисеев Ю.М., Шимко В.Т. Общественные центры. М., 1987;

Общественные нетры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.

В.​І.​Анікін.

Да арт. Грамадскі цэнтр. Форум Цэнтральнага рынку ў Парыжы.
Грамадскі цэнтр у г. Салігорск.

т. 5, с. 398

ГРАМА́ДСТВА,

сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой гал. ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гіст. формах і тыпах. Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства. У гісторыі філас., сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Мысліцелі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс бачылі ў грамадстве сродак сац. кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г.​Гроцый, Д.​Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г.​Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла матэрыяліст. тэорыя грамадства (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін, Г.​В.​Пляханаў). Яна аспрэчвае гал. пастулат ранейшых поглядаў на тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыяліст. разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутр. структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах. У апошняй трэці 20 ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навук.-тэхн. прагрэс і выкліканыя ім сац.-эканам. вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асн. крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусв. сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сац.-эканам. версіямі індустр. грамадства з’яўляюцца дабрабыту тэорыя і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустр. грамадства з’яўляюцца тэорыі постіндустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.

Літ.:

Волков А.И. Человеческое измерение прогресса. М., 1990;

Новая технократическая волна на Западе. М., 1986.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 400

ГРАМА́ДЧАНКА (Таіса Канстанцінаўна) (н. 1.12.1951, р. п. Градзянка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1980). Скончыла БДУ (1976). У 1979—92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.​Танка. Друкуецца з 1979. Даследуе творчасць бел. пісьменнікаў 1920—30-х г. (Б.​Мікуліч, В.​Каваль), сучасных бел. празаікаў (манаграфія пра І.​Чыгрынава «Жывая памяць народа», 1984; кн. «Перад праўдай высокай і вечнай: Беларуская проза сёння», 1991, і інш.). Аўтар даследавання «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.​Гарэлік і А.​Гурскай).

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 400

ГРА́МАТА (ад грэч. grammata чытанне, пісьмо),

1) уменне чытаць і пісаць.

2) Афіц. пісьмовы акт, які сведчыць пра якое-н. міжнар. пагадненне ці вызначае пэўныя прававыя адносіны (даверчая грамата, адзыўная грамата, ратыфікацыйная і інш.).

3) Афіц. заканад. акт Стараж.-рус. дзяржавы, у ВКЛ, Рэчы Паспалітай. Граматай замацоўваўся дзярж. лад, правы і прывілеі землеўладальнікаў, афармлялася прававое становішча асобных тэр. адзінак і розных груп насельніцтва, прызначаліся службоўцы на дзярж. і службовыя пасады, афармляліся наданні зямель, маёнткаў і інш. маёмасці, ганаровых званняў і чыноў. У ВКЛ наз. таксама лістамі гаспадарскімі, прывілеямі. Падзяляліся на даравальныя граматы, устаўныя граматы, ільготныя, ахоўныя, купчыя і інш. 4) Форма ўзнагароды ў былым СССР, у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД дзярж. органамі, грамадскімі арг-цыямі, адміністрацыяй прадпрыемстваў, устаноў, спарт. т-вамі за поспехі ў якой-н. справе (напр., Граматы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, пахвальныя, ганаровыя граматы і інш.) 5) Стараж. назва ўсякага дакумента, пісьма.

6) У пераносным сэнсе: фількава грамата (непісьменны дакумент, які не мае юрыд. сілы), кітайская грамата (незразумелы дакумент, незнаёмая справа).

т. 5, с. 401