ГРАЗЕЛЯЧЭ́ННЕ,
пелоідатэрапія, пелатэрапія, выкарыстанне гразей лячэбных (пелоідаў) у лек. і прафілакт. мэтах на гразевых і інш. курортах, у водагразелячэбніцах санаторыяў, прафілакторыяў, фізіятэрапеўт. аддзяленнях і кабінетах бальнічных і амбулаторна-паліклінічных устаноў; від фізіятэрапіі. Робяць гразелячэнне агульнае (ванны лячэбныя) і мясцовае (аплікацыі, кампрэсы і інш.). Спалучаецца з бальнеатэрапіяй, медыкаментозным лячэннем, масажам, лячэбнай фізкультурай і інш. відамі тэрапіі. Адна з разнавіднасцей гразелячэння — электрагразелячэнне (гальвана-, дыятэрма-, індуктагразелячэнне).
Гразелячэнне ўзнікла з нар. вопыту лек. выкарыстання прыродных гразей (вулканічных, ліманных, тарфяных). Навук. абгрунтаванне атрымала ў пач. 19 ст. ў працах О.Лібрайха, К.Гродэля, Ш.Дзюран-Фардэля, Ч.Фругоні, Л.Дэвота, М.А.Ажэ. У 20 ст. гразелячэнне — пашыраная форма фізіятэрапіі хвароб органаў апоры і руху, гінекалагічных, некат. сасудзістых і нерв., траўмаў, трафічных язваў, ран і інш. Сапрапелевыя арган. асадкавыя гразі прэсных азёр ёсць на Беларусі (азёры Дрэвіца, Судабле, Сяргееўскае і інш.); шырока выкарыстоўваюцца тарфяныя гразі.
Тэрапеўт. ўздзеянне гразелячэння рэалізуецца гал. чынам праз рэфлекторна-гумаральныя (нерв. і эндакрынную сістэмы) уплывы на розныя органы. Шматразовасць працэдур гразелячэння па пэўнай схеме забяспечвае сумацыю лек. эфекту. Гразелячэнне станоўча ўплывае на абмен рэчываў, кроваўтварэнне, функцыі ўнутр. органаў, мае заспакаяльнае дзеянне, павышае тонус вегетатыўнай нерв. і рэактыўнасць імуналагічнай сістэм, прыгнятае алергічныя рэакцыі, стымулюе працэсы аднаўлення тканак. Асабліва эфектыўнае гразелячэнне пры хранічных запаленчых захворваннях.
Я.В.Малашэвіч.
т. 5, с. 388
ГРАЗІ́ВА,
рака ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. і ў Оўруцкім р-не Жытомірскай вобл. (Украіна), правы прыток р. Славечна (бас. Прыпяці). Даўж. 28,6 км, у т. л. 9 км на Беларусі (каналізаваная), 3,6 км на мяжы з Украінай. Пачынаецца за 1 км на З ад в. Гразіва Оўруцкага р-на. Цячэ па забалочанай лясістай мясцовасці. Жывіць вадасх. Свяча.
т. 5, с. 388
ГРА́ЗІ ЛЯЧЭ́БНЫЯ,
пелоіды, асадкі вадаёмаў, тарфяныя паклады, вывяржэнні гразевых вулканаў і інш. абводненыя прыродныя аргана-мінер. ўтварэнні з лек. ўласцівасцямі. Фарміруюцца пад уплывам геал., кліматычных, гідрагеалагічных і інш. прыродных фактараў з мінер. часцінак, рэшткаў раслінных і жывёльных арганізмаў, калоідных раствораў, вады. Вял. ролю адыгрываюць мікраарганізмы (да 1 млрд. на 1 г сухой гразі). Выкарыстоўваюць пры гразелячэнні.
Ад 25 да 97% масы гразей лячэбных складае гразевы раствор — вытворнае вады ці рапы, мінералізацыя якога ад 0,01 г/л у торфе і сапрапелях да 350 г/л у сульфідных мулавых гразях; рэакцыя кіслая (торф) ці шчолачная (сульфідныя гразі). Грубадысперсную аснову гразей лячэбных складаюць гліністыя і пясчаныя часцінкі, слабарастваральныя солі кальцыю і магнію, грубыя арган. рэшткі. Калоідны комплекс гразей лячэбных уключае тонкадысперсную частку (памер часцінак менш за 0,001 мм) са складаных арган. і аргана-мінер. рэчываў. Адрозніваюць гразі лячэбныя арганічныя (у сухім рэчыве, напр., торфе, сапрапелі, арганікі больш за 10%) і неарганічныя (сульфідныя і сопачныя, у т. л. вулканічныя гразі). Асн. ўласцівасці гразей лячэбных: пластычнасць, высокая цеплаправоднасць, здольнасць да адсорбцыі, што забяспечвае добрае ўтрыманне гразей лячэбных на целе хворага, правядзенне лячэбных працэдур пры больш высокай т-ры (у параўнанні з воднымі), пазбаўленне ад мікробаў скуры хворага. У пазакурортных умовах і пры адсутнасці паўнацэнных натуральных выкарыстоўваюць штучныя гразі лячэбныя, паводле складу набліжаныя да прыродных. На базе буйных радовішчаў гразей лячэбных ствараюцца гразевыя курорты.
Я.В.Малашэвіч.
т. 5, с. 388
ГРАЗНО́Ў (Васіль Васілевіч) (? — 12.3.1909),
бел. краязнавец, мастак і літограф. Скончыў Строганаўскае вучылішча (1862). З 1864 жыў у Вільні, выкладаў маляванне ў гімназіях. Даследаваў стараж.-рус. і бел. архітэктуру, матэрыяльную культуру і мастацтва. Сабраў унікальную калекцыю прадметаў бел. культуры і побыту. Навукова апісаў і замаляваў Барысаглебскую (Каложскую) царкву ў Гродне, замак у Лідзе, цэрквы-крэпасці ў Сынковічах Зэльвенскага і Мураванцы (Маламажэйкаве) Шчучынскага р-наў і інш. Многія малюнкі сталі ілюстрацыямі да кніг П.М.Бацюшкава («Беларусь і Літва», 1890), І.В.Карчынскага («Старажытная Каложская царква ў імя св. князёў Барыса і Глеба ў г. Гродне», 1908), 3-га т. «Маляўнічай Расіі» (1892) і інш. У Эрмітажы (С.-Пецярбург) захоўваюцца яго літаграфіі (лісты з альбома) «Унутраны від... Прачысценскага сабора ў г. Вільна», «Унутраны від Нікольскай царквы ў г. Вільна», «Выява Лідскага замка 14 ст. і царквы часоў Альгерда ў Вільні» і інш.
Тв.:
О древних церквах Северо-Западного края // Известия о занятиях седьмого археологического съезда в Ярославле 6—20 авг. 1887 г. Ярославль, 1887. № 10;
Коложская Борисоглебская церковь в г. Гродно. Вильна, 1893.
т. 5, с. 388
ГРАЙМС-ГРЭЙВС (англ. Grimes Graves),
старажытны цэнтр здабычы крэменю эпохі неаліту (2300—1700 да н.э.) каля Брандана, на мяжы графстваў Норфалк і Суфалк (Англія). На плошчы каля 14 га знойдзены рэшткі 346 шахтаў, частка якіх мае глыб. 9—10 м. Ад вертыкальных тунэляў адыходзяць гарыз. галерэі. Здабыча вялася драўлянымі рыдлёўкамі і рагавымі прыладамі. У адной з шахтаў знойдзены алтар з крамянёвых глыб, вакол якога былі ўмацаваны рогі аленя, знаходзіліся прынашэнні (крэйдавыя шары, статуэтка жанчыны і інш.).
А.В.Іоў.
т. 5, с. 388
ГРА́КХІ (лац. Gracchus),
браты, палітычныя дзеячы Стараж. Рыма. Паходзілі са знакамітага роду Семпроніяў. Тыберый (162—133 да н.э.), нар. трыбун у 133, ва ўмовах нестабільнага становішча ў краіне правёў закон, які абмежаваў буйное землекарыстанне на грамадскім полі (агер публікус), але не атрымаў падтрымкі сярод сенатараў. На нар. сходзе адхілены ад улады (упершыню ў гісторыі Рыма), але паўторна выставіў сваю кандыдатуру ў нар. трыбуны. Забіты сенатарамі ў дзень выбараў. У 129 сенат спыніў надзяленне зямлёй паводле яго закону. Гай (153—121 да н.э.), нар. трыбун у 123 і 122 да н.э., аднавіў агр. заканадаўства брата, правёў законы ў інтарэсах гар. плебсу і саслоўя коннікаў, прапанаваў даць саюзнікам правы рым. грамадзян і інш. Загінуў у час узбр. паўстання.
т. 5, с. 389
ГРАМ,
долевая адзінка масы, роўная 0,001 кг. Пазначаецца г. 1 г з дакладнасцю да 0,2% роўны масе 1 см³ хім. чыстай вады пры т-ры яе найб. шчыльнасці (каля 4 °C).
т. 5, с. 389
ГРАМ ((Gramme) Зеноб Тэафіль) (4.4.1826, Жэе-Бадэнье, Бельгія — 20.1.1901),
бельгійскі электратэхнік, заснавальнік прамысл. вытв-сці эл. машын. Працаваў у Францыі. Атрымаў патэнт на эл. генератар пастаяннага току з кальцавым якарам (1869). У 1870 стварыў «Т-ва вытв-сці магніта-эл. машын Грама», якое вырабляла эл. генератары розных тыпаў з кальцавым якарам. У 1871 прадэманстраваў у Парыжскай АН першую дынамамашыну.
т. 5, с. 389
...ГРАМА (ад грэч. gramma рыса, літара, напісанне), другая састаўная частка складаных слоў, якая азначае: запіс, графічны відарыс, напр., галаграма, біяграма, гістаграма.
т. 5, с. 389