Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́РНАЕ МАЦАВА́ННЕ,

шахтавае мацаванне, рудніковае мацаванне, штучныя збудаванні для падтрымання даху і сценак горных вырабатак. Забяспечвае бяспечную работу людзей і надзейную эксплуатацыю шахтавых машын і механізмаў. Падзяляецца на прызабойнае і для падрыхтоўчых вырабатак.

Прызабойнае горнае мацаванне ўстанаўліваецца ў ачышчальнай вырабатцы (лаве) і перамяшчаецца з прасоўваннем забою. Бывае індывідуальнае (кожную стойку ўстанаўліваюць і знімаюць незалежна ад іншых; у склад камплекта ўваходзяць спец. пасадачныя тумбы для кіравання горным ціскам) і механізаванае (гідрастойкі звязаны ў секцыі і перамяшчаюцца гідрадамкратамі, можа быць цалкам аўтаматызавана). Горнае мацаванне для падрыхтоўчых вырабатак бывае: драўлянае, металічнае, бетоннае, жалезабетоннае (маналітнае і зборнае); капітальнае і часовае; трапецападобнае, прамавугольнае, арачнае, кальцавое; жорсткае, падатлівае (з пастаянным або нарастаючым супраціўленнем), з падатлівымі і шарнірнымі элементамі, камбінаванае.

Літ.:

Докукин А.В., Коровкин Ю.А., Яковлев Н.И. Механизированные крепи и их развитие. М., 1984;

Справочник по креплению горных выработок. М., 1976.

П.Я.Антонаў.

т. 5, с. 362

ГОРНАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

горная прамысловасць, комплекс галін нар. гаспадаркі, якія займаюцца разведкай і здабычай карысных выкапняў, а таксама іх першаснай перапрацоўкай і абагачэннем. Вылучаюць асн. групы: паліваздабыўныя, рудаздабыўныя прадпрыемствы, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім., гідрамінеральная.

Горназдабыўная прамысловасць узнікла ў далёкім мінулым, калі чалавек пачаў карыстацца неабходнымі яму выкапнямі. Яе хуткае развіццё звязана з прамысл. пераваротам канца 18 — пач. 19 ст., калі шматразова павялічыліся патрэбы ў высокакаларыйным паліве, разнастайнай металургічнай сыравіне, буд. матэрыялах геал. паходжання, падземных водах, мінер. солях і інш. выкапнях. Сучасная структура прадукцыі сусветнай горназдабыўной прамысловасці характарызуецца значнай перавагай у ёй (вартасным выражэнні) паліўнаэнергет. сыравіны — нафты, прыроднага газу, кам. вугалю. У апошнія дзесяцігоддзі развіццё горназдабыўной прамысловасці звязана з пераважным пераходам да адкрытай распрацоўкі радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў. Пашыраецца працэс выкарыстання ўсё больш беднай сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўваемай горнай масы, глыбінь горных работ і інш., якія патрабуюць удасканалення спосабаў здабычы і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны. Прагрэс горназдабыўной прамысловасці ў асноўным звязаны з далейшым развіццём традыц. метадаў здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама з укараненнем прынцыпова новых тэхнал. схем і тэхн. рашэнняў (стварэнне комплексаў па распрацоўцы жалеза-марганцавых канкрэцый на дне акіянаў, распрацоўкі адносна танных метадаў атрымання металаў з марской вады і інш.).

На Беларусі існуюць наступныя асн. галіны горназдабыўной прамысловасці: паліваздабыўная, рудаздабыўная, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім. і гідрамінеральная. На пач. 1996 было 370 прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці (2,11% ад агульнай колькасці прамысл. прадпрыемстваў рэспублікі), на якіх працавала 24 457 чал. (2,08% ад занятых у прам-сці). Аб’ём кошту прадукцыі горназдабыўной прамысловасці склаў 4,2% ад агульнага па прам-сці Беларусі. Найбольшыя аб’яднанні і прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беларусьнафта», «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Граніт», «Крычаўцэментнашыфер» і інш.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 362

ГО́РНАЙ І ХІМІ́ЧНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНА-КАНСТРУ́КТАРСКІ ІНСТЫТУ́Т,

«Белгорхімпрам». Засн. ў 1971 у Мінску на базе Салігорскай н.-д. лабараторыі (з 1962). Да 1992 Бел. філіял усесаюзнага н.-д. і праектнага ін-та галургіі. Н.-д. работы вядуцца ў галіне здабычы і перапрацоўкі калійных руд, распрацоўкі аўтаматызаваных сістэм і сродкаў кіравання тэхнал. працэсамі, вытв-сці розных відаў прадукцыі з выкарыстаннем хім. працэсаў.

Асн. кірункі дзейнасці: выкананне н.-д., праектных, канструктарскіх, разведвальных работ пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі па аб’ектах прамысл., жыллёва-грамадзянскага і інш. Прызначэння.

С.М.Лажэчка.

т. 5, с. 362

ГОРНАКРЫ́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (8—5 тыс. г. да н.э.) на тэр. Горнага Крыма (Украіна). Насельніцтва займалася паляваннем на высакародных аленяў, дзікоў і збіральніцтвам, жыло ў пячорах, а таксама на высокіх пласкагор’ях. Для ранняга этапу горнакрымскай культуры характэрны разцы, касцяныя вастрыі для стрэл і інш., у познім пераважалі крамянёвыя скрабкі, пласціны з рэтушшу, геаметрычныя мікраліты (трапецыі), гарпуны і дроцікі з косці і рогу. У пячорах выяўлены пахаванні — скурчаныя трупапалажэнні, пасыпаныя вохрай.

А.В.Іоў.

т. 5, с. 362

ГОРНАТЭХНІ́ЧНАЯ РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ,

комплекс горнатэхн. работ па аднаўленні прыроднага ландшафту, змененага ў выніку адкрытай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў; адзін з этапаў рэкультывацыі зямель. Задача горнатэхнічнай рэкультывацыі — падрыхтоўка парушаных зямель да правядзення мерапрыемстваў па аднаўленні ўрадлівасці, с.-г. і лесагаспадарчых работ, а таксама работ па асваенні вадаёмаў. Асн. аб’екты горнатэхнічнай рэкультывацыі: адвалы раскрыўных парод і выпрацаваныя плошчы кар’ераў. Горнатэхнічная рэкультывацыя ўключае: зняцце і складаванне ўрадлівага пласта глебы; распрацоўку і складанне парод раскрыўкі; наладжванне дрэнажнай сеткі для папярэджання забалочвання; буд-ва дарог на адвалах; планіроўку паверхні адвалаў; зніжэнне і сплошчанне, тэрасаванне і стабілізацыю адкосаў; меліярац. мерапрыемствы (вапнаванне, гіпсаванне); стварэнне рэчышча і берагоў вадаёмаў; накрыванне паверхні ўрадлівым слоем глебы.

т. 5, с. 362

ГОРНАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна горназдабыўной прамысловасці, якая займаецца здабычай, першаснай перапрацоўкай і абагачэннем сыравіны (фасфатных, серных, борных, мыш’яковых, барыевых і барытавых руд, прыродных сульфату натрыю, калійных солей, соды і кухоннай солі), а таксама атрыманнем брому, ёду і інш. рэчываў. Засн. на комплексным выкарыстанні сыравіны з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя адходамі і недапушчэння агульнага адмоўнага ўплыву сваіх працэсаў. Прадпрыемствы горнахімічнай прамысловасці пераважна з’яўляюцца часткай адпаведных спецыялізаваных аб’яднанняў, што ўключаюць аб’екты здабычы, перапрацоўкі зыходнай сыравіны, атрымання спадарожных рэчываў і разнастайных матэрыялаў. У месцах развіцця горнахімічнай прамысловасці паявіліся цэлыя прамысл. комплексы, з гарадамі, якія іх абслугоўваюць.

Узнікненне горнахімічнай прамысловасці як самаст. галіны вытв-сці звязана з неабходнасцю забеспячэння сельскай гаспадаркі мінер. ўгнаеннямі. У 1913 прамыслова развітыя краіны здабывалі каля 10 млн. т горнахім. сыравіны, з якой на самародную серу, флюарыты, бараты, бром, ёд і хромавую руду прыпадала каля 1,15 млн. т, астатняе — фасфатная сыравіна і калійныя солі. У 1980 у краінах з рыначнай эканомікай здабывалася 165 млн. т горнахім. сыравіны. Буйнейшыя здабытчыкі і краіны-экспарцёры — ЗША і Марока, буйнейшыя імпарцёры — дзяржавы Зах. Еўропы, Японія і Канада. У б. СССР здабыча фасфарытных (Ягор’еўскае і Вяцка-Камскае радовішчы) і апатыта-нефелінавых (на Кольскім п-ве) руд і іх перапрацоўка пачалася ў 1928—30-я г.; у 1980 здабыта 155 млн. т горнахім. сыравіны.

У Беларусі развіццё горнахімічнай прамысловасці пачалося з адкрыцця ў 1949 Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (буйнейшае ў свеце). На базе іх здабычы і перапрацоўкі ўзнік г. Салігорск з ВА «Беларуськалій».

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 363

ГО́РНАЯ ВЫ́РАБАТКА,

штучная поласць у зямной кары, утвораная ў выніку горных работ. Адрозніваюць горныя вырабаткі разведачныя (для пошуку і разведкі карысных выкапняў) і эксплуатацыйныя (для распрацоўкі радовішчаў); падземныя і адкрытыя.

Падземныя бываюць вертыкальныя (шурфы, шахтавыя ствалы, гезенкі), гарызантальныя (штольні, штрэкі, квершлагі, орты), нахіленыя (брэмсбергі, скаты, нахілы, шурфы і інш.); ачышчальныя, дзе адбываецца выманне карысных выкапняў (лавы, камеры), і падрыхтоўчыя, у якіх рухаецца транспарт, устаноўлена вентыляцыйнае абсталяванне і інш. Да горнай вырабаткі адносяць і буравыя свідравіны. З адкрытых горных вырабатак найб. пашыраны капітальныя і разразныя траншэі, а таксама раскрыўныя і здабыўныя ўступы.

П.Я.Антонаў.

т. 5, с. 363

ГО́РНАЯ ВЯРШЫ́НЯ,

найвышэйшая частка гары, горнага масіву ці хрыбта. Форма горнай вяршыні можа быць піка-, платопадобная ці інш., што абумоўлена літалогіяй складаючых парод, тэктанічнай будовай, характарам дэнудацыйных працэсаў і г.д. Самыя высокія вяршыні зямнога шара — Джамалунгма (Эверэст) у Гімалаях (8848 м), Чагары (Годвін-Остэн, Дапсанг) у Каракаруме (8611 м), Канчэнджанга ў Гімалаях (8585 м).

т. 5, с. 363

ГО́РНАЯ КРАІ́НА,

вялізны ўчастак зямной паверхні з рэзкімі ваганнямі вышынь, значна (на сотні, тысячы метраў) падняты над навакольнымі раўнінамі. Фарміруецца звычайна ў выніку адзінага этапу тэктанічнага развіцця, якое суправаджаецца перавагай узыходных рухаў. Часам выцягнута на некалькі тысяч км, складаецца з шэрагу ланцугоў і хрыбтоў, падзеленых міжгорнымі ўпадзінамі і рачнымі далінамі. Гл. таксама Горная сістэма.

т. 5, с. 363

ГО́РНАЯ СПРА́ВА,

галіна навукі і тэхнікі, звязаная з дабычай з нетраў зямлі карысных выкапняў. Пошук радовішчаў, вызначэнне колькасці, якасці і ўмоў залягання выкапняў робіцца пры правядзенні геолагаразведачных работ (уключаюць геал. здымку, пошукавыя работы, папярэднюю, дэталёвую, эксплуатацыйную разведку і інш.). Цвёрдыя карысныя выкапні здабываюць адкрытай распрацоўкай радовішчаў і падземнай распрацоўкай радовішчаў на прадпрыемствах-рудніках (шахтах), аснашчаных горнымі камбайнамі, інш. машынамі і механізмамі.

Пры адкрытым спосабе здабычы будуюць прадпрыемствы-кар’еры (разрэзы) і выкарыстоўваюць розныя горныя вырабаткі (траншэі, рудаспускі, катлаваны, дрэнажныя шахты і інш.). Укараняюцца сродкі і метады геатэхналогіі. Вадкія і газападобныя карысныя выкапні (нафта, мінер. вада, прыродны газ і інш.) здабываюць з дапамогай буравых свідравін (гл. Нафтаздабыча), газіфікацыяй паліва, вышчалочваннем і інш. Удасканальваюцца спосабы падводнай здабычы (пераважна нафты). Завяршальны працэс горнай тэхналогіі — абагачэнне карысных выкапняў. Радовішчы распрацоўваюць паводле праекта, які вызначае тэхналогію горных работ і сістэму распрацоўкі пакладу. Вял. ўвага аддаецца выбухованебяспечнасці, горнавыратавальнай справе, горнаму нагляду. Фіз.-мех. ўласцівасці горных парод, з’явы, што адбываюцца пры здабычы карысных выкапняў, спосабы здабычы, арганізацыі вытв-сці і інш. вывучаюцца горнай навукай. Адносіны, звязаныя з выкарыстаннем і аховай нетраў рэгулююцца горным заканадаўствам. Гл. таксама Горнахімічная прамысловасць.

Б.А.Багатаў.

т. 5, с. 363