ГЛІСА́ДА (франц. glissade літар. слізганне),
прамалінейная траекторыя зніжэння авіяц. лятальнага апарата (самалёта, верталёта, планёра) пры пасадцы. Задаецца з дапамогай радыётэхн. абсталявання (радыёлакацыйнай станцыі, глісаднага і курсавога радыёмаяка).
т. 5, с. 299
ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр. скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
т. 5, с. 299
ГЛІФТА́ЛЕВЫЯ СМО́ЛЫ,
алкідныя смолы на аснове фталевага ангідрыду і гліцэрыны.
т. 5, с. 299
ГЛІЦЫ́Н,
амінавоцатная кіслата, глікакол, H2NCH2COOH, прасцейшая, заменная амінакіслата. Бясколерныя крышталі, tпл 232—236°C, у 100 мл вады пры 25°C раствараецца 25 г гліцыну, у абсалютным спірце і эфіры не раствараецца. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў, глутатыёну, а таксама мурэіну клетачных сценак бактэрый, трапляецца ў жывых арганізмах у свабодным стане. Удзельнічае ў біясінтэзе парафінаў, крэаціну, пурынаў, крыніца аміячнага азоту ў рэакцыях пераамінавання. Вытворныя гліцыну — гіпуравая і глікафоліевая к-ты, бетаін і інш. Атрымліваюць гліцын гідролізам жэлаціну або сінтэзам з монахлорвоцатнай к-ты і аміяку. Выкарыстоўваюць для прыгатавання буферных раствораў, сінтэзу гіпуравай к-ты і інш.
т. 5, с. 299
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на У Паўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 299
ГЛІЦЭРАЛЬДЭГІ́Д,
трохвугляродны цукар (альдоза), які мае асіметрычны (хіральны) атам вугляроду. Служыць у якасці эталона для выяўлення канфігурацыі аптычна актыўных злучэнняў. Стэрэаізамеры ўсіх хіральных злучэнняў, якія адпавядаюць па канфігурацыі L-гліцэральдэгіду, абазначаюцца літарай L, D-гліцэральдэгіду — літарай D незалежна ад напрамку вярчэння плоскасці палярызацыі плоскапалярызаванага святла. З’яўляецца прамежкавым прадуктам уцягвання фруктозы ў клетках печані ў гліколіз; пры фасфарыліраванні ператвараецца ў гліцэральдэгід 3-фасфат (ключавы метабаліт гліколізу).
т. 5, с. 299
ГЛІЦЭРАФАСФАТЫ́ДЫ,
фосфагліцэрыды, адна з груп фосфаліпідаў (фасфатыдаў). Да гліцэрафасфатыдаў адносяцца вытворныя 1,2-дыацыл-sn-гліцэрол-3-фасфату (фасфатыднай к-ты). Найб. распаўсюджаны дыацылгліцэрафасфатыды і плазмалагены. Гліцэрафасфатыды адыгрываюць ролю асн. фосфаліпіднага кампанента клетачных мембран жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаючы іх будову і пранікальнасць, а таксама актыўнасць шэрагу лакалізаваных у мембранах ферментаў. З бялкамі ўтвараюць ліпапратэінавыя комплексы. Розным біял. мембранам уласцівы пэўны састаў гліцэрафасфатыдаў.
т. 5, с. 299
ГЛІЦЭРЫ́ДЫ,
складаныя эфіры гліцэрыны і арган. (карбонавых) ці мінер. кіслот. Па колькасці кіслотных астаткаў у малекуле адрозніваюць мона-, ды-, трыгліцэрыды (напр., гліцэрылмонаацэтат CH3OCOCH2—CHOH—CH2OH). Бываюць простыя, утвораныя адной к-той (напр., гліцэрынатрынітрат, або нітрагліцэрына), і змешаныя — рознымі к-тамі. У прыродзе пашыраны гліцэрыды вышэйшых аліфатычных кіслот — асн. састаўная частка тлушчаў, алею. Гл. таксама Ліпіды.
т. 5, с. 299
ГЛІЦЭРЫ́НА,
прапантрыёл-1,2,3, найпрасцейшы трохатамны спірт, HOCH2CH (OH) CH2OH. Змяшчаецца ў выглядзе гліцэрыдаў у прыродных тлушчах і алеях. Атрыманы К.Шэеле (1779) амыленнем прыродных тлушчаў.
Бясколерная сіропападобная вадкасць салодкага смаку, без паху, tпл 17,9 °C, tкіп 290 °C, шчыльн. 1260 кг/м³ (20 °C). Змешваецца з вадой (растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах), этылавым і метылавым спіртамі, ацэтонам; не раствараецца ў хлараформе, эфіры, вуглевадародах. Мае хім. ўласцівасці спіртоў (першасных і другасных). Утварае мона-, ды- і трывытворныя, з шчолачнымі металамі, аксідамі і гідраксідамі металаў — гліцэраты. У прам-сці атрымліваюць амыленнем харч. тлушчаў, сінтэтычна — з прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (гл. Нітрагліцэрына), аксідных смол і лакаў, як змякчальнік скуры, паперы, тканіны, кампанент эмульгатараў, антыфрызаў, касметычных і парфумных прэпаратаў, мед. мазей, лікёраў.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 5, с. 299