ГІДА́ЛЬГА, малая планета № 944. Дыяметр 43 км. Адлегласць ад Сонца 1,9—9,7 а.а. Мае самую вял. паўвось арбіты сярод вядомых малых планет; нахіл і эксцэнтрысітэт арбіты 42,5° і 0,66 адпаведна. Перыяд абарачэння вакол Сонца 13,7 года. Адкрыта В.Баадэ (Германія, 1920).
ГІДАТО́ДЫ [ад грэч. hydōr (hydatos) вада + hodos шлях],
вадзяныя вусцейкі на лісці раслін, якія забяспечваюць выдаленне з расліны кропельна-воднай вільгаці і солей (гутацыю). Утвораны комплексам клетак і размешчаны часцей за ўсё па краях ліста, на зубчыках. Выдаленне вады праз гідатоды ідзе пасіўна, пад уплывам каранёвага ціску, ці актыўна, з дапамогай эпітэмы (парэнхіма ліста непасрэдна пад гідатодамі з буйнымі міжклетнікамі). Гідатоды характэрныя для раслін, пашыраных у вільготным клімаце. Функцыю гідатодаў могуць выконваць спец. залозістыя валаскі.
ГІ́ДАШ ((Hidas) Антал) (18.12.1899, в. Гёдзёлё, Венгрыя — 1980),
венгерскі пісьменнік. У 1920 эмігрыраваў у Чэхаславакію, у 1925 у СССР, дзе ў 1938—44 быў рэпрэсіраваны; рэабілітаваны ў 1955. У 1959 вярнуўся ў Венгрыю. Аўтар зб-каў вершаў «На зямлі контррэвалюцыі» (1925), «Масква — Радзіма» (1934), «Вуліца Язміну» (1960), «Сумуем па табе» (1968), раманаў «Пан Фіцэк» (1936), «Мартан і яго сябры» (1959) і інш., кн. «Шандар Пецёфі» (1949). Паэтыцы Гідаша ўласцівы спалучэнне дэкламацыйна-агітацыйнага пачатку з лірыка-драматычным, рэалізму з элементамі экспрэсіянізму. На венг. мову перакладаў вершы Я.Купалы, а таксама рус. і ўкр. паэзію. На бел. мове выйшла яго кн. «Венгрыя спраўляе ўрачыстасць» (1933). Дзярж. прэмія імя Л.Кошута 1962.
у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.
экватарыяльнае сузор’е. Самае вялікае па займанай плошчы. Няяркія зоркі (толькі 14 са 130, бачных простым вокам, ярчэй 5-й зорнай велічыні), акрамя Альфарда — αГідра, 2-й візуальнай зорнай велічыні, утвараюць доўгі вузкі ланцуг. На тэр. Беларусі відаць у канцы зімы — пач. вясны. Гл.Зорнае неба.
агрэгат, які складаецца з гідраўлічнай турбіны і эл. генератара (гідрагенератара), злучаных агульным валам. Бываюць гарыз. восевыя (да іх адносяцца праматочныя і капсульныя гідраагрэгаты) і вертыкальныя.
гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.
ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістасцю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б.СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.
Літ.:
Гл. пры арт.Гідраэлектрычная станцыя.
У.М.Сацута.
Гідраакумулюючая электрастанцыя: а — разрэз; б — план; 1 — верхні вадаём; 2 — напорны вадавод (трубаправод); 3 — будынак электрастанцыі; 4 — ніжні вадаём; 5 — плаціна з вадаскідам.Рэжымы работы гідраакумулюючай электрастанцыі: 1 — помпавы (перапампоўванне вады з ніжняга басейна ў верхні пры сілкаванні ад энергасістэмы); 2 — генератарны (рэжым звычайнай ГЭС з аддачай электраэнергіі ў энергасістэму).
раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.
Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гц далёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога праменя) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).
На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.
Літ.:
Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ.Л., 1978;
Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ.М., 1980.