Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЛІ́Ф (араб. халіфа — намеснік, пераемнік),

духоўны і свецкі кіраўнік мусульм. супольнасці (умы), а таксама правіцель мусульм. тэакратычнай дзяржавы (гл. Халіфат). Першыя Х. — Абу-Бекр, Асман, Амар I і Алі Ібн Абі Таліб — выбіраліся і былі пераемнікамі заснавальніка ісламу Мухамеда. Пасля захопу ўлады ў 661 Муавіяй I (заснавальнік дынастыі Амеядаў) тытул Х. стаў спадчынным. У 750 права на тытул Х. захапілі сваякі Мухамеда — Абасіды, якія хоць і страцілі да 11 ст. фактычна рэальную паліт. ўладу, але працягвалі лічыцца вышэйшымі духоўнымі аўтарытэтамі мусульман-сунітаў. Пасля знішчэння ў 1258 манголамі свецкай дзяржавы Абасідаў тытул Х. насілі іх нашчадкі, якія жылі ў Егіпце, а пасля заваявання ў 1517 Егіпта туркамі тытул перайшоў да тур. султанаў (насілі да скасавання халіфата ў 1924). У розны час тытул Х. прымалі ў розных месцах мусульм. свету і інш. правіцелі: Фатыміды, Амеяды ў Іспаніі і інш., але яны не карысталіся ўсеагульным аўтарытэтам.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 530

ХАЛІФА́Т,

сістэма мусульманскай тэакратыі, а таксама прынятая ў л-ры назва араба-мусульманскай дзяржавы на чале з халіфам. Ядром першага Х. была мусульм. дзяржава, створаная Мухамедам у пач. 7 ст. ў Зах. Аравіі. У выніку арабскіх заваяванняў яна ператварылася ў вялізную краіну — Арабскі Х., які ўключаў Аравійскі п-аў, Ірак, Іран, б.ч. Закаўказзя, Сярэднюю Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет, Паўн. Афрыку, б.ч. Пірэнейскага п-ва. Да 10 ст. гэты Х. распаўся як адзіная дзяржава, а мусульмане-суніты працягвалі разглядаць яго як ідэю духоўнага аўтарытэту багдадскіх халіфаў над усімі вернікамі. Пасля канчатковага знішчэння мангаламі Араб. Х. як дзяржавы (1258) носьбітамі Х. лічыліся нашчадкі Абасідаў у Егіпце. У выніку заваявання Егіпта ў 16 ст. туркамі Х. узначальвалі тур. султаны. Існавалі таксама Х. Фатымідаў (909—1171), Амеядаў у Іспаніі (гл. Кардоўскі халіфат), але іх халіфы не карысталіся аўтарытэтам у астатнім мусульм. свеце. У 1924 Х. скасаваны ўладамі Тур. Рэспублікі, і мусульм. багасловы дагэтуль не прыйшлі да згоды, хто павінен узначаліць Х.

Літ.:

Фильштинский И.М. История арабов и Халифата (750—1517 гг.). 2 изд. М., 2001.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 530

ХАЛКІДЫКІ́ (Chalkidikē),

Халкідонскі паўвостраў. На ПнУ Грэцыі. Выступае ў Эгейскае м. на 120 км трыма п-авамі: Касандра, Сітанья і Аян-Орас (Афон). Рэльеф горны, выш. да 2033 м (г. Афон). Міжземнаморскія хмызнякі і горныя лясы. На ПнЗ — г. Салонікі. На г. Афон у скалах комплекс з 20 мужчынскіх манастыроў, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 16, с. 531

ХАЛМАГО́РСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы малочнага кірунку. Выведзена ў Халмагорскім рэгіёне (Архангельская вобл., Расія) паляпшэннем мясц. парод; у 18—19 ст. паляпшалася скрыжаваннем з галандскай. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні істобенскай і тагільскай парод.

Маса быкоў 800—900 (да 1200) кг, кароў 500—550 (да 700) кг. Целасклад тыповы для малочнай жывёлы. Канстытуцыя моцная, мускулатура шчыльная, сухая, касцяк добра развіты, скура тонкая, эластычная. Масць чорна-пярэстая, зрэдку чырв.-пярэстая, чырв., чорная і белая. Сярэдні гадавы надой 3500—5000 кг, тлустасць малака 3,7—3,8% (да 5%).

Халмагорская парода.

т. 16, с. 531

ХАЛМЕ́ЦКІ Аляксандр Леанідавіч (н. 18.2.1956, г. Новакузнецк Кемераўскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Маскоўскі інжынерна-фіз. ін-т (1979). З 1979 ў БДУ. Навук. працы па выкарыстанні Мёсбаўэра эфекту ў фундаментальных і прыкладных даследаваннях. Прапанаваў прынцып рэгістрацыі мёсбаўэраўскіх спектраў, які павялічвае дакладнасць гамарэзанансных вымярэнняў. Распрацаваў метад рэгістрацыі нізкаэнергет. электронаў для мёсбаўэраўскай спектраскапіі другасных выпрамяненняў, фізіка-тэхн. прынцыпы прамысл. мёсбаўэраўскай спектраскапіі.

Тв.:

Мессбауэровские концентратомеры. Мн., 1992 (разам з А.​В.​Місевічам);

Proposal for a test of the relativity principle by using Mössbauer synchrotron radiation // Hiperfine interactions. 2000. Vol. 126.

т. 16, с. 531

ХАЛО́ДНАЕ,

бел. нар. страва, тое, што студзіна.

т. 16, с. 531

ХАЛО́ДНАЯ Вера Васілеўна (1893, г. Палтава, Украіна — 17.2.1919),

расійская кінаактрыса. Вучылася ў балетнай школе. Здымалася ў кіно з 1914. Выконвала ролі ў салонных драмах і меладрамах, стварала вобразы абаяльных самотных жанчын, падманутых або не зразуметых. Лепшыя фільмы: «Песня пераможнага кахання», «Міражы» (абодва 1915), «Жыццё за жыццё», «Шахматы жыцця» (абодва 1916), «Забудзь пра камін, у ім згаслі агні» (1917), «Маўчы, журба, маўчы», «Жывы труп», «Жанчына, якая прыдумала каханне», «Апошняе танга» (усе 1918) і інш.

Літ.:

Гинзбург С. Кинематография дореволюционной России. М., 1963.

т. 16, с. 531

«ХАЛО́ДНАЯ ВАЙНА́»,

тэрмін, якім абазначаецца стан ваен.-паліт. канфрантацыі дзяржаў (груп дзяржаў), калі адкрытых ваен. сутыкненняў не адбываецца, але вядзецца гонка ўзбраенняў, ужываюцца спробы эканам. націску (эмбарга, блакада эканамічная і інш.), арганізуюцца ваен.-паліт. блокі і саюзы, ствараюцца ваен.-стратэг. плацдармы і базы. «Х.в.» паміж СССР і яго саюзнікамі з аднаго боку і ЗША і іх саюзнікамі з другога пачала выспяваць неўзабаве пасля 2-й сусв. вайны і набыла канкрэтныя рысы каля 1948. Гал. яе прычыны — несумяшчальнасць геапаліт. мэтаў ЗША і СССР, процілегласць іх сац. сістэм, засн. на ідэалогіях, якія ўзаемавыключалі адна адну. Кожная з дзвюх звышдзяржаў мела на мэце пашырэнне адпаведнага грамадскага ладу на цэлы свет. Моцным фактарам разгортвання «Х.в.» стала ядзерная зброя, манапольнае валоданне якой у першыя пасляваен. гады ЗША імкнуліся выкарыстаць як сродак паліт. націску на СССР. Адказам стала стварэнне ў СССР уласнай ядзернай зброі (1949). Гэтыя падзеі сталі пачаткам гонкі ядзерных узбраенняў. Ядзерны фактар даваў палітыкам магчымасць ствараць у сваіх краінах уяўленне аб знешняй пагрозе з боку праціўніка і тым самым забяспечваць магчымасць некантралюемага нарошчвання ваен. патэнцыялу, якое само стала мэтай палітыкі. Першым адкрытым ідэалаг. маніфестам «Х.в.» лічыцца прамова (5.3.1946, г. Фултан, ЗША) б. прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля з заклікам стварыць англа-амер. саюз для барацьбы супраць пагрозы «сусв. камуніст. тыраніі», што нібыта зыходзіла ад СССР. ЗША і іх саюзнікі ўтварылі ваен.-паліт. блокі: Арганізацыя паўночна-атлантычнага дагавору (НАТО, з 1949), Арганізацыя дагавору Паўднёва-Усходняй Азіі (СЕАТО, 1954—77), Арганізацыя цэнтральнага дагавору (СЕНТО, 1955—79) і інш. СССР і яго саюзнікі праз 6 гадоў пасля НАТО стварылі Арганізацыю Варшаўскага дагавору 1955 (АВД, 1955—91). Ідэалаг. праявай «Х.в.» была вострая канфрантацыя ў сферы прапаганды, якая вялася ў сродках масавай інфармацыі. Кожны з бакоў абвінавачваў іншы ў агрэсіўных намерах і дзеяннях, недэмакратызме паліт. сістэмы, парушэннях правоў чалавека, прапагандаваў перавагі свайго ладу жыцця. Спецслужбы вялі разведвальную і падрыўную дзейнасць на тэр. дзяржаў — магчымых праціўнікаў. «Х.в.» адбывалася на фоне нац.-вызв. барацьбы народаў свету супраць каланіялізму і неакаланіялізму. СССР звычайна падтрымліваў нац.-вызваленчыя і левыя сілы, ЗША — празаходнія, т.зв. праімперыялістычныя рэжымы і рухі. Не ўступаючы паміж сабой у адкрытую вайну, СССР і ЗША (з саюзнікамі) фактычна ўдзельнічалі на баку розных дзяржаў, ваен. і паліт. сіл у лакальных і грамадз. войнах: у Кітаі (1946—49), Карэі (гл. Карэйская вайна 1950—53), В’етнаме (1964—75), на Б. Усходзе (гл. Блізкаўсходні канфлікт), у Афрыцы (Эфіопія, Ангола і інш.) і Лац. Амерыцы (Куба, Нікарагуа) і інш. Аднак сама вастрыня гэтай барацьбы часам дыктавала неабходнасць супрацоўніцтва для прадухілення перарастання яе ў сапраўдную глабальную вайну. СССР і ЗША разам выступілі супраць спроб Вялікабрытаніі і Францыі блакіраваць Суэцкі канал у час Суэцкага крызісу 1956, садзейнічалі ўрэгуляванню становішча ў Конга ў 1960—63, здолелі мірным шляхам пераадолець Карыбскі крызіс 1962, рабілі захады па абмежаванні выпрабаванняў ядзернай зброі, з 1970-х г. удзельнічалі ў правядзенні палітыкі разрадкі і ядзернага раззбраення. Гэта, аднак, не азначала спынення «Х.В.». Яна асабліва ўзмацнілася па ініцыятыве ЗША пасля ўводу сав. войск у Афганістан (снеж. 1979) і спынілася толькі ў канцы 1980 — пач. 90-х г. у сувязі з роспускам АВД і распадам СССР. Кіраўніцтва ЗША (прэзідэнты Р.Рэйган, Дж.Буш, нам. прэзідэнта па дзярж. бяспецы З.Бжазінскі) расцэньвала гэтыя падзеі як перамогу ЗША і НАТО у «Х.в.». Пасля заканчэння «Х.в.» ў свеце пачала фарміравацца новая сістэма міжнар. адносін.

Літ.:

Степанова О.Л. Холодная война: Ист. ретроспектива. М., 1982;

Батюк В.И., Евстафьев Д.Г. Первые заморозки: Сов.-американ. отношения в 1945—1950 гг. М., 1995;

Бжезинский З. Великая шахматная доска: Пер. с англ. М., 1999;

Кальвокоресси П. Мировая политика после 1945 г.: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 2000;

Уткин А.И. Мировой порядок XXI в. М., 2001.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 16, с. 531

ХАЛО́ДНАЯ ЗБРО́Я,

зброя рукапашнага бою, выкарыстанне якой не звязана з выбуховымі рэчывамі. Падзяляецца на ўдарную (булава, паліца, шастапёр і інш.), колючую (канчар, кап’ё, піка, стылет і інш.), сякучую (бярдыш, меч, сякера і інш.), колюча-сякучую (алебарда, кінжал, палаш і інш.), колюча-рэжучую (нож, штык-нож і інш.). Х.з. вядома з ранняй стадыі развіцця чалавецтва як сродак палявання, потым стала і баявой. Рабілі яе з дрэва, каменю, косці, пазней з медзі, бронзы, жалеза, сталі. Паралельна з’явілася засцерагальнае ўзбраенне, у сувязі з гэтым мяняліся віды Х.з. і сродкі засцярогі. Да 15—16 ст. Х.з. была гал. відам, з удасканаленнем агнястрэльнай зброі (вынайдзена ў 14 ст.) страчвала першапачатковае прызначэнне. Варыянты Х.з. на тэр. Беларусі вядомы з каменнага веку да 18 ст. Найб. пашыраныя з іх былі дубіны, баявыя косы, гізармы, глевіі, кісцяні, кляўцы, корды, пярначы, пратазаны, скрамасаксы, цесакі, чаканы і інш. На ўзбраенні сучасных армій захаваліся штык, армейскі нож і корцік. Некат. віды Х.з. захаваліся як спарт. зброя (рапіра, шабля, шашка).

т. 16, с. 531

ХАЛО́ДНАЯ ЗВА́РКА,

спосаб зваркі матэрыялаў ціскам без іх нагрэву (пры хатняй т-ры і ніжэйшай за 0 °C). Робіцца за кошт пластычнага дэфармавання (цякучасці) паверхняў сутыкнення матэрыялаў пры іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей з пластычных металаў і сплаваў (у т. л. разнародных), пластмас і інш. Найб. пашырана Х.з. алюмінію. Халоднай называюць таксама дугавую зварку чыгунных дэталей без папярэдняга нагрэву.

Пры Х.з. дэталі з вял. зварным сячэннем сціскаюцца на прэсах (ціск 1 ГПа і больш), з невял. сячэннем — кляшчамі. Пры сцісканні матэрыялы цякуць (як вадкасць) уздоўж паверхні раздзелу, паверхневыя слаі разбураюцца, а наступныя чыстыя слаі ўтвараюць злучэнне. Х.з. зварваюцца металы з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай (алюміній, медзь, нікель, серабро), некаторыя пластмасы, смолы і інш. Х.з. разнародных металаў дае магчымасць пазбегнуць утварэння ў месцы злучэння крохкіх металідаў. Х.з. злучаюць правады, каркасы і абалонкі буйных канструкцый, танкасценныя алюмініевыя трубы і інш.

т. 16, с. 532