ХАЛІФА́Т,
сістэма мусульманскай тэакратыі, а таксама прынятая ў л-ры назва араба-мусульманскай дзяржавы на чале з халіфам. Ядром першага Х. была мусульм. дзяржава, створаная Мухамедам у пач. 7 ст. ў Зах. Аравіі. У выніку арабскіх заваяванняў яна ператварылася ў вялізную краіну — Арабскі Х., які ўключаў Аравійскі п-аў, Ірак, Іран, б.ч. Закаўказзя, Сярэднюю Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет, Паўн. Афрыку, б.ч. Пірэнейскага п-ва. Да 10 ст. гэты Х. распаўся як адзіная дзяржава, а мусульмане-суніты працягвалі разглядаць яго як ідэю духоўнага аўтарытэту багдадскіх халіфаў над усімі вернікамі. Пасля канчатковага знішчэння мангаламі Араб. Х. як дзяржавы (1258) носьбітамі Х. лічыліся нашчадкі Абасідаў у Егіпце. У выніку заваявання Егіпта ў 16 ст. туркамі Х. узначальвалі тур. султаны. Існавалі таксама Х. Фатымідаў (909—1171), Амеядаў у Іспаніі (гл. Кардоўскі халіфат), але іх халіфы не карысталіся аўтарытэтам у астатнім мусульм. свеце. У 1924 Х. скасаваны ўладамі Тур. Рэспублікі, і мусульм. багасловы дагэтуль не прыйшлі да згоды, хто павінен узначаліць Х.
Літ.:
Фильштинский И.М. История арабов и Халифата (750—1517 гг.). 2 изд. М., 2001.
В.У.Адзярыха.
т. 16, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)