ГЕМАФІЛІ́Я (ад гема... + ...філія),
хвароба, выражаная ў схільнасці да крывацёку ад спадчыннага паніжэння згусання крыві. У хворых на гемафілію можа быць нястача тромбапласціну — антыгемафільнага глабуліну, VIII фактару згусання крыві (гемафілія A), плазмавага кампанента тромбапласціну — IX фактару (гемафілія B), X фактару згусання крыві (гемафілія C). Найчасцей бывае гемафілія A і B; хварэюць толькі мужчыны. Адрозніваюць цяжкую, сярэднюю і лёгкую формы гемафіліі. Цяжкая форма хваробы праяўляецца пры нараджэнні дзіцяці, лёгкая — пры траўмах, хірург. аперацыях. Пры гемафіліі працэс згусання крыві вельмі запаволены, пашкоджанне нават дробнага крывяноснага сасуда выклікае працяглы крывацёк. Бывае кровазліццё ў мышцы, суставы, крывацёк са слізістых, нырак, страўнікава-кішачнага тракту і інш. Лячэнне: пераліванне крыві, антыгемафільнай плазмы і спец. прэпаратаў.
т. 5, с. 148
ГЕМАЦЫЯНІ́НЫ,
дыхальныя пігменты гемалімфы некат. малюскаў і членістаногіх, якія ажыццяўляюць транспарт кіслароду ў арганізме. Паводле хім. прыроды — складаныя бялкі (металапратэіды). У гемалімфе знаходзяцца ў раствораным стане. Маюць больш нізкую кіслародную ёмістасць, чым гемаглабіны. Злучэнне кіслароду з гемацыянінамі абумоўлена прысутнасцю ў малекуле гемацыянінаў медзі, непасрэдна звязанай з бялком. Акісленыя гемацыяніны афарбаваны ў сіні колер, адноўленыя — бясколерныя.
т. 5, с. 148
ГЕМБІ́ЦКІ (Ібрагім Рафаілавіч) (17.10.1900, Мінск — 1.1.1974),
бел. графік. Скончыў Маскоўскі ін-т выяўл. мастацтва (1938), вучань У.А.Фаворскага. Працаваў у тэхніках ксілаграфіі і каляровай лінагравюры. Сярод твораў выкананыя ў тарцовай гравюры ілюстрацыі да аповесці Я.Коласа «Дрыгва» (1938), серыі «Разгром белапольскіх акупантаў у 1920 г.» (1939—40), «Будынак політэхнічнага інстытута ў Мінску» (1953), «Мінскі жалезабетонны завод» (1958), «Мінскі камвольны камбінат» (1960) і інш. каляровыя лінагравюры «Выган жывёлы на Усход у час вайны», «Веснавая сяўба» (абедзве 1948), «Уборка ўраджаю» (1952). Творы Гембіцкага вылучаюцца ўраўнаважанасцю кампазіцыі, танальным багаццем гравіроўкі.
т. 5, с. 148
ГЕМЕ...,
(ад грэч. hēmi... паў...), першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «палавіна», «напалавіну», напр., геміцэлюлозы, гемізіготнасць.
т. 5, с. 148
ГЕМЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...філ(ы)],
1) віды арганізмаў, якія жывуць параважна ў згуртаваннях культ. раслін (аграбіяцэнозах). Сярод гемерафілаў шмат пустазелля і шкоднікаў с.-г. раслін, у адносінах да якіх выкарыстоўваецца тактыка знішчэння або абмежавання пашырэння.
2) Віды жывёл і раслін, вобласць пашырэння якіх павялічылася ў выніку гасп. дзейнасці чалавека і ўплыву яго на прыродную расліннасць (напр., пашырэнне культ. раслін). Гл. таксама Гемерафобы.
т. 5, с. 148
ГЕМЕРАФО́БЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...фоб(ы)],
1) віды жывых арганізмаў, якія пазбягаюць згуртаванняў культ. раслін. Вял. колькасць гемерафобаў — біяіндыкатары ўмоў навакольнага асяроддзя.
2) Віды жывёл і раслін, што зніклі ці знікаюць у выніку ўздзеяння чалавека на прыроднае асяроддзе і расліннасць. У шэрагу выпадкаў патрабуюцца спец. меры іх аховы ў мэтах захавання генафонду. У флоры Беларусі пад уплывам меліярацыі гемерафобы знікаюць (напр., асобныя віды балотных раслін). Гл. таксама Гемерафілы.
т. 5, с. 148
ГЕМІНІ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Блізнят. Назіраецца ў 1-й пал. снежня, максімум 13—14 снежня. Адзін з найб. актыўных патокаў, што дзейнічаюць штогод. Мае вельмі кароткі перыяд абарачэння вакол Сонца — 1,7 года. Упершыню назіраўся ў 1862.
т. 5, с. 148
ГЕМІЦЭЛЮЛО́ЗЫ (ад гемі... + цэлюлоза),
група поліцукрыдаў вышэйшых раслін, якія ўваходзяць разам з цэлюлозай у састаў клетачнай сценкі. Найб. пашыраны глюкуранаксіланы, глюкамананы, галактаглюкамананы. Агульная колькасць геміцэлюлозы ў раслінах можа дасягаць 40%. Разам з лігнінам выконваюць функцыю аморфнага цэментуючага рэчыва.
т. 5, с. 148