ГА́НЧАЎ (сапр. Марынаў) Марка
(н. 13.2.1932, в. Марча Ловецкай акругі, Балгарыя),
балгарскі пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Скончыў Сафійскі ун-т (1955). Друкуецца з 1946. Аўтар сатырычных і лірычных вершаваных зб-каў «Насенне спее» (1957), «Марсіянскія захапленні» (1960), «Другое прышэсце» (1962), «Бягучае дрэва» (абодва 1969), «Люстэрка адваротнага бачання», «Драпіны» (1975), «Маўклівыя сірэны» (1977), «Прафесія нязгода» (1982), «Ветэраны нічога» (1985), кн. эсэ «Апрошчанне і пракляцце падману» (1991), вершаў і казак для дзяцей. З 1993 пасол Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь. На балг. мову перакладае творы Н.Гілевіча, Я.Сіпакова. На бел. мову першы Ганчава перакладае Гілевіч.
т. 5, с. 36
ГАНЬСУ́,
правінцыя ў Паўн. Кітаі. Пл. 362,9 тыс. км². Нас. каля 35 млн. чал. (1994). Адм. ц. г. Ланьчжоў. Рэльеф пераважна горны. На Пн — горы Бэйшань (выш. да 2791 м), на Пд ад іх горы Наньшань (вышэй за 5000 м), Міньшань, Цыньлін. На крайнім У частка Лёсавага плато. Клімат кантынентальны. Ападкаў 150—400 мм, на ПдУ да 600 мм. Паўн. Ганьсу адносіцца да бяссцёкавых раёнаў Цэнтр. Азіі, сярэдняя дрэніруецца р. Хуанхэ і яе прытокамі, паўд. належыць бас. Янцзы. Пераважаюць горна-стэпавыя і горна-пустынныя ландшафты. С.-г. раён, апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі, значная частка штучна арашаецца. Пасевы пшаніцы, проса, гааляну, кукурузы, ячменю, цукр. буракоў, тытуню, бавоўны. Жывёлагадоўля качавая (авечкі, буйн. раг. жывёла і які, вярблюды, коні). Нафтаздабыча і нафтаперапрацоўка (цэнтр г. Юймынь). Здабыча каменнага вугалю, меднай і жал. руд. Прам-сць: хім., металаапр., атамная (вытв-сць расшчапляльных матэрыялаў). Асн. прамысл. цэнтр. — г. Ланьчжоў. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны.
т. 5, с. 36
ГАНЬЦЗЯ́Н,
рака на ПдУ Кітая, у бас. р. Янцзы. Даўж. каля 760 км, пл. бас. каля 82 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Наньлін і Уішань, цячэ пераважна на Пн у міжгорнай даліне, упадае ў воз. Паянху. Асн. прытокі: Юаньшуй, Цзіньцзян, Ляашуй (левыя). Летнія паводкі. Сярэдні расход вады каля 2300 м³/с. На Ганьцзяне — гарады Ганьчжоў (пачатак суднаходства), Наньчан.
т. 5, с. 36
ГАНЬЧЖО́Ў,
горад на У Кітая, на р. Ганьцзян, прав. Цзянсі. Каля 0,5 млн. ж. (1994). З-д металургічнага абсталявання, прадпрыемствы тэкст., дрэваапр. прам-сці.
т. 5, с. 36
ГАНЭ́ Вадзім Арведавіч
(н. 6.8.1948, г. Троіцк, Расія),
бел. вучоны ў галіне кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае, вучылішча ППА (1971). З 1975 у Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па сістэмах кіравання і апрацоўкі інфармацыі. Распрацаваў метады аналізу і аптымізацыі аўтам. сістэм кіравання пры выпадковых скачкападобных уздзеяннях, метады аналіт. канструявання рабастных сістэм сачэння.
Тв.:
Управление в системах с разделением времени. Мн., 1982 (разам з В.М.Арцем’евым, В.Л.Сцяпанавым);
Расчет следящих систем: Справ. пособие. Мн., 1990 (разам з В.Л.Сцяпанавым).
т. 5, с. 36
ГА́ПАВА Валянціна Ігнатаўна
(н. 3.1.1923, в. Малая Чарніца Віцебскага р-на),
бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1953). Скончыла Ленінградскі ун-т (1946). Удзельніца абароны Ленінграда. Выкладала польскую л-ру і курс славянскіх л-р у Ленінградскім ун-це (1949—54), рус. л-ру ў Мінскім пед. ін-це (1955—57). У 1959—86 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1952. Даследуе бел.-польскія і бел.-рус. літ. ўзаемасувязі, творчыя пытанні бел. паэзіі 20 ст.
Тв.:
Эліза Ажэшка: Жыццё і творчасць. Мн., 1969;
Зменлівае і спрадвечнае: Вопыт тыпал. даслед. бел. і пол. «вясковай прозы». Мн., 1975;
Пімен Панчанка. Мн., 1977;
Белорусско-русское поэтическое взаимодействие. Мн., 1979;
Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. Мн., 1983.
т. 5, с. 36
ГАПА́К,
украінскі нар. танец. Узнік у Войску Запарожскім. Бывае сольны, парны, групавы. Уключае скокі, прысядкі, вярчэнні і інш. віртуозныя танц. рухі. Тэмп хуткі. Муз. памер . Пашыраны і на Беларусі, пераважна ў зах. і паўд.-зах. раёнах, мае адметныя рысы: выконваецца звычайна трыма танцорамі, суправаджаецца прыпеўкамі. Жанр гапака выкарыстаны ў творах многіх укр., рус. і інш. кампазітараў: у операх «Чаравічкі» і «Мазепа» П.Чайкоўскага, «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава, «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага, «Энеіда» М.Лысенкі, балетах «Тарас Бульба» В.Салаўёва-Сядога, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, «Гаянэ» А.Хачатурана і інш. Выконваецца і як самаст. муз. п’еса.
т. 5, с. 36
ГАПАНО́ВІЧ Віктар Якаўлевіч
(н. 15.4.1921, в. Сярэднікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-отарыналарынголаг. Д-р мед. н. (1969), праф. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1951) і працуе ў гэтым ін-це. Навук. працы па біял. і крыягенных метадах лячэння ў отарыналарынгалогіі. З яго ўдзелам распрацаваны і выраблены фантомы-трэнажоры па отарыналарынгалогіі для падрыхтоўкі спецыялістаў па аказанні хуткай і неадкладнай дапамогі.
Тв.:
Аутогенные фибринные пленки в оториноларингологии. Мн., 1979;
Ангина и хронический тонзиллит. Мн., 1982;
Оториноларингологический атлас. М., 1989 (разам з В.М.Аляксандравым).
т. 5, с. 36