Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВЭС,

гл. Ветраэлектрычная станцыя.

т. 4, с. 337

ВЭ́ЭТАМ ((Veetamm) Муя) (сапр. Рыстмягі Эльтс; н. 2.3.1907, Трыйгійская воласць Хар’юскага пав., Эстонія),

эстонская пісьменніца. Вучылася ў Талінскім каледжы Т-ва нар. ун-таў (1929—31). Друкуецца э 1936. У кнігах вершаў «Вачамі і сэрцам» (1949), «Успаміны пра пройдзены шлях» (1955) грамадзянская і пейзажная лірыка, у зб-ках «Жалейка і люстэрка» (1959), «Сцяжыны і дзверы» (1968), «На мяжы мора і сушы» (1974), «Канапляны парус» (1982) актуальныя праблемы сучаснага грамадскага жыцця. Аўтар паэт. і празаічных твораў для дзяцей, публіцыст. кн. «Кветкі і карані» (1962), п’ес, лібрэта опер. На эст. мову пераклала асобныя творы П.​Броўкі (у зб. «А дні ідуць», 1964), Я.​Купалы (у зб. «А зязюлька кукавала...», 1966), Я.​Коласа (у зб. «Звон шыбаў», 1968).

Н.​М.​Басель.

т. 4, с. 337

ВЮ́РМСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, вюрм,

апошняе плейстацэнавае зледзяненне ў Альпах. Адбылося ад 70—80 да 11 тыс. гадоў назад. Вылучаюцца 3 стадыі (вюрм I—III), з якіх сярэдняя характарызуецца значным пацяпленнем і скарачэннем плошчы зледзянення. Вюрмскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, валдайскаму зледзяненню ў еўрап. ч. Расіі, віслінскаму (вейхзельскаму) у Зах. Еўропе, віскансінскаму зледзяненню ў Паўн. Амерыцы.

т. 4, с. 337

ВЮРЦ ((Wurtz) Шарль Адольф) (26.11.1817, г. Страсбур, Францыя — 12.5.1884),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сінт. кірунку ў арган. хіміі. Чл. Парыжскай (1867), замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1873) АН. Скончыў Страсбурскі ун-т (1839). З 1844 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы (з 1853 праф.), з 1875 у Парыжскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Распрацаваў метад сінтэзу парафінавых вуглевадародаў уздзеяннем метал. натрыю на алкілгалагеніды (рэакцыя Вюрца, 1855), адкрыў альдольную кандэнсацыю (1872). Яго імем названы мінерал вюрцыт.

Літ.:

Мусабеков Ю.С. Шарль Адольф Вюрц. М., 1963.

т. 4, с. 337

ВЮ́РЦБУРГ (Würzburg),

горад у цэнтр. частцы ФРГ, зямля Баварыя. 128,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Майн. Машынабудаванне (у т. л. вагонабудаванне, вытв-сць друкарскіх машын, эл.-тэхн. вырабаў); хім., харч., паліграф, прам-сць. Цэнтр вінаградарства і вінаробства. Ун-т (з 1582). Музеі. Арх. помнікі 8—18 ст., у т. л. будынак епіскапскай рэзідэнцыі (1719—53), які ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 4, с. 337

ВЮРЦЫ́Т (ад прозвішча франц. хіміка Ш.​А.​Вюрца),

мінерал класа сульфідаў, сульфід цынку, ZnS. Прымесі жалеза, кадмію, германію, марганцу і інш. Паліморфная мадыфікацыя ZnS гексаганальнай сінганіі. Крышталі дробныя пірамідальныя, радзей таблітчастыя. Агрэгаты радыяльна-прамянёвыя, слаістыя, каламорфныя. Колер ад светла-жаўтаватага да цёмна-чырвона-карычневага і амаль чорнага. Бляск смалісты. Цв. 3,4—4. Шчыльн. 4 г/см³. У асноўным гідратэрмальны мінерал. Трапляецца таксама ў асадкавых пародах, у сідэрытавых і гліністых канкрэцыях. Руда цынку, іншы раз кадмію.

Вюрцыт.

т. 4, с. 337

Вютрых Курт

т. 18, кн. 1, с. 366

ВЮЯ́Р ((Vuillard) Жан Эдуар) (11.11.1868, г. Кюізо, Францыя — 21.6.1940),

французскі жывапісец, графік і дэкаратар. З 1886 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнік групы «Набі» (1892). Зведаў уплыў П.Гагена, А.Тулуз-Латрэка, яп. гравюры. У партрэтах, пейзажах, бытавых карцінах, дэкар. пано спалучаў сімвалізм з падкрэсленай дэкаратыўнасцю формаў, плоскаснай трактоўкай прасторы, вытанчанай эмацыянальнасцю і гармоніяй фарбаў, імкненнем да інтымнасці вобразаў. Асн. творы: аўтапартрэт (тры пано, 1809), «У ложку» (1891), «У пакоі» (1893), «Сады Парыжа» (тры пано, 1894), «На канапе», «У садзе», партрэт мадам Бенар (1930).

Літ.:

Крючкова В.А. Символизм в изобразительном искусстве: Франция и Бельгия, 1870—1900. М., 1994. С. 190—219.

Э.Вюяр. У пакоі. 1893

т. 4, с. 337

ВЯГЕ́ЛІН Аляксандр Іванавіч [1800—1859 (1860?)], удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў 1-м кадэцкім корпусе. З 1822 паручнік. З 1823 у Літ. піянерным батальёне (Беластоцкая вобл.). Уваходзіў у навагрудскую масонскую ложу «Вузел адзінства». Адзін з арганізатараў тайнага т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнік Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825, агітаваў салдат не прысягаць Мікалаю I, сарваў прысягу салдат сваёй роты, спрабаваў узняць паўстанне ў інш. часцях. 26.12.1825 арыштаваны, пазбаўлены дваранства і прыгавораны да смяротнага пакарання. Паводле царскай канфірмацыі (1827) сасланы на 10 гадоў на катаргу з наступным пасяленнем у Сібіры. У 1837 па ўласнай просьбе накіраваны на службу радавым у Каўказскі асобны корпус, у 1843 звольнены ў адстаўку.

В.​В.​Швед.

т. 4, с. 338

ВЯДЗЕ́РНІКАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (н. 23.12.1927, с. Мокша Кіраўскай вобл., Расія),

рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955). З 1958 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Лепшыя партыі — у рус. класічных операх: Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Варлаам і Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна); Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Лаўрэат міжнар. конкурсу вакалістаў імя Р.​Шумана (Берлін, 1956, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1969.

т. 4, с. 338