ВЫСОКАТРЫВА́ЛАЯ СТАЛЬ,
сталь высокай (да 1500 МПа) трываласці. Адносіцца да легіраваных канструкцыйных сталей. Атрымліваюць камбінаваннем розных спосабаў умацавання (наклёпу, мартэнсітавага ператварэння, утварэння цвёрдых раствораў і інш.). Некаторыя высокатрывалыя сталі выплаўляюць з чыстай шыхты, падвяргаюць вакуумаванню і тэрмамеханічнай апрацоўцы. Мартэнсітастарэючыя сталі ўмацоўваюцца ў выніку мартэнсітавага ператварэння пры загартоўцы і асабліва дысперсійнага цвярдзення пры водпуску металу, пры гэтым захоўваюць і значную вязкасць. З высокатрывалай сталі робяць валы, шасцерні, муфты і да т.п.
т. 4, с. 322
ВЫСОКАТРЫВА́ЛЫ ЧЫГУ́Н,
чыгун высокай (400—1500 МПа) трываласці і пластычнасці. Атрымліваецца пераважна мадыфікаваннем вадкага чыгуну прысадкамі магнію, кальцыю, цэрыю, ітрыю і інш. элементаў. Мае значную зносаўстойлівасць, высокія ліцейныя якасці, добра паддаецца мех. апрацоўцы. Выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу каленчатых валоў, зубчастых колаў, шатуноў, муфтаў і інш. важных дэталей, а таксама замест коўкага чыгуну пры вырабе задніх мастоў аўтамабіляў, калодак, картэраў, фітынгаў.
т. 4, с. 322
ВЫСОКАТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ЗВЫШПРАВО́ДНАСЦЬ,
звышправоднасць з высокай крытычнай тэмпературай пераходу (TK) у звышправодны стан. Адкрыта ў 1986—87. Назіраецца ў аксідных злучэннях, якія атрымліваюцца керамічнай тэхналогіяй ці гарачым прасаваннем. Іх уласцівасці залежаць ад умоў адпалу, ступені замяшчэння катыёнаў, кіслародных дэфектаў і інш. умоў. Напр., аксідныя злучэнні, атрыманыя на аснове ітрыю, вісмуту, талію і ртуці, маюць TK, вышэйшую за тэмпературу кіпення вадкага азоту (110—133 К). На Беларусі высокатэмпературная звышправоднасць даследуецца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Літ.:
Физнческие свойства высокотемпературных сверхпроводников: Пер. с англ. М., 1990;
Электронная структура и физико-химические свойства высокотемпературных сверхпроводников. М., 1990.
Я.М.Галалобаў.
т. 4, с. 323
ВЫСО́КАЎСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў Беларусі ў 1828—85 у в. Высокае Аршанскага пав. (цяпер Аршанскі р-н Віцебскай вобл.). Вырабляла пісчую і абгортачную паперу. Сыравіну (рыззё, марганец, клей, купарвасны алей, галын) атрымлівала з Масквы, Калугі, Віцебска і Магілёва. Працавала каля 270 рабочых (1847). Выпускала да 10 тыс. пудоў пісчай і да 8 тыс. пудоў абгортачнай паперы (1870).
т. 4, с. 323
ВЫСО́КАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17—18 ст. у г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Замак з землянымі ўмацаваннямі і бастыёнамі пабудаваны ў сярэдзіне 17 ст. на высокім беразе р. Пульва, якую падперлі плацінай і стварылі штучнае абвадненне. З усіх бакоў яго акружала вада. Цераз шырокі стаў да ўязной вежы-брамы быў перакінуты пад’ёмны мост. На вял. замкавым дзядзінцы стаялі драўляны палац і гасп. будынкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Высокаўскі замак моцна пацярпеў, але потым быў адноўлены. Захаваліся земляныя валы і брама замка.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
М.А.Ткачоў.
т. 4, с. 323
ВЫСО́КАЎСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай вобл. Цэнтр — г. Высокае. Пл. 800 км², 97 нас. пунктаў (1947). Падзяляўся на 12 сельсаветаў. Скасаваны 17.4.1962, яго тэр. ўвайшла ў склад Камянецкага раёна.
т. 4, с. 323
ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ЗВА́РКА,
зварка з награваннем металаў або пластмас токамі высокай частаты. Адрозніваюць высокачастотную зварку металаў ціскам і плаўленнем, бесперапынна паслядоўную (зварным швом) і адначасовую, з індукцыйным або кантактным (найб. пашырана) падводам току.
Пры зварцы швом створанае токам высокачастотнае магнітнае поле пранікае ў прамежак паміж краямі вырабаў, якія аплаўляюцца і сціскаюцца. Скорасць зваркі да 1 м/с і болей, рабочыя частоты 0,01, 0,44 і 1,76 МГц. Гэтым спосабам зварваюць сплавы жалеза, алюмінію, медзі і інш. (пры вытв-сці труб, кабеляў, бэлек, злучэнні лістоў, стужак і г.д.). Індукцыйная высокачастотная зварка заключаецца ў глыбінным індукцыйным нагрэве тарцоў вырабаў і іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння малавугляродзістых і нізкалегіраваных сталей (пры стыкоўцы труб, дзе захоўваецца ўнутр. сячэнне). Пры высокачастотнай зварцы плаўленнем тарцы загатовак сумесна аплаўляюць спец. індуктарам. Такім спосабам робяць карпусы метал. вырабаў, злучаюць трубы з лістамі. Пры высокачастотнай зварцы пластмас іх награюць у пераменным эл. полі рабочага кандэнсатара (гл. Дыэлектрычны нагрэў), які служыць і зварачным прэсам. Так атрымліваюць вырабы з ліставых і плёначных тэрмапластыкаў.
т. 4, с. 323
ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ПЕЧ,
індукцыйная электрычная печ, якая сілкуецца ад генератара высокай (больш за 104 Гц) частаты. У высокачастотнай печы плавяць і спякаюць розныя матэрыялы, награюць загатоўкі для коўкі, штампоўкі і інш. тэхнал. аперацый.
т. 4, с. 323
ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
электрасувязь з дапамогай токаў высокай частаты. Дазваляе адначасовую і незалежную перадачу па адной лініі сувязі многіх паведамленняў (гл. таксама Многаканальная сувязь); дае магчымасць устанаўліваць высакаякасную сувязь на вял. адлегласці. Распрацавана ў 1920-я г. для радыётэлегр., потым для інш. відаў сувязі па паветраных, кабельных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях. Выкарыстоўваецца для тэлеф. і тэлегр. сувязі, у перадачы даных па міжнар., унутрыабл. і ўнутрыраённых лініях і інш.
т. 4, с. 323
ВЫСОКАЧАСТО́ТНЫ НАГРЭ́Ў,
награванне матэрыялаў токамі высокай частаты. Адрозніваюць высокачастотны нагрэў дыэлектрычны (гл. Дыэлектрычны нагрэў) і індукцыйны (гл. Індукцыйны нагрэў).
т. 4, с. 323