Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫ́МАРАЧНАЯ МАЁМАСЦЬ,

у цывільным праве маёмасць памерлага, у якога няма спадчыннікаў ні па законе, ні па завяшчанні або яны пазбаўлены спадчынадаўцам спадчыны ці адмовіліся ад яе. Паводле бел. заканадаўства вымарачная маёмасць пераходзіць на карысць дзяржавы, якая пасля прыняцця спадчыны адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах сапраўднага кошту маёмасці, што перайшла да яе.

т. 4, с. 313

ВЫМІРА́ННЕ,

у экалогіі стан папуляцыі, які характарызуецца ўстойлівым перавышэннем смяротнасці над нараджальнасцю; у тэорыі эвалюцыі знікненне любой таксанамічнай групы арганізмаў без пакідання даччыных формаў. Акрамя шматлікіх фактаў вымірання асобных папуляцый і відаў вядомы прыклады поўнага вымірання цэлых атрадаў (аманіты, шчытковыя рыбы, стэгацэфалы, іхтыязаўры, дыназаўры), класаў (псілафіты, трылабіты і інш.), тыпаў (археацыяты). Прычыны вымірання асобных папуляцый і відаў звычайна звязаны з павелічэннем смяротнасці ў выніку адмоўнага ўздзеяння знешніх фактараў (змена клімату, канкурэнцыя, дзейнасць чалавека і інш.), радзей — з уплывам унутраных фактараў (інбрыдзінг — скрыжаванне блізкароднасных арганізмаў, неспрыяльная палавая ці ўзроставая структура папуляцыі). Віды, якія выміраюць, уключаюцца ў Чырв. кнігу і ахоўваюцца дзяржавай.

В.В.Грычык.

т. 4, с. 313

ВЫ́МНА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лужасянка (выцякае з возера), за 20 км на У ад г. Гарадок. Пл. 7,24 км², даўж. 9,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 7,8 м, даўж. берагавой лініі 22,6 км. Пл. вадазбору 106 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, парослыя лесам, на ПнУ і ПдЗ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія і стромкія, зараслі хмызняком. Дно амаль плоскае, мелкаводдзе вузкае, пясчанае, 7 астравоў агульнай пл. каля 8 га, найб. з іх на ПдЗ зарос лесам. Надводная расліннасць вузкай паласой (10—25 м) акаймоўвае ўзбярэжжа і астравы. Злучана пратокамі з азёрамі Арлейка і Слепня.

т. 4, с. 313

ВЫ́МНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Каспля, за 26 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 2,1 км², даўж. 2,95 км, найб. шыр. 1,09 км, найб. глыб. 9,6 м, даўж. берагавой лініі 7,6 км. Пл. вадазбору 97,8 км². Схілы катлавіны выш. 8 м, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском, на глыбакаводдзі — глінай. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 20—90 м. Праз возера цячэ р. Вымнянка.

т. 4, с. 314

ВЫ́МНА,

вёска ў Віцебскім р-не, на беразе аднайм. возера. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 29 км на У ад горада і чыг. ст. Віцебск. 576 ж., 244 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 4, с. 314

ВЫМНЯ́НКА, Вымніца,

рака ў Віцебскім р-не, левы прыток Касплі (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 38 км. Пл. вадазбору 357 км². Выцякае з возера без назвы каля в. Раніца, цячэ ў межах Віцебскага узв., працякае праз воз. Вымна, пратокай злучана з Янавіцкім возерам. Асн. прыток — р. Паловец (справа). Даліна да в. Півавары трапецападобная, шыр. 300—500 м. Пойма перарывістая, шыр. да 500 м. Рэчышча звілістае, шыр. 6—10 м. На рацэ г.п. Янавічы.

т. 4, с. 314

ВЫ́МПЕЛ

(галанд. wimpel),

1) раздвоены на канцы, доўгі і вузкі сцяг, які паднімаецца на ваен. суднах у плаванні. Разам з кармавым сцягам з’яўляецца адзнакай дзярж. прыналежнасці карабля.

2) Футляр з доўгай яркай стужкай, які выкарыстоўваюць для скідвання з самалётаў ці верталётаў данясенняў, карэспандэнцыі і інш. 3) Спец. знак (палотнішча з эмблемай або малюнкам, замацаванае на дрэўку), які ўручаюць на сустрэчах, спаборніцтвах і інш. мерапрыемствах.

т. 4, с. 314

ВЫ́МУШАНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

вылучэнне электрамагнітных хваль квантавымі сістэмамі (напр., атамамі) пад уздзеяннем знешняга (вымушанага) выпрамянення і тоеснымі з ім частатой, фазай, палярызацыяй і напрамкам распаўсюджвання. Паняцце вымушанага выпрамянення ўведзена з агульных тэрмадынамічных меркаванняў А.Эйнштэйнам (1917) для сістэмы многіх часціц. Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваль (гл. Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).

Поўная магутнасць вымушанага выпрамянення пры ўзаемадзеянні актыўнага асяроддзя са знешнім эл.-магн выпрамяненнем выражаецца формулай P = ε ωmn (Nm Nn) , дзе ε = (Em En) — энергія выпрамененага (паглынутага) фатона; Em і En — энергія электрона на больш высокім і больш нізкім узроўнях; ωmn — імавернасць выпрамянення (паглынання); Nm і Nn — заселенасць больш высокага і больш нізкага ўзроўняў. Актыўнае асяроддзе мае інверсную заселенасць узроўняў Nm>Nn і P>0; у раўнаважных сістэмах Nm<Nn, і таму сістэма паглынае знешняе выпрамяненне (P<0).

Л.М.Арлоў.

т. 4, с. 314

ВЫ́МУШАНЫЯ ВАГА́ННІ,

ваганні, якія ўзнікаюць у сістэме пад дзеяннем пераменнай знешняй сілы. Напр., ваганні мех. канструкцый пад дзеяннем пераменнай нагрузкі, мембраны тэлефона пад дзеяннем магн. поля і інш. Уласцівасці вымушаных ваганняў залежаць ад характару знешняй сілы і ўласцівасцей самой сістэмы.

Пад дзеяннем знешняй сілы ў сістэме адначасова ўзнікаюць уласныя ваганні і вымушаныя ваганні. Праз пэўны час уласныя ваганні затухаюць і ў сістэме ўсталёўваюцца вымушаныя ваганні. Амплітуда іх большае з павелічэннем амплітуды знешняй сілы і з памяншэннем трэння (супраціўлення) у сістэме пры мех. (электрычных) ваганнях і рознасці паміж частатой змены знешняй сілы і частатой уласных ваганняў. Пры супадзенні частаты знешняй сілы і частаты ўласных ваганняў настае рэзананс.

т. 4, с. 314

ВЫ́МЯ,

малочныя залозы млекакормячых жывёл. У жвачных і кабыл размяшчаецца ў пахвіннай вобласці, паміж сцёгнамі; у свіней — сіметрычна справа і злева ад «белай» лініі жывата. У самцоў рудыментарныя малочныя залозы ёсць спераду машонкі. Адрозніваюць множнае вымя з 4—8 доляў (напр., у сабакі, свінні). Вымя з 1 пары доляў (у авечкі, казы) або з 2 пар доляў, якія зліліся ў адзінае цэлае (у каровы, кабылы і інш.).

Малако ўтрымліваецца ў вымі дзякуючы капілярнасці, а таксама наяўнасці кругавых запіральных мышцаў (сфінктэраў) у сасках. Лактацыя мае сезонны характар. Рост і развіццё вымя цесна звязаны з дзейнасцю яечнікаў. Пад уплывам іх гармонаў вымя цельнай каровы расце ў 2-й пал. сухастойнага перыяду (за месяц да ацёлу). Росту вымя спрыяе масаж.

т. 4, с. 314