Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫ́ДМЫ,

гл. Дзюны.

т. 4, с. 306

ВЫ́ДРА

(Lutra lutra),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных.

Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў норах або інш. сховішчах на рэках і вадаёмах з густой расліннасцю па берагах. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. і цэнтр. раёнах.

Даўж. цела 62—117 см, маса 6—10 кг. Тулава выцягнутае, гнуткае, мускулістае. Лапы кароткія, пальцы злучаны перапонкамі. Поўсць на спіне цёмна-бурая, бліскучая, на бруху светлая, серабрыстая. Футра каштоўнае. Выдра добра плавае і нырае. Нараджае звычайна 2—4 дзіцянят 2 разы за год. Корміцца пераважна рыбай. Добра прыручаецца.

т. 4, с. 306

ВЫ́ДРА (Vydra) Вацлаў

(29.4.1876, г. Пльзень, Чэхія — 13.4.1953),

чэшскі акцёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1946). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1893. У 1907—22 у Гарадскім т-ры ў Пльзене, потым у Празе, у Гарадскім т-ры на Вінаградах, з 1922 у Нац. т-ры (у 1945—49 маст. кіраўнік). Сцэн. вобразы, створаныя Выдрам, адметныя майстэрствам псіхал. аналізу, тэмпераментам: Атэла, Кароль Лір, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Геро, Войнар («Геро», «Войнарка» А.Ірасека), Ранк («Нора» Г.Ібсена) і інш. Аўтар кніг «Прашу слова» (1954) і «Мае падарожжы ў жыцці і мастацтве» (4-е выд., 1976).

т. 4, с. 306

ВЫ́ДРАНКАЎСКАЯ ЦАРКВА́ ДЗМІ́ТРЫЯ РАСТО́ЎСКАГА,

помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю «мадэрн». Пабудавана ў пач. 20 ст. ў в. Выдранка (Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл.). Храм падоўжна-восевай часткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынка дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі купалкамі 8-граннага барабана асн. аб’ёму і 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прамавугольным прытворам. Агульную кампазіцыю ўзбагачаюць двухгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі.

А.М.Кулагін.

т. 4, с. 306

ВЫ́ДРЫН Максім Львовіч

(14.8.1870, Масква — 31.5.1951),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н., праф. (1923). Засл. дзеяч нав. Беларусі (1938) Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Працаваў у Маскве. У 1923—41 і 1943—51 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па даследаванні і лячэнні пазаматачнай цяжарнасці, матачнага крывацёку, фібраміём, раку маткі. Аўтар падручнікаў па акушэрстве і гінекалогіі.

т. 4, с. 306

ВЫ́ДРЫЦА,

назва гар. пас. Арэхаўск да 1946.

т. 4, с. 307

ВЫ́ДРЫЦА,

рака ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. Зах. Дзвіны. Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 120 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПнЗ ад в. Вацлавова і цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага узв. Упадае ў воз. Чарсцвяцкае з Пд. Рэчышча на працягу 12,4 км ад вусця каналізаванае.

т. 4, с. 307

ВЫ́ДРЫЦА,

вёска ў Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г. Крупкі, 122 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Крупкі. 245 ж., 120 двароў (1996). Лясніцтва, сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 307

Выдрыца

т. 18, кн. 1, с. 365

ВЫ́ДРЫЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж аб’яднанымі сіламі партыз. атрадаў 128-га, Г.Я.Сарокі, узвода 277-га атрада, групы партызан падпалк. Чырв. Арміі А.К.Спрогіса і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў 11 вер. ў в. Выдрыца Крупскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Выдрыцкі гарнізон уваходзіў у сістэму абароны праціўніка па забеспячэнні сплаву лесу па р. Бобр і бяспекі транспарту на чыг. участку Барысаў—Крупкі. Партызаны засадамі перакрылі дарогі на в. Вяляцічы і г.п. Крупкі, перайшлі ўброд раку за 2 км ад Выдрыцы і пад прыкрыццём шчыльнага агню атакавалі гарнізон. У час бою каля аднаго з дзотаў па-геройску загінула камандзір дыверсійнай групы А.Ф.Колесава.

т. 4, с. 307