ВО́ЛЧАК Віктар Мацвеевіч
(22.4.1910, чыг. ст. Цінская, Краснаярскі край, Расія — 26.4.1985),
бел. архітэктар і педагог. Засл. арх. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). З 1937 працаваў у Ташкенце; аўтар помніка Алішэру Наваі (1950, скульпт. Л.Дзітрых) і інш. У 1953—59 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». У 1954—75 выкладаў у БПІ. З 1979 у ін-це «Мінскметропраект». Асн. работы на Беларусі: будынак Мінскага аблвыканкома (1958), Літ.музей Я.Купалы (1959), помнікі Марату Казею (1958, скульпт. С.Селіханаў), ахвярам Масюкоўшчынскага лагера смерці (1959) у Мінску; воінам польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі ў в. Леніна Горацкага р-на (1953); абеліскі ў гонар сав. воінаў і партызан у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1959, скульпт. Я.Печкін). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
т. 4, с. 265
ВО́ЛЧАК Галіна Барысаўна
(н. 19.12.1933, Масква),
руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Школу-студыю імя У.І.Неміровіча-Данчанкі пры МХАТ (1955). З 1956 у Маскоўскім т-ры «Сучаснік» (з 1972 гал. рэжысёр). Характарная актрыса. Сярод роляў: Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Нюрка-Хлебарэзка («Вечна жывыя» В.Рогава), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі). Як рэжысёр асн. ўвагу аддае працы з акцёрамі, дамагаючыся сац. і псіхал. дакладнасці, яе спектаклі адметныя завостраным сцэн. малюнкам, сакавітымі камедыйнымі і драм. фарбамі: «Тры сястры» А.Чэхава (1982), «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна (1988), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Анфіса» Л.Андрэева (1991), «Пігмаліён» Б.Шоу (1995). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1967.
т. 4, с. 266
ВО́ЛЧАС, Воўчыца,
рака ў Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 427 км. Пачынаецца з балота каля в. Старынка Мсціслаўскага р-на, цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне праз Крычаўскі і Чэрыкаўскі р-ны. Асн. прытокі р. Яленка (злева) і ручай Глінец (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 100—250 м у вярхоўі, 1—1,3 км у вусці. Пойма двухбаковая, пераважна лугавая, месцамі забалочаная, шыр. ад 50—200 м у верхнім цячэнні да 250—350 м у ніжнім. Рэчышча звілістае, у вярхоўі каналізаванае на 21,9 км. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 2,5 м³/с. Берагі стромкія і абрывістыя, у сярэднім цячэнні забалочаныя, пад хмызняком. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
т. 4, с. 266
ВО́ЛЬБЕРАВІЧЫ, Вольбаравічы, Ольбаравічы,
вёска ў Бярэзінскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. За 14 км на У ад г. Докшыцы, 226 км ад г. Віцебск, 26 км ад чыг. ст. Параф’янава. 69 ж., 37 двароў (1996). Базавая школа, клуб, аддз. сувязі.
Волберавічы ўзніклі не пазней як у 15 ст. на тэр. ўладанняў Манівідаў у стараж. Харэцкай вол. У 17—18 ст. упамінаюцца як уласнасць кармелітаў. Уваходзілі ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Докшыцкага, з 1797 — Барысаўскага пав. У 1886 — 350 ж., 36 двароў, правасл. царква. З 1924 вёска ў Бярэзінскім с/с Бягомльскага, у 1962—65 Глыбоцкага, у 1960—62 і з 1965 Докшыцкага р-наў. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў жн. 1943 спалілі Вольберавічы і загубілі большую частку жыхароў.
т. 4, с. 266
«ВО́ЛЬВА»
(Volvo A.B.),
самае буйное машынабудаўнічае акц. т-ва Швецыі. Засн. ў 1915 як даччына фірма па зборцы аўтамабіляў швед. падшыпнікавага канцэрна СКВ. Выпускае аўтамабілі з 1927. З 1935 самастойнае. З 1979 супрацоўнічае з франц. аўтам. кампаніяй «Рэно». Адзін з найб. у свеце вытворцаў рухавікоў для суднаў, у Зах. Еўропе — грузавых аўтамабіляў вял. грузападымальнасці, аўтобусных шасі і буд. машын. Выпускае (1992) 304 000 легкавых і 46 500 грузавых аўтамабіляў, 5700 аўтобусаў (уключаючы шасі). Вырабляе таксама авіяц. маторы, абсталяванне для суднаў і сувязі, харч., харчасмакавую і біятэхнал. прадукцыю. Гал. цэнтры вытв-сці: Гётэбарг, Удэвала і Кальмар у Швецыі, Гент у Бельгіі, Борн (прав. Лімбург) у Нідэрландах, Галіфакс у Канадзе.
т. 4, с. 266
«ВО́ЛЬВА»
(Volvo),
марка аўтамабіляў і аўтобусаў канцэрна «Вольва». Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1927 (з 1979 мадэлі асабліва малога, малога і сярэдняга класаў), грузавыя і аўтобусы — з 1928. Легкавыя аўтамабілі серый 400 і 800 пярэднепрыводныя. Рабочы аб’ём рухавіка 1,1—2,6 л, магутнасць 33—150 кВт, скорасць да 212 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння маюць грузападымальнасць да 21 т; аўтобусы — умяшчальнасць 37—105 пасажыраў.
т. 4, с. 266
ВО́ЛЬГА
(пасля хрышчэння Алена; ? — 969),
вялікая княгіня кіеўская [945—957], жонка кн. Ігара. Паводле некаторых звестак, паходзіла з Пскова. Кіравала дзяржавай пры непаўналетнім Святаславе Ігаравічу, пазней — у час яго паходаў. Жорстка расправілася з драўлянамі, якія паўсталі ў 945 і забілі яе мужа за непамерную даніну: спаліла іх гал. г. Іскорасцень (946) і загадала забіць каля 5 тыс. чал. «Аповесць мінулых гадоў» расказвае пра паход Вольгі ўлетку 947 да Пскова. Паводле Віцебскага летапісу, заклала на месцы будучага г. Віцебска драўляны замак (наз. ад р. Віцьба), пабудавала ў Верхнім замку мураваную царкву св. Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Каб умацаваць гандл. і паліт. сувязі з Візантыяй, двойчы (946, 955) ездзіла ў Канстанцінопаль, была ўрачыста прынята візант. імператарам Канстанцінам VII, у час другой паездкі прыняла хрысціянства. Падтрымала дыпламат. адносіны з герм. каралём Атонам І, з якім абмянялася пасольствамі. Кананізавана рус. правасл. царквою.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986. С. 226—250;
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 1. С. 97—104.
І.А.Масляніцына.
т. 4, с. 266
ВО́ЛЬКА,
вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Шчара. Цэнтр сельсавета. За 27 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, 163 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Даманава. 824 ж., 352 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі.
т. 4, с. 266
ВО́ЛЬНА,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Вольна-Чэрніхава». За 27 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 228 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Пагарэльцы, на аўтадарозе Баранавічы — Мір. 861 ж., 357 двароў (1996).
Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Хадкевічаў. У 17—19 ст. існаваў базыльянскі манастыр. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. належала Слізням, уваходзіла ў Навагрудскі пав. Мінскай губ. У 1880-я г. 470 ж. З 1921 у Навагрудскім ваяв. Польшчы, з 1925 цэнтр гміны Баранавіцкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага р-на. З 1962 у Баранавіцкім р-не. У 1970 — 1084 ж.
Цэх па вытв-сці сокаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вольнаўская Троіцкая царква.
т. 4, с. 266