ВО́ІНКАЎ (Васіль Віктаравіч) (25.4.1902, Тбілісі — 4.3.1986),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Творчую дзейнасць пачаў у Сухумі. З 1932 у Рус. драм. т-ры БССР. Майстар псіхалагічна дакладнага раскрыцця характараў персанажаў, ствараў каларытныя эпізадычныя вобразы: Міхей, Гарнец («Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.Губарэвіча), Фірс («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Трубач, Галавасцікаў, Бяссеменаў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары», «Мяшчане» М.Горкага), Князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі) і інш.
т. 4, с. 255
ВО́ІНСКАЯ АПО́ВЕСЦЬ,
жанр стараж.-рус. літаратуры 11—17 ст. — свецкія гіст. творы (арыгінальныя і перакладныя) з апісаннямі ваен. паходаў і бітваў; адзін з відаў аповесці старажытнарускай. Услаўляла адвагу і гераізм, самаахвярную адданасць радзіме. Выдатны ўзор воінскай аповесці 12 ст. — «Слова пра паход Ігараў». У 13—14 ст. складаліся аповесці пра гераічную барацьбу ўсх. славян з мангола-татарамі («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.). На Беларусі перакладаліся і творча апрацоўваліся воінскія аповесці візантыйскія («Александрыя»), заходнееўрапейскія («Гісторыя пра Атылу») і рускія («Мамаева пабоішча»), Паступова выпрацаваліся і сталі традыцыйнымі пэўныя сюжэтныя схемы і стылістычныя формулы. Паэтыка воінскіх аповесцей спалучае кніжную літ. традыцыю з рысамі нар. гераічнага эпасу. Паўплывала на рус. і бел. летапісанне, на развіццё гіст. белетрыстыкі ўсх. славян.
Л.Л.Кароткая.
т. 4, с. 255
ВО́ІНСКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
устаноўлены законам абавязак насельніцтва несці ваенную службу ва ўзбр. сілах сваёй краіны. Упершыню воінская павіннасць уведзена ў 1798 у Францыі законам пад назвай «канскрыпцыя». З мэтаю стварэння масавай арміі да сістэмы воінскай павіннасці паступова перайшлі Прусія (1814—15), Аўстра-Венгрыя (1868), Расія (1874; да гэтага існавала рэкруцкая павіннасць), Італія (1875) і інш. дзяржавы. Вялікабрытанія і ЗША, дзе войскі камплектаваліся праз вярбоўку, уводзілі ўсеагульную воінскую павіннасць у час 1-й і 2-й сусв. войнаў. У СССР ваен. служба ажыццяўлялася на аснове абавязку воінскага. Гэты спосаб камплектавання ўзбр. сіл захаваўся і ў Рэспубліцы Беларусь.
т. 4, с. 256
ВО́ІНСКАЯ СЛУ́ЖБА,
выкананне грамадзянамі ўстаноўленага законам абавязку воінскага. У Рэспубліцы Беларусь воінская служба — канстытуцыйны абавязак грамадзян і актыўная форма выканання імі свайго доўгу па абароне Айчыны. Праходжанне яе вызначаецца законам аб воінскім абавязку і ваен. службе і інш. заканад. актамі. На Беларусі воінская служба складаецца з абавязковай ваеннай службы і службы ў запасе. У некаторых краінах рэгламентуецца законамі аб воінскай павіннасці, а таксама кантрактамі, якія заключаюцца на пэўны тэрмін пры найме на воінскую службу.
т. 4, с. 256
ВО́ІНСКАЯ ЧАСЦЬ,
арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва ўсіх відах узбр. сіл. У Рэспубліцы Беларусь да воінскай часці адносяцца ўсе палкі, асобныя батальёны (дывізіёны, эскадрыллі), якія не ўваходзяць у склад батальёнаў і палкоў. Воінская часць мае агульнаармейскае найменне (нумар, штатную назву, назву атрыманых узнагарод і інш.) і ўмоўнае лічбавае найменне. Воінскія часці складаюцца з органаў кіравання (штаба), баявых, спец. і тылавых падраздзяленняў; паводле прызначэння падзяляюцца на баявыя, баявога забеспячэння, вучэбныя і тылавыя. Воінскія часці ўваходзяць у склад злучэнняў, аб’яднанняў або падпарадкоўваюцца гал. камандаванню.
т. 4, с. 256
ВО́ІНЫ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,
прынятая ў афіц. ужытку назва ваеннаслужачых Сав. Арміі, якіх накіроўвалі ў інш. краіны з мэтай забеспячэння інтарэсаў СССР і для падтрымкі камуніст. і прасавецкіх урадаў у іх барацьбе з апазіцыяй у час грамадз. войнаў ці замежнай інтэрвенцыі. Найб. пашыраны тэрмін «воіны-інтэрнацыяналісты» стаў у час знаходжання сав. войск у Афганістане (1979—89). Мед. і псіхал. рэабілітацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх сац. адаптацыя аднесены да праблем грамадскага значэння, якія рэгулююцца заканадаўствам і інш. прававымі актамі.
т. 4, с. 256
ВО́ЙКАВА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр Камянкоўскага с/с і саўгаса. За 17 км на Пд ад г.п. Узда, 94 км ад Мінска, 39 км ад чыг. ст. Негарэлае, на аўтадарозе Узда—Капыль. 58 ж., 26 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 4, с. 256
ВО́ЙКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
другая назва Плешчаніцкага вадасховішча.
т. 4, с. 256