ВЕРХНЯРЭ́ЙНСКАЯ НІЗІ́НА,
нізіна па цячэнні р. Рэйн паміж гарамі Юра і Рэйнскімі Сланцавымі гарамі, у Францыі і Германіі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 40 км. Верхнярэйнская нізіна — складаны грабен, запоўнены кайназойскімі адкладамі, месцамі — выхады вулканічных парод. Радовішчы калійнай солі і нафты. Клімат умерана кантынентальны, ападкаў 500—700 мм за год. Пасевы пшаніцы, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі. Буйныя гарады: Карлсруэ, Мангейм, Франкфурт-на-Майне (ФРГ), Кальмар, Страсбур (Францыя).
т. 4, с. 112
ВЕРХНЯРЭ́ЙНСКІ КАЛІЯНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
размешчаны на тэр. Францыі і часткова ў ФРГ, адзін з буйнейшых у Еўропе. У Францыі саляносныя адклады (верхні эацэн — ніжні міяцэн) выцягнуты на 200 км на Пн ад г. Мюлуз, макс. шыр. 30 км, пл. каля 5500 км². Прамысл. значэнне маюць 2 пласты калійных солей (ніжні алігацэн), складзеныя з сільвініту. Ніжні пласт (2—5,3 м) развіты на пл. 170 км², мае 15—25% K2O, верхні пласт (0,9—2,7 м) — на пл. 90 км², змяшчае 22—30% K2O. Прамысл. распрацоўка з 1910. Глыбіня распрацоўкі 420—1100 м. Цэнтр здабычы — г. Мюлуз. Калійныя солі выкарыстоўваюцца пераважна для вытв-сці ўгнаенняў.
т. 4, с. 112
ВЕРХНЯЧА́РСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
на Пн Забайкалля, паміж хрыбтамі Кодар і Удакан, у Чыцінскай вобл. Расіі. Працягласць каля 120 км, выш. да 1100 м. Дрэніруецца р. Чара. Хваёвыя і лістоўнічныя лясы чаргуюцца з участкамі стэпавай расліннасці і масівамі рухомых пяскоў.
т. 4, с. 112
ВЕ́РХНЯЯ АЛБА́,
вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на Пд ад горада і чыг. ст. Жлобін, 129 км ад Гомеля. 459 ж., 200 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі паселішча неаліту (4—3-е тыс. да н.э.).
т. 4, с. 112
ВЕ́РХНЯЯ ВО́ЛЬТА
(франц. Haute-Volta),
назва дзяржавы Буркіна-Фасо да 1984.
т. 4, с. 112
ВЕ́РХНЯЯ МА́НТЫЯ,
абалонка Зямлі, якая знаходзіцца паміж зямной карой і ніжняй мантыяй. Аддзяляецца ад кары Махаровічыча паверхняй, ніжняя граніца невыразная, на глыб. каля 900 км. У рэчыве верхняй мантыі пераважае алівін. Верхні слой верхняй мантыі (субстрат) разам з зямной карой утварае літасферу, пад якой залягае астэнасфера, ніжняя частка (глыбей за 400 км) — слой Галіцына, які характарызуецца інтэнсіўным нарастаннем скорасці сейсмічных хваль. У верхняй мантыі развіваюцца працэсы, з якімі цесна звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм, метамарфізм зямной кары, утварэнне карысных выкапняў.
т. 4, с. 112
ВЕ́РХНЯЯ РЫ́ТА,
рака ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. і на Украіне, правы прыток р. Маларыта (бас. Зах. Буга). Даўж. 24,5 км, у межах Беларусі 23,5 км. Пл. вадазбору 160 км². Пачынаецца з воз. Крымна (Украіна), у межах Маларыцкага р-на выкарыстоўваецца як водапрыёмнік і крыніца арашэння меліярац. сістэмы «Вір». Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу.
т. 4, с. 112
ВЕ́РХНЯЯ ТАЙМЫ́РА,
рака на п-ве Таймыр, у Расіі Даўж. 567 км, пл. бас. 50,4 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Быранга, упадае ў воз. Таймыр. Сярэдні расход вады каля 430 м³/с. У бас. Верхняй Таймыры — Таймырскі запаведнік.
т. 4, с. 112