Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАШЭ́ННЕ СУДА́,

пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш. суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 386

РАШЭ́ТНІКАЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 22.7.1949, Гродна),

бел. палітолаг. Д-р паліт. н. (1996), праф. (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1972). З 1982 у БДУ (з 1993 заг. кафедры, у 1995—96 прарэктар). З 2000 дырэктар Ін-та дзярж. кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па метадалогіі і метадах паліталогіі, аналізе паліт. працэсаў, публічнай палітыкі, дзярж. кіравання.

Тв.:

Политология в Республике Беларусь: Теоретико-методол. и прикладные аспекты. Мн., 1999;

Системный подход как методология анализа публичной политики. Мн., 2000 (разам з Н.​А.​Антановіч);

Государственная политика и управление в Республике Беларусь. Мн., 2001 (з ёй жа);

Методология и методы анализа государственной политики и управления. Мн., 2001 (разам з Н.​А.​Антановіч, Б.​Я.​Мігасам).

т. 13, с. 386

РАШЭ́ТНІКАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 6.1.1938, в. Халопенічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Акад. Нац. АН Беларусі (2000, чл.-кар. 1991). Д-р біял. н. (1987), праф. (1992). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1959). З 1966 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (з 1977 вуч. сакратар, з 1978 нам. дырэктара), з 1997 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі (дырэктар і заг. лабараторыі). Навук. працы па пабудове, біягенезе і функцыян. актыўнасці клетачных ядраў і пластыд расліннай клеткі, надмалекулярных нуклеапратэідных комплексах, бялках і ліпідных рэчывах пры экспрэсіі і рэканструкцыі геному раслін, прыкладных пытаннях перапрацоўкі лек. і пахучых раслін.

Тв.:

Пластиды и клеточные ядра высших растений: (Биохим. аспекты). Мн., 1982;

Клеточные ядра высших растений: состав, структура, функции. Мн., 1992.

У.М.Рашэтнікаў.

т. 13, с. 386

РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Міхайлавіч) (17.9.1841, г. Екацярынбург, Расія — 21.3.1871),

рускі пісьменнік. Скончыў Пермскае павятовае вучылішча (1859). З 1863 у Пецярбургу. Друкаваўся з 1861. Бядотнае становішча парэформеннай вёскі адлюстраваў у аповесці «Падліпаўцы» (1864), умовы жыцця і працы уральскіх рабочых — у раманах «Горнарабочыя» (1866), «Глумавы» (1866—67), «Дзе лепш?» (1868). Тэме жаночай эмансіпацыі прысвяціў раман «Свой хлеб» (1870). У 1867—70 жыў у Брэсце. Тут напісаў камедыю «Прагрэс у павятовым горадзе» (1868, выд. 1871), у якой выкарыстаў мясц. назіранні, нарысы «Ад Брэст-Літоўска да Пецярбурга (дарожныя ўражанні)», «На захадзе (апавяданне доктара)», «Кірмаш у яўрэйскім горадзе», «Будні і святы Янкеля Дворкіна і яго сям’і» і інш. пра жыццё і побыт насельніцтва Беларусі. У рукапісным накідзе «Вяшчальнік» намаляваў адмоўны вобраз царскага чыноўніка на Беларусі. Пра знаходжанне ў Брэсце, пра норавы гараджан і знаёмых пісаў у дзённіку.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—6. Свердловск, 1936—48;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1956.

Літ.:

Филиппова К. Между людьми: Повесть о писателе Ф М.​Решетникове. Свердловск, 1952;

Кліманскі С.У. Рашэтнікаў на Беларусі // Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967.

С.​А.​Кузняева.

т. 13, с. 386

РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Паўлавіч) (28.7.1906. с. Сурска-Літоўскае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 13.12.1988),

расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974). Правадз. чл. АМ СССР (1953). Вучыўся ў Ін-це выяўл. мастацтваў у Маскве (1929—34). У 1937—38 супрацоўнічаў з час. «Крокодил». Выкладаў у маскоўскіх маст. (1953—57) і пед. (1956—62) ін-тах. У 1974—87 віцэ-прэзідэнт АМ СССР. Аўтар жанравых карцін «Прыбыў на канікулы» (1948), «Зноў двойка» (1952), твораў на гіст., батальныя, публіцыстычныя тэмы «За мір!» (1950), «В’етнамская маці» (1968), «Апалон—Саюз» (1982), партрэтаў «Першыя героі Савецкага Саюза» (1976), «А.​В.​Ляпідзеўскі» (1979), трыпціха «Таямніцы абстракцыянізму» (1960), ілюстрацый да кніг. Майстар востравыразных графічных і скульпт. шаржаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Тв.:

Тайны абстракционизма. М., 1963.

Ф.Рашэтнікаў Зноў двойка. 1952.

т. 13, с. 387

РАЯЛІ́СТЫ (франц. адз. л. royaliste ад royal каралеўскі),

тэрмін, які ўзнік у час Французскай рэвалюцыі 1789—99 для азначэння прыхільнікаў дынастыі Бурбонаў. У больш шырокім сэнсе Р. — тое, што і манархісты.

т. 13, с. 387

РАЯ́ЛЬ (ад франц. royal каралеўскі),

струнны ўдарна-клавішны муз. інструмент, разнавіднасць фартэпіяна.

т. 13, с. 387

РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),

род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.

Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рдзест плывучы.

т. 13, с. 387

«РЕВОЛЮЦИО́ННАЯ СТА́ВКА»,

бальшавіцкая газета, орган Ваенна-рэв. к-та пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Выдавалася з 26.11.1917 да канца лют. 1918 у Магілёве на рус. мове штодзённа. З 19.12.1917 орган Цэнтр. к-та дзеючых армій і флоту (Цэкадарф). Сваёй мэтай абвяшчала «самае шырокае і падрабязнае асвятленне ўсіх бакоў салдацкага жыцця». Змяшчала дэкрэты і распараджэнні СНК, загады Вярх. галоўнакамандуючага, ВРК пры Стаўцы. Значнае месца адводзіла пытанням вайны і міру, фарміравання новай рабоча-сял. арміі. З інтэрнацыяналіст. пазіцый асвятляла канфлікты Сав. улады з бел. рухам, укр. Радай, польскім корпусам ген. Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. Друкавала паведамленні з замежнага жыцця, зводкі з франтоў, тэлеграмы тэлегр. агенцтваў, справаздачы аб разнастайных з’ездах. Пэўнае месца адводзіла асвятленню грамадска-паліт. жыцця Магілёва і губерні. Пасля эвакуацыі Стаўкі з Магілёва ў выніку наступлення герм. войск выданне спынена.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 13, с. 387

РЕЙНІ́Р,

(Rainier), дзеючы вулкан у ЗША, найб. высокая вяршыня ў Каскадных гарах. Выш. 4392 м. Каля падножжа вулкана і на ніжняй ч. схілаў — хваёвыя лясы, на выш. 2600—2800 м — альпійскія лугі, вышэй — вечныя снягі і ледавікі (агульная пл. 140 км²). Апошняе вывяржэнне ў 1882.

т. 13, с. 565