Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́РТА

(Warta),

рака ў Польшчы, правы прыток р. Одра. Даўж. 808 км, пл. бас. 53,7 тыс. км². Пачынаецца з Малапольскага ўзвышша, перасякае Кракаўска-Чанстахоўскае ўзвышша, цячэ па Велікапольскай нізіне. Паводкі вясной і ўвосень. Сярэдні расход вады 215 м³/с. Суднаходная (ад Познані) з дапамогай шлюзаў. Злучана з Віслай прытокам Ноцец і Быдгашчцкім каналам. На Варце гарады Чанстахова, Познань, Гожаў-Велькапольскі.

т. 4, с. 13

ВАРТАВЫ́ КАРАБЕ́ЛЬ,

надводны баявы карабель, прызначаны для нясення дазорнай службы, аховы буйных караблёў і транспартаў ад раптоўных атак падводных лодак, самалётаў і катэраў на пераходзе морам і пры стаянках на адкрытых рэйдах. Выкарыстоўваецца таксама для нясення дазорнай службы на падыходах да сваіх ваенна-марскіх баз і партоў, аховы марской граніцы (пагранічны вартавы карабель). З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну для барацьбы з падводнымі лодкамі. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну, захаваліся ў большасці ваен. флатоў. Сучасныя вартавыя караблі (у некаторых флатах да іх адносяць таксама карветы і фрэгаты) маюць водазмяшчэнне 600—4000 т, скорасць да 35 вузлоў (65 км/гадз), узброены 1—4 універсальнымі 76—127-мм гарматамі, 20—40-мм зенітнымі аўтаматамі (да 10), тарпеднымі апаратамі, рэактыўнымі процілодачнымі бамбамётамі, процілодачнымі ракетамі (могуць несці таксама ракетныя комплексы і процілодачныя верталёты), аснашчаны радыёлакацыйнай і гідраакустычнай апаратурай, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і інш.

У.Я.Калаткоў.

т. 4, с. 13

ВА́РТАСНЫЯ ЛІ́ЧБЫ ў матэматыцы,

усе лічбы набліжанага ліку ад першай злева, адметнай ад нуля, да апошняй, за сапраўднасць якіх можна ручацца. Напр., калі ўзважванне праведзена з дакладнасцю да 1 г, то ў запісе вынікаў 0,320 вартасныя лічбы будуць 3, 2 і 0. Вартасная лічба наз. праўдзівай, калі абсалютная хібнасць набліжанага ліку не перавышае палавіны адзінкі разраду гэтай лічбы. Напр., у запісе скорасці святла с = (299 796 ± 4) км/с праўдзівыя вартасныя лічбы 2, 9, 9, 7 і 9. Гл. таксама Набліжанае вылічэнне.

т. 4, с. 13

ВА́РТАСЦЬ,

увасобленая ў тавары і арэчаўленая ў ім праца таваравытворцаў; грамадская ўласцівасць тавару, якая выяўляецца ва ўмовах таварнай вытв-сці пры абмене аднаго тавару на іншы; аснова цаны тавару. Адрозніваюць спажывецкую і менавую вартасць. Спажывецкая вартасць — каштоўнасць рэчы, яе здольнасць задавальняць чалавечыя патрэбы непасрэдна (хлеб, адзенне, жыллё) і ўскосна (машыны, станкі, сыравіна). Усе тавары — розныя як спажывецкія вартасці (па якасці), але аднолькавыя як вартасць, бо ствараюцца ў вытв-сці і з’яўляюцца прадуктам працы. Велічыня вартасці тавару залежыць ад колькасці рабочага часу, неабходнага для вырабу гэтага тавару. Розныя таваравытворцы затрачваюць на вытв-сць аднаго і таго ж тавару неаднолькавую колькасць працы (часу), таму тавары маюць розную індывід. вартасць. Але яна не можа вызначаць грамадскую (рыначную) вартасць. Таваравытворцы звязаны паміж сабой сістэмай грамадскага падзелу працы і таму вырабляюць тавары на продаж (адзін для аднаго), у выніку чаго іх праца набывае грамадскі характар. Таму грамадская (рыначная) вартасць вызначаецца грамадска неабходным рабочым часам, ці часам, які затрачваецца на вытв-сць асн. масы тавараў гэтага віду. Формай выяўлення вартасці на рынку з’яўляецца менавая вартасць — прапорцыя, у якой адны тавары абменьваюцца на іншыя. Яна вызначаецца законам, які патрабуе абмену таварамі паводле іх грамадскай (рыначнай), а не індывідуальнай вартасці. Гэты закон выступае гал. рэгулятарам таварнай вытв-сці, эканам. адносін паміж таваравытворцамі. Ён вымушае прадпрымальнікаў змяншаць індывідуальны рабочы час да ўзроўню грамадска неабходнага, а яшчэ лепш — ніжэй за яго, што гарантуе перамогу ў канкурэнтнай барацьбе і прыбытковасць вытв.-гасп. дзейнасці. Тым самым ён стымулюе навук.-тэхн. прагрэс, удасканаленне вытв-сці, павышэнне прадукцыйнасці працы. Пачатак тэорыі працоўнай вартасці паклалі У.Пеці, А.Сміт, Д.Рыкарда, навук. абгрунтаваў яе К.Маркс. Некаторыя вучоныя-эканамісты лічаць, што менавыя прапорцыі вартасці тавараў вызначаюцца не затрачанай на іх выраб грамадскай працай, а іх спажывецкай вартасцю (каштоўнасцю); на гэтай канцэпцыі заснавана гранічнай карыснасці тэорыя. Існуе таксама прадукцыйнасці тэорыя, паводле якой вартасць — вынік дзеяння 3 фактараў вытв-сці — працы, зямлі і капіталу.

У гіст. развіцці вартасць прайшла наступныя формы ў працэсе абмену: простую, адзінкавую, ці выпадковую (тавары — на тавар), поўную, ці разгорнутую (адзін тавар — на многія тавары), усеагульную (усе тавары — на тавар-эквівалент) і грашовую (усе тавары — на грошы). Грашовая форма вартасці дала прастор развіццю таварнай вытв-сці, ініцыятывы прадпрымальнікаў, гандл. сувязяў. У гэтых умовах грошы сталі асновай узнікнення капіталу.

С.Я.Янчанка.

т. 4, с. 13

ВА́РТА НАЧНА́Я, старожа,

павіннасць сялян на Беларусі ў 16—19 ст. Заключалася ў адбыванні начных дзяжурстваў на панскім фальварку. На варту начную сяляне выходзілі па чарзе, часам яна магла замяняцца грашовым эквівалентам.

т. 4, с. 13

ВА́РТБЕРГ (Wartberg) Герман, храніст 14 ст. Капелан Лівонскага ордэна. Аўтар «Хронікі Лівоніі», напісанай на лац. мове неўзабаве пасля 1378. Сучасныя аўтару падзеі апісваюцца з 1358. Выкарыстаў хронікі папярэднікаў і шматлікія дакументы з канцылярыі ордэна. У гэтым творы каштоўная інфармацыя пра войны крыжакоў з Ноўгарадам і Псковам, паходы рыцараў на Полаччыну, рэйды войск ВКЛ ва ўладанні ордэна.

т. 4, с. 14

«ВА́РТБУРГ»

(Wartburg),

марка нямецкіх легкавых аўтамабіляў. Выпускаліся ў Германіі ў 1899—1904, у 1956—90 прадпрыемствам «Аўтамабільвэрк Айзенах» у г. Айзенах, ГДР (у т. л. з 1979 мадэль асабліва малога класа з двухтактавым рухавіком); рабочы аб’ём рухавіка 1 л, магутнасць 37 кВт, скорасць да 130 км/гадз.

т. 4, с. 14

ВАРУ́НА,

у стараж.-індыйскай міфалогіі бог неба і воднай стыхіі, захавальнік ісціны і справядлівасці, разам з Індрай найвялікшы з багоў ведыйскага пантэона. Варуну падуладныя неба і зямля, яго адзенне — ноч і дзень, яго вока — сонца, сам ён тысячавокі.

т. 4, с. 14

ВАРФАЛАМЕ́ЕВА Тамара Барысаўна

(н. 24.6.1944, в. Малое Сцяпанава Касалапаўскага р-на, Рэспубліка Марый Эл),

бел. этнамузыколаг. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1970). З 1981 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гісторыю, тэорыю і эстэтыку бел. муз. фальклору, яго сістэмную тыпалогію і арэальныя стылявыя характарыстыкі, палеагеаграфію і этнамуз. дыялекталогію. У сферы практычнай фалькларыстыкі выступае па пытаннях экалогіі традыц. культуры.

Тв.:

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні: [Муз. раздзел]. Мн., 1986;

Северобелорусская свадьба: Обряд, песенно-мелодич. типы. Мн., 1988;

Традыцыйныя вяселлі Віцебшчыны. Мн., 1988;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990 (у сааўт.);

Традыцыйнае вяселле Гродзеншчыны. Мн., 1992.

Э.А.Алейнікава.

т. 4, с. 14

ВАРФАЛАМЕ́ЕЎСКАЯ НОЧ,

масавае знішчэнне гугенотаў католікамі ў Парыжы ў ноч на 24.8.1572 (свята св. Варфаламея). Арганізавана каралевай-маці Кацярынай Медычы і кіраўнікамі католікаў Гізамі, напалоханымі ўмацаваннем пазіцый гугенотаў, уплывам іх кіраўніка адмірала Каліньі на караля Карла IX. У час вяселля Генрыха Наварскага (будучага франц. караля Генрыха IV) з Маргарытай дэ Валуа — сястрой караля, на якое з’ехаліся дваране-гугеноты і іх кіраўнікі, Кацярына Медычы пераканала караля ў змове гугенотаў і дамаглася яго згоды на разню. Было забіта больш як 3 тыс. гугенотаў (у т. л. Каліньі). Генрых Наварскі і прынц Кандэ пазбеглі смерці, спешна перайшоўшы ў каталіцтва. Разня цягнулася некалькі дзён, мела месца і ў інш. гарадах. Варфаламееўская ноч прывяла да аднаўлення рэлігійных войнаў. У пераносным значэнні Варфаламееўская ноч — арганізаванае масавае знішчэнне людзей.

т. 4, с. 14