Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЙНШТЭ́ЙН Арон Ісакавіч

(парт. псеўд. Рахміэль, Рахмілевіч; 23.11.1877, Вільня — 1938),

удзельнік рэв. руху. Скончыў Віленскі яўр. настаўніцкі ін-т (1897). З 1897 чл. Бунда, з 1901 чл. яго ЦК, у 1917—21 старшыня ЦК Бунда. Неаднаразова арыштоўваўся царскімі ўладамі, у 1914—17 сасланы ў Сібір. З 1917 чл. выканкома Мінскага гар. Савета, старшыня Мінскай гар. думы. Ад імя Бунда падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР (31.7.1920). У 1920 чл. ВРК БССР. Пасля 2-га Усебел. з’езда Саветаў (снеж. 1920) старшыня Саўнаргаса БССР. У 1921 чл. ЦБ КП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВК БССР. З канца 1921 у Кіргізіі. З 1923 чл. калегіі Наркамфіна СССР, нач. Гал. ўпраўлення дзярж. фін. кантролю. У 1938 рэпрэсіраваны.

Э.А.Ліпецкі.

т. 3, с. 460

ВА́ЙПРЭХТ (Weyprecht) Карл

(8.9.1838, Кёніг, зямля Гесен, Германія — 28.3.1881),

аўстрыйскі палярны даследчык. У 1872—74 узначаліў разам з Ю.Паерам экспедыцыю на судне «Тэгетгоф», якая павінна была прайсці Паўн.-ўсх. праходам з Баранцава м. Ў Берынгаў праліў. Каля Новай Зямлі карабель быў зацёрты льдамі і 371 сут дрэйфаваў на Пн і ПнУ. У гэты час быў адкрыты архіпелаг, названы Зямлёй Франца-Іосіфа. Падарожнікі прайшлі па архіпелагу да 83° паўн. ш. У час зімоўкі Вайпрэхт правёў геафіз. даследаванні і вывучыў прыроду палярных ільдоў. На Новай Зямлі экспедыцыю падабраў рус. карабель.

Літ.:

Пайер Ю. 725 дней во льдах Арктики: Пер. с нем. Л., 1935.

т. 3, с. 460

ВА́ЙСКАЯ, Войская,

вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калект. сялянскага аб’яднання «Колас». За 13 км на З ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 938 ж., 295 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1751—75). Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў (10—12 ст.).

т. 3, с. 460

ВАЙСКО́ВА-ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЯ МІ́СІЯ БНР у Латвіі і Эстоніі,

дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—21. Накіравана ў вер. 1919 Радай нар. міністраў на чале з А.І.Луцкевічам для консульскай працы і арганізацыі бел. узбр. сіл на тэр. Эстоніі. Была акрэдытавана пры ўрадах Латвіі і Эстоніі, размяшчалася ў Рызе. Начальнік місіі К.Б.Езавітаў. 5.4.1920 паўнамоцтвы місіі пацверджаны ўрадам В.Ю.Ластоўскага. Пры місіі дзейнічалі рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы ў Таліне і ў Ліепаі; ёй падпарадкоўвалася консульства БНР у Рызе. Місія ўдзельнічала ў рабоце бел.-лат. памежнай камісіі (сак. 1920), падрыхтавала надзвычайную дыпламат. місію на чале з В.І.Захаркам у Маскву (ліп. 1920) і Бел. нац.-паліт. нараду ў Рызе (20.10.1920); кіравала Асобным атрадам БНР на чале з С.Н.Булак-Балаховічам, змагалася за ўдзел БНР у Канферэнцыі балт. дзяржаў (жн. 1920). Яна садзейнічала арганізац. афармленню бел. калоніі ў Латвіі, стварэнню бел. прэс-бюро ў Рызе, культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына», курсаў беларусазнаўства і інш. Дзейнасць місіі спынена 1.2.1921 у выніку дыпламат. націску Сав. Расіі на ўрад Латвіі напярэдадні падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921.

Р.А.Лобаў.

т. 3, с. 460

ВА́ЙСМЮЛЕР, Вейсмюлер (Weissmuller) Джон

[сапр. Вайсцмюлер (Weiszmüller) Янаш; 2.6.1904, Фрайдорф, каля г. Тымішаара, Румынія — 20.1.1984],

амерыканскі спартсмен (плаванне). Алімпійскі чэмпіён 1924 (100 м, 400 м, эстафета 4 х 200 м) і 1928 (100 м, эстафета 4 х 200 м) у плаванні вольным стылем. Устанавіў 67 сусв. рэкордаў. У 1932—48 выканаўца гал. ролі ў 12 фільмах пра Тарзана.

т. 3, с. 461

ВАЙТО́ВІЧ Аляксандр Паўлавіч

(н. 5.1.1938, в. Рачкевічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р фізіка-матэм. н. (1979), праф. (1985). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це фізікі, з 1993 дырэктар Ін-та малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па лазернай фізіцы і оптыцы. Развіў магнітаоптыку газавых лазераў, распрацаваў прынцыпы палярызацыйнай лазернай спектраскапіі і нелінейнай дынамікі лазераў, прапанаваў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі і селекцыі частот лазернага выпрамянення.

Тв.:

Магнитооптика газовых лазеров. Мн., 1984;

Лазеры с анизотропными резонаторами (разам з В.М.Северыкавым). Мн., 1988.

т. 3, с. 461

ВАЙТО́ВІЧ Ніна Трафімаўна

(10.7.1913, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 4.3.1976),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1976). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1937), працавала ў ім. У 1956—76 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследаванні ў галіне дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы. Аўтар манаграфій «Ненаціскны вакалізм народных гаворак Беларусі» (1968), «Баркалабаўскі летапіс» (1977), сааўтар акад. прац. «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69). За ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі Дзярж. прэмія СССР 1971.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн.. 1977. Т. 2. С. 129—133.

І.К.Германовіч.

т. 3, с. 461

ВАЙТО́ВІЧ Сяргей Данілавіч

(13.10.1925, в. Забалацце Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. — 12.2.1989),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1952). З 1962 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследаваў гісторыю міжнар. дзейнасці БССР. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 5, 1975), калект. манаграфій «Супрацоўніцтва Беларускай ССР з сацыялістычнымі краінамі» (1970), «У адзіным страі змагароў за мір» (1989).

Тв.:

БССР в борьбе за мир и сотрудничество между народами (1945—1965). Мн., 1968;

Белорусская ССР и развивающиеся страны (1945—1970). Мн., 1974;

БССР на форуме наций. Мн., 1978;

БССР в отношениях СССР с развивающимися странами. 1971—1985. Мн., 1985;

БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989.

А.С.Ляднёва.

т. 3, с. 461

ВАЙТО́ВІЧ Таццяна Мікалаеўна

(н. 25.10.1949, Мінск),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1966). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1972). З 1977 працуе ў ім. Навук. працы па паталогіі бронхалёгачнай сістэмы, праблемах вострых рэспіраторных інфекцый у дзяцей, дыягностыцы, лячэнні і рэабілітацыі спадчынных і хранічных хвароб лёгкіх у іх.

Тв.:

Пневмония с затяжным течением у детей. Мн., 1989 (разам з І.Н.Усавым, Т.Н.Самаль);

Справочник участкового педиатра. Мн., 1991 (у сааўт.).

т. 3, с. 461

ВАЙЦАХО́ВІЧ Сяргей Рыгоравіч

(20.3.1903, в. Сярагі Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 3.9.1977),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1932). З 1921 на сав. і парт. рабоце ў Слуцку, з 1938 інструктар ЦК КП(б)Б, з крас. 1941 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з 23.4.1943 да ліп. 1944 2-і сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—47 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б.

т. 3, с. 461