БУ́ХТА
(ням. Bucht),
невялікі заліў, адасоблены ад адкрытага акіяна, мора ці возера часткай берага або астравамі. Зацішная ад ветру, часта прыдатная для стаянкі суднаў і буд-ва партоў (напр., Новарасійская на Чорным м., Залаты Рог у прал. Басфор).
т. 3, с. 366
БУХТАРМІ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Казахстане, на р. Іртыш. Утворана плацінай аднайменнай ГЭС. Запоўнена ў 1960—67. Пл. (з падпорам воз. Зайсан) 5490 км², аб’ём вады 49,6 км³. Даўж. 425 км, найб. шыр. 35 км. Ваганні ўзроўню да 7 м. Суднаходства. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства.
т. 3, с. 366
БУХТУ́ЕЎ Міхаіл Арцёмавіч
(23.11.1925, пас. Кара-Хаш Таджынскага р-на Рэспублікі Тува — 25.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З чэрв. 1944 на 1-м Бел. фронце. Сяржант Бухтуеў вызначыўся ў баі за ст. Чорныя Броды Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.: экіпаж танка, дзе ён быў механікам-вадзіцелем, сваёй падпаленай машынай тараніў і вывеў са строю браняпоезд праціўніка. Загінуў у час тарана.
т. 3, с. 366
БУЦА́ЦІ (Buzzati) Дзіна
(16.10.1906, г. Белуна, Італія — 28.1.1972),
італьянскі пісьменнік. Адзін з майстроў апавядання ў італьян. і еўрап. л-ры 20 ст. Вядомасць прынеслі раман «Тартарская пустыня» (1940) і зб. апавяданняў «Сямёра пасланцоў» (1942), у якіх рэха філасофіі (твораў К.Ясперса, М.Хайдэгера, Ж.П.Сартра) і рэальнасці часоў 2-й сусв. вайны. Зацікаўленасць Буцаці экзістэнцыяльнымі пытаннямі, сувязь з праблематыкай твораў Ф.Кафкі адчувальныя ў зб-ках апавяданняў «Страх у Ла Скала» (1949), «Падзенне Баліверны» (1954), «60 апавяданняў» (1958), аповесці «Павялічаны партрэт» (1960) і інш. Непакой, адчуванне абсурднасці існавання і подыху смерці — асн. рысы светапогляду яго персанажаў. Падзеі, на першы погляд рэальныя, у творах Буцаці захоўваюць элемент фантастычнага, ірэальнага. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, оперных лібрэта. Займаўся жывапісам і маст. крытыкай.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1989.
С.В.Логіш.
т. 3, с. 366
БУЦЬКО́ Павел Пятровіч
(14.2.1901, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 14.12.1986),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст. Чл. КПЗБ з 1924. Ствараў арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ у Палескім ваяв. У 1925—27 зняволены польск. ўладамі ў турму. Уцёк праз Германію і Францыю на Кубу. У 1927—37 на падп. рабоце ў Кампартыі Кубы. Удзельнік нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1937—38. З канца 1938 у Францыі, потым зноў на Кубе, дзе працаваў у апараце ЦК Кампартыі. У час 2-й сусв. вайны матрос гандл. флоту ЗША, які дастаўляў грузы ў СССР. З 1949 на радзіме, зведаў ганенні.
М.П.Клімец.
т. 3, с. 366
БУЦЬЯ́НАЎ Даніла Дзяменцьевіч
(н. 9-12.1918, в. Хамёнкі Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. эпізаатолаг. Д-р вет. н. (1974), праф. (1975). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1939). У 1947—54 і з 1964 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па патагенезе і імунітэце пры рожы і інш. хваробах свіней, мерах барацьбы з лептаспірозам і пастэрэлёзам с.-г. жывёл, адначасовай вакцынацыі жывёл супраць некалькіх інфекцый.
Тв.:
Одновременная вакцинация животных против нескольких инфекций. Мн., 1971 (у сааўт.).
т. 3, с. 366
БУЧ,
традыцыйная бел. рыбалоўная прылада; сплеценая з дубцоў або зробленая з драніцы камера конусападобнай ці цыліндрычнай формы. У конусным бучы мелася адна лейкападобная перагародка (горла), у цыліндрычным — дзве. Рыба пранікала ў буч праз лаз у горле, якое адначасова перашкаджала выходзіць ёй назад. З аднагорлавых бучаў улоў вымалі праз адтуліну ў вузкім яго канцы (у час лоўлі яе закрывалі коркам, травой, сенам), у двухгорлавым рабілі дзверцы. Аднагорлавы буч прызначаўся толькі для лоўлі рыбы, двухгорлавы — пераважна для ракаў. У вадаёме бучы устанаўлівалі пры дапамозе калкоў. Бучы былі пашыраны па ўсёй Беларусі.
І.М.Браім.
т. 3, с. 366
БУЧА́ЦІНА,
вёска ў Беларусі, у Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на Пд ад г. Капыль, 147 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 673 ж., 275 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 3, с. 366
БУ́ЧМА Амвросій Максімілянавіч
(14.3.1891, г. Львоў — 6.1.1957),
украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1918). На сцэне з 1905. Працаваў у т-ры «Беразіль» (1930—36). Адзін са стваральнікаў Кіеўскага ўкр. драм. т-ра імя І.Франко (1920), дзе працаваў у 1936—56. Праф. Кіеўскага ін-та тэатр. мастацтва (1940—57). Выдатны майстар пераўвасаблення, ствараў вострахарактарныя, камедыйныя і драм. вобразы: Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» Франко), Цярэнцій Пузыр («Гаспадар» І.Карпенкі-Карага), Гайдай, Платон Крэчат, Макар Дубрава («Гібель эскадры», «Платон Крэчат», «Макар Дубрава» А.Карнейчука), Іван Каламійцаў («Апошнія» М.Горкага) і інш. З 1924 здымаўся ў кіно: «Арсенал», «Тарас Шаўчэнка», «Начны рамізнік», «Іван Грозны», «Подзвіг разведчыка» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1949 (за тэатр. работы).
т. 3, с. 366
БУЧЫ́НСКІ Вінцэнцій
(17.3.1789, Беларусь — 29.3.1853),
бел. філосаф, тэолаг, крытык. Праф. філасофіі Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1830—-40-я г. выкладаў філасофію і тэалогію ў навуч. установах Аўстрыі, з 1848 у Лувенскім ун-це (Бельгія). Заснавальнік і рэдактар першага на Беларусі літ.-навук. часопіса «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік», 1818—20). Палемізаваў з асветнікамі і езуітамі на старонках час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік») наконт паэмы Н.Мусніцкага «Палтава». Аўтар кн. «Філасофскія разважанні» (т. 1—3, Вена, 1843—44), у якой у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў прыклады з гісторыі ВКЛ і Польшчы. Шматлікая яго рукапісная спадчына даследавана мала.
т. 3, с. 367