РАСХО́Д ВАДЫ́,
аб’ём вады, які працякае праз папярочнае сячэнне патоку за адзінку часу. Выражаецца ў кубічных метрах за секунду (м³/с), для малых вадацёкаў у літрах за секунду (л/с). Рэгулярнае вымярэнне Р.в. праводзіцца на гідралагічных пастах. Вымяраецца гідраметрычнымі вяртушкамі, радзей паплаўкамі, на малых вадацёках — з дапамогай вадазліваў, на гідратэхн. збудаваннях — расхадамерамі. На аснове сістэматычных вымярэнняў Р.в. вылічаюць іх сярэднясутачныя, сярэднямесячныя, сярэднешматгадовыя, а таксама макс. і мінім. велічыні і характарыстыкі сцёку. Для падліку сцёку вады паводле даных штосутачных вымярэнняў выкарыстоўваецца крывая расходу вады — графік, які паказвае сувязь паміж расходамі і ўзроўнямі вады ў дадзеным сячэнні патоку.
т. 13, с. 368
РАСЦІСЛА́Ў (? — пасля 1232),
пінскі князь. Магчыма, сын тураўскага кн. Святаполка Юр’евіча або пінскага кн. Уладзіміра. Верагодна, у 1207 удзельнічаў у паходзе на Кіеў чарнігаўскага кн. Усевалада Святаславіча. Дапамог Яраславу Інгваравічу захапіць Луцк, за што каля 1227 атрымаў г. Чартарыйск на Валыні. У 1228 галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч захапіў Чартарыйск і паланіў дзяцей Р., які ў адказ стаў ініцыятарам стварэння варожай Данілу кааліцыі. Разам з кіеўскім кн. Уладзімірам Рурыкавічам, чарнігаўскім кн. Міхаілам Усеваладавічам, тураўцамі і інш. ўдзельнічаў у паходзе на Данілу, які быў абложаны ў Камянцы. Верагодна, сынамі Р. былі пінскія князі Уладзімір і Міхаіл.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 368
РАСЦІСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — паміж 1161 і 1167),
князь мінскі і полацкі. Сын мінскага кн. Глеба Усяславіча. У 1151 абраны вечам на полацкі пасад пасля выгнання з Полацка Рагвалода Барысавіча. У 1158 супраць Р.Г. ўзняўся мяцеж, але князь вял. падарункамі ўлагодзіў палачан. Разам з братамі Усеваладам і Валадаром ён рушыў на Рагвалода Барысавіча, што ўмацаваўся ў Друцку, але заключыў з ім мір і дадаў яму «воласці». У час новага паўстання ў Полацку ў 1158 Р.Г. уцёк у Мінск да брата Валадара. Хутка быў абложаны ў горадзе Рагвалодам, але паразумеўся з ім. У 1161 Р.Г. названы князем мінскім, зноў быў абложаны Рагвалодам у Мінску і зноў заключыў з ім мір.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 368
РАСЦІСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; паміж 1100 і 1110—14.3.1167),
князь смаленскі [1125—59], вял. князь кіеўскі [1154, 1159—67]; заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў. Сын. вял. кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1125 атрымаў ад бацькі ва ўдзел Смаленск, што дало пачатак існаванню Смаленскага княства, якое ў гады княжання Р.М. дасягнула свайго росквіту і ахапіла тэр. Верхняга Падняпроўя (з г. Орша, Копысь, Лучын, Мсціслаў, валасцямі Басея, Мірачыцы, Вітрына, Прупой, Крэчут і інш. на тэр. сучаснай Беларусі) і Верхняга Паволжа. У выніку паходаў 1127 і 1142 Р.М. значна пашырыў свае ўладанні за кошт радзімічаў. Ім пабудаваны г. Мсціслаў, Рослаў і Ізяслаў, названыя ў гонар бацькі, сябе і брата. Удзельнічаў у паходах на Полацкую зямлю ў 1127 і Тураўскую зямлю ў 1146. У 1158 дапамог полацкаму кн. Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі прастол і падтрымліваў яго пазней. У 1162 прызнаў самастойнасць Тураўскага княства. Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень памяці Р.М. 14(27) сакавіка.
А.А.Мяцельскі.
т. 13, с. 368
РАСЦІСЛА́Ў УСЯСЛА́ВІЧ,
князь у Полацкай зямлі ў 12 ст. Адзін з малодшых сыноў Усяслава Брачыславіча. У 1129 разам з інш. полацкімі князямі высланы вял. кіеўскім кн. Мсціславам Уладзіміравічам у Візантыю.
т. 13, с. 368
РАСЦЭ́НКА,
нарматыўны ўзровень аплаты працы за асобныя аперацыі тэхнал. працэсу вырабу прадукцыі. Выкарыстоўваецца пераважна пры здзельнай аплаце працы. Велічыня Р. залежыць ад нормы выпрацоўкі (нормы часу) на пэўную адзінку працы і тарыфнай стаўкі работніка.
т. 13, с. 368
РАСЦЯЖЭ́ННЕ, дысторсія (ад лац. distorsio скрыўленне, выварочванне) у медыцыне,
пашкоджанне мяккіх тканак (мышцаў, звязак, сухажылляў, нерваў) пад уплывам сілы, якая расцягвае іх, але не парушае анат. цэласнасці тканкі. Узнікае пры рухах з празмернай амплітудай (напр., у спартсменаў пры кіданні снарада). Часцей бывае Р. звязак галёнкаступнёвага і каленнага суставаў; у цяжкіх выпадках ацёк, кровазліццё і балючасць. Пры Р. рухі ў суставе абмежаваныя.
т. 13, с. 368
РАСЦЯЖЭ́ННЕ-СЦІСКА́ННЕ,
від дэфармацыі стрыжня (бруса і інш.) або яго часткі пад уздзеяннем падоўжных расцягвальных ці сціскальных сіл. Характарызуецца зменай даўжыні стрыжня (яго часткі). Улічваецца пры вызначэнні найважнейшых мех. характарыстык матэрыялаў: модуляў пругкасці, межаў трываласці, пругкасці, цякучасці і інш.
Істотнае значэнне мае дыяграма дэфармавання. Для пластычных матэрыялаў яна характарызуецца прамой лініяй у пачатковай (пругкай) стадыі расцяжэння (дзе сапраўдны Гука закон), участкам цякучасці і зніжэннем расцягвальнага намагання ў месцы ўтварэння шыйкі (звужэння) узору (гл. Паўзучасць матэрыялаў). Дыяграма расцяжэння крохкіх матэрыялаў (напр., чыгуну) характарызуецца малой дэфармацыяй, што папярэднічае разрыву.
І.І.Леановіч.
т. 13, с. 369
РАСШЧАПЛЕ́ННЕ ў генетыцы,
паяўленне ў патомстве гібрыдаў асобін (клетак) рознага генатыпу (Р. па генатыпе) ці генатыпічна абумоўленае адрозненне патомкаў па праяўленні адзнакі (Р. па фенатыпе). Аснова — траплянне розных алеляў генаў храмасом і храматыд у даччыныя клеткі пры дзяленні мацярынскай. Утварэнне розных палавых клетак у меёзе наз. меятычным, ці гаметычным Р., а клетак рознага генатыпу ў мітозе — мітатычным або саматычным Р. (у шматклетачных арганізмаў прыводзіць да мазаіцызму). Пры нармальных паводзінах храмасом патомкі рознага генатыпу (і фенатыпу) паяўляюцца з вызначанай частатой, таму Р. характарызуюць колькасна. Выяўленне Р. — важны інструмент генет. аналізу, які сведчыць пра гетэразіготнасць зыходных арганізмаў (клетак). Выкарыстоўваецца для атрымання зыходных форм у селекцыі арганізмаў.
Р.Г.Заяц.
т. 13, с. 369
РАСШЫРЭ́ННЕ СУСВЕ́ТУ,
павелічэнне ў часе адлегласцей паміж аб’ектамі Сусвету. Вынікае з нестацыянарнай мадэлі Сусвету, тэарэтычна распрацаванай Фрыдманам на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Р.С. пацвярджаецца данымі пазагалактычных астр. назіранняў (чырвонае зрушэнне, рэліктавае выпрамяненне). Лічыцца, што Р.С. пачалося пасля Вялікага Выбуху (гл. Сінгулярнасць касмалагічная).
З вымярэнняў чырв. зрушэння можна вызначыць скорасці галактык v, з якімі яны аддаляюцца ад назіральніка. Паводле закону Хабла v = H∙r, дзе r — адлегласць ад назіральніка, H — пастаянная Хабла (характарызуе Р.С.). Паводле сучасных ацэнак яна дае павелічэнне скорасці разбягання галактык прыблізна на 90 км/с на 1 Мпк адлегласці. Велічыня, адваротная пастаяннай Хабла, прыблізна роўная ўзросту Сусвету. Гл. таксама Касмалогія.
А.А.Шымбалёў.
т. 13, с. 369