Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЙ-ФАЙ [ад англ. hi(gh)-fi(delity) які дакладна ўзнаўляе],

відэа- і акустычная апаратура, а таксама носьбіты інфармацыі для высокадакладнага відэа- і гукаўзнаўлення.

т. 16, с. 523

ХАЙ-ЭНД,

прафесійная апаратура (у адрозненне ад бытавой) відэа- і гукаўзнаўлення; таксама найвышэйшы ўзровень тэхн. рашэнняў, найноўшых матэрыялаў і тэхнал. працэсаў для дасягнення найбольшай магчымай якасці. Далейшы этап развіцця хай-фай тэхнікі.

т. 16, с. 523

ХАКАДА́ТЭ,

горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хакайда. 306 тыс. ж. (1992). Найбуйн. порт вострава ў праліве Цугару, злучаны паромам і падводным тунэлем з г. Аомары (в-аў Хонсю). Прам-сць: судна- і станкабудаванне, нафтаперапр., хім., цэм., рыбакансервавая, дрэваапрацоўчая. Цэнтр рыбалоўства. Ун-т.

т. 16, с. 523

ХАКА́ЙДА,

востраў на Пн Японіі, другі па велічыні пасля в-ва Хонсю. Абмываецца Ціхім ак. і яго морамі — Японскім і Ахоцкім. Пл. 77,7 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 78,5 тыс. км²). Рэльеф пераважна горны, выш. да 2290 м (г. Асахі). Дзеючыя вулканы (Усу і інш.). Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, серы. Клімат умераны акіянічны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C да -11 °C, ліп. 17—21 °C. Ападкаў 800—1500 мм за год. Гал. рэкі — Ісікары, Тэсіо, Токаты — багатыя гідраэнергіяй, сплаўныя. Азёры: Сарома (лагуннае), Куцяра, Сікоцу, Тоя (кратэрныя) і інш. Каля 60% тэр. (пераважна ў гарах) укрыта лясамі (хвойныя на Пн, мяшаныя і шыракалістыя на Пд). Раўніны пад с.-г. ўгоддзямі (рыс і інш. збожжавыя). Рыбалоўства. Нац. паркі — Сікоцу Тоя, Дайсецудзан, Акан, Сірэтока. Гал. гарады — Сапара, Хакадатэ. Востраў Х. — асобны эканам. раён Японіі аграрна-індустр. характару, гал. пастаўшчык лесу і лесапрамысл. прадукцыі.

т. 16, с. 523

ХАКА́СІЯ, Рэспубліка Хакасія. Размешчана на Пд Усх. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. Пл. 61,9 тыс. км². Нас. 578 тыс. чал. (2001), гарадскога 71%. Сярэдняя шчыльн. 9,3 чал. на 1 км². Жывуць хакасы (11,1%), рускія (79,5%), украінцы (2,3%), немцы (2%), татары (0,8%), беларусы (0,7%) і інш. Сталіца — г. Абакан. Гал. гарады: Чарнагорск, Саянагорск, Абаза, Сорск.

Прырода. Зах. ч. займаюць усх. схілы Кузнецкага Алатау (выш. да 2178 м, г. Верхні Зуб) і Абаканскі хр. (выш. да 1984 м); на Пд і ПдУ паўн. адгор’і Зах. Саяна (выш. да 2930 м, г. Карагош). На У Мінусінская і Чулыма-Енісейская катлавіны. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. і медна-малібдэнавыя руды, золата, гіпс, мармур. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 да -21 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў ад 300 мм у катлавінах да 700 мм у гарах. Гал. рэкі — Енісей (з прытокам Абакан), Том, Белы і Чорны Іюс (бас. р. Об). Шматлікія азёры з прэснай (Чорнае, Фыркал, Іткуль) і салёнай (Беле, Шыра) вадой. Глебы чарназёмныя, у гарах дзярнова-падзолістыя, горна-таежныя і горна-тундравыя. Стэпавая расліннасць катлавін зменьваецца ў гарах хвойнымі (лістоўніца, кедр, хвоя, піхта) лясамі, горнымі тундрамі, альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Пад лесам 40% тэр. З жывёл у стэпах пашыраны крот, гарнастай, каланок, у гарах — вавёрка, заяц-бяляк, ліс, воўк, мядзведзь; з птушак — рабчык, глушэц. Запаведнікі Малы Абакан, Чазы, ч. Алтайскага.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, каляровая металургія (53,7% кошту прамысл. прадукцыі) і паліўна-энергет. комплекс (19,5%). Здабыча каменнага вугалю 5,4 млн. т (Мінусінскі вугальны басейн), жал. руды 1,8 млн. т (Абаканскі руднік), медна-малібдэнавых руд (Сорскае радовішча), золата (раён Кап’ёва, Шыры), мармуру. Асн. прадпрыемствы каляровай металургіі: Саянскі алюмініевы з-д, Сорскі малібдэнавы камбінат, Туімскі з-д па апрацоўцы каляровых металаў (латунны пракат). Вытв-сць электраэнергіі 25.7 млрд. кВт∙гадз (2000), пераважна на ГЭС (Саяна-Шушанская і Майнская на р. Енісей). Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць вагонаў, кантэйнераў, помпаў) у Абакане. У вярхоўях рэк Чулым і Абакан лясная прам-сць, дрэваапр. ў г. Абаза, г.п. Усць-Абакан і Бельтырскі. Лёгкая (трыкат., тэкст., абутковая), харч. (мясная, малочная, масласыраробная) прам-сць; гідролізны з-д у г.п. Усць-Абакан. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасяўныя пл. займаюць 280,9 тыс. га (2000). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пераважна пшаніцу). бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Збор (тыс. т., 2000) збожжа — 110, бульбы — 183, агародніны — 95. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Гадуюць (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлу (130), свіней (46). Зверагадоўля, пчалярства. Асн. віды транспарту: -чыг. (Ачынск—Абакан з адгалінаваннем на Чарнагорск, Тайшэт—Абакан—Новакузнецк—Магнітагорск з адгалінаваннем на Абазу і Саянагорск). рачны (па р. Енісей) і аўтамаб. (Усінскі і Абазінскі тракты). Даўж. чыгункі 642 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2485 км. Аэрапорты ў Абакане і Саянагорску. Бальнеагразевы курорт Шыра.

Гісторыя. Чалавек засяліў тэр. Х. ў палеаліце У 3-м тыс. да н.э. тут склаўся найстараж. ў Паўн. Азіі цэнтр земляробства. Этнагенез хакаскай народнасці адбываўся з канца 3 — сярэдзіны 1 ст. да н.э. ў выніку змяшэння прышлых з Манголіі цюркамоўных ганьгуняў (кыргызаў) з мясц. еўрапеоіднымі плямёнамі дзінлінаў. У 6—13 ст. н.э. існавала поліэтн. земляробча-жывёлагадоўчая дзяржава прыенісейскіх плямён (саманазва «хакас») на чале з арыстакратычным родам Кыргыз, якая ў л-ры атрымала назву дзяржавы стараж. хакасаў або кыргызаў. Ў канцы 13 ст. яна заваявана і спустошана манголамі, якія знішчылі большасць насельніцтва. Пасля вызвалення ад манг. улады ў 15—17 ст. у Хакаска-Мінусінскай катлавіне існавала федэрацыя княстваў на чале з князямі з роду Кыргыз. У 17 ст. ў Х. праніклі рус. казакі-землепраходцы, у 1675 яны заснавалі Абаканскі астрог (у 1706 нанава ўмацаваны, з 1780-х г. — с. Усць-Абаканскае), каля сцен якога ў 1707 хакаскія князі прысягнулі на вернасць рас. цару. З 18 ст. адбывалася каланізацыя і гасп. асваенне рус. людзьмі Хакаска-Мінусінскай катлавіны. У 1739—40 пры металургічным з-дзе ўзнікла в. Мінусінская (з 1822 г. Мінусінск). З 1822 Х. (Ачынская і Мінусінская акругі, пазней паветы) у складзе Енісейскай губ. Паводле «Статута аб кіраўніцтве іншародцаў» (1822) хакасы аднесены да «качавых іншародцаў», у 2-й пал. 19 ст. хрысціянізаваны, хаця і захавалі традыц. вераванні. З іх прадстаўнікоў створаны органы самакіравання — Кызылская, Качынская і Сагайская сцяпныя думы, якія дзейнічалі пад кантролем царскай адміністрацыі. Калан. палітыка царызму (у т. л. перадача многіх зямель рус. пасяленцам) прыводзіла хакасаў да хранічнай галечы і вымірання. Сав. ўлада ў Х. ўстаноўлена ў ліст. 1917 (канчаткова ў канцы 1919). У маі 1921 у Мінусінску адбылася 1-я нац. канферэнцыя хакасаў. 14.11.1923 Прэзідыум ВЦВК пастанавіў стварыць Хакаскі нац. павет з цэнтрам у Усць-Абаканскім; у 1925 павет пераўтвораны ў акругу з тым жа цэнтрам, перайменаваным у Хакаск; 20.10.1930 акруга пераўтворана ў Хакаску» аўт. вобласць (112 тыс. жыхароў, з іх 53% хакасаў, у 1931 Хакаск перайменаваны ў г. Абакан) у складзе Зах.-Сібірскага, з 1934 Краснаярскага краю. За гады сав. улады створаны сучасныя галіны прам-сці і калект. сельская гаспадарка, з’явіліся пісьменнасць (1926) і школьная адукацыя, перыяд. друк, л-ра, кнігавыдавецтва, тэатр, радыё і тэлебачанне на хакаскай мове. У ліп. 1991 Хакаская аўт. вобл. пераўтворана ў Хакаскую ССР, у лют. 1992 — у Рэспубліку Хакасія ў складзе Рас. Федэрацыі. У 1999 уведзена пасада прэзідэнта (з 1999 А.​І.​Лебедзь).

Літ.:

История Хакасии с древнейших времен до 1917 г. М., 1993: Хакасия в XX в.: хозяйственное и социал. развитие. Абакан, 1995.

І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

т. 16, с. 524

ХАКА́СЫ (саманазва хакас),

народ, асн. насельніцтва Хакасіі (64,2 тыс. чал.; 2001). Жывуць таксама ў Тыве і Краснаярскім краі. Усяго ў Расіі 79 тыс. чал. (1989). Гавораць на хакаскай мове цюркскай моўнай групы. Вернікі — праваслаўныя, захоўваюць таксама традыц. вераванні.

т. 16, с. 524

ХАКЕ́Й З МЯЧО́М на лёдзе, бендзі,

спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. Час гульні — 2 таймы па 45 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць спец. клюшкамі (даўж. да 120 см) у вароты сапернікаў найб. колькасць мячоў (дыям. 6 см, маса да 62 г). Памеры поля 90—105×50—70 м, варот — 3,5×2,1 м.

Блізкі да сучаснага Х. з м. хакей-бендзі ўзнік у Вялікабрытаніі ў сярэдзіне 19 ст., з канца 19 ст. пашырыўся ў Швецыі. Фінляндыі, Нарвегіі, Расіі (у 1914 засн. Усерас. хакейны саюз), Нідэрландах, Швейцарыі. Да сярэдзіны 1950-х г. існавалі 2 разнавіднасці Х. з м.: рускі і еўрап. (бендзі), якія мелі шмат агульнага, але розныя памеры варот, мяча, клюшкі. У 1955 створана Міжнар. федэрацыя Х. з м., зацверджаны адзіныя міжнар. правілы. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1957.

На Беларусі культывуецца з 1922, пашырыўся з сярэдзіны 1950-х г., калі рэгулярна пачалі праводзіць пяршынствы і розыгрышы кубкаў гарадоў, абласцей і рэспублікі. Федэрацыя хакея створана ў 2002. У міжнар. спаборніцтвах бел. хакеісты ўдзельнічаюць з 2001 (чэмпіянат свету, г. Оўлу, Фінляндыя). Зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца ў 1-м розыгрышы Кубка Аляксандра Неўскага (2003, С.-Пецярбург). На Беларусі 3 клубныя каманды (2003).

В.​М.​Пляц, А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 524

ХАКЕ́Й З ША́ЙБАЙ на лёдзе,

спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды, у кожнай да 22 гульцоў, у т. л. 2 варатары. Непасрэдна на пляцоўцы гуляюць не больш як 6 і не менш як 4 гульцы; у любы час яны могуць быць заменены запаснымі. Час гульні — 3 перыяды па 20 мін. Задача каманд — у адведзены час закінуць спец. клюшкамі як мага больш шайб у вароты сапернікаў. Дазваляюцца сілавыя прыёмы. Пляцоўка для гульні (61×30 м) па перыметры абнесена бартамі выш. 1—1,22 м ад паверхні лёду; памеры варот — 1,83×1,22 м. Інвентар: клюшка даўж. да 134,5 см з круком да 37,5 см і шайба — плоскі дыск з цвёрдай гумы таўшчынёй 25,4 мм, дыям. 76,2 мм.

Узнік у Канадзе ў 1860-я г. як варыянт хакея-бендзі. Правілы гульні распрацаваны ў 1879. апублікаваны ў 1886. З 1892 разыгрываецца Кубак Стэнлі (рэгулярныя спаборніцтвы прафес. каманд Паўн. Амерыкі). Міжнар. хакейная федэрацыя (ліга) засн. ў 1908. У 1914 створана Вышэйшая канада-амер. (нац.) хакейная ліга (НХЛ). яе чэмпіянаты разыгрываюцца з 1925. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца штогод з 1910, свету — з 1920 (раз у 4 гады; з 1930 — штогод). У праграме Алімп. гульняў з 1920. Чэмпіянаты СССР праводзіліся з 1946/47. У 1973 засн. Сусв. хакейная асацыяцыя.

На Беларусі Х. з ш. развіваецца з 1947; з 1948 бел. хакеісты ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР. Нац. чэмпіянаты Беларусі разыгрываюцца з 1993. Найб. вядомыя спецыялісты ў галіне Х. з ш.: засл. трэнеры Беларусі П.​Ф.​Баранаў, А.​М.​Варывончык, А.​В.​Грышын. Л Я.​Кантаровіч, У.​В.​Крыкуноў, А.​В.​Мураўёў, В.​І.​Стаін і інш. Зборная Беларусі — чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1986). Юнацкая зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў групах «C» (1993) і «B» (1994), чэмпіён свету ў групе «B» (1999, 2001). Маладзёжная зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1997) і «B» (1998, 2000). Нац. зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1995) і «B» (1997, 2002), заняла 4-е месца на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002, г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША).

І.​М.​Мартыноўскі.

т. 16, с. 524

ХАКЕ́Й НА ТРАВЕ́,

спартыўная камандная гульня на травяным газоне з мячом і клюшкай. Гуляюць 2 каманды (па 11 гульцоў) 2 таймы па 35 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць найб. колькасць мячоў у вароты саперніка. Памеры поля 81—91×50—55 м, варот — 3,66×2,14 м. Інвентар: клюшка даўж. 1 м з даўж. крука да 20 см, мяч дыям. да 7,4 см, масай да 163 г.

Падобныя гульні існавалі з 2-га тыс. да н.э. ў стараж. Егіпце, Персіі, Грэцыі. Японіі, на амер. кантыненце. Першы хакейны клуб з’явіўся ў Вялікабрытаніі ў 1861. Правілы гульні сфармуляваны ў 1907. Міжнар. федэрацыя засн. ў 1924. аб’ядноўвае 117 краін, еўрап. федэрацыя — 40 краін (2002). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны) і 1980 (жанчыны). Чэмпіянаты свету сярод мужчынскіх каманд праводзяцца з 1971 раз у 2 гады. сярод жаночых — з 1976; чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (раз у 4 гады) з 1970. Кубак чэмпіёнаў еўрап. краін разыгрываецца штогод з 1969. Найб. пашыраны ў Аўстраліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Новай Зеландыі, Нідэрландах, Пакістане, краінах Афрыкі і інш.

На Беларусі культывуецца з 1970-х г. Бел. федэрацыя ўваходзіць у Міжнар. федэрацыю з 1992. Мужчынская зборная каманда Беларусі ўдзельнічала ў фінале чэмпіянату свету (1994, г. Сідней, Аўстралія) і Еўропы (1995, Дублін), сярэбраны прызёр Міжкантынент. кубка (1997, Куала-Лумпур, Малайзія). У 2000 каманда ўдзельнічала ў адборачным турніры Алімп. гульняў (г. Осака, Японія). Жан. маладзёжная зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца на чэмпіянаце Еўропы (1997, г. Чэске-Будзеёвіцы, Чэхія); у 1999 пераможца чэмпіянату Еўропы. Жан. нац. каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (2002).

А.​Л.​Якіменка, А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 525

ХА́КІ-КЭ́МПБЕЛ,

парода качак мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Вялікабрытаніі птушкаводам Кэмпбелам (Campbell) скрыжаваннем мясц. качак з руанскімі і інд. бегунамі. Выкарыстоўвалі для вывядзення люстраных качак.

Маса качараў 2,5—3, качак 2—2,5 кг. Апярэнне качараў шыза-карычневае (галава чорная), качак — карычнева-шэрае. Тулава падоўжанае, крыху прыўзнятае. Крылы добра развітыя, ногі невысокія. карычневыя. Яйцаноскасць 180—220 яец за год.

Хакі-кэмпбел.

т. 16, с. 525