ХАКА́СІЯ, Рэспубліка Хакасія. Размешчана на ПдУсх. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. Пл. 61,9 тыс.км². Нас. 578 тыс.чал. (2001), гарадскога 71%. Сярэдняя шчыльн. 9,3 чал. на 1 км². Жывуць хакасы (11,1%), рускія (79,5%), украінцы (2,3%), немцы (2%), татары (0,8%), беларусы (0,7%) і інш. Сталіца — г.Абакан. Гал. гарады: Чарнагорск, Саянагорск, Абаза, Сорск.
Прырода. Зах.ч. займаюць усх. схілы Кузнецкага Алатау (выш. да 2178 м, г. Верхні Зуб) і Абаканскі хр. (выш. да 1984 м); на Пд і ПдУпаўн. адгор’і Зах. Саяна (выш. да 2930 м, г. Карагош). На У Мінусінская і Чулыма-Енісейская катлавіны. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. і медна-малібдэнавыя руды, золата, гіпс, мармур. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -15 да -21 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў ад 300 мм у катлавінах да 700 мм у гарах. Гал. рэкі — Енісей (з прытокам Абакан), Том, Белы і Чорны Іюс (бас.р. Об). Шматлікія азёры з прэснай (Чорнае, Фыркал, Іткуль) і салёнай (Беле, Шыра) вадой. Глебы чарназёмныя, у гарах дзярнова-падзолістыя, горна-таежныя і горна-тундравыя. Стэпавая расліннасць катлавін зменьваецца ў гарах хвойнымі (лістоўніца, кедр, хвоя, піхта) лясамі, горнымі тундрамі, альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Пад лесам 40% тэр. З жывёл у стэпах пашыраны крот, гарнастай, каланок, у гарах — вавёрка, заяц-бяляк, ліс, воўк, мядзведзь; з птушак — рабчык, глушэц. Запаведнікі Малы Абакан, Чазы, ч. Алтайскага.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, каляровая металургія (53,7% кошту прамысл. прадукцыі) і паліўна-энергет. комплекс (19,5%). Здабыча каменнага вугалю 5,4 млн.т (Мінусінскі вугальны басейн), жал. руды 1,8 млн.т (Абаканскі руднік), медна-малібдэнавых руд (Сорскае радовішча), золата (раён Кап’ёва, Шыры), мармуру. Асн. прадпрыемствы каляровай металургіі: Саянскі алюмініевы з-д, Сорскі малібдэнавы камбінат, Туімскі з-д па апрацоўцы каляровых металаў (латунны пракат). Вытв-сць электраэнергіі 25.7 млрд.кВт∙гадз (2000), пераважна на ГЭС (Саяна-Шушанская і Майнская на р. Енісей). Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць вагонаў, кантэйнераў, помпаў) у Абакане. У вярхоўях рэк Чулым і Абакан лясная прам-сць, дрэваапр. ў г. Абаза, г.п. Усць-Абакан і Бельтырскі. Лёгкая (трыкат., тэкст., абутковая), харч. (мясная, малочная, масласыраробная) прам-сць; гідролізны з-д у г.п. Усць-Абакан. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пасяўныя пл. займаюць 280,9 тыс.га (2000). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пераважна пшаніцу). бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Збор (тыс.т., 2000) збожжа — 110, бульбы — 183, агародніны — 95. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Гадуюць (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлу (130), свіней (46). Зверагадоўля, пчалярства. Асн. віды транспарту: -чыг. (Ачынск—Абакан з адгалінаваннем на Чарнагорск, Тайшэт—Абакан—Новакузнецк—Магнітагорск з адгалінаваннем на Абазу і Саянагорск). рачны (па р. Енісей) і аўтамаб. (Усінскі і Абазінскі тракты). Даўж. чыгункі 642 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2485 км. Аэрапорты ў Абакане і Саянагорску. Бальнеагразевы курорт Шыра.
Гісторыя. Чалавек засяліў тэр. Х. ў палеаліце У 3-м тыс. да н.э. тут склаўся найстараж. ў Паўн. Азіі цэнтр земляробства. Этнагенез хакаскай народнасці адбываўся з канца 3 — сярэдзіны 1 ст. да н.э. ў выніку змяшэння прышлых з Манголіі цюркамоўных ганьгуняў (кыргызаў) з мясц. еўрапеоіднымі плямёнамі дзінлінаў. У 6—13 ст.н.э. існавала поліэтн. земляробча-жывёлагадоўчая дзяржава прыенісейскіх плямён (саманазва «хакас») на чале з арыстакратычным родам Кыргыз, якая ў л-ры атрымала назву дзяржавы стараж. хакасаў або кыргызаў. Ў канцы 13 ст. яна заваявана і спустошана манголамі, якія знішчылі большасць насельніцтва. Пасля вызвалення ад манг. улады ў 15—17 ст. у Хакаска-Мінусінскай катлавіне існавала федэрацыя княстваў на чале з князямі з роду Кыргыз. У 17 ст. ў Х. праніклі рус. казакі-землепраходцы, у 1675 яны заснавалі Абаканскі астрог (у 1706 нанава ўмацаваны, з 1780-х г. — с. Усць-Абаканскае), каля сцен якога ў 1707 хакаскія князі прысягнулі на вернасць рас. цару. З 18 ст. адбывалася каланізацыя і гасп. асваенне рус. людзьмі Хакаска-Мінусінскай катлавіны. У 1739—40 пры металургічным з-дзе ўзнікла в. Мінусінская (з 1822 г. Мінусінск). З 1822 Х. (Ачынская і Мінусінская акругі, пазней паветы) у складзе Енісейскай губ. Паводле «Статута аб кіраўніцтве іншародцаў» (1822) хакасы аднесены да «качавых іншародцаў», у 2-й пал. 19 ст. хрысціянізаваны, хаця і захавалі традыц. вераванні. З іх прадстаўнікоў створаны органы самакіравання — Кызылская, Качынская і Сагайская сцяпныя думы, якія дзейнічалі пад кантролем царскай адміністрацыі. Калан. палітыка царызму (у т. л. перадача многіх зямель рус. пасяленцам) прыводзіла хакасаў да хранічнай галечы і вымірання. Сав. ўлада ў Х. ўстаноўлена ў ліст. 1917 (канчаткова ў канцы 1919). У маі 1921 у Мінусінску адбылася 1-я нац. канферэнцыя хакасаў. 14.11.1923 Прэзідыум ВЦВК пастанавіў стварыць Хакаскі нац. павет з цэнтрам у Усць-Абаканскім; у 1925 павет пераўтвораны ў акругу з тым жа цэнтрам, перайменаваным у Хакаск; 20.10.1930 акруга пераўтворана ў Хакаску» аўт. вобласць (112 тыс. жыхароў, з іх 53% хакасаў, у 1931 Хакаск перайменаваны ў г. Абакан) у складзе Зах.-Сібірскага, з 1934 Краснаярскага краю. За гады сав. улады створаны сучасныя галіны прам-сці і калект. сельская гаспадарка, з’явіліся пісьменнасць (1926) і школьная адукацыя, перыяд. друк, л-ра, кнігавыдавецтва, тэатр, радыё і тэлебачанне на хакаскай мове. У ліп. 1991 Хакаская аўт.вобл. пераўтворана ў Хакаскую ССР, у лют. 1992 — у Рэспубліку Хакасія ў складзе Рас. Федэрацыі. У 1999 уведзена пасада прэзідэнта (з 1999 А.І.Лебедзь).
Літ.:
История Хакасии с древнейших времен до 1917 г.М., 1993: Хакасия в XX в.: хозяйственное и социал. развитие. Абакан, 1995.