Тыра́ж ‘розыгрыш выйгрышаў’, ‘наклад друкаванага выдання’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. тира́ж, запазычанага з франц. tirage ‘тыраж’, з першаснага значэння ‘выцягванне жэрабя’, якое ад tirer ‘цягнуць’, што выводзяць з народнай націны (Фасмер, 4, 60; ЕСУМ, 5, 571; Арол, 4, 73).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́зіс ‘палажэнне’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘навуковы вывад’ (Ласт.). З лацінскага навуковага тэрміна thesis ‘тс’, які, у сваю чаргу, са ст.-грэч. θωσις; шлях пранікнення позні, хутчэй за ўсё, праз рус. тезис, параўн. Арол, 4, 54; ЕСУМ, 5, 535. Гл. тэза.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэмперату́ра ‘цеплавая характарыстыка’ (ТСБМ), ‘гарачка, павышаная тэмпература’ (смарг., Сл. ПЗБ), тэмпэрату́ра ‘тс’ (Некр. і Байк., Ласт.). З рус. температу́ра ‘тс’ ці польск. temperatura ‘тс’, што, у сваю чаргу, з лац. temperatura ‘стан’. Сюды ж тэмперату́рыць ‘мець павышаную тэмпературу’ (віл., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясёлка1 ’радуга’ (БРС, КТС, Янк. II, Касп., Гарэц., Сцяшк. МГ, Грыг., Мядзв., пух., З нар. сл.), wiesióu̯ka, wiesiúu̯ka (Маш.), укр. весе́лка, а таксама весели́ця, весели́чка, веселі́вка, весі́вка, рус. пск., смал., валаг. весёлка ’тс’. Да вясёлы (гл.). Усх.-слав. арэал пашырэння лексемы можна звязаць з літ. linskmỹnė ’вясёлка’ ⟷ liñksmas ’вясёлы’ (Непакупны, Связи, 64–65) і вепск. ilʼoi‑kalʼoi ’вясёлка’ ⟷ іло ’весялосць, смех’; падобная ж матывацыя ў бел., рус. радуга < radǫgaradъ ’рады’ (Фасмер, 3, 431). Параўн. таксама весялу́ха2 (гл.). Сюды ж вясёлкавы. Афанасьеў (Представл., 3) атаясамлівае висялуха з висеть ’якая вісіць у паветры’.

Вясёлка2 ’таемнік, Lathraea squamaria L.’ (мін., Кіс.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) і суф. ‑к‑a. Названа расліна паводле шматколернасці (бледна-ружова-чырвоная) суквецця. Параўн. тое ж у рус. весёлые глазки ’браткі, Viola tricolor L.’.

Вясёлка3 ’смаржок, Gyromitra esculenta’ (Інстр. II), гом. вясё́лкі ’смаржкі’ (Працы, 6), узд. ’порхаўка, Phallus impudicus’, укр. весе́лка воню́ча ’тс’, весе́лка чо́ртова ’Phallus caninus Huds.’ Да вясна > *вясеннік < вясенні грыб. Паводле народнай этымалогіі, ад вясёлы ў сувязі з незвычайнасцю формы (выгляду) грыба. Гл. таксама весялуха5, вяселік2.

Вясёлка4 ’бародаўчатая бяроза, Betula verrucosa Ehrh.’ (лёзы., КЭС); ’звычайная дробналістая бяроза’ (паўн.-віц., Нар. лекс.), рус. смал., пск. весёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, смал. весёлочка ’тс’. Пад уплывам народнай этымалогіі — да вясёлы. Больш імаверна да вясна (гл.). Параўн. таксама ўкр. назву вясенняга месяца сакавіка бе́резень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́йна1 ’апускай уніз! (у мове грузчыкаў, будаўнікоў)’ (ТСБМ), рус. чарнаморск. ма́йна ’паднімай ветразі!’, лат. maina ’апускай!’ (у мове грузчыкаў), тур. mayna ’апускай ветразі!’ < італ. (am)mainare ’тс’. Недастатковасць матэрыялу не дазваляе вызначыць шлях запазычання ў бел. мову.

Ма́йна2 ’палонка, шырокая расколіна ў лёдзе’ (ТСБМ), лельч. майна́ ’луг, затоплены вадой’ (Мат. Гом.). Рус. арханг., алан., вяцк., ленінгр. ма́йна ’палонка’. Паводле Кілімы (160) — уграфінізм, параўн. фін. mainas, водск. maina ’вялікая палонка’. Параўн. таксама рус. майда ’тс’ (Фасмер, 2, 559).

Ма́йна3 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.)’ (маг., Кіс.) — з манна, у выніку распадабнення нн > йн; укр. манна ’тс’, рус. манник ’тс’. Да ма́нна (гл.). Матывацыя: гэта расліна для славян была вельмі важнай — у перыяд нястачы яны збіралі яе насенне і ўжывалі ў ежу (Махэк, Jména, 280).

Майна́1 ’трызненне’, майна́чыць ’трызніць’, ’гаварыць абы-што, выдумляць’ (гродз., паст., Сл. ПЗБ), стаўбц. майна́чыць ’гаварыць абы-што, без толку’ (З нар. сл., Жыв. сл.), ’адмаўляцца ад абяцання, ашукваць’ (Сл. ПЗБ), ’хлусіць’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Беларускае. Дзеяслоў з’яўляецца паўкалькай (майна‑чыць, як дзіва‑чыць), першая частка якой — балтызм, параўн. літ. mainaĩ ’абмен, мена’, лат. maiņa ’тс’, ’перамена’, ’змена’, ’змяненне’. Ад літ. mainýti выводзяць: Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 177, 182) і Лаўчутэ (Сл. Балт., 69).

Майна́2 ’водарасці (у вадзе або высахлыя)’ (жытк., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, да ма́йна3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́ста1, ме́сто, мястэ́чка, месте́чко, місто ’цэнтр мястэчка з будынкамі гандлёвага і адміністрацыйнага прызначэння’, ’рыначная плошча’, ’частка горада за сцяной замка’ (ТСБМ, Грыг., Др.-Падб., Некр., Нас., Сл. Брэс., Яруш., Шн., Бяльк., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. (спачатку) торговое мѣстечко (XVI ст.), потым мѣсто пад уплывам існуючага польск. miasto ’тс’. Ужо ў XV ст. ужывалася мѣсто і място ’горад’ — апошняе з польск. miasto ’тс’, што з’яўляецца калькай з с.-в.-ням. stat ’месца, горад’ (Карскі, Труды, 312, 338; Фасмер, 2, 608; Анічэнка, SlOr, 18 (3), 327; Булыка, Лекс. запазыч., 34). Аналагічна ўкр. мі́сто ’тс’. Аднак ст.-рус. мѣсто, рус. место ’месца’, ’мясцовасць, край’, ’участак зямлі’, ’пасада’, н.-луж. město, чэш. místo, славац. miesto, славен. mẹ́sto, серб.-харв. ме̏сто, макед. место, балг. място, ст.-слав. мѣсто ’тс’, агульнаслав. město, роднаснымі да якога з’яўляюцца, нягледзячы на цяжкасці ў інтанацыйных адносінах: лат. mist ’пражываць’, літ. mìsti ’карміцца’, maĩstas ’харчаванне’, а таксама авест. miϑnaiti ’жыве’, maēϑana ’месца пражывання, жыллё, дом’ (Бартоламэ, 1105; Мацэнаўэр, LF, 11, 170; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 607–608; Махэк₂, 365). Сюды ж ме́сны, месный ’тутэйшы, мясцовы’ (драг., КЭС; Бяльк.).

Ме́ста2 ’паслед, плацэнта’ (слуц., Нар. словатв.; в-дзв., Шатал.; Сл. ПЗБ), беласт. ме́сца ’тс’ (Сл. ПЗБ). Са словазлучэння дзіцячае места < рус. детское место.

Ме́ста3 ’месца’ (Шат.). Магчыма, пад уплывам рус. место ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабура, бабурка ’макрыца, сараканожка’ (Нас., Інстр. II, Інстр. лекс.). Да ба́ба1? Тады маем справу з табуістычнай назвай. Непрыемныя жывёлы, насякомыя часта носяць назвы, утвораныя ад ба́ба (магчыма, у значэнні ’чарадзейка’). Параўн. укр. бабин пес, бабин вовк ’касматая гусеніца’. Але не выключаецца, што бабу́ра — вытворнае ад вядомай слав. асновы bab‑ (bǫb‑, bob‑; аб гэтым Попавіч, ЈФ, 19, 159–171; параўн. таксама Мяркулава, Очерки, 36–37), якая служыць для абазначэння круглых прадметаў. Дакладная адпаведнасць бел. слову — серб.-харв. ба̀бура ’макрыца’, але, напэўна, гэта незалежныя ўтварэнні. Параўн. таксама рус. назвы насякомых: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’матыль, страказа; дробныя насякомыя’ (другую этымалагічную версію, здаецца, падтрымлівае існаванне рус. бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ і г. д.).

Бабура, бабурка ’матыль’ (Інстр. лекс.). Параўн. і ба́бка ’матыль; страказа’. У рус. мове: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’страказа; матыль’. Паходжанне няяснае. Або да ба́ба ’жанчына, бабуля’ (суф. ‑ура, гл. ба́бка, ба́бачка ’матыль’, там аб матывацыі) або да слав. асновы *bab‑ (гл. бабу́р ’малады акунь’). Паколькі справа ідзе аб аснове, якая звычайна выказвае паняцце круглага, галавастага, можна меркаваць, што першапачаткова бабу́ра азначала страказу (вялікая галава, тонкае тулава), а потым была перанесена на іншых лятаючых насякомых (матыля).

Бабура, бабурка ’расліна’ (Інстр. лекс.) (якая?). Параўн. рус. бабу́р, бабу́ра ’від грыба’, бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ (да назвы і словаўтварэння гл. Мяркулава, Очерки, 180). Бясспрэчна, да вядомай асновы баб-, але семантычная матывацыя няясная; аб гэтым гл. Мяркулава, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лад ’згода, дружба’, ’узорны парадак’, ’спосаб, манера, узор’, ’уклад жыцця’, ’дзяржаўная ці грамадская сістэма’, ’настрой, гумор, тон’ (Нас., Бяльк., Яруш., Шат., КЭС, лаг.), ’звычай’ (Сл. паўн.-зах.), ’змовіны сватоў’ (Шат.), (бабскі) лад ’распараджэнне’ (Нас.), ла́дам ’прыгожа, у згодзе, у лад’ (Нас.), лады́ ’згода’ (Юрч. Вытв.), ’змовіны’ (Сл. паўн.-зах.), не з лада мужык, не з лада жонка ’без кахання’ (паўд.-усх., КЭС). Укр. лад ’парадак, упарадкаванне’, ’звычай, агульнапрынятыя правілы прыстойнасці’, ’спосаб, манера’, ’такт’, ’распараджэнне’, ’узаемная згода’; рус. лад ’торг, дамаўленне’, ’змовіны’, ’згода, мір’, ’парадак’; польск. ład ’гарманічны ўклад, парадак’. Чэш. lad ’гармонія, прыгажосць’ < рус. лад; славац. lad ’упарадкаванне, спосаб’ < чэш. lad; в.-луж. ład ’парадак, планавасць’ < чэш. ці з польск.; літ. lõdas ’сужыццё, згода’ < польск., бел. ці з рус. моў. Існуючыя слав. лексемы можна ўзвесці да паўн.-слав. ladъ ’парадак, гармонія, урэгуляванасць’, якое не мае надзейнай этымалогіі. Так, Мікала (UG, 3, 24) звязвае яго з гоц. lētan ’пускаць, дазваляць’ < і.-е. *lēd‑. Міклашыч (159), Младэнаў (268), Праабражэнскі (1, 426) суадносяць са слав. lagoda. Зубаты (AfslPh, 16, 397; Studie, 1 (2), 102) рэканструюе аснову *lā‑. Фасмер (2, 447) рашуча адмаўляе меркаванне Бернекера (1, 683) аб сувязі ladъ з ірл. laaim ’кідаю, кладу, пасылаю, стаўлю’ і ст.-грэч. ἐλάω і інш. ’ганю’, які выводзіў з гэтага агульнае значэнне ’парадак, гармонія, слой, каханне’ і збліжаў гэта з польск. skład, składny. Бел. лад як музычны тэрмін — сэнсавая калька з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 151).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апало́нік1 пало́нік ’разліўная лыжка’. Рус. половник, уполовник, укр. ополоник, половник, абл. уполовник ’тс’. Ст.-рус. половьникъ ’мера сыпкіх цел’, уполовьникъ, упольникъ ’коўш на доўгай ручцы’. Ст.-бел. ополоник 1538–1539, полоник 1556–1571 (Мар. дыс.), ополоникъ (Шакун, Гісторыя, 114). Балг. половница ’сасуд 1/2 л’; макед. арх. половник ’1/2 вядра, торбы і інш.’, серб.-харв. устар. поло̀вњак ’мера збожжа каля 25 кг’, славен. polovník, polovnìca ’старая мера сыпкіх цел’. Параўн. яшчэ ўкр. половник ’засек для паловы’; славац. polovník ’сумесь з аўса (жыта) і ячменю’. Абодва прыклады на упольникъ у Сразн. аб меранні мора ўпольнікам. Апалонік, палонік звязаны са старарускай назвай меры половьникъ, уполовьникъ; апошняя цалкам, магчыма, генетычна звязана з паўднёваславянскімі формамі. Далейшыя этымалагічныя хады няпэўныя; магчыма сувязь з пол ’1/2’. Улічваючы славен. рòl ’чарпак (для лодкі)’ і ст.-рус. упольник, нельга гаварыць аб непасрэднай сувязі з палова ’рэшткі пры апрацоўцы зерня’. Фасмер (4, 164) няпэўна (як сам адзначае) параўноўвае уполовник, упол, уполовьня з палаць ’веяць’ (гл.), палоць.

Апало́нік2, пало́нік (Нас., БРС). Укр. ополоник ’палонік’, рус. дыял. полоник ’тс’ (бранск.). Перанос па знешняму падабенству з назвы лыжкі; параўн. балг. попова лъжичка ’тс’.

*Апало́нік3, ополо́нык ’перапечка з цеста’ (Вешт., 393). Параўн. палёшки ’малыя вараныя ці печаныя перапечкі’ (Вешт., 398). Магчыма, з назвы лыжкі, пры дапамозе якой наліваюць цеста (няпэўна). Параўн. паляніца, апалька (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апяша́лы ’лянівы, аслаблены’ (Нас.), апе́шыный ’разгублены’ (Бяльк.). Укр. дыял. зах. опішілий ’лянівы, павольны’. Польск. opieszały ’лянівы, марудны, які не любіць спяшацца’. Параўн. рус. опешить ’астацца без каня’, ’разгубіцца’, укр. уст. опішити ’астацца без каня’, укр. зах. опішіти ’зрабіцца павольным, марудным’ («Кінь опішів»). Ст.-рус. опѣшити ’зрабіць пешым; аставіць без крыл’, опѣшати ’стаць пешым (без каня)’. Параўн. яшчэ чэш. уст. opěšalý ’хто стаў без каня’, opěšati ’астацца без каня’, ст.-чэш. opěšalý. Серб.-харв. уст. opješati стаміцца’, славен. pȇšati ’стамляцца’, pẹ̑h ’стамленне’. Найбольш пашырана ўяўленне аб тым, што рус. опешить і падобныя ўтварэнні этымалагічна тлумачацца значэннем ’стаць пешым’ (Праабражэнскі, 2; Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 191; Фасмер, 3, 144). Прыводзячы ў дадатак да адзначаных ужо фактаў ст.-польск. pieszeć і ст.-чэш. pěšěti ’стаць слабым’, а таксама ст.-рус. припѣшати зрабіць пешым, падрэзаць крылы’, Безлай (Južnoslav. leks., 9–10) параўноўвае гэту групу слоў з літ. paikė́ti, лат. (iz‑)paiki ’дурнець’, узводзячы корань да і.-е. *poik‑ (што ў сваю чаргу параўноўваецца з коранем слоў псаваць і інш.). На нашу думку, тут магчыма кантамінацыя двух слоў: слова, якое ўзнікла пазней і першасна азначала ’стаць пешым’, і другое, больш ранняе, якое суадносіцца, магчыма, з тым коранем, аб якім піша Безлай, або ўваходзіць у іншую сям’ю слоў. Хаця спех, спяшацца звычайна ўзводзіцца да групы спець, магчыма, суадносіны спешна — ’марудна’ (апяшала), паспяхова — ’няўдала’ (апяшала) не выпадковыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)