Пе́гі ’вяснушкі, рабацінне’ (астрав., Сл. ПЗБ), польск.piega, н.-луж.pěga, в.-луж.piha, чэш.píha, славац.peha, балг.пе́га ’вяснушка’, славен.pẹ́ga ’вяснушка, пляма’, макед.пега ’тс’, серб.-харв.пе̏га ’вяснушка; брудная пляма’, сюды ж рус.пе́гий ’плямісты; пярэсты; рабы’, ст.-слав.пѣготы ’праказа, нарывы’. Прасл.*pěga і прыметнік *pěgъ узыходзяць да і.-е.*poi̯g‑/*pei̯g (з якімі звязана аснова *pig‑ у ст.-інд.piṅga ’чырвона-карычневы’, piŋgas, piŋgalás, piñjaras ’залаціста-жоўты’, лац.pingō ’малюю, вышываю’, ст.-грэч.πίγγαλος ’яшчарка’), паралельнага да і.-е.*pei̯kʼ‑ > што дало прасл.*pьsati, першапачатковае значэнне якога было ’маляваць’, параўн. укр.пи́санка ’размаляванае велікоднае яйка’, рус.писать (картину) ’маляваць’. Адзінкавая фіксацыябел.пе́гі, відаць, сведчыць пра запазычанне з польск.piegi ’вяснушкі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кашмір, кашамі́р тонкая мяккая шарсцяная, напаўшарсцяная або баваўняная тканіна’, кашміро́ўка ’кашміравая хустка’ (ТСБМ, Касп.). Рус.кашми́р, кашеми́р ’тс’, укр.кашеми́р, польск.kaszmir, kaszemir і г. д. У рус. мове. паводле Фасмера, 2, 215, вядома з часоў Гогаля: паводле Шанскага, 2, К, 105, першая фіксацыя ў рус. мове адносіцца да 1847 г. У польск. мове гэта лексема з’явілася раней; Слаўскі (2, 97) адзначае, што наогул слова вядома з XIX ст., але ў другой палавіне XVIII ст. выступаюць варыянты тыпу kaźmirek (у Ліндэ). kaźmirz (дасюль і рус. старое казими́ровый ’кашміравы’ праз польск. формы з італ.casimiro: гл. Фасмер, 2, 160). Ад назвы вобласці Кашмір у Індыі (ст.-інд.Kāçmiras). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 496. Формы кашми́р, кашеми́р, паводле Фасмера, там жа, узяты з франц.cachemire
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пру́зік ’конік’ (Ласт.), укр.пруз, пру́сик, пру́зик ’тс’, рус.дыял.пру́зик, прус ’дробная саранча; конік’. Утварэнні на базе ст.-рус.пруг, мн. л. пру́зи ’саранча’, ст.-сл.прѫжиѥ ’конікі’, што да *prǫgъ, роднаснага с.-н.-ням.spranke, sprinke ’конік’, другой частцы ст.-в.-ням.howespranca ’тс’ (літаральна ’які скача па сене’), аснова якіх выступае ў ст.-в.-ням.springen ’скакаць’, ст.-ісл.springan ’тс’ (Фасмер, 3, 387; БЕР, 5, 815; ЕСУМ, 4, 616). Разглядаецца як іменны дэрыват ад дзеяслоўнага кораня *pręg‑, для якога характэрнае значэнне ’напінаць, напружваць’ (ESJSt, 12, 730). Сюды ж, магчыма, і полёвы прус ’невялікае насякомае з дзвюма вострымі выпусткамі на канцы, якімі шчыпае’ (беласт., Ніва, 1979, 16 снеж.). Гл. пруг, пругкі. Аднак адзінкавая фіксацыя ў слоўніку Ластоўскага не дае падстаў лічыць слова народным.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ, метабалізм,
сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.
Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1984—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА (лац. moneta),
грашовы знак, адзін з законных плацежных сродкаў. Стандартызаваны па памерах, пробе, масе кавалак каштоўнага металу правільнай формы, які можа прымацца не на вагу, а на лік, або грашовыя метал. знакі з медзі, бронзы, нікелю, алюмінію, цынку і інш. У адрозненне ад зліткаў мае па ўсёй паверхні адбітак штэмпеля з выявамі і надпісамі (з 2-й пал. 16—17 ст. і на гурце), якія засцерагалі М. ад падробкі, абразання і гарантавалі яе якасць ад імя імітэнта. Назву традыцыйна звязваюць з адным з імён вярх. рымскай багіні Юноны (Рэгіна — царыца, Соспіта — збавіцельніца; Манета — дарадчыца), пры храме якой у 3 ст. да н.э. ў рымскім Капітоліі знаходзіўся манетны двор. Першыя М. з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст. да н.э. Надпіс «Moneta» сустракаецца на стараж.-рымскіх М., ранніх зах.-еўрап. дэнарыях; як частка легенды — на еўрап. М., што абарачаліся і ў ВКЛ з 14 ст., і ў легендзе М. ВКЛ. У 16 ст. ў ВКЛ М. называлі сярэднія наміналы, меншыя за талер, але большыя за пенязь (дэнарый); у 17 ст. — і талерную з удакладненнем «добрая», «твардая», а таксама дробную з удакладненнем «шэлядная» М. У бел. пісьмовых крыніцах на працягу 15—18 ст. сустракаюцца М. белая, М. бітая, М. важная, М. грубая, М. давна, М. добрая, М. старадавна, М. цвёрдая, М. цалковая як вызначэнне дабраякаснай, і М. фальшывыя, да якіх ставіліся як да непажаданых. Па манетнай стапе ў 16 ст. адрознівалі М. літоўскую і М. польскую (адпавядала 8/10 літоўскай). Паводле прызначэння вылучаюць М. абяговую, М. данатыву («падарункавая»), М. камемаратыўную (памятная), М. пробную, М. навадзельную і М. антыкварную падробку. Паводле функцыі ў грашовым абарачэнні адрозніваюць М. паўнавартасную (банкаўскую) і разменную (дробную, білонную). Залежна ад тэхнікі вырабу М. адносяць да літых (адлітых у форму з выявамі), чаканеных (атрыманых з дэфармацыяй процілеглага ад выявы боку, аднабаковых), бітых (штампаваных), вальцаваных (зробленых пракаткаю). Паводле металу М. падзяляюцца на мона- і біметалічныя, у т. л. плакіраваныя (з ядром з інш. металу). М. мае манетнае поле з выявамі і легендамі на ім, апушку па краі поля, гурт. Гал. характарыстыкі М. — проба і маса (у стараж. нарматыўных дакументах апісвалася паняццем стапа); існавалі дапушчальныя адхіленні (рэмедыум) па масе, пробе і таўшчыні. У нумізматычных апісаннях істотную ролю адыгрывае фіксацыя суадносін восей выяў аверса (гал. бок) і рэверса (адваротны бок) М. адносна адзін аднаго. Гісторыю манетных сістэм і абарачэння М. у якасці грошай, М. як артэфакты, тэхніку манетнай справы вывучае нумізматыка.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
І.Л.Сінчук.
Да арт.Манета. Рымскі дэнарый (каля 45 да н.э.) з выявамі багіні Юноны-Манеты і інструментаў манетчыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Апсі́к, псік ’вокліч для адгону катоў’ (РБС, Касп., Бесар., Нас.), псікаць (Нас.). Рус.дыял. (зах.) псик, укр.дыял. (лемк.) псик, польск.a psik ’вокліч для адгону катоў; гукапераймальнае пра чыханне’, разм. apsik, dać apsik ’даць па носе’ (Вечаркевіч), славен.psîk ’шыпенне’. Літ.дыял.apsìk ’вокліч для адгону катоў’. Пашырэнне ў асноўным на польскай і беларускай тэрыторыі робіць малаверагодным дапушчэнне Бесар., 40, аб паходжанні апсік з цюркскай назвы кошкі пшик (бышык, пышык, мышык). Няма пэўнасці і ў этымалогіі, якую прыводзіць Германовіч, Междометия, 63, аб сувязі слоў апсік, псік з назвай сабакі пёс (*pьsъ), таму што гэты вокліч ужываецца па наяўных даных толькі для адгону катоў. Магчыма, трэба тлумачыць як гукапераймальнае слова, якое перадае гук, які быццам вымаўляе кошка для выражэння незадаволення; на гукапераймальны характар указвае фіксацыя гукакомплексу прынамсі ў двух выпадках (славенскім і польскім) у яўна гукапераймальным значэнні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арты́кул ’невялікае сачыненне, частка дакумента; тып вырабу’ (БРС, КТС, Касп., Нас.). У старабеларускай пісьменнасці ўжо з 1388 г. у форме артыкулъ ’частка дакумента’ з лац.articulus (Гіст. мовы, 1, 53; Гіст. лекс., 110; Вясноў, Бел. лекс., 35), магчыма, праз польскую (Крапівін, Бел. лекс., 88; Гіст. лекс., 90), супраць чаго фіксацыя слова ў польскай мове з XVI ст. У «Нашай ніве» пачынаецца паслядоўнае ўжыванне слова ў значэнні ’невялікае сачыненне’ (Шакун, Гісторыя, 300), магчыма, пад польскім уплывам. Першаснае лацінскае значэнне articulus ’частка’ (ад artus член’) дало магчымасць развіць значэнне тавар’ (ням.Artikel, польск.artykuł), адкуль, напэўна, і рускае, беларускае ’тып тавару’ (Шанскі тлумачыць рус.артикул ’тып тавару’ як семантычнае ўтварэнне на базе значэння ’параграф’ у XX ст. — 1, А, 148, аднак гэта не вельмі пераканаўча, таму што ў рускай значэнне ’параграф’ у той час не было пашырана: ужо Даль адзначаў яго як архаічнае).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рамяство́ ’вытворчасць вырабаў ручным саматужным спосабам; саматужніцтва’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп.), рамясло́ ’тс’, рэмясло́ ’ручное майстэрства, умельства’ (Ласт., Сл. ПЗБ), рэмесло́ ’рамяство, занятак’ (ТС), раме́сніцтва ’занятак рамяством’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр.ремесло́, реме́ство ’тс’, рус.ремесло́, дыял.ремество́, польск.rzemiosło, в.-луж.rjemjesło, н.-луж.ŕemesło ’тс’, чэш.řemeslo, славац.remeslo, ст.-серб.ремезьство, ст.-слав.ремьство. Параўн. таксама ст.-літ.remẽsas ’рамеснік’, remẽstas ’рамяство’, лат.remêsis ’цясляр’, ramtýti ’секчы сякерай’, лат.ram̃stît ’секчы тупой сякерай, пілаваць тупой пілой’, ст.-прус.romestue ’сякера’, англ.-сакс.remian ’напраўляць, аднаўляць’. Фасмер (3, 469) мяркуе пра сувязь са ст.-рус.ремезъ (адзіная фіксацыя XIV ст.), рус.цвяр.ремеза́ ’спраўны, дзелавы чалавек’, што няпэўна. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 237), форма ремесло з’яўляецца з XVI ст. паланізмам ва ўсходнеславянскіх мовах, які ў пачатку XIX ст. канчаткова выцясніў з ужывання ў рускай мове формы на ‑ство (ремьство, ремество).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́ша ‘асвежаванае і выпатрашанае цела забітай жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ‘пра постаць, фігуру вялікага, поўнага чалавека’ (ТСБМ, Вруб.); туш ‘паўната, поўнае цела’: залезе бусало ў закуток, бу тая туш (ТС), ст.-бел.туша ‘сцягно, падрыхтаванае да ўжытку цела забітай жывёлы’: две тꙋшы мꙗса козлового (1552 г., ГСБМ). Параўн. укр.ту́ша, туша́, туш ‘тс’, рус.ту́ша ‘сцяг, цела забітай жывёлы’, польск.tusza ‘цела чалавека’, ‘паўната’. Апошняе лічыцца запазычаным у XVIII ст. з рус.ту́ша, чаму пярэчыць фіксацыя ў старабеларускай мове XVI ст. Слова звязваецца з тук, тыть, гл. Праабражэнскі, 2, 24; Гараеў, 381; Фасмер, 4, 129; Арол, 4, 123 (аналагічна да рус.крыша < крыть). Сумнеўна Якабсон (IJSLP, 1/2, 1953, 273) — з рус.ту́хнуть і Чарных (2, 274) — з рус.тощий. Відаць, запазычана з цюркскіх моў: параўн. тат., баш.түш ‘грудзінка’, тур.döş ‘бок; пярэдняя частка тушы’ (ЕСУМ, 5, 688; Борысь, 655).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Карчма́ ’піцейны дом, шынок, заезны дом’, укр.корчма (корчми робити ’праводзіць пацехі, гульні з музыкам’), рус.корчма, чэш.krčma, славац.krčma, в.-луж.korčma, польск.karczma, рус.-ц.-слав.кърчма ’карчма’, ’моцны напітак’, ’сасуд для віна’, серб.-харв.кр̀чма ’карчма, пачастунак, частаванне’, славен.kȓčma, балг.кръчма ’частаванне, пачастунак’, прасл.kъrčma. У гэтай лексемы відавочна выдзяляецца суфікс ‑ьma. Суфікс мала прадуктыўны, найбольш надзейны прыклад vědъma, якое, аднак, да Nomāna agentis, чаго нельга сказаць пра kъrčma. Ва ўсякім разе іншы падзел на марфемы наўрад ці магчымы. Каранёвая марфема kъrč‑ прадстаўлена, як здаецца, у серб.-харв.кр̀чити ’частаваць або прадаваць алкагольныя напіткі’. Апошні прыклад вельмі няпэўны (адзіная фіксацыя ў песні). Да таго ж гэты дзеяслоў вядомы і шырока распаўсюджаны ў іншым значэнні (прасл.kъrčiti ’карчаваць’), таму, калі ісці ад чыстай формы, мы атрымліваем досыць нечаканы рэзультат: kъrčiti ’карчаваць’ + ‑ьma = kъrčma ’выкарчаванае месца’. Семантычна гэта амаль што немагчыма вытлумачыць. Найбольш верагоднай версіяй з’яўляецца ўзвядзенне kъrčma да kъrkati ’прагна есці, жэрці’ (параўн. серб.-харв.кр́кати і балг.къркам у гэтым значэнні). Іншыя версіі зусім неверагодныя (Агляд версій у Слаўскага, 2, 73–74).