Карчма́ ’піцейны дом, шынок, заезны дом’, укр. корчма (корчми робити ’праводзіць пацехі, гульні з музыкам’), рус. корчма, чэш. krčma, славац. krčma, в.-луж. korčma, польск. karczma, рус.-ц.-слав. кърчма ’карчма’, ’моцны напітак’, ’сасуд для віна’, серб.-харв. кр̀чма ’карчма, пачастунак, частаванне’, славен. kȓčma, балг. кръчма ’частаванне, пачастунак’, прасл. kъrčma. У гэтай лексемы відавочна выдзяляецца суфікс ‑ьma. Суфікс мала прадуктыўны, найбольш надзейны прыклад vědъma, якое, аднак, да Nomāna agentis, чаго нельга сказаць пра kъrčma. Ва ўсякім разе іншы падзел на марфемы наўрад ці магчымы. Каранёвая марфема kъrč‑ прадстаўлена, як здаецца, у серб.-харв. кр̀чити ’частаваць або прадаваць алкагольныя напіткі’. Апошні прыклад вельмі няпэўны (адзіная фіксацыя ў песні). Да таго ж гэты дзеяслоў вядомы і шырока распаўсюджаны ў іншым значэнні (прасл. kъrčiti ’карчаваць’), таму, калі ісці ад чыстай формы, мы атрымліваем досыць нечаканы рэзультат: kъrčiti ’карчаваць’ + ‑ьma = kъrčma ’выкарчаванае месца’. Семантычна гэта амаль што немагчыма вытлумачыць. Найбольш верагоднай версіяй з’яўляецца ўзвядзенне kъrčma да kъrkati ’прагна есці, жэрці’ (параўн. серб.-харв. кр́кати і балг. къркам у гэтым значэнні). Іншыя версіі зусім неверагодныя (Агляд версій у Слаўскага, 2, 73–74).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)