сляза́, -ы́, мн. слёзы і (з ліч. 2, 3, 4) слязы́, слёз, ж.

1. мн., адз. ў знач. зб. Празрыстая саленаватая вадкасць, якая выдзяляецца слёзнымі залозамі вачэй пры раздражненні, болі або моцных перажываннях.

На марозе з вачэй цякуць слёзы.

2. Адна кропля такой вадкасці.

З вока паказалася с.

3. мн. Плач.

Прыйсці са слязамі.

Не стрымаць слёз.

Скрозь слёзы (плачучы).

◊

Аблівацца слязамі — моцна плакаць.

Пусціць слязу — заплакаць (іран.).

|| памянш. слёзка, -і, ДМ -зцы, мн. -і, -зак, ж. (да 2 знач.) і слязі́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

эфі́р

(гр. aither)

1) хім. бясколерная лятучая вадкасць з рэзкім пахам, якая ўтвараецца пры злучэнні спірту з кіслотамі і выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, прамысловасці (напр. этылавы э.);

2) самы верхні чысты і празрысты слой паветра, дзе, паводле старажытнагрэчаскай міфалогіі, размяшчаюцца багі;

3) вобразная назва асяроддзя, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі;

выйсці ў эфір — пачаць перадачы па радыё.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

штоф ​1, ‑а, м.

1. Старая руская мера вадкасцей (звычайна віна, гарэлкі), роўная 1/10 вядра; вадкасць такога аб’ёму.

2. Шкляная чатырохгранная пасудзіна з кароткім рыльцам, якая змяшчае такую колькасць вадкасці. Пан Даніла сустрэў яго [маладога], седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф. Караткевіч.

[Ням. Stauf.]

штоф ​2, ‑у, м.

Шчыльная, цяжкая шарсцяная або шаўковая тканіна з буйным тканым узорам, якая ідзе на абіўку мэблі, на парцьеры і пад.

[Ням. Stoff.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крэазо́т

(фр. creosote, ад гр. kreas = мяса + sodzo = ахоўваю, зберагаю)

масляністая вадкасць з едкім пахам, якая атрымліваецца шляхам сухой перагонкі драўніны, часцей буку; выкарыстоўваецца ў тэхніцы і медыцыне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БРОМ (лац. Bromum),

Br, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы. Ат. н. 35, ат. м. 79,904; належыць да галагенаў. Прыродны складаецца са стабільных ізатопаў ​79Br (50,56%) і ​81Br (49,44%). Вядомы штучныя радыеактыўныя ізатопы (​80Br, ​82Br). Адкрыты франц. хімікам Ж.​Баларам (1826).

Бром — чырвона-бурая вадкасць з непрыемным рэзкім пахам, лёгка выпараецца, tпл -7,25 °C, tкіп 59,2 °C, шчыльн. 3105 кг/м³. Слаба раствараецца ў вадзе (насычаны водны раствор наз. бромнай вадой), добра ў арган. растваральніках. Малекула двухатамная. Бром непасрэдна рэагуе з большасцю металаў (акрамя плаціны і танталу) і з некаторымі неметаламі (сера, фосфар) з утварэннем брамідаў. З вадародам пры награванні ўтварае бромісты вадарод. З кіслародам і азотам непасрэдна не рэагуе. Моцны акісляльнік Атрымліваюць з марской вады, азёрных і падземных расолаў, шчолаку калійнай вытв-сці акісленнем брамідаў хлорам. Бром і яго злучэнні выкарыстоўваюць у вытв-сці антыдэтанатараў (для бензіну), фота- і кінаматэрыялаў, медыкаментаў, інсектыцыдаў, фарбавальнікаў. Ядавіты; ГДК у паветры 0,5 мг/м³.

Літ.:

Ксензенко В.И., Стасиневич Д.С. Химия и технология брома, йода и их соединений. М., 1979.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДА́, аксід вадароду,

найпрасцейшае ўстойлівае злучэнне вадароду з кіслародам, H2O. Існуе 9 ізатопных разнавіднасцей, асноўныя з іх ​1H2​16O, колькасць яе ў прэснай вадзе 99,73 малярных % (гл. Цяжкая вада). Бясколерная вадкасць без паху і смаку, tпл 0 °C, tкіп 100 °C, шчыльн. 9980 кг/м³ (20 °C). Мае шэраг анамальных фіз. уласцівасцей, абумоўленых утварэннем вадароднай сувязі.

Вада слабы электраліт, дысацыіруе на пратон H​+, які ўтварае ў растворы іон гідраксонію і гідраксільную групу (OH​−), pH=7 пры 25 °C. Растварае многія неарган. (солі, к-ты, шчолачы) і арган. (спірты, аміны, к-ты, цукры) рэчывы, пры растварэнні адбываюцца гідратацыя, гідроліз. Узаемадзейнічае з галагенамі, асноўнымі і кіслотнымі аксідамі, шчолачнымі і шчолачназямельнымі (з магніем пры 100 °C) металамі; пара з распаленым вугалем утварае вадзяны газ.

Прыродная вада мае прымесі (гл. ў арт. Жорсткасць вады). Для навук. даследаванняў і ў медыцыне выкарыстоўваюць дыстыляваную ваду. Сінтэзам з элементаў атрымліваюць абсалютна чыстую ваду. У прам-сці выкарыстоўваюць тэхн. ваду як рэагент, растваральнік, а асноўную колькасць (70—75%) як холадаагент па цыркулярнай схеме.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКУУМАВА́ННЕ бетону,

выдаленне (адсмоктванне) залішняй вады з укладзенай у апалубку бетоннай сумесі. Ажыццяўляецца з дапамогай шчытоў (маюць т.зв. вакуум-поласці), якімі ўкрываюць забетанаваную канструкцыю. У выніку разрэджвання, якое ствараецца ў вакуум-поласці вакуумнай помпай, шчыты прыціскаюцца да паверхні бетону і з яго адсмоктваецца вада. Павышае трываласць і марозаўстойлівасць бетону, зніжае патрэбу ў цэменце. Вакуумаванне сталі — апрацоўка сталі вакуумам перад разліўкай. Робіцца ў каўшах, спец. камерах, інш. прыстасаваннях у працэсе вакуумна-дугавога пераплаву, вакуумнай плаўкі і інш. Садзейнічае выдаленню са сталі шкодных газаў, лятучых прымесяў і неметал. уключэнняў, яе раскісленню, атрыманню высакаякасных сталяў. Вакуумаванне матэрыялаў (вадкіх і паўвадкіх) робіцца з мэтай выдалення газавых прымесяў, што паляпшае іх тэхнал. і эксплуатацыйныя ўласцівасці. Вакуумуюць керамічныя і ферытавыя шлікеры перад ліццём або прасаваннем з іх вырабаў, кампаўнды перад прапіткай, электраліты і інш. Вакуумаванне вядзецца ў герметычнай пасудзіне (баку), з перамешваннем матэрыялу, часам з падагрэвам. Вакуумаванне пашырана таксама ў тэхнал. працэсах хім., фармацэўтычнай і харч. прам-сці.

Устаноўка для вакуумавання вадкіх і паўвадкіх матэрыялаў: 1 — бак; 2 — вакуумавальная вадкасць; 3 — награвальныя элементы электрападагрэву; 4 — прыстасаванне для перамешвання.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАВА ЗЛУЧЭ́ННІ,

неарганічныя хімічныя злучэнні, у якія ўваходзіць волава, пераважна ў ступені акіслення +2, +4. Злучэнні, у якіх волава мае ступень акіслення +2, менш устойлівыя і з’яўляюцца моцнымі аднаўляльнікамі. Найчасцей выкарыстоўваюцца дыаксід і солі (хларыды, сульфіды).

Дыаксід волава SnO2, бясколернае крышт. рэчыва, (tпл 1630 °C, нерастваральны ў вадзе. Хімічна вельмі ўстойлівы, плёнка SnO2 ахоўвае волава ад акіслення ў паветры. У прыродзе — мінерал касітэрыт. Выкарыстоўваюць як белы пігмент для эмалей, шкла, паліваў. Дыхларыд волава SnCl2, бясколерная крышт. соль, tпл 247 °C. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (аднаўляльнік), пры фарбаванні тканін (пратрава). Тэтрахларыд волава SnCl4, бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, tкіп 114 °C, шчыльн. 2230 кг/м (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, добры растваральнік для многіх неэлектралітаў (напр., ёд, фосфар, сера і інш.). Выкарыстоўваюць у вытв-сці волаваарган. злучэнняў, святлоадчувальнай паперы і інш. Сульфід волава SnS, крышталі рудога колеру, tпл 880 °C. У прыродзе — рэдкі мінерал герцэнбергіт. Выкарыстоўваюць для павышэння антыфрыкцыйных уласцівасцей падшыпнікавага матэрыялу. Дысульфід волава SnS2, залаціста-жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць як пігмент для фарбаў (імітатар сусальнага золата).

І.​В.​Боднар.

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕРСІ́ЙНЫЯ ФІ́ЛЬТРЫ,

аптычныя прылады, якія прапускаюць параўнальна вузкі ўчастак спектра выпрамянення і прынцып дзеяння якіх заснаваны на выбіральным рассеянні святла. Існуюць Д.ф. з кампанентаў крышталь—вадкасць, крышталь—паветра, а таксама з розных крышт. матэрыялаў, палімераў і інш.

Паказчыкі пераламлення 2 кампанентаў Д.ф. аднолькавыя для некаторай частаты святла ω0, таму пасля праходжання праз такую сістэму святло становіцца амаль монахраматычным (частата, блізкая да ω0). Светлавыя пучкі іншых частот (ω ≠ ω0) рассейваюцца. На Беларусі ў 1970-я г. ў Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам М.​А.​Барысевіча распрацаваны Д.ф., двума кампанентамі якіх з’яўляюцца крышт. матэрыялы або палімеры. Д.ф. крышталь—крышталь маюць высокую мех. трываласць і кантрастнасць; спектральныя характарыстыкі ў іх стабільныя ў шырокім інтэрвале т-р, адсутнічаюць пабочныя палосы прапускання, параўнальна простая тэхналогія вырабу. Выкарыстоўваюцца ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, плазмавай фотаметрыі, піраметрыі, біялогіі, медыцыне, астрафізіцы, метэаралогіі.

Літ.:

Борисевич Н.А., Верещагин В.Г., Валидов М.А. Инфракрасные фильтры. Мн., 1971;

Верещагин В.Г. Рассеяние излучения в средах с высокой объемной концентрацией // Распространение света в дисперсной среде. Мн., 1982.

В.​Р.​Верашчагін.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бібу́ла

(польск. bibuła, ад лац. bibulus = які прагна п’е)

1) порыстая папера, здольная ўбіраць і прапускаць вадкасць; прамакатка;

2) тонкая белая або каляровая папера, прызначаная для ўпрыгожвання або ўпакоўкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)