Ма́сла, ма́сло ’харчовы тлушч са смятанкі ці смятаны’, ’мінеральнае тлустае рэчыва’ (ТСБМ, Бес., Яруш., Вешт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. ма́сло, ст.-рус. масло, польск. masło, н.-луж. masło, чэш. maslo, славац. maslo, славен. máslo, серб.-харв. ма̏сло, макед. масло, ст.-слав. масло ’масла’. Прасл. maslo < maz‑slo, утворанае ад mazati ’мазаць’ (гл.) (Бернекер, 2, 23; Фасмер, 2, 578). Масла, выкарыстоўвалася старажытнымі славянамі як мазь, якой націралі цела, валасы; некаторыя народы ім мазалі калёсы. Аналагічна ў германцаў: ст.-в.-ням. ancho ’масла’, роднаснае да лац. unguentum ’мазь’ (Махэк₂, 353). Сюды ж ма́слены ’які з масла, падобны на масла’ (ТСБМ, Кліх), ’ліслівы’, ма́сліцца ’блішчаць, ільсніцца’, ’лашчыцца’, ’валаводзіцца, няньчыцца, цацкацца’, ма́сліць ’задобрываць, схіляць ласкамі і падарункамі’ (Нас., ТСБМ; жлоб., Нар. словатв.) і ўтворанае ад якаснага прыметніка масленіцца (Васілеўскі, БЛ, 10, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)