вы́даць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; заг. выдай; зак., каго-што.

1. Даць што‑н. з запасаў, адпусціць са сховішча для пастаяннага ці часовага карыстання. Выдаць грашовы аванс. Выдаць кніжку з бібліятэкі. □ — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартаўліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // Забяспечыць чым‑н., уручыць што‑н. Выдаць даведку, мандат. □ Сёлета мне бясплатную пуцёўку выдалі. У Сочы. Грамовіч. // Аддаць, вярнуць назад. Выдаць асабістыя рэчы іх уладальнікам. // Заплаціць за работу. На працадні, што намецілі, — выдалі. Пташнікаў.

2. Здабыць, зрабіць, вырабіць. Не ладзілася справа з вынаходствам — Андрэй адводзіў душу работай: размахнецца, што называецца, на ўсё плячо, выдасць норму ды і да другой наблізіцца, і не сорамна глядзець людзям у вочы. Шахавец.

3. за каго і са словам «замуж». Аддаць замуж. Пасватаўся Алесь, і бацькі выдалі дзяўчыну. С. Александровіч. З Ганнай Лявонаўнай душа ў душу пражылі мы дваццаць год. Выгадавалі дачку, выдалі замуж. Корбан.

4. Выпусціць з друку, надрукаваць. Выдаць поўны збор твораў пісьменніка. Выдаць кніжку масавым тыражом. □ Магчыма, што паэт думаў выдаць гэтыя вершы асобным зборнікам, у які хацеў уключыць перакладзеныя ім творы рускіх паэтаў. «Весці».

5. Прыняць, абвясціць. Выдаць закон. □ Дырэктар выдаў спецыяльны загад. Карпаў.

6. Раскрыць, зрабіць вядомым што‑н. сакрэтнае, тайнае; удаць. Выдаць змову. □ Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Аднак, і пасля васьмі гадзін катавання Тадора.. не выдала нікога. Брыль. Як ні трымалася Іна, а вочы яе выдалі. Ваданосаў.

7. Назваць каго‑, што‑н. не тым, кім, чым яны з’яўляюцца. Выдаць сябра за брата. Выдаць чутае за бачанае. □ [Наташа] мела намер выдаць сябе за бежанку. Шамякін. Асцерагайцеся гэтых, — Гусар паказаў пальцам на суседні пакой. — Я вас выдам за сваю даўнюю знаёмую. Краўчанка.

•••

Выдаць на рукі — а) аддаць што‑н. непасрэдна каму‑н.; б) даць наяўнымі пасля вылічэння падаткаў.

Выдаць сябе — выкрыць, выявіць уласныя тайныя пачуцці, намеры і пад.

Выдаць (сябе) з галавой — выкрыць сваю або чыю‑н. віну, памылку, тое, што старанна хаваецца.

Не выдай(це)! — выручы(це)!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каза́ць 1, кажу, кажаш, кажа; незак.

1. што, без дап. і са злучн. «што». Выказваць у вуснай форме якія‑н. думкі, меркаванні; расказваць, гаварыць. Казаць праўду. Не казаць ні слова. Казку казаць. □ — Што сынку, што? — са слязамі ў вачах казаў.. дзядзька Кандрат. Брыль. — Сымон Чарнюк казаў, што тут скарб захаваны, — пацвердзіў Язэпка. Бядуля. Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Прыказка. // перан.; каму-чаму. Выклікаць, абуджаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас.

2. безас. (у форме 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, пагалоскі; гавораць. І кажуць, ледзь ранак расісты Абудзіць дубровы Палесся, Да сябра свайго сувязіста Той голуб ляціць з паднябесся. Нядзведскі.

3. Абавязваць, загадваць. / у перан. ужыв. Сумленне кажа рабіць так.

4. перан. Сведчыць аб чым‑н., указваць на што‑н. Усмешка гэтая выразна казала аб тым, што Аленка нічога не мела, б, каб паганяцца за Сцёпкам. Колас. Сама [Ліда] і не чула б.., што сушыла смага, што галодная; сама не чула б, дык кажуць аб гэтым грудзі. Брыль.

•••

Добра кажаш (у знач. пабочн.) — сапраўды.

І не кажы(це)! — выражае поўную згоду з гаворачым: так, безумоўна.

Казань казаць — гаварыць павучальна і дакучліва.

Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш — загадзя не зрабіўшы, не хваліся.

Няма чаго казаць — ужываецца для выказвання згоды, салідарнасці з кім‑н.: сапраўды, на самай справе.

Што (тут і) казаць — нічога не скажаш, няма чаго гаварыць; праўда. — Ды што тут казаць, — падтрымаў Макара Аўдзеевіча млынар. М. Ткачоў.

Што (як) ні кажы — нягледзячы ні на што, як бы там ні было.

Як кажуць; як той казаў (у знач. пабочн.) — як прынята гаварыць. Пагаварылі крыху ды асталіся, як кажуць, пры сваіх інтарэсах. Бажко. На стале будзе, як той казаў, і паранае, і варанае. Васілёнак.

каза́ць 2, кажу, кажаш, кажа; незак., што і чаго.

Разм. Паказваць. Цяпер на вуліцу і носа не кажы: будуць дражніцца. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́зыка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.

1. Галіна мастацтва, якая адлюстроўвае рэчаіснасць у гукавых мастацкіх вобразах. Гісторыя музыкі. Беларуская музыка. □ Усе галіны мастацтва, і музыка ў тым ліку, вырашаюць складаную і пачэсную задачу — удзельнічаюць у выхаванні новага чалавека, чалавека, закліканага да будаўніцтва камуністычнага грамадства. Шырма. // Твор або сукупнасць твораў такога мастацтва. Музыка Глінкі. Інструментальная музыка.

2. Выкананне твораў гэтага мастацтва на інструментах. Аднекуль з парка да слыху далятала прыглушаная далечынёй музыка, а ва ўяўленні паўставалі іншыя мясціны. Хадкевіч.

3. перан. Прыемнае для слыху гучанне чаго‑н. Шум калаўрота і ціхая музыка слоў родзяць шчаслівыя ўспаміны. Брыль. Гэй ты, дуб стары, Вартаўнік лугоў! Аддае твой шум Спевам-музыкай. Колас. // Сукупнасць якіх‑н. гукаў. Кусты і трава, абмытая росамі, слухалі звонкую музыку крышталёва-чыстага патоку. Самуйлёнак. // Іран. Пра гукі, якія непрыемна дзейнічаюць на слых, раздражняюць яго. Не скрыпяць вароты Марцінавай пуні, якія, як .. вядома, заўсёды заводзяць сваю музыку. Бядуля.

4. Разм. Музычны інструмент. — Тэрмінова прасіў [хлапчук мой] прывезці гэтую музыку — ён кіўнуў на акардэон. Ракітны. // Аркестр. Духавая музыка. Палкавая музыка. □ Хутка з песнямі і музыкай на машынах, у санях, на вазках пачалі пад’язджаць да школьнага двара выбаршчыкі з суседніх калгасаў. Васілевіч.

5. перан. Разм. Якая‑н. добра арганізаваная, наладжаная справа. [Сухадольскі:] Ты што ж гэта план зрываеш? [Угараў:] Не я, Павел Міхайлавіч. [Сухадольскі:] Як жа не ты? Шэсць машын хто затрымаў?.. Нам гэтыя шэсць машын усю музыку сапсуюць. Крапіва. // Аб чым‑н. турботным, недарэчным, заблытаным. Абрыдла мне ўся гэта музыка. □ [Макей Філатавіч:] — Ды я, калі вы хочаце, маўчаў увесь час, .. вы першыя пачалі ўсю гэту музыку, а цяпер на мяне ўзвярнуць хочаце. Чорны.

•••

Класці на музыку гл. класці.

[Грэч. musikē.]

музы́ка, ‑і, ДМ ‑ку, м.

Разм.

1. Музыкант. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю, шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Музыкі ігралі адну з лепшых беларускіх полек, і ўсё ў хаце х[о]дыр[а]м хадзіла. Гарэцкі.

2. толькі мн. (музы́кі, ‑аў). Танцы. Брыгадзірава жонка, спрытная вельмі на язык, пачынае: — Яніна недаспала сёння.. [Яніна:] — З музыкаў позна прыйшла. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каму-чаму. Быць, з’яўляцца ўласнасцю каго‑, чаго‑н. Гэтыя кнігі належаць таварышу. □ Дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам. Колас. // Быць, знаходзіцца ў распараджэнні каго‑н. Будучае належыць моладзі. □ Цяпер вуліца належала .. [працэсіі]: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду. Карпаў. // Быць, з’яўляцца чыім‑н. тварэннем, быць напісаным, створаным (пра твор, ідэю, думкі і пад.). Пяру Янкі Купалы належаць пераклады многіх вершаў з «Кабзара». Палітыка. // перан. Быць прысвечаным каму‑, чаму‑н. Усё жыццё Дзяміда належала лесу. В. Вольскі. // (з займеннікам «сабе»). Свабодна распараджацца сабою, ні ад каго не залежаць. Цяпер Міхал Шарупіч належаў не толькі сабе. Дэлегацыю на вакзале ўжо чакалі, і прыйшлося пасяліцца ў гасцініцы «Масква». Карпаў.

2. да каго-чаго. Адносіцца да якой‑н. групы, уваходзіць у склад чаго‑н. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэба ішлі ў РТС. Быкаў. Адчувалася, што доктар не належаў да вельмі спакойных і ўраўнаважаных натур. Васілевіч.

3. каму-чаму. Быць чыім‑н. правам, непасрэдным абавязкам. [Андрыян Цітавіч:] — Калі справа ідзе аб павышэнні, то рашаючае слова павінна належаць .. [Валі]. Марціновіч.

4. безас. каму. Падлягаць выплаце, выдачы за што‑н. Вам належыць заплаціць за білет. □ Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў. Колас. // з каго. Разм. Пра пачастунак з якой‑н. нагоды. — З цябе сёння належыць, — смеючыся на ўсю палатку, сказаў Пракапенка. — Пішы, што ты імяніннік.. Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі. Кулакоўскі. [Лявон:] Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць. Козел.

5. безас. каму і без дап. Быць устаноўленым, вызначаным. Па статуту нам належаць пісталеты. Але дзе ж там.. — калі і вінтовак усім не хапіла... Брыль.

6. безас. з інф., каму. Быць неабходным. Перш за ўсё належала сабраць насенне, ачысціць яго, пратруціць, каб увесну было што ўкінуць у зямельку. Сабаленка. Нарэшце пагадзіліся [настаўнікі] на тым, што дырэктару школы належыць яшчэ раз сустрэцца са старшынёй.. сельскага Савета. «Звязда».

•••

Як (і) належыць — як патрэбна, як мае быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераня́ць, перайму, пяроймеш, пяройме; пр. пераняў, ‑няла, ‑ло; заг. пераймі; зак.

1. каго-што. Рухаючыся насустрач, наперарэз, спыніць, затрымаць каго‑, што‑н. Пераняць ганца. Пераняць статак. □ Косцік кінуўся насустрач Ніне, пераняў яе, пасадзіў і прыгразіў пальцам, каб сядзела на месцы. Пальчэўскі. Багдан з сынам пайшлі ў хату, а Нічыпар падаўся да варот, каб пераняць курыцу. Кулакоўскі. Іх [немцаў] машына штабная Выйдзе ў Мінск роўна ў пяць. Трэба тую машыну Нам, Лявон, пераняць. Бялевіч. // Закрыць, спыніць свабодны рух чаго‑н.; перакрыць. Пан Крулеўскі меркаваў, што баявы ланцуг, прайшоўшы пушчу, зрушыць і напужае партызан і яны будуць уцякаць у другое крыло, дарогу, якую ён пераняў сваім войскам. Колас. Калі не дойдзем мы да дня, дык гэты зброд з мяцежнай банды паспее шлях нам пераняць. Дудар. Пераняць плацінамі крутымі Плыні рэк шырокіх на вякі, Пасяліць лясы свае ў пустыні І спавіць каналамі пяскі. Калачынскі. // Нечакана застаць, заспець у час руху. Завея пераняла вазакоў на паўдарозе. Чарнышэвіч. На дарозе пераняла нас страшэнная вестка: у Ярцаве — дэсант. Сабаленка. // перан.; што. Разм. Заўважыць, перахапіць, сустрэць (пра позірк і пад.). Хлопцы з павагай і разам з тым трошкі ўстрывожана зірнулі на дзядзьку Ахрэма. Ён пераняў гэты позірк і папярэдзіў: — Нават каб на кухні не шумелі! Паслядовіч. // Спыніць, перапыніць (размову, гутарку). Мікіта, хоць пытанне ставілася не яму, пераняў матку і сам, як гаспадар у хаце, адказаў. Колас.

2. каго-што. Перахапіць, падхапіць у час руху, дзеяння (прадмет, рэч і пад.). У гэты раз .. [Пшанічны] не пярэчыў, пераняў з рук Глечыка лапату. Быкаў. Галіна пераняла на рукі малое і пачала выціраць яму хусцінкай носік. Пташнікаў.

3. што. Запазычыць што‑н. у каго‑н., зрабіць так, як хто‑н.; унаследаваць. Пераняць вопыт. □ Прыклад першай паляводчай брыгады перанялі і астатнія. «Звязда». Арына сачыла за Лейбавай працай. Яна старалася пераняць тое, чаго сама не ведала або рабіла не гэтак. Чарнышэвіч. Ад свайго бацькі Рыгор пераняў яго добрую шырокую натуру, мяккі і гасцінны выгляд. Гартны. // Зрабіць сваім, прывычным для сябе што‑н. чужое, пабочнае. Пераняць дурныя звычкі. // Разм. Падрабіцца пад каго‑, што‑н. Пераняць свіст шпакоў.

4. што. Запомніць, засвоіць. Пераняць матыў песні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Выгнуцца, прыняць форму дугі. Цвік сагнуўся. □ Карн быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. С. Александровіч. І перш, чым у новы тунель уцягнуцца, Цягнік дасць гудок і сагнецца дугой, Нібы хоча ён на тунель азірнуцца, Які ўжо знікае за шызай смугой. Гаўрусёў.

2. Сагнуць спіну; нагнуцца. Цёмныя фігуры выбеглі на сноп пражэктара, сагнуліся над тым месцам, дзе хлопцы заклінілі стрэлкі. Жычка. [Хурс] сагнуўся напалам, уваходзячы ў карчомныя сенцы. Чорны. // Нахіліцца ад цяжару, мукі, болю. Сцішыўшы крок, Аксіння, здаецца, яшчэ больш сагнулася пад сваёй ношай, каб нікога не бачыць, каб да яе не загаварылі. Ракітны. // Скласціся пад вуглом у суставе. Рука сагнулася ў локці.

3. Згорбіцца ад старасці, скурчыцца ад сцюжы, хваробы, ссутуліцца і пад. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў. Корбан. // перан. Стаць спарахнелым, трухлявыя (пра будынкі і пад.). Хата шчытам сваім сагнулася. Баранавых.

4. перан. Пакарыцца чыёй‑н. сіле, прымірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча. Броўка. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

5. Стаць скарабачаным, пагнутым. У агні жалеза сагнулася. Бляшанка сагнулася. □ Размахнуўся.. [старэйшы брат], грукнуў булавою — толькі булава сагнулася. Якімовіч.

•••

Сагнуцца ў дугу — скарыцца; стаць пакорным, угодлівым. Ён не хапае з неба зорак, Умее ўслужыць, умее памаўчаць, Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна, Паведаміць начальству радасную навіну, Сагнецца ў дугу прад ім ахвотна, А сябру ў бядзе дасць кухталя ў спіну... Валасевіч.

Сагнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіліцца; сагнуцца; б) перан. праявіць празмерную ўгодлівасць.

Сагнуцца крукам; сагнуцца ў крук — а) моцна выгнуцца, заўзята працуючы; б) перан.; стаць рабалепным, уніжаным перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сардэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 1 знач.). Сардэчная мышца. Сардэчная дзейнасць. // Звязаны з хваробамі сэрца (у 1 знач.). Сардэчная недастатковасць. □ [Ксёндз:] — У мяне быў сардэчны прыпадак... Чарнышэвіч. У гэты ж дзень у Лукер’і Назараўны здарыўся сардэчны прыступ, і яе забралі ў бальніцу. Марціновіч. // Прызначаны для лячэння хвароб сэрца (у 1 знач.). Сардэчныя сродкі.

2. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 2 знач.); звязаны з пачуццямі, настроем, перажываннямі чалавека. Стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчныя болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце. Колас. З узрушаным сардэчным трапятаннем Яго [салаўя] ўсе слухалі наўкол. Корбан. // Звязаны з сяброўскімі адносінамі, агульнымі інтарэсамі двух або некалькіх чалавек; блізкі. Сардэчныя адносіны. Сардэчная прывязанасць. □ Сардэчным другам ён [Аляксейчык] мне быў. Бялевіч.

3. Спагадлівы, добры, чулы (пра чалавека, яго характар). Казалі: — От быў чалавек — душа, Сардэчны і прынцыповы... Прануза. [Навум:] — Мае родныя — прыемныя людзі, сардэчныя. Яны любяць цябе. Мікуліч. Такі ўжо характар у хлопца — сардэчны і просты. Брыль. // Поўны спагадлівасць добразычлівасці, дабраты. Сардэчная сустрэча. □ З кійком старая да яе [жанчыны] кульгае, сардэчным словам і яе вітае. Дубоўка.

4. Які ідзе ад сэрца, шчыры. Сардэчная падзяка. □ Маладзечна, Маладзечна, Мой паклон табе сардэчны. Русак. Аднаму хацелася выказаць .. [Дзюмону] сардэчнае спачуванне, другому — даць параду. Шамякін. // Які кранае за сэрца, поўны шчырага пачуцця. Твой голас сардэчны а мілы, як струны Пявучае ліры, спакойны, задумны. Купала. Ведала [Надзя] таксама, калі заспяваць ім, лясным салдатам, сардэчную песню. Васілевіч.

5. Звязаны з каханнем; любоўны. Сардэчная драма. Сардэчныя справы. □ Нэлі пашкадавала ўжо, што па восені адкрыла Вользе свае сардэчныя тайны. Савіцкі. Мы стаялі [ўдваіх], і тугая каса Ненарокам кранула мой твар, І тады я адважыўся і расказаў Пра сардэчны, як кажуць, пажар. Панчанка.

6. Каханы, любы. [Крочак:] — Дык гэта ваш сардэчны друг?.. Прашу даць тлумачэнне: Што значыць ваша засмучэнні? Каго ж кахаеце з нас двух? Колас.

7. у знач. наз. сардэ́чны, ‑ага, м.; сардэ́чная, ‑ай, ж. Родны, мілы (пры ўпамінанні пра каго‑н. з адценнем ласкі, жалю, спачування). — Жаць трэба, жаць, сардэчныя, Жаць грамадой адзінаю. Куляшоў.

•••

Сардэчная сарочка гл. сарочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які поўнасцю здаволіўся; які не адчувае голаду. — Цяжка табе, — паспачуваў Чыжык. — А ты цяпер займіся рыбалкай. Сам будзеш сыты і цётцы што-небудзь дасі. Няхай. — Еш сам, — засмяяўся марак. — А то не вырасцеш. [Сцёпка:] — Я сыты, не хачу. Хомчанка. / у знач. наз. сы́ты, ‑ага, м.; сы́тая, ‑ай, ж. Галодных сыты зразумець не можа, пакуль самога лёс не патрывожыць. Дубоўка. Сытаму сала не сніцца. Прымаўка. // Уласцівы чалавеку, жывёле, якія добра наеліся. Вахман заліўся сытым рогатам. Брыль. Я узненавідзеў гэтых мукамолаў, І пасечнікаў (рыжыя барады, Святыя твары, сытая адрыжка). Панчанка. Далёкі помню дзень: у лесе сыты крык драздоў, стагі ў лугах. Вялюгін. // перан. Поўнасцю, цалкам задаволены чым‑н. І цэлы дзень тады Шчасцем быў ён [Янка] сыт. Бядуля. А лепей не трывожыць успаміны, На ўсё жыццё ў нас кожны імі сыт. Пысін.

2. Разм. Укормлены, тлусты. Ад’еўшыся за лета, .. [дзікі] сытыя, сала бывае на мужчынскую дал[онь]. Пташнікаў. // Які належыць добра ўкормленаму чалавеку, жывёле. Гарадавы нездаволена скрывіўся і адышоўся ўбок, пакручваючы доўгі светлы вус на тоўстым сытым твары. Якімовіч.

3. перан. Разм. Які жыве ў дастатку, у раскошы. І стварылася ўражанне, што ўсе гэтыя сытыя і задаволеныя людзі [афіцыйнай Амерыкі] толькі і думаюць, каб мы яшчэ і яшчэ цешыліся крывавым феерверкам вайны. Лынькоў. // Заможны, багаты (пра жыццё). Але што значыць для такога чалавека [здрадніка] ўдзячнасць, калі ёсць больш моцныя магніты для яго — сытае жыццё? Мікуліч.

4. Багаты на яду, харчовыя прадукты. Купіў [дзед Малах] на марскім беразе домік, сабраўся дажываць век, ды сталася з чалавекам дзіва: усё кінуў у тым прыгожым і сытым краі, паміраць прыехаў у родную вёску. Карамазаў.

5. Разм. Сытны. Пасля сытай вячэры і самакрутак з духмянай махоркі дарэчы было б расцягнуцца .. і супачыць. Брыль. Застаўляе [пан Патоцкі] стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. / Пра пах, пару ад яды і пад. У млявым вячэрнім паветры стаяў сыты пах свежага малака. Самуйлёнак.

6. Які мае ў сабе шмат тлушчу. Сытае мяса.

•••

Сыты па горла — з лішкам, дастаткова каму‑н. чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Стварыць трэск. Моцна трэснула сухая галінка і зашасталі хваёвыя лапкі .. З хвойніку выходзіў невысокі чалавек у доўгім новым шынялі. Крапіва. // Гулка раздацца (пра гукі выбухаў, выстралаў, удараў і пад.). Калона ўжо мінула царкву, калі са званіцы трэснулі стрэлы. Хомчанка. У кутку рынку, зусім побач, бахнулі пісталетныя стрэлы. Потым каротка трэснула аўтаматная чарга і абарвалася, бы захліпнулася. Савіцкі. Хмара раскалолася і так трэснуў пярун, што аж зямля закалацілася. Сабаленка. / у безас. ужыв. Паблізу моцна трэснула. Тугая хваля паветра шуганула над галовамі. М. Ткачоў.

2. З трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну. Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. З шумам трэснула камера пярэдняга кола, матацыкл рэзка закінула, і Мікола ледзь не зваліўся ў кювет. Краўчанка. Слуп з майго боку трэснуў ад гарачыні, трэшчына была ўжо даволі глыбокая. Васілёнак. // З трэскам парвацца, разарвацца. Расшпіліла [Назарыха] гузікі на кофце, у спешцы так тузанула нацельны крыжык, што шнурок трэснуў, а зеленаваты кавалачак медзі застаўся ў руцэ. Ат, некалі з ім важдацца. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Гнілыя ніткі, якія даўней маглі б крыху яшчэ трымаць Рыгораву сям’ю, трэснулі. Чорны. / Пра губы, скуру і пад. [Мірончык:] — Або вось прыходзіць чалавек, кажа: «Доктар, у мяне ўжо даўно трэснула губа і ніяк не зажывае». Карпюк. // перан. Даць трэшчыну, сапсавацца. У нашым калектыве, заўсёды здаровым, недзе нешта трэснула. Ермаловіч. І вось сёння штосьці перайначылася, штосьці трэснула ў душы. Асіпенка.

3. каго-што, каму і без дап. Разм. Моцна стукнуць, ударыць. Перш-наперш трэснуў .. [пан] кулаком фурману ў спіну, вылаяўся на ўсё балота і пусціў у ход усю машыну. Колас. Рагочучы,.. [Васіль] злавіў хлопчыка, і пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве. Брыль.

•••

Трэснуць ад злосці (зайздрасці) — тое, што і лопнуць ад злое ці (зайздрасці) (гл. лопнуць).

Хоць трэсні — пра дарэмныя намаганні, старанні. А ў крэсле тым — Я зімнім днём і веснім, А песні туга пішуцца, Хоць трэсні, — Ці я Пегаса Слаба закілзаў?! Скурко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб зямлю, падлогу і пад. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі, батонамі. Адамчык. Жанчыны тупаюць на месцы, угінаюць галовы, каб схавацца ад ветру. Асіпенка. — Не сядзі вельмі, а тупай, пакуль можна, — ціха параіў .. [бацька] мне, — каб ногі адразу не настылі. Кулакоўскі. // Ствараць тупат, стукат чым‑н. Гулка тупаюць падбітыя тоўстымі цвікамі падэшвы. Грахоўскі. // Учыняць тупат, стукат, выяўляючы пачуцці злосці, нязгоды, нездавальнення і пад. [Юзя:] — Тупае [Антось] на .. [Авяліну] ботамі, злуе і ўсё-такі гладзіць па галаве. Бажко. Настаўнік доўга тупаў, крычаў, гарачыўся. Якімовіч.

2. Разм. Хадзіць. — Садзіся, сынок, садзіся, — прасіла .. [маці] і ўсё тупала і тупала па хаце, ні па міг амаль не спыняючыся. Савіцкі. Баба Васіліса тупае ад загнетка, дзе яна налівала настой, да палка, да малога крыкуна. Паўлаў. Свякруха, крэкчучы і вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ. З таго дня, як .. [Толік] пазнаў смак прастору і сонца — вочы хочуць смяяцца, а ножкі — тупаць і тупаць. Брыль.

3. Біць капытамі аб зямлю (пра каня і пад.). Тупае нагою конь буланы, — Стаяць не хоча. Чарот. Глуха тупае капытамі конь. .. Ляскочуць калёсы. Сачанка. На падворку яшчэ тупаюць коні. Гарэцкі.

4. Разм. Танцаваць, скакаць. Самы спрытны і фарсісты Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. У хаце яшчэ тупалі дружкі і сваты, на вуліцы гаманілі і спявалі. Мікуліч.

5. Даглядаць каго‑, што‑н., займацца кім‑, чым‑н. Ад непрывычкі .. [маці] моцна стамлялася: не так яно і проста — тупаць цалюткі дзень ля гарачых катлоў. Даніленка. Генадзь Кузьміч тупаў у невялікім калідорчыку каля пліты. Паўлаў. Гэты фурманшчык больш, як усе, тупаў каля свайго каня, як прыехалі ў карчму. Чорны. // Увіхацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай, дагаджаць. Ды, відаць, каля яе [Агаты] Тупаў я няўмела, Пайсці замуж за мяне Яна не схацела. А. Александровіч. Кастусь усё тупаў ля Ладымера Стальмаховіча: яму занадта хацелася, каб гэты стары чалавек пажыў яшчэ ў калгасе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)