Абжа́ ’аглобля ў сасе’ (Касп.). Рус. паўн. обжа, обга, рус. курск. вобжа ’тс’, польск. obdza ’тс’ (Ці не сюды ж польск. obdza, obza ’вяроўка, шнур для прывязі жывёлы напашы’?), ст.-рус. обьжа ’мера зямлі’. Лат. abža ’аглобля’ з паўн.-бел. ці рускага. Па адной версіі < *o‑bъg‑ja ’гнутая’ да бгаць (гл.) — Патабня, РФВ, 5, 124; Ільінскі, РФВ, 62, 256, па іншай < *ob‑jъg‑ja да іга (гл.) — Мікала, IF, 26, 295; Далабко, ZfslPh, 3, 129–130; Турска, SFPS, 5, 115. Першая этымалогія выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Супраць рэканструкцыі ‑bъg‑ сведчаць рускія формы обежь, обежка і ст.-рус. обьжа (Турска, там жа, 114). Другая этымалогія таксама мае свае цяжкасці фанетычнага характару: ‑bj‑ у ob‑jъg‑ja павінна было даць blʼ (Далабко, там жа, 129). Заўвага Далабка аб тым, што слова абжа як арэальна абмежаванае ўзнікла адносна позна, пасля таго як завяршыўся пераход bj > blʼ, непрымальная, бо ў тым жа слове рэалізаваўся пераход gj > ž (ці, можа, у апошнім выпадку адбылася субстытуцыя?). Варбот (Балто-слав. иссл., 42–48) суадносіць як генетычна тоесныя абжа і абза (гл.), зыходзячы з прасл. obьza/obьža (< *obьzja) ’луска’ (літ. ìžti лушчыцца’, išaiža ’шалупінне’) і верагоднасці семантычнага развіцця ад лыкавай вяроўкі (лыка) і скуранога рэменя (скуры) да часткі драўлянай сельскагаспадарчай прылады. Для прыняцця гэтай этымалогіі даводзіцца прызнаць існаванне шэрага семантычных пераходаў і дэрывацыйных пераўтварэнняў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)