Се́мя ‘насенне’, ‘род, племя’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ‘насенне льну’ (Ласт., Шат., Варл., Сл. ПЗБ), се́мʼе ‘тс’ (ТС, Сержп. Прымхі), сюды ж семяно́, семяна́ ‘насенне’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ст.-бел. сѣмѧ ‘насенне’, ‘род, племя’ (Альтбаўэр). Укр. сі́мʼя, рус. се́мя, Р. скл. се́мени, ст.-рус. сѣма ‘семя; нашчадак’, польск. siemię, в.-луж. symjo, н.-луж. semje, чэш. кніжн. semě, símě, semeno, славац. semeno, серб.-харв. сје̏ме, славен. sẹ́me, балг. се́ме, макед. семе ‘насенне’, ст.-слав. сѣма ‘насенне’, ‘род’. Прасл. *sěmę, *semene. Роднасныя: ст.-прус. semen ‘семя’, літ. sémens, sémenys ‘ільняное семя’, лац. sēmen ‘семя, род, патомства’, ст.-в.-ням. sâmô; гл. Траўтман, 253 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 832; Вальдэ-Гофман, 2, 512. Да і.-е. sēmen, якое з суф. ‑men утворана ад кораня *sē‑ (гл. сеяць). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 600; Сной₁, 561, БЕР, 6, 606–607; Шустар-Шэўц, 1399–1400; Борысь, 546.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скок — дзеянне паводле дзеяслова скакаць (гл.) (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), дыял. таксама скік (гл.), скок, ско́кі ‘танцы’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), таксама і скакі, гл. Укр. скок, скік, рус. скок, бранск. ‘скокі, танцы’, ст.-рус. скокъ ‘скакун’, польск., в.-луж., н.-луж. skok, чэш., славац. skok ‘скок’, серб.-харв. ско̑к ‘скок; вадапад’, славен. skòk ‘скок’, балг. скок ‘скок; вадапад’, макед. скок ‘скок’. Прасл. *skokъ, якое мае паралелі ў літ. šókti ‘скакаць; танцаваць’, лат. sâkt ‘пачынаць’, ст.-в.-ням. giscëhan ‘здарацца’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 645 з літ-рай. Борысь (552) параўноўвае яшчэ з літ. kuokìnė ‘вячоркі са скокамі’ < kuokas (старое) ‘скок; скокі’, skúoc ‘гоп!’ і ўзводзіць да і.-е. *(s)kōk‑ ‘хутка рухацца ўгару’ ад і.-е. *kāk‑/ḱāk‑; гл. яшчэ БЕР (6, 766–767), дзе мяркуецца пра і.-е. корань *(s)kek‑. Гл. скочыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смарка́ч 1 ‘ёрш’ (Мат. Гом.), сморка́ч ‘тс’ (Крыв.). Да смаркаць (гл.), г. зн. слізкая або пакрытая сліззю рыба; параўн. таксама палескія сінонімы: сопе́ль, соплі́вец, слі́нявец, слізуне́ц; гл. Крывіцкі, Зб. Крапіве, 200 і наст.

Смарка́ч 2 ‘грыб масляк’ (узд., Нар. словатв.). Да смаркаць (гл.). Таксама як і ў дачыненні да рыб (гл. папярэдняе слова) назва слізкіх грыбоў; гл. Мяркулава, Очерки, 156, 181 і наст.

Смарка́ч 3 ‘маленькая лямпа без шкла, газніца, капцілка’ (Шат.; воран., бярэз., Сл. ПЗБ), смарка́чка ‘тс’ (Касп.; в.-дзв., глыб, Сл. ПЗБ), смырька́чык ‘тс’ (Бяльк.), смарка́чык (сморка́чикъ) ‘маленькая свечка, зробленая з рэштак свечачнага лою шляхам макання, якую яўрэі ўжывалі падчас шабасу’ (Нас., Сержп. Прымхі), смарка́чык ‘газніца’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Польск. smarkaczka ‘свечка з благога лою, якая хутка тоне ў ім’. Усё да смаркаць (гл.).

*Смаркач, сморка́ч ‘невылегчаны баран’ (драг., З нар. сл.). Гл. маркач.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сок ‘вадкасць у раслінных і жывёльных арганізмах, у глебе і інш.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘бярозавік’ (Сержп. Прымхі), ‘тук’ (слонім., Нар. лекс.), ст.-бел. сокъ ‘вадкае ў пладах’. Укр. сок, сік, рус. сок, польск. sok, в.-луж., н.-луж., sok ‘сачавіца’, чэш. дыял. sok, славац. osoka ‘сок (грыбны)’, серб.-харв. со̑к, славен. sọ̑k, балг., макед. сок, ст.-слав. сокъ ‘сок, напой’. Прасл. *sokъ мае адпаведнікі ў літ. sakaĩ мн. л. ‘драўняная смала’, ст.-прус. sackis ‘тс’; іншая ступень чаргавання: лат. sveķi мн. л. ‘смала’, алб. djak ‘кроў’, грэч. όπός ‘сок’, якія да і.-е. *s(u̯)ok​u̯o‑ ‘сок расліны, дрэва’, з і.-е. *suek​u̯‑, як мяркуюць, ‘мокры, вільготны’. Гл. Траўтман, 248; Мюленбах-Эндзелін, 3, 645; 1142; Фасмер, 3, 708 з літ-рай, а таксама Махэк₂, 566; Сной₁, 591; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 251. Параўн. сачавіца, сочыва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́нуць ’раставаць’: снежок до вечэра тане (ТС). Параўн. укр. та́нути ’таяць’. Дзеяслоў з ‑ну‑ ад таць ’таяць’, гл. Параўн. таяць, гл.

Тану́ць ’гінуць, паміраць, ідучы на дно; тапіцца’, ’вязнуць’ (ТСБМ), ’залівацца вадой’ (Некр. і Байк., Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Федар. 4, Сл. ПЗБ, ТС), тана́ць ’тануць’ (карэліц., Нар. словатв.; кіраў., Нар. сл.), то́пнуць, то́нуць ’тс’ (Ласт.), тону́ті ’тс’ (Вруб.), ст.-бел. тонути, танути ’тс’ (канец XV ст., КГС). Укр. тону́ти ’тс’, рус. тону́ть ’тс’, польск. tonąć ’тс’, н.-луж. toniś, чэш. tonouti ’тс’, славац. tonúť ’тс’, славен. toníti ’тс’, серб.-харв. то̀нути ’тс’, балг. тъ́на ’патанаць’, дыял. то́на, макед. тоне ’тс’. З прасл. *tonǫti < *topnǫti ’тануць’, звязанага з *topiti ’тапіць’ (Фасмер, 4, 77; Брукнер, 573; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 367; Шустар-Шэўц, 1516; ЕСУМ, 5, 597; Борысь, 637; Рачава, Этимология–2003–2005, 186). Гл. тапі́ць 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свярбе́ць ‘часацца, раздражняцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Сцяшк., Сержп. Прымхі, Шымк. Собр., Сл. ПЗБ), свербе́ць ‘тс’ (ТС). Сюды ж сверб ‘свярбячка’ (Нас., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), свярбёж ‘тс’ (Шымк. Собр.), свярбёта ‘тс’ (Нас.). Укр. свербі́ти ‘свярбець’, рус. свербе́ть, дыял. таксама ‘блішчаць, мігацець’, польск. świerzbieć, в.-луж. swjerbjeć, swjerbić, н.-луж. swjerbjeś, чэш. svrběti, славац. svrbieť, серб.-харв. свр́бети, славен. srbẹ́ti, балг. сърби́, макед. сврби ‘свярбець’. Прасл. *svьrběti. Звязана чаргаваннем галосных з рус. свороб, ст.-слав. сврабъ ‘сверб’. Роднаснымі лічацца лат. svãrpsts ‘свердзел’, ст.-в.-ням. swërban ‘хутка вадзіць туды-сюды, круціцца, сціраць’, ст.-ісл. svarf н. р. ‘апілкі’, гоц. af‑swaírban ‘змахнуць’ (Траўтман, 295; Міклашыч, 330). Збліжэнне з літ. skverbiù, skver̂bti ‘прадзіраўліваць, праколваць’, паводле Праабражэнскага (2, 257), выклікае фанетычныя цяжкасці. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 573; Шустар-Шэўц, 1391; ЕСУМ, 5, 188. Узводзіцца да і.-е. *su̯erb‑ ‘круціць, вярцець, паціраць, церці’ (Борысь, 623; Глухак, 601). Параўн. сверб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суздро́м ’цалкам, як ёсць; разам’ (Нас., Гарэц.; слуц., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Мат. Гом.), ’хутка, адразу’ (Сцяшк.), су́здрам ’зусім, поўнасцю’ (Ласт.), сюды ж суйздром (з няясным значэннем, Ц. Гартны), суздро́мны (суздромныя ніткі, лён), ’лён пасля апрацоўкі церніцай’, ’ніткі без дадатковай апрацоўкі’ (Ян.), ’лён, абчэсаны на грэбень’ (гом., Нар. сл.), ’зроблены, пашыты з грубага палатна’ (Нар. Гом.). Прыслоўе ў форме Тв. скл. наз. *суздро (Карскі 2–3, 75 без зыходнай формы), якое ад су- і *здро ’зрок’, з устаўным ‑д‑, параўн. польск. do zdra ’зусім, цалкам’, г. зн. ’з усім, што пападае ў поле зроку’, адкуль ’ніткі, валакно, поўнасцю апрацаваныя’. Параўн., аднак, укр. аргат. з уздром, с потрухом ’цалюсенькі’ (Горбач, Арго, 169), гл. ву́здро, у́здор, здро. Няясна, як беларускія словы суадносяцца з рус. дыял. создо́м ’часта дыхаючы; хутчэй, адразу, зусім, цалкам’; якое Варбат узводзіць да *zьd‑ з прэфіксам *sъ‑ паводле польск. zidki ’хуткі’ (Этим. иссл., 1988, 64).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыры́ ’вільготны’, ’невараны; недавараны, недасмажаны, недапечаны’, ’неканчаткова выраблены’, ’нязвараны, няспеламу’: сырое яйцо (Федар. 4, Сержп. Прымхі), ’сыры, мокры’, ’згатаваны’: сырэ молоко не пʼе (ТС), ’нябелены (пра ніткі, палатно)’ (Уладз.), сыры́й ’сыры, мокры, згатаваны’ (Бяльк.), сырэ́й ’тс’ (драг., Ск. нар. мовы). Укр. сирі́й, рус. сыро́й, стараж.-рус. сыръ ’сыры, вільготны’; ’малады, зялёны, няспелы’: ꙗблъко сыро, каш. sëri ’вільготны, мокры, падмоклы’, в.-луж., н.-луж. syrý, ’мокры, негатаваны, неапрацаваны, вільготны’, чэш. syrý ’вільготны, халодны’, ст.-слав. сыръ ’мокры, вільготны’. Прасл. *syrъ(jь) ’сыры, вільготны; звараны’, роднаснае літ. sū́ras ’салёны’, лат. sũrs ’салёны, горкі, даўкі’, ст.-дац. súrr ’сыры, напаўгнілы’, швед. sur ved ’сырое дрэва’, ст.-в.-ням. sûr ’кіслы’; да і.-е. *sū‑ro/*sou‑ro ’кіслы, даўкі’, гл. Траўтман, 293–294; Фрэнкель, 944; Фасмер, 3, 819; Махэк₂, 600; Шустар-Шэўц, 1402–1403; SEK, 4, 265; Бязлай, 3, 343; ЕСУМ, 5, 241–242. Гл. таксама сыравы, сыровы, суровы, сыр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламу́т ’вір’ (Жд. 2, Жд. 3), каламута ’мул з вадой, твань’ (БРС, ТСБМ), каламуць ’тс’ (БРС, ТСБМ), каламутны (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах.; Сержп. Прымхі; Сцяшк., ТС, Федар., Яруш.). Укр. каломут, каламут, каламута ’баламута, сварка, разлад і інш.’, рус. кур., зах.-бран. (другаснае) каламут ’чалавек, які выклікае нязгоду, разлад, бязладдзе; баламут’, зах.-бран. ’разлад, бязладдзе, нязгода; сварка’, варонеж. коломутица ’блытаніна; разлад, смута’, коломутный ’непразрысты, мутны (пра ваду, крыніцу)’, польск. kołomąt ’хаос, блытаніна і інш.’, дыял. ’пляткар, баламут і інш.’, чэш. уст. kolomut, kolomuta ’змяшанне, хаос і інш.’ (Юнгман разглядае як славац., Махэк₁ не разглядае лексемы: у артыкуле «rmoutiti», для якога ўзнаўляецца kolomútiti, згадваецца чэш. дыял. cholomet, cholomot ’паршывец і інш.’), славац. kalamula, galamuta ’замяшанне, хаос’. Паўн.-слав. аддзеяслоўнае ўтварэнне, бел. каламут, відаць, зберагае першасную семантыку ’круціць, муціць’. Час утварэння, як аб гэтым сведчыць семантыка, а таксама страта прамога значэння ў шэрагу моў, магчыма, гаворыць на карысць паўн.-прасл. Аб далейшай этымалогіі гл. каламуціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Забабо́ны ’прымхі’. Рус. дыял. смал., бранск., прыбалт., паўн.-дзвін., урал. забабо́ны, укр. забобо́ни, польск. zabobon, славац. zabobonky (Калал) ’тс’. Ст.-рус. забабоны (XVII ст.) ’тс’. Параўн. укр. бобони ’забабоны’ (Жэлях.), славац. bobony ’тс’ (Калал), серб.-харв. забоњити, бобоњити ’гучаць, балбатаць’, забоњити ’пачаць балбатаць, гучаць’, ст.-чэш. bobonek, pobonek ’забабоннае дзеянне’. Паводле Бернекера (1, 36–37), Фасмера (2, 70), гукапераймальнага характару (параўн. балбатаць, ням. bebeln, ст.-грэч. βαβάξω ’балбатаць’). Гэта прынялі Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136), указваючы на паралель балабоніць. Махэк₂ (58–59) высоўвае думку аб сувязі са ст.-чэш. boniti, дзе *bon‑ з ‑mon (параўн. корань *men, *mьn у памяць, помню) і прэфіксам po‑, што пераўтварыўся ў bo‑. Коген (УЗ БГУ, 1, 191, 192) указвае на падваенне кораня ба/бо, што адзначаецца ў слове байка 1 (гл.). Магчыма, што паміж гукаперайманнем і ўтварэннем слова bobniti сапраўды трэба адзначыць пераходны этап, калі *bo, *bol мела значэнне ’гаварыць’, таму магчыма аб’яднанне названых думак. Сцвярджэнне Брукнера (643) пра польск. паходжанне ўсх.-слав. форм непераканаўчае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)