Прымхі 4/458; 8/602

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

прымхі і забабоны

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАТЫ, велікалюды,

персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;

Federowski М. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;

Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;

Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГІЯ,

чарадзейства; абрады, дзеянні або слоўныя формулы-заклінанні, якімі чалавек імкнуўся ўздзейнічаць на сілы прыроды, лёс, істоты і прадметы. Узнікла ў першабытным грамадстве. Вядомая ўсім народам, захавалася ў рэліг. вераваннях да нашага часу. Адрозніваюць белую М., якая заклікала бога, і чорную М., што звярталася да «нячыстай» сілы. У аснове М. ўяўленне, што пэўнае дзеянне выклікае адпаведную жаданую з’яву. Найб. пашыраныя віды М.: лячэбна-засцерагальная (знахарства, замовы), гасп. (земляробчая, паляўнічая, бортніцкая, будаўнічая), быт. (засцярога ў дарозе, пры начлезе ў лесе і інш.), любоўная (прыварожванне, адварожванне), шкаданосная (насланнё, псаванне, заломы ў жыце). Часта была заняткам т.зв. чараўнікоў, ведзьмароў, шаманаў. Рэшткі магічных элементаў існуюць і ў наш час.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах. Витебск, 1897;

Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;

Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАНО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Уладзіміравіч; 15.4.1902, в. Кляннік Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.кастр. 1944),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў гімназіі ў г. Чэрвень. З 1921 настаўнічаў, з 1928 супрацоўнік газ. «Чырвоная змена». У 1933 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. З 1933 працаваў у газ. «Уральский рабочий», «Советский Дон». У Вял. Айч. вайну прапаў без вестак на фронце. Друкаваўся з 1922. Аўтар зб-каў апавяданняў «Золак» і «Радасць» (1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929). У апавяданнях, абразках, допісах і нататках выкрываў цемру, прымхі, п’янства, заклікаў моладзь разгортваць асв. работу. Жыццё і побыт старой і новай вёскі, цяжкая доля вясковай жанчыны, станаўленне новага чалавека, грамадз. вайна — тэмы апавяданняў 1920—30-х г., аповесцей «Мяцеліца», «У паўстанцаў» (абедзве 1930) і інш. Пераадольваючы наіўную рамантызацыю, маралізатарства, захапленне маладнякоўскай паэтыкай, авалодваў прынцыпамі рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні «Светлая даль», «Кацярына», «Зімовымі досвіткамі» і інш.). У 1929 у газ. «Чырвоная змена» і «Савецкая Беларусь» апубл. урыўкі з раманаў «У дні барацьбы» і «Вяснянка», у 1931 у час. «Чырвоная Беларусь» — урывак з аповесці «Скарабея». Для яго прозы характэрны рамант. прыўзнятасць, жыццесцвярджальны пафас, лірызм, шчырасць. На бел. мову пераклаў аповесці «Ташкент — горад хлебны» А.Няверава, «Ударны атрад» А.Дончанкі, кн. Е.Ф.Бурчэ «Прыгоды ў паветры».

Тв.:

Летнім днём: Выбр. Мн., 1960;

Светлая даль: Апавяданні. Аповесці. Замалёўкі. Мн., 1985.

І.У.Саламевіч.

М.Нікановіч.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МДЫВА́НІ (Андрэй Юр’евіч) (н. 1.10.1937, Тбілісі),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969, клас А.Багатырова), з 1978 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Найб. значныя дасягненні ў галінах сцэн., аркестравай (сімфанічнай і для нар. інструментаў) і хар. музыкі. Асн. тэмы творчасці — гісторыя і сучаснасць, філас. ідэі і канцэпцыі, своеасабліва звязаныя з нац. праблематыкай. Адметная рыса стылю — накіраванасць на прыгажосць. Як мастак належыць да экспрэсіўнага крыла рамантызму, узбагачанага практыкай 20 ст. У галіне сімф. музыкі — прыхільнік высокага сімфанізму, адзін з заснавальнікаў праграмнай сімфоніі на нац. тэматыку; у харавой музыцы аднавіў на новай аснове традыцыі візант. песнапення і правасл. спеву, стварыў падставу для фальклорна арыентаванага кірунку; у музыцы для нар. аркестра — жанрыст, стваральнік нар.-арк. сімфанізму. Яго тэатр. музыцы ўласцівы яскравая вобразнасць і эмац. спалучэнне эпічнасці з напружаным дынамізмам і кантрастнасцю. Індывід. стыль М. характарызуюць тэатральнасць мыслення, змястоўнасць і глыбіня маст. задум, каларыстычнасць, прыгажосць інтанавання і выразнасць муз. мовы. Сярод твораў: балет «Страсці» («Рагнеда», паст. 1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), муз. камедыя «Дзяніс Давыдаў» (паст. 1982, Саратаў; 1985. Мінск), араторыі «Ванька-Устанька» (1972), «Вольнасць» (1977); 8 сімфоній (1969—99, у т. л. 5-я «Памяць Зямлі» для нар. арк., 1984, і 6-я «Полацкія пісьмёны», 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988), канцэрты для віяланчэлі з арк. (1980), для арк. (1981), уверцюры, паэмы, п’есы для сімф. арк., п’есы для стр. і нар. арк., хар. цыклы «Снапочак», «Вясельныя песні», «Вясельнае застолле», «Янка Купала», «Русь святая» для хору a capella, канцэрты «Прымхі», «Паўночныя кветкі» для хору з суправаджэннем; вак. цыклы, рамансы, музыка для драм. т-ра і кіно.

А.Ю.Мдывані.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),

фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.

Спачатку Л.жыціе святога. Першы зб. лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.Раманава, У.Дабравольскага, М.Федароўскага, А.Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.

Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.В.Гётэ, А.Пушкін, М.Някрасаў, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, У.Караткевіч і інш.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;

Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;

Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)