ЯНКО́ЎСКІ Плакід (20.9.1810, в. Войская Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 11.3.1872),

бел. і польскі пісьменнік. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, Брэсцкай школе базыльян (1818—24), скончыў Віленскі ун-т (1830). Быў святаром. Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі. Пісаў на польскай і рус. мовах. Аўтар кніг прозы «Засценак» (1841), «Хвіля» (1842), «Апавяданні» (1843), «Універсітэцкія ўспаміны» (1849), «Адась» (1856), «Фанабэрыя пана старосты Канёўскага» (1873), камедыі «Прадчуванне» (1842), нататкаў «Пра Ігната Шыдлоўскага» (1898) і інш. У перыяд. друку надрукаваны яго працы «Пушкін на Елісейскіх палях», «Разалія Шэйнер» (абедзве 1844), «Мясцовыя забабоны і прымхі» (1863), «Сялянская праўда» (1865), «Карэспандэнцыі са Слоніма» (1867). Яго творчасць жанрава разнастайная, багатая эстэт. адценнямі гумару, ідэйна супярэчлівая. Перакладаў на польскую мову творы замежных аўтараў.

Тв.:

Записки сельского священника. Мн., 2004.

Літ.:

Charkiewicz W. Placyd Jankowski (John of Dycalp): Życie i twórczość. Wilno, 1928.

У.​І.​Мархель.

т. 18, кн. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)