Купа́цца1 ’абмывацца, плаваць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Я руш., Бяльк., ТС, Касп.). Укр. купати, рус. купать, балг. къпя, серб.-харв. ку́пати, славен. kópati, польск. kąpać, чэш. koupati, славац. kupať, в.-луж. kupać, н.-луж. kupaś ’тс’. Прасл. kǫpati не мае этымалагічна задавальняючага тлумачэння. Вельмі праблематычна сувязь з назвай канапель (параўн. Бернекер, 600), з германскай назвай мора (ст.-ісл. haf) (Якабсон, KZ, 42, 161), з прасл. kǫpa ’звязка’ і інш. Здаецца, што прыведзеная вышэй этымалогія купалы пралівае святло і на гэты тэрмін (гл. купала). Калі дапусціць дублет kupěti/kǫpati (параўн. аб такіх дублетах: Брукнер, KZ, 42; Лер-Сплавінскі, Studia; Слаўскі, SO, 18), можна звесці купаць (у адрозненне ад мыць) да першапачатковага ’ачышчацца агнём’. Пакуль што, аднак, гэта этымалогія вельмі праблематычная.

Купа́цца2 ’пералівацца, зіхацець (пра сонца)’ (ТС). Параўн. купець (гл.) і купіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падаткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак.

1. што. Падабраўшы канец, край чаго‑н., падсунуць, засунуць пад што‑н. Мар’ян паклаў свой шынель на мяне, падаткнуў і мой, і свой мне пад бакі. Васілёнак. [Жанчына] скупа кінула мне «добры дзень», не саромеючыся, падаткнула падол спадніцы, выцерла рукой мокры ад дажджу твар і ўзялася мыць падлогу. Хомчанка. // Заткнуць пад што‑н. [Піліп] падаткнуў пад паху верхнюю адзежу, пералез цераз паркан і агародамі падаўся да свайго дому. Сачанка.

2. што і чаго. Разм. Падсунуць, падкінуць чаго‑н. куды‑н. — Каб ведалі, хто падаткнуў агню [у пасеку], — судзілі б, не шкадуючы. Пташнікаў.

3. перан.; каго. Разм. Падбухторыць на што‑н. Напіўшыся,.. [Антось Кнюх] успамінае ўсе крыўды і можа зрабіць усё, хто на што ні падаткне. Дуброўскі.

4. перан.; на каго і з дадан. сказам. Разм. Удаць, данесці на каго‑н. Нехта з «добрых» людзей падаткнуў, што стары ў партызанскім атрадзе. Кудравец.

•••

Камар носа не падаткне гл. камар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́ць, ‑стане; ‑станем, ‑станеце; ‑стануць; зак.

1. Стаць у нейкім парадку, на нейкім месцы — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Пастаць у рад. □ Браты пасталі па абодва бакі, пачалі мыць рукі. Лобан. Салдаты пасталі паўкругам каля прамоўцы. Грахоўскі. З бакоў шарэнгай роўнай пасталі камяніцы... Аўрамчык.

2. Спыніцца — пра ўсіх, многіх. Убачыўшы Машу яшчэ каля сасонніку, .. [жанчыны] ўсе, як адна, пасталі і .. глядзелі на яе. Шамякін.

3. Ужываецца ў складзе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑н. або якім‑н. — пра ўсіх, многіх. А потым, калі .. ўсталявалася, аціхла — Радчукі зноў леснікамі пасталі. Сачанка. Вайна толькі паскідала наноснае, людзі пасталі самі сабой. Карпюк.

4. Узяцца за нейкую справу, распачаць работу ў стаячым становішчы — пра ўсіх, многіх. Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту. Чорны.

5. Утварыцца, узнікнуць у вялікай колькасці. Азёры пастануць у лагчынах за адну гадзіну — такія спорныя былі тады дажджы. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Скончыць мыць посуд. □ Людзі спяшаліся да пачатку ўборкі бульбы скончыць сіласаванне кукурузы. Паслядовіч. Даша скончыла зборы і пачала апранацца. Васілевіч. // Поўнасцю зрасходаваць. [Цётка:] — Апошні кумпяк на сёмуху скончылі. Машара. Знайшліся такія, што як сала сваё з торбы скончылі, дык і па доме зажурыліся. Крапіва.

2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Крушынскі скончыў сваё тлумачэнне .. басам на спеўны царкоўны лад. Бядуля. Вячэру скончылі куццёю. Колас. // Закончыць сваё жыццё, дзейнасць пэўным чынам. Пачаў грамадскую дзейнасць народнікам, а скончыў — меншавіком.

3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Самы старэйшы, Павел, скончыў рачны тэхнікум і ўжо плаваў на Дняпры капітанам буксіра. Шамякін.

4. што, з чым і з інф. Спыніць што‑н., палажыць канец чаму‑н. Скончыць з прагуламі. Скончыць з парушэннем працоўнай дысцыпліны.

•••

Скончыць жыццё — тое, што і кончыць жыццё (гл. кончыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нава́ла, ‑ы, ж.

1. Нашэсце ворага; напад. Фашысцкая навала. □ Калі ж вораг ізноў Меч узніме на нас, — Зломім хутка мы злую навалу. Журба. // Войска, армія, якія нападаюць на каго‑н. Па ўсіх дарогах плыла на ўсход чорная навала. Кулакоўскі.

2. Бяда, няшчасце; непрыемнасці. Як страшэнную навалу ўспамінае Таня смерць старэйшага брата Лёнькі. Гроднеў. Хацелася ўцячы ад навалы, хацелася быць як далей ад агню і енкаў! Кавалёў. Па тону пытанняў ён пачуў, што на яго насоўваецца нейкая навала. Колас. / Аб з’явах прыроды. Недзе навала плыве дажджавая Мыць кіпарысы і клёны. Свірка. Але навалу хмар цяжкіх Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі. Танк.

3. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н.; скопішча. І сёння помні, Мой горад, пра нялёгкае тады. За хлебам — чэргі. Бежанцаў навала. Лойка. Крыху пазней, калі адхлынула навала асноўнай работы, Сяльчонак засеў за вывучэнне становішча лугоў. Асіпенка. Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. Быкаў.

4. перан. Нешта цяжкае, непрыемнае, што павісае над чалавекам, чакае яго. Навала безвыходнасці. Навала тугі. Навала суму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Баня1 ’лазня’ (Юрч., Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц., Бяльк.). У гэтым значэнні толькі ўсх.-слав. (рус., укр. ба́ня) і паўд.-слав. (серб.-харв. ба̏ња, балг. ба́няммыць’). У значэнні ’купал, скляпенне’, ’банка, пасудзіна’ і г. д. banʼa вядомае ў многіх слав. мовах. Лічыцца запазычаннем з нар.-лац. *bаneum, мн. *banea (< лац. balneum ’баня’). Агляд літ-ры гл. Фасмер, 1, 121–122. Падрабязна аб гісторыі слова Мерынгер, WuS, 3, 196–197. Пра *banʼa як абазначэнне пасудзін гл. асабліва Губшмід, Schläuche, 23–24. Магчыма, што значэнне ’купал, скляпенне’ > ’пузатая пасудзіна’ з’явілася спачатку ў зах.-слав. мовах. Дэталёвую рэканструкцыю гісторыі праслав. слова гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293. Гл. яшчэ MESz, 1, 241.

Ба́ня2 ’яма круглай формы, у якой здабывалі жалеза, соль’ (Бярында, гл. Яшкін). Укр. ба́ня ’руднік’. Праз польск. bania ’тс’ з венг. bánya ’тс’ (а гэта з слав. моў). Гл. Брукнер, 14; Кніежа, 76; Саднік-Айцэтмюлер, 86; Тамаш, 88; Махэк₂, 45; MESz, 1, 241. Параўн. ба́нька5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

це́рці, тру, трэш, трэ; тром, траце; пр. цёр, церла; заг. тры; незак., каго-што.

1. Націскаючы, вадзіць узад і ўперад па паверхні чаго‑н. [Зося] трэ па гарачай скаварадзе подмазкай, ад чаго скаварада шыпіць, і ад яе ідзе пахучы сіняваты дымок. Крапіва. Неўзабаве ў хату ўвайшла бабка і стала церці застылыя рукі. С. Александровіч. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // Водзячы ўзад і ўперад чым‑н. або па чым‑н., ачышчаць, мыць, надаваць бляск і пад. У святочныя дні дзед .. яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў.

2. Размінаючы, націскаючы, змешваць, ператвараць у парашок, у дробную аднародную масу. Церці тытунь. □ [Стэфа] церла мак, рашчыніла цеста на бліны. Арабей.

3. і без дап. Будучы цесным, нязручным, выклікаць боль, пашкоджваць скуру. Чаравікі труць. □ І пакуль вылечыўся, [Вялічка] не мог насіць ботаў, халява церла яму хворую нагу. Чорны.

4. Пераціраць, рабіць мякчэйшым. У Малінаўцы лён церлі талакой. Чарнышэвіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. што і без дап. Перамешваць у топцы палаючае паліва, увесь час падкідаючы новае. Стараваты ўжо чалавек у ботах, галіфэ і ніжняй кашулі шураваў у топцы доўгай жалезнай качаргой. Нядзведскі. // Ачышчаць паверхню дна, каласнікі печкі, топкі і пад. ад шлаку, попелу. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у палаючую топку вугаль, шураваў каласнікі і ўсё ўсміхаўся. Лынькоў.

2. што і без дап. Разм. Старанна, энергічна мыць, церці, скрэбці, чысціць што‑н. [Валодзька:] — Бяры [Надзя] во швабру і шуруй. Падобраму — і я памог бы. Гроднеў.

3. перан. Разм. Развіваць бурную, энергічную дзейнасць; дзейнічаць, рабіць што‑н. энергічна, з запалам. І вось шуруюць — ездзяць [камісіі] на палі, Кароўнікі ды свірны правяраюць, Гросбух у бухгалтэрыі гартаюць... Корбан. Васіль шуруе граблямі — Працуе ля капніцеля. Ставер. // Хутка куды‑н. рухацца, крочыць, ісці і пад. [Алег:] — Аддайце яму ўсё... А ты, бацька, шуруй адсюль, чуеш? Радкевіч. Умова была простая: паставіш на ногі [грузавік] — сядай і шуруй!.. Ракітны.

4. перан.; што. Садзейнічаць хутчэйшаму развіццю чаго‑н., падштурхоўваць, паскараць наступленне чаго‑н. І каб «справа» не заглухла, ён [Іван Іванавіч] узмоцнена яе «шураваў». «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плы́сці, плысць, плусць, плусці́, плаўсці́, плыць ’перамяшчацца па паверхні вады’, ’плыць на караблі, лодцы’, ’цячы’, ’плаўна рухацца, ісці’, ’высыпацца (аб жыце)’ (ТСБМ; Нас.; Гарэц.; Яруш.; Шат.; Сл. ПЗБ; ТС; Растарг.; маг., арш., Шн.), плысць ’ісці, тонучы (у снезе, гразі)’ (Юрч. СНЛ); у выразе гаршчок плыве́ць ’ён кіпіць, і з яго выцякае тое, што варыцца’ (Нас.; Нік., Оч.). Укр. плисти́, рус. плыть, плысть, плысти́ ’плыць’, ст.-польск. pluć, польск. płynąć ’цячы’, ’плысці’, pływać, чэш. plouti, ст.-чэш. plúti, славац. pluť, славен. plúti, серб.-харв. плу̏ти, пли̏ти, ст.-слав. плоути і плыти. Прасл. *pluti, роднаснае літ. pláuti ’паласкаць, мыць’, лат. plevinât ’узмахваць’, ст.-інд. plávatē ’плыве’, právate ’скача’, ’спяшаецца’, авест. fra‑fravaⁱte ’хістаецца, спатыкаецца’, ст.-грэч. πλέω ’плыву на судне’, πλΰνω ’мыю’, лац. pluit ’ідзе дождж’ (Міклашыч, 252; Траўтман, 224; Фасмер, 3, 288–289; Бязлай, 3, 63; Банькоўскі, 2, 632–633). Формы плаўсці́ ’плысці’ (глыб., Сл. ПЗБ) і плыўсці́ ’выплываць (пра жыта)’ (паст., LKK, 30) адлюстроўваюць балтыйскую фанетыку і, магчыма, семантыку (Грынавяцкене, тамсама), а ўстойлівае словазлучэнне жы́та плыве́ць калькуе, паводле Грынавяцкене і інш. (SOr, 39, 317), літ. (rugiaĩ) pláukia.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́нуцца1 ‘звар’яцець’ у фразе: тро́нуцца з ума, з розуму тронувся (палес., гродз., маг., гом., віц., ЛА, 2, Жд. 1, Ян., Юрч. Сін.; пух., Сл. ПЗБ), тро́нутый ‘ненармальны’ (кобр., ЛА, 2). З рус. тронуться (з розуму). Аналагічна ва ўкраінскай мове — тро́нутіся ‘зрабіцца трохі ненармальным, псіхічна хворым’ (ЕСУМ, 5, 646).

Тро́нуцца2 ‘пачацца (пра вайну)’ (Юрч. СНЛ), ‘сапсавацца, растаць (пра зімовую дарогу)’ (лун., Шатал.), тро́нутыса ‘тс’ (Сл. Брэс.), тро́нуць ‘крануць, зачапіць, рушыць’ (ТС), ‘злёгку зачапіць’ (Юрч. Сін.; віц., ЛА, 3), ‘параніць жарабя (пра воўка)’ (ТС). Параўн. укр. трону́ти ‘крануцца, зварушыць’, трога́ти ‘кранацца, варушыць, непакоіць, назаляць’, рус. тро́нуться ‘рушыцца, крануцца’, ‘расчуліцца’, тро́нуть ‘дакрануцца’, ‘зачапіць’, ‘рушыць (у дарогу, з месца)’, ‘папсаваць, крануць, прымарозіць’, сюды ж балг. тро́гвам ‘кранаю’. Надзейнай адзінай этымалогіі няма (Фасмер, 4, 104): супастаўляюць з лат. treksne ‘ўдар, поштурх’, ст.-ісл. þreka ‘сціскаць, давіць’, ст.-англ. đracu ‘націск, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 230), ст.-лат. trieksne (XVII ст.) ‘бунт, мяцеж’ (Каруліс, 2, 426); з лац. tergeō, ‑ēreмыць, чысціць’, гоц. þaíeko ‘дзірка’ (Петр, BB, 18, 285). Рускае слова выводзяць з тро́пнуть ‘топнуць’, тропа́ть ‘таптаць’ (Трубачоў, Дополн.). Гл. яшчэ Чарных, 2, 263–264; ЕСУМ, 5, 646.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)