паста́ць, ‑стане; ‑станем, ‑станеце; ‑стануць; зак.
1. Стаць у нейкім парадку, на нейкім месцы — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Пастаць у рад. □ Браты пасталі па абодва бакі, пачалі мыць рукі. Лобан. Салдаты пасталі паўкругам каля прамоўцы. Грахоўскі. З бакоў шарэнгай роўнай пасталі камяніцы... Аўрамчык.
2. Спыніцца — пра ўсіх, многіх. Убачыўшы Машу яшчэ каля сасонніку, .. [жанчыны] ўсе, як адна, пасталі і .. глядзелі на яе. Шамякін.
3. Ужываецца ў складзе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑н. або якім‑н. — пра ўсіх, многіх. А потым, калі .. ўсталявалася, аціхла — Радчукі зноў леснікамі пасталі. Сачанка. Вайна толькі паскідала наноснае, людзі пасталі самі сабой. Карпюк.
4. Узяцца за нейкую справу, распачаць работу ў стаячым становішчы — пра ўсіх, многіх. Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту. Чорны.
5. Утварыцца, узнікнуць у вялікай колькасці. Азёры пастануць у лагчынах за адну гадзіну — такія спорныя былі тады дажджы. Калюга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)