Купа́цца1 ’абмывацца, плаваць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Я руш., Бяльк., ТС, Касп.). Укр. купати, рус. купать, балг. къпя, серб.-харв. ку́пати, славен. kópati, польск. kąpać, чэш. koupati, славац. kupať, в.-луж. kupać, н.-луж. kupaś ’тс’. Прасл. kǫpati не мае этымалагічна задавальняючага тлумачэння. Вельмі праблематычна сувязь з назвай канапель (параўн. Бернекер, 600), з германскай назвай мора (ст.-ісл. haf) (Якабсон, KZ, 42, 161), з прасл. kǫpa ’звязка’ і інш. Здаецца, што прыведзеная вышэй этымалогія купалы пралівае святло і на гэты тэрмін (гл. купала). Калі дапусціць дублет kupěti/kǫpati (параўн. аб такіх дублетах: Брукнер, KZ, 42; Лер-Сплавінскі, Studia; Слаўскі, SO, 18), можна звесці купаць (у адрозненне ад мыць) да першапачатковага ’ачышчацца агнём’. Пакуль што, аднак, гэта этымалогія вельмі праблематычная.

Купа́цца2 ’пералівацца, зіхацець (пра сонца)’ (ТС). Параўн. купець (гл.) і купіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)