Тро́нуцца 1 ‘звар’яцець’ у фразе: тро́нуцца з ума, з розуму тронувся (палес., гродз., маг., гом., віц., ЛА, 2, Жд. 1, Ян., Юрч. Сін.; пух., Сл. ПЗБ), тро́нутый ‘ненармальны’ (кобр., ЛА, 2). З рус. тронуться (з розуму). Аналагічна ва ўкраінскай мове — тро́нутіся ‘зрабіцца трохі ненармальным, псіхічна хворым’ (ЕСУМ, 5, 646).
Тро́нуцца 2 ‘пачацца (пра вайну)’ (Юрч. СНЛ), ‘сапсавацца, растаць (пра зімовую дарогу)’ (лун., Шатал.), тро́нутыса ‘тс’ (Сл. Брэс.), тро́нуць ‘крануць, зачапіць, рушыць’ (ТС), ‘злёгку зачапіць’ (Юрч. Сін.; віц., ЛА, 3), ‘параніць жарабя (пра воўка)’ (ТС). Параўн. укр. трону́ти ‘крануцца, зварушыць’, трога́ти ‘кранацца, варушыць, непакоіць, назаляць’, рус. тро́нуться ‘рушыцца, крануцца’, ‘расчуліцца’, тро́нуть ‘дакрануцца’, ‘зачапіць’, ‘рушыць (у дарогу, з месца)’, ‘папсаваць, крануць, прымарозіць’, сюды ж балг. тро́гвам ‘кранаю’. Надзейнай адзінай этымалогіі няма (Фасмер, 4, 104): супастаўляюць з лат. treksne ‘ўдар, поштурх’, ст.-ісл. þreka ‘сціскаць, давіць’, ст.-англ. đracu ‘націск, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 230), ст.-лат. trieksne (XVII ст.) ‘бунт, мяцеж’ (Каруліс, 2, 426); з лац. tergeō, ‑ēre ‘мыць, чысціць’, гоц. þaíeko ‘дзірка’ (Петр, BB, 18, 285). Рускае слова выводзяць з тро́пнуть ‘топнуць’, тропа́ть ‘таптаць’ (Трубачоў, Дополн.). Гл. яшчэ Чарных, 2, 263–264; ЕСУМ, 5, 646.