СПРАЖЭ́ННЕ,

1) змяненне дзеясловаў па асобах, часах (гл. Час дзеяслова), ладах (гл. Лад дзеяслова), ліках і родах (у прошлым часе і ўмоўным ладзе).

2) Сукупнасць дзеясловаў, якія маюць аднолькавыя асаблівасці словазмянення ў залежнасці ад характару асновы.

У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад характару асабовых канчаткаў вылучаюць 2 тыпы С. дзеясловаў — 1-е і 2-е. Яны лёгка вызначаюцца, калі ў асабовых формах націск знаходзіцца на канчатку. Дзеясловы 1-га С. маюць канчаткі «-у(-ю)», «-еш(-эш,-аш)», «-е(-э,-а)» у адз. л., «-ём(-ем, -ом, -ам)», «-еце(-яце, -аце)», «-уць(-юць)» у мн. л. («вяду, вядзеш, вядзе. вядзём, ведзяце, вядуць»; «пяку, пячэш, пячэ, пячом, печаце, пякуць»). Дзеясловы 2-га С. маюць канчаткі «-у(-ю)», «-іш(-ыш)», «-щь(-ыць)» у адз. л., «-ім(-ым)», «-іце(-ыце)», «-аць(-яць)» у мн. л. («стаю, стаіш, стаіць, стаім, стаіце, стаяць»; «маўчу, маўчыш, маўчыць, маўчым, маўчыце, маўчаць»). Тып С. дзеясловаў з ненаціскным канчаткам вызначаюць па інфінітыве. Да 2-га С. адносяць дзеясловы з інфінітывам на «-іць(-ыць)», дзе «-І-», «-ы-» суфіксы (выключэнне складаюць непрадуктыўныя дзеясловы з аднаскладовай асновай: «піць», «біць», «ліць», «віць», «крыць», «мыць», «шыць»), дзеясловы на «-аць(-яць)» тыпу «гнаць», «спаць», «ламаць» і на «-эць(-ець)», калі «-э(-е)» не захоўваюцца ў 1-й асобе адз. л. цяперашняга часу: «глядзець» («гляджу»), «сядзець» («сяджу»), «ляцець» («лячу»); выключэнне — дзеясловы «гудзець», «хацець». Дзеяслоў «бегчы» рознаспрагальны: формы 3-й асобы мн. л. цяперашняга (будучага простага часу) утвараюцца па мадэлі 1-га С.; «бягуць», а ўсе астатнія асабовыя формы — па мадэлі 2-га С. («бягу», «бяжыш», «бяжым», «бежыце»). Дзеясловы «есці» і «даць» змяняюцца па стараж. нетэматычным (атэматычным) С.: «елі», «ясі», «есць», «ядзім» («ямо»), «ясце» («ясцё»), «ядуць»; «дам», «дасі», «дасць», «дадзім» («дамо»), «дасце» («дасцё»), «дадуць».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. Мн., 1997.

Т.​П.​Бандарэнка.

т. 15, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЫМАЛО́ГІЯ (грэч. etymologia ад etymon ісціна, сапраўднае значэнне слова + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне значымых адзінак мовы (слоў, марфем, устойлівых спалучэнняў, выразаў) шляхам узнаўлення першапачатковых фармальных і семантычных сувязей паміж імі, страчаных або аслабленых у працэсе развіцця асобных моў. Гэта дасягаецца праз ідэнтыфікацыю (атаясамліванне) моўных адзінак ці іх частак пры параўнанні на падставе параўнальна-гіст. метаду. Пры ідэнтыфікацыі выкарыстоўваюць фанет., словаўтваральны, семантычны, культ.-гіст. і інш. крытэрыі. Фанет. крытэрый грунтуецца на веданні дакладных гукавых адпаведнікаў у роднасных мовах (гл. Роднасць моў), што дазваляе атаясамліваць знешне непадобныя моўныя адзінкі, напр., бел. «бераг» і польск brzeg. Словаўтваральны ўстанаўлівае вытворную аснову этымалагічна няяснага слова шляхам уключэння яго ў вядомы словаўтваральны рад (мадэль), напр., паходжанне тэрміна «бі́ла» (язык звана, дэталь у кроснах і інш.) ад «біць» пацвярджаецца радам утварэнняў: «шы́ла» (ад «шыць»), мы́ла (ад «мыць») і г.д. Семантычны ўлічвае тыповыя змены значэнняў унутры адной ці ў розных мовах, параўн., бел. «гара» і балг. гора́ (лес, звычайна на гарах). Звесткі з этнаграфіі, гісторыі, міфалогіі выкарыстоўваюцца ў якасці культ.-гіст. крытэрыя пры этымалагізацыі асобных слоў, устойлівых выразаў, моўных клішэ, рытуальных формул і інш. Напр., дыялектнае слова «ластавінне» (вяснушкі) паходзіць са стараж. уяўленняў, згодна з якімі разбурэнне гнязда ластаўкі прыводзіла да з’яўлення вяснушак на твары таго, хто гэта зрабіў. Пры этымалагізацыі ў залежнасці ад старажытнасці слова ў якасці параўнальнага матэрыялу прыцягваюцца факты адной мовы (найб. каштоўнасць маюць паказанні дыялектаў, паколькі ў іх часцей, чым у літ. мове, захоўваюцца архаічныя формы і значэнні), групы ці ўсёй сям’і роднасных моў, а таксама факты няроднасных моў (для вызначэння крыніц запазычанняў, калек і тыпалагічных паралелей). Пры ігнараванні ці няведанні навук. крытэрыяў этымалагізацыі паходжанне моўных адзінак тлумачыцца на падставе іх выпадковага знешняга падабенства [напр., дыялектнае слова «не́лень» (від дуба, які позна распускаецца) звязваюць з паняццем «лянівы» (параўн. інш. назву — лянівы дуб), на самай справе паходзіць ад «ліняць», пра што сведчыць інш. дыялектная назва «не́лін» (від дуба, на якім доўга трымаецца лісце); гл. Народная этымалогія].

На ранніх этапах развіцця Э. для выяўлення першапачатковага значэння дапускаліся адвольныя збліжэнні падобных слоў. Навук. характар Э. набыла толькі ў межах параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. асабліва калі з’явіліся першыя этымалагічныя слоўнікі. У этымалагічных слоўніках часта прыводзяцца толькі гіпатэтычныя меркаванні (паколькі для ўстанаўлення паходжання пэўных слоў і выразаў не заўсёды ёсць гістарычна засведчаныя факты). У асобных выпадках такіх этымалагічных версій можа быць некалькі. пры поўнай іх адсутнасці канстатуецца няяснасць паходжання слова. У галіне бел. Э. працавалі Я.​Ф.​Карскі, Р.​А.​Ільінскі. М.​О.​Коген. Л.​М.​Цвяткоў. П.​А.​Бузук і інш. Праблемы Э. распрацоўваюцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі і ВНУ рэспублікі.

Літ.:

Булахаў М.Г. З этымалагічных назіранняў Я.​Ф.​Карскага // Весн. БДУ. Сер. 4. 1971. № 1;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Мн., 1981;

Галас Б.К. Да пытання аб лексікаграфічнай спадчыне Ф.​С.​Шымкевіча // Беларуская лінгвістыка. 1985. Вьш. 28;

Міжславянскія ізалексы ў беларускіх этымалагічных слоўніках. Мн., 1998.

Г.​А.​Цыхун.

т. 18, кн. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПАЛЕ́РЫ (ням. Spalier ад італьян. spalliera),

1) насценныя гладкатканыя дываны, выкананыя ў тэхніцы т.зв. рэпсавага ўточнага перапляцення. Выява ўтвараецца чаргаваннем рознакаляровых нітак утку (шэрсць, шоўк. часам залатыя ці сярэбраныя ніткі), якія перадаюць паступовую змену тону або рэльефнасці і, шчыльна закрываючы нефарбаваную аснову (шэрсць, лён), ствараюць характэрную рубчастую фактуру. Ш. ўзнаўляюць узор або карціну ў натуральную велічыню з кардону, які найчасцей выконваўся паводле мініяцюр, гравюр ці карцін вядомых мастакоў.

Вытокі ткацкай тэхнікі Ш. у маст. тканінах Стараж. Грэцыі, Месапатаміі, копцкіх тканінах 3—12 ст. У Зах. Еўропе Ш. вядомы з канца 11 ст. Дасягнулі росквіту ў 2-й пал. 14 ст. ў творах майстроў Парыжа, Араса, Турнэ і Бруселя, калі геам., расл. і геральдычныя матывы змяніліся сюжэтнымі выявамі рэліг., міфалагічнай, гісторыка-рамант. тэматыкі, серыямі, прысвечанымі ўшанаванню каралеўскіх і магнацкіх родаў: «Апакаліпсіс» (ткач Н.​Батай, мастак Ж.​Бандоль, 1377—80), серыя «Дзевяць герояў» (каля 1385, усе парыжская школа), «Дама з аднарогам», «Паляванне на аднарога», «Тры каранаванні» (усе канец 16 ст., брусельская школа) і інш. У 17 ст. агульнаеўрап. вядомасць набылі вырабы каралеўскай мануфактуры габеленаў у Парыжы (серыі «Гісторыя Аляксандра», «Гісторыя караля», «Месяцы», «Каралеўскія дамы» і інш.), пасля чаго да 19 ст. ўсе Ш. сталі называць габеленамі. Сярод мастакоў, якія выконвалі эскізы і кардоны для Ш., П. да Картона, Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс і інш.

На Беларусі Ш. выраблялі ў канцы 17—1-й пал. 19 ст. на ткацкіх мануфактурах (тапіцэрыях) кн. Радзівілаў у Бяла-Падлясцы (цяпер Польшча), Нясвіжы (Мінская вобл.), Альбе (цяпер у межах Нясвіжа), Міры (Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл.), Карэлічах (гл. Карэліцкія шпалеры), кн. Агінскіх у Слоніме (Гродзенская вобл.; 12 Ш. з выявамі ант. статуй, у т. л. «Флейтыст», «Амфітрыта», «Вакханка», «Геркулес»), на каралеўскіх мануфактурах А.​Тызенгаўза ў Гродне. У сучасным габеленавым ткацтве да традыц. гладкатканай тэхнікі і кампазіцыйнай пабудовы Ш. звярталіся Л.​Пятруль, Ф.​Шунейка і інш. 2) Рулонная папера (узорыстая ці аднатонная) для абклейкі сцен, столі і інш. Працэсы вытв-сці: выраб друкавальнай формы (клішэ), друкаванне малюнка на машыне, сушка і перамотка. Адрозніваюць Ш. звычайныя, вільгацеўстойлівыя (якія можна мыць) і гукапаглынальныя (варсаваныя). На Беларусі вырабляюцца на Мінскай шпалернай фабрыцы, Гомельскім акцыянерным таварыстве «Гомельшпалеры».

3) У садова-паркавым мастацтве рады дрэў, кустоў абапал дарогі ці дарожкі, якія ўтвараюць алеі. Выкарыстоўваюцца пераважна пры стварэнні рэгулярных кампазіцый. Алеі маглі мець выгляд калідораў з высокімі зялёнымі сценамі, у якіх праразаліся «дзверы» і «вокны». Падобныя сцены могуць акаймоўваць прамавугольнікі баскетаў, аддзяляюць партэры ад бакавых алей, служаць фонам, на якім размяшчаюцца скульптуры. Жывую агароджу робяць з граба, ліпы, бука ляснога, а таксама з некаторых высокарастучых кустоў. На Беларусі Ш. вядомы ў парках вёсак Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Дзярэчын Зэльвенскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-наў Гродзенскай вобл., вёсак Бачэйкава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., Альба Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. і інш. Ш. наз. таксама рашотку-апору для прымацавання павойных раслін.

4) Рады, шарэнгі войск па абодва бакі руху каго-н. або чаго-небудзь.

Літ.:

Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.

С.​У.​Пешын, В.​Р.​Анціпаў.

Шпалеры «Юнакі, якія кідаюць ружы свінням і зерне галубам». Фрагмент. Францыя. Пач. 16 ст.
Шпалеры «Бітва пад Славечнай» (фрагмент). Карэлічы. 2-я пал. 18 ст.
Шпалеры.

т. 17, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)