ШПАЛЕ́РЫ (ням. Spalier ад італьян. spalliera),

1) насценныя гладкатканыя дываны, выкананыя ў тэхніцы т.зв. рэпсавага ўточнага перапляцення. Выява ўтвараецца чаргаваннем рознакаляровых нітак утку (шэрсць, шоўк. часам залатыя ці сярэбраныя ніткі), якія перадаюць паступовую змену тону або рэльефнасці і, шчыльна закрываючы нефарбаваную аснову (шэрсць, лён), ствараюць характэрную рубчастую фактуру. Ш. ўзнаўляюць узор або карціну ў натуральную велічыню з кардону, які найчасцей выконваўся паводле мініяцюр, гравюр ці карцін вядомых мастакоў.

Вытокі ткацкай тэхнікі Ш. у маст. тканінах Стараж. Грэцыі, Месапатаміі, копцкіх тканінах 3—12 ст. У Зах. Еўропе Ш. вядомы з канца 11 ст. Дасягнулі росквіту ў 2-й пал. 14 ст. ў творах майстроў Парыжа, Араса, Турнэ і Бруселя, калі геам., расл. і геральдычныя матывы змяніліся сюжэтнымі выявамі рэліг., міфалагічнай, гісторыка-рамант. тэматыкі, серыямі, прысвечанымі ўшанаванню каралеўскіх і магнацкіх родаў: «Апакаліпсіс» (ткач Н.​Батай, мастак Ж.​Бандоль, 1377—80), серыя «Дзевяць герояў» (каля 1385, усе парыжская школа), «Дама з аднарогам», «Паляванне на аднарога», «Тры каранаванні» (усе канец 16 ст., брусельская школа) і інш. У 17 ст. агульнаеўрап. вядомасць набылі вырабы каралеўскай мануфактуры габеленаў у Парыжы (серыі «Гісторыя Аляксандра», «Гісторыя караля», «Месяцы», «Каралеўскія дамы» і інш.), пасля чаго да 19 ст. ўсе Ш. сталі называць габеленамі. Сярод мастакоў, якія выконвалі эскізы і кардоны для Ш., П. да Картона, Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс і інш.

На Беларусі Ш. выраблялі ў канцы 17—1-й пал. 19 ст. на ткацкіх мануфактурах (тапіцэрыях) кн. Радзівілаў у Бяла-Падлясцы (цяпер Польшча), Нясвіжы (Мінская вобл.), Альбе (цяпер у межах Нясвіжа), Міры (Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл.), Карэлічах (гл. Карэліцкія шпалеры), кн. Агінскіх у Слоніме (Гродзенская вобл.; 12 Ш. з выявамі ант. статуй, у т. л. «Флейтыст», «Амфітрыта», «Вакханка», «Геркулес»), на каралеўскіх мануфактурах А.​Тызенгаўза ў Гродне. У сучасным габеленавым ткацтве да традыц. гладкатканай тэхнікі і кампазіцыйнай пабудовы Ш. звярталіся Л.​Пятруль, Ф.​Шунейка і інш. 2) Рулонная папера (узорыстая ці аднатонная) для абклейкі сцен, столі і інш. Працэсы вытв-сці: выраб друкавальнай формы (клішэ), друкаванне малюнка на машыне, сушка і перамотка. Адрозніваюць Ш. звычайныя, вільгацеўстойлівыя (якія можна мыць) і гукапаглынальныя (варсаваныя). На Беларусі вырабляюцца на Мінскай шпалернай фабрыцы, Гомельскім акцыянерным таварыстве «Гомельшпалеры».

3) У садова-паркавым мастацтве рады дрэў, кустоў абапал дарогі ці дарожкі, якія ўтвараюць алеі. Выкарыстоўваюцца пераважна пры стварэнні рэгулярных кампазіцый. Алеі маглі мець выгляд калідораў з высокімі зялёнымі сценамі, у якіх праразаліся «дзверы» і «вокны». Падобныя сцены могуць акаймоўваць прамавугольнікі баскетаў, аддзяляюць партэры ад бакавых алей, служаць фонам, на якім размяшчаюцца скульптуры. Жывую агароджу робяць з граба, ліпы, бука ляснога, а таксама з некаторых высокарастучых кустоў. На Беларусі Ш. вядомы ў парках вёсак Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Дзярэчын Зэльвенскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-наў Гродзенскай вобл., вёсак Бачэйкава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., Альба Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. і інш. Ш. наз. таксама рашотку-апору для прымацавання павойных раслін.

4) Рады, шарэнгі войск па абодва бакі руху каго-н. або чаго-небудзь.

Літ.:

Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.

С.​У.​Пешын, В.​Р.​Анціпаў.

Шпалеры «Юнакі, якія кідаюць ружы свінням і зерне галубам». Фрагмент. Францыя. Пач. 16 ст.
Шпалеры «Бітва пад Славечнай» (фрагмент). Карэлічы. 2-я пал. 18 ст.
Шпалеры.

т. 17, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)