шурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. што і без дап. Перамешваць у топцы палаючае паліва, увесь час падкідаючы новае. Стараваты ўжо чалавек у ботах, галіфэ і ніжняй кашулі шураваў у топцы доўгай жалезнай качаргой. Нядзведскі. // Ачышчаць паверхню дна, каласнікі печкі, топкі і пад. ад шлаку, попелу. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у палаючую топку вугаль, шураваў каласнікі і ўсё ўсміхаўся. Лынькоў.

2. што і без дап. Разм. Старанна, энергічна мыць, церці, скрэбці, чысціць што‑н. [Валодзька:] — Бяры [Надзя] во швабру і шуруй. Падобраму — і я памог бы. Гроднеў.

3. перан. Разм. Развіваць бурную, энергічную дзейнасць; дзейнічаць, рабіць што‑н. энергічна, з запалам. І вось шуруюць — ездзяць [камісіі] на палі, Кароўнікі ды свірны правяраюць, Гросбух у бухгалтэрыі гартаюць... Корбан. Васіль шуруе граблямі — Працуе ля капніцеля. Ставер. // Хутка куды‑н. рухацца, крочыць, ісці і пад. [Алег:] — Аддайце яму ўсё... А ты, бацька, шуруй адсюль, чуеш? Радкевіч. Умова была простая: паставіш на ногі [грузавік] — сядай і шуруй!.. Ракітны.

4. перан.; што. Садзейнічаць хутчэйшаму развіццю чаго‑н., падштурхоўваць, паскараць наступленне чаго‑н. І каб «справа» не заглухла, ён [Іван Іванавіч] узмоцнена яе «шураваў». «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)