да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «да» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, да якіх скіравана дзеянне, рух. Падысці да акна. Плысці да берага. □ Да хаты падымчаўся жарабок, запрэжаны ў маляваныя драбіны. Чорны. Наталька павярнулася да бацькі, азарыла яго светлай усмешкай. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры абазначэнні мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад. Падкасаць штаны да каленяў. Давесці справу да канца. □ Канцы башлыка, якімі хлопец абвязаны ледзь не да носа, запацелі і падмярзаюць на ветры. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго‑н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з’ява і пад. Ад бурнай Віслы да Урала — Чырвоных ведалі ваяк. Чарот. Што ні скажа — Маслам мажа з плеч да лытак. Вось дык крытык! Крапіва.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. А цяпер, глядзі, зіма якая І якія на шляхах вятры, Што ледзь чутна, як гармонік грае У калгасным клубе да зары. Танк. Да сярэдзіны мая Рыгорава жыццё кацілася новай каляінай. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, з’ява і пад. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені — даволі-такі часу. Крапіва.

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з’явы, якім папярэднічала пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым небудзь, раней чаго-небудзь. Выканаць план да ўстаноўленага тэрміну. □ За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.

Колькасныя адносіны

6. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго‑н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на магчымасць якой‑н. колькасці, меры; адпавядае па значэнню словам: каля, прыблізна. У аўтобусе змяшчаецца да сямідзесяці пасажыраў. □ Прамінуўшы да дзесяці падвод, .. [Сідар] апамятаўся і спыніўся. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што‑н. Дзеці ад трох да пяці год.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы і пад., да якіх што‑н. далучаецца, дабаўляецца. Да пяці прыбавілі два. □ Рыгор прыстаў да першага рада і з асаблівым захапленнем убіваў у рыхлую зямлю востры жалязняк. Гартны. / У выразе: да таго ж. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Колас.

8. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з’яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто‑, што‑н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга. Колас. [Чарнавус:] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? Крапіва.

9. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога‑н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Рыхтавацца да экзаменаў. □ Голіцца .. [Ян] штодня, пакідаючы толькі адны вусы, каб паказаць сваім дочкам прыклад ахайнасці і прывучыць іх да парадку. Лынькоў.

10. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з’явы і пад. Пісьмо да запатрабавання. □ Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых. Гартны.

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое‑н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Шапка .. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія‑н. адносіны, пачуцці. Любоў да радзімы. Схільнасць да разважанняў. □ У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці. Асіпенка. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю гэту навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў. Колас.

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго‑, чаго‑н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго. Чорны. Яська — майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. Прыйшло да ахвоты пагаварыць. Маю да цябе справу. □ Колькі дзён не да рыбы было Сілівону. Лынькоў. Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай. Бядуля.

13. (у спалучэнні са словамі «падобны», «мець падабенства»). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, з якімі параўноўваецца хто‑, што‑н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага. Шамякін. Азірніся, падзівіся — Мірты, лаўры, кіпарысы Не падобны да сябе. Панчанка. Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутар[оў] ці да зборных выселак. Чорны.

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з’явы, з якімі звязан змест твора. Да пытання аб развіцці маністычнага погляду па гісторыю. Да пытання аб правапісе назоўнікаў.

15. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Наперад, да новых перамог! □ Рэй вядзе Рыжы. — Да зброі! — ціха камандуе ён. Колас. Жыві ж, красуйся, горад стольны, З руін да славы ўставай! Глебка.

16. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да голасу народных мас. □ Цяпер разгорнем часаў шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося. Колас. Ці ты, мілы, спіш, не чуеш, Што да мяне не гаворыш? З нар. песні. // Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Сеавольства да дабра не даводзіць.

17. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто‑н., змацоўваецца што‑н. Прывязаць каня да плота. Прымацаваць партрэт да сцяны. □ Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка. Лынькоў. Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. // Пры паўтораным назоўніку служыць для ўтварэння прыслоўных спалучэнняў, якія абазначаюць, што асобы ці прадметы узаемна сутыкаюцца, судакранаюцца. Хлопцы са страху прытуліліся адзін да аднаго. С. Александровіч. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Асіпенка.

Акалічнасныя адносіны

18. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Кранаць да душы. □ Раптам паляцела грузавая машына і, рэзка, ажно да піску, затармазіўшы, спынілася. Броўка. Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы. Лынькоў. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога‑н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці. □ Рэзкі сівер падыхае, Да касцей праймае. Крапіва. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату колькаснага ахопу; адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Разведаць усё да драбніц. □ Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна. Колас. — Я табе сплачу доўг, Сімон. На будучую восень я разлічуся да капейкі. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх‑н. прадметаў, якасцей і пад. Зацікавіць усіх — ад малога да старога.

•••

Ад дошкі да дошкі гл. дошка.

Ад слова да слова гл. слова.

Ад часу да часу гл. час.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Да пабачэння гл. пабачэнне.

Да пары да часу гл. пара.

Да часу гл. час.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Што да каго-чаго гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),

ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн з Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУ з Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак. Пл. 1219,9 тыс. км². Нас. 43426,4 тыс. чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г. Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г. Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).

Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).

Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.—жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл. Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс. км.

Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн. чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн. чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц. традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх. ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар. насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн. ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.

Гісторыя. Стараж. насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст. б. ч. тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.​Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц. гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.​Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.​Х.​Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.​Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.​Ф.​Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс. чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.​Г.​Стрэйдама (1954—58) і Х.​Ф.​Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр. паліт. арг-цыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале з Н.​Мандэлам арыштаваны.

31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.​І.​Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл. Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.​Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш. афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (з чэрв. 1999). ПАР — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр. нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.

Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд. дол. — па 6,8 тыс. дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.

Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасці найб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн. т), марганцавай руды (больш за 3 млн. т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн. т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн. т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім. прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб. значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф. прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадарка — асн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс. га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн. га, арашаецца 1,3 млн. га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн. га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб. значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн. т, пшаніца — 2 млн. т, цукр. трыснёг — 2,2 млн. т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс. т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс. км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд. дол., імпарт — 27,2 млрд. дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч. прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд. дол. Грашовая адзінка — рэнд.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс. чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс. чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс. чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс. чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.

Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс. чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац. акц. інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б. ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.

Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.​Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.​Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.​Селірса, Б.​У.​Вілаказі, раманы Дж.​Дубе, Р.​Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.​Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.​Пейтана, Н.Гордымер, Дж.​Коўпа, Дж.​Гордана, Э.​Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.​Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.​Барнарда і З.​Стэндэра, проза Д.​Брутуса, вершы І.​Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.​Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).

Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн. буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.​Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.​М.​Цібо і скульпт. А.​Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.​Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.​Мартынсен, У.​Г.​Макінташ). З сярэдзіны 20 ст. пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.​У.​Ангас, Т.​У.​Баулер, П.​Венінг, Я.​Х.​Пірнеф, Ч.​Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.​Масіке, Э.​Нгкоба, Ю.​Нод, А.​Нібе, Ж.​Секота, скульпт. Дж.​Кубхека, С.​Кумала, С.​К.​Седыбане, графікі А.​Дламіні, П.​Кларк, Дж.​Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.​Кекана і інш. Развіваюцца традыц. маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.

Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб. стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтва вак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял. значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап. муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.​Г.​Бела, кампазітараў і дырыжораў А.​Коўтса, Э.​Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.​Калуза, Э.​Сангонгі і інш.). На гар. муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.​Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.​Фаган, Б.​Герстман, П.​Рэйнір, А, ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац. тэатр. арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.​Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.​Трэйсі, Дж.​Тэйлара, Б.​Лешоая, Г.​Скосана. Сярод спевакоў Дж.​Магатоі, Н.​Мдледле, П.​Фанга, М.​Макеба, Б.​Самхлахла, Т.​Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.​Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ва афр. музыкі ў Іаганесбургу.

Літ.:

Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;

Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;

Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;

Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;

Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), Л.​В.​Календа (музыка).

Герб і сцяг Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
Да арт. Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Мыс Добрай Надзеі.
Капскія горы.
Рака Аранжавая ў Драконавых гарах.

т. 12, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калду́н 1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдунка ’вядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldováti ’жабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāre ’выклікаць, склікаць’, грэч. χαλέω ’клікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н 2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н 3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltun ’трыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдун ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н 4 ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdun ’страўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРГЕНЦІ́НА (Argentina),

Аргенцінская Рэспубліка (República Argentina), дзяржава ў Паўд. Амерыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага ак. Займае паўд.-ўсх. ч. Мацерыка, усх. палову в-ва Вогненная Зямля і суседнія з ёй астравы. Мяжуе на З з Чылі, на Пн з Балівіяй і Парагваем, на ПнУ з Бразіліяй і Уругваем. Падзяляецца на 22 правінцыі, адну федэральную (сталічную) акругу і нац. тэрыторыю Вогненная Зямля; Фалклендскія, або Мальвінскія, а-вы — спрэчная з Вялікабрытаніяй тэрыторыя. Пл. 2,8 млн. км² (8-я па велічыні краіна свету), нас. 33,9 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Буэнас-Айрэс. Афіц. мова іспанская, пашыраны італьян., ням., французская, англ. Нац. святы — гадавіна Майскай рэвалюцыі (25 мая), Дзень незалежнасці (9 ліп.).

Дзяржаўны лад. Аргенціна — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 чал.) і палаты дэпутатаў (254 чл.).

Прырода. Тэр. Аргенціны выцягнута з Пн на Пд на 3700 км (ад 22° да 55° паўд. ш.), з З на У да 1577 км. Берагі слаба парэзаны залівамі Ла-Плата, Эль-Рынкон, Сан-Матыяс, Сан-Хорхе, Баія-Грандэ і інш. У рэльефе вылучаюцца раўніны і нізіны: на Пн і У Гран-Чака, Пампа, Аргенцінскае Міжрэчча; у цэнтр. ч. Лаплацкая нізіна; на Пд Патагонскае пласкагор’е (да 2000 м) з плоскімі столападобнымі паверхнямі — мясетамі; на З Анды з найвыш. пунктам Паўд. Амерыкі гарой Аканкагуа (6960 м), на ПнЗ заходзіць ч. высакагорнага плато Пуна з шматлікімі вулканамі, на ПнУ — Бразільскае пласкагор’е. Клімат раўніннай ч. трапічны і субтрапічны, на Пд — умераны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (студз.) на Пн 28 °C, на Пд 10 °C, самага халоднага (ліп.) адпаведна 18 °C і 1 °C. У гарах клімат умерана халодны. Ападкаў за год ад 100—300 мм у Патагоніі да 1400—1600 мм на ПнУ, на ўсх. схілах Андаў да 5000 мм. Рачная сетка найб. развітая ў нізіннай і вільготнай паўн.-ўсх. ч. краіны. Буйныя паўнаводныя і суднаходныя ў нізоўях рэкі Парана (з прытокам Парагвай) і Уругвай зліваюцца ў агульнае вусце — эстуарый Ла-Плата. Да іх басейна належаць рэкі Пількамайо, Рыо-Бермеха, Рыо-Салада. Рэкі Патагоніі (Рыо-Каларада, Рыо-Негра, Чубут з Рыо-Чыко і інш.) багатыя гідраэнергарэсурсамі. Каля падножжа Андаў шматлікія, пераважна ледавіковыя, азёры Наўэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Лага-Архенціна, Фаньена (на Вогненнай Зямлі). Каля 20% тэр. Аргенціны пад вечназялёнымі і лістападнымі лясамі, пераважна ў гарах. На Гран-Чака сухое рэдкалессе на чырвоных глебах, ва Усх. Пампе лугавыя стэпы на чарназёмах (разараныя), у Патагоніі паўпустыні. У фауне шмат відаў, якія невядомы ў краінах Старога Свету: браняносцы, скунсы, магеланаў сабака, пампаскі кот і інш. Шмат птушак і паўзуноў. Найб. нац. паркі: Ігуасу, Лос-Гласьярэс, Ланін, Лос-Алерсес, Наўэль-Уапі і інш.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі, Францыі і інш. краін Еўропы. Жывуць таксама італьянцы, украінцы, беларусы, іспанцы, палякі, немцы, яўрэі і інш. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тыс. чал.; кечуа, тупі-гуарані і інш. Жывуць каля мяжы з Балівіяй і Парагваем, араўканы, тэхуэльча (патагонцы) — у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс. чал. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 12,1 чал. на 1 км² (1994). Большасць сканцэнтравана ў Пампе, менш населеная тэр. на Пд Аргенціны. Гар. насельніцтва 86%, трэцяя частка яго ў Вял. Буэнас-Айрэсе. Іншыя вял. гарады: Кордава, Мендоса, Расарыо, Ла-Плата, Марон, Мар-дэль-Плата, Тукуман, Санта-Фэ.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 66, у жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 25,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Тэр. Аргенціны заселена чалавекам у 8—7-м тыс. да н.э. Напярэдадні еўрап. заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны, якія знаходзіліся на розных ступенях першабытнага ладу. На ПнЗ жылі дыягіты (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і серабро. На ПнУ і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, чыёй мовай да гэтага часу карыстаецца сельскае насельніцтва Аргенціны. На тэр. сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з Паўн. Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю качавыя плямёны араўканаў. У 16 ст. тэр. Аргенціны каланізавалі іспанцы. Новыя землі яны назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — будучую сталіцу краіны. У 1617 на тэр. Аргонціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 б.ч. Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Аселыя на гэтых землях ісп. каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясц. індзейскае насельніцтва, утварыўшы паўд.-амер. тып метысаў. Нашчадкаў ісп. каланістаў і дзяцей ад змешаных шлюбаў са светлай скурай сталі называць крэоламі. Ісп. заваяванне перапыніла самаст. развіццё індзейскіх плямёнаў. Жорсткая іх эксплуатацыя ў рудніках, адцясненне ў больш халодныя раёны і перадгор’і Андаў рэзка зменшылі колькасць мясц. насельніцтва. У абарону яго выступіла каталіцкая царква. У 1610 ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрап. культурай. У 17 ст. ў сувязі з недахопам рабочых рук іспанцы пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі. Палітыка каланізатараў неаднойчы выклікала нар. хваляванні (1580, 1630, 1657, 1712, 1720, 1770). Шматлікія абмежаванні, якімі метраполія тармазіла сац.-эканам. развіццё Ла-Платы, выклікалі супраціўленне крэолаў. Вайна паўн.-амер. калоній за незалежнасць, франц. рэвалюцыя канца 18 ст., буйныя паўстанні індзейцаў Перу і Чылі стымулявалі вызв. барацьбу і ў Аргенціне. Крызіс ісп. калан. сістэмы спрабавала выкарыстаць Вялікабрытанія. Аднак 2 яе інтэрвенцыі ў 1806—07 пацярпелі паражэнне. У выніку антыісп. паўстання 1810 у Буэнас-Айрэсе скінуты віцэ-кароль і ўлада перайшла да Патрыят. т-ва, якое сфарміравала часовы ўрад Ла-Платы. Гэта паўстанне стала састаўной ч. Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. 9.7.1816 Нац. кангрэс у Тукумане абвясціў незалежнасць Аб’яднаных правінцый Ла-Платы, у 1826 яны пераўтвораны ў Федэратыўную Рэспубліку Аргенціна. Першым прэзідэнтам Аргенціны стаў Б.Рывадавія. У 1829 1835 у Аргенціне ўстаноўлены дыктатарскі рэжым Х.​М.​Росаса, які ў выніку нар. руху ў 1858 1852 быў скінуты. Канстытуцыя 1853 паскорыла працэс аб’яднання краіны. Прагрэсіўна-ліберальныя ўрады Д.​Сарам’ента (1868—74), Н.​Авельянеды (1874—80) правялі шэраг рэформаў. Паступова Аргенціна стала буйным экспарцёрам збожжа. Да пач. 20 ст. ў асн. склалася аргенцінская нацыя. Выразнікам патрабаванняў далейшых пераўтварэнняў стала партыя Грамадз. радыкальны саюз (ГРС), створаная ў 1891. У 1916 яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах і яе ўрады, што кіравалі краінай да 1930, ажыццявілі шэраг рэформаў, нацыяналізавалі нафтавую прам-сць, умацавалі дзярж. сектар, увялі 8-гадзінны рабочы дзень. З 1930 да 1946 краінай правілі ваен. рэжымы. На прэзідэнцкіх выбарах 1946 перамог лідэр хустысіялісцкага руху (гл. Хустысіялізм) Х.Д.Перон, які правёў новыя рэформы. У выніку ваен. перавароту ў вер. 1955 Перон скінуты, і да 1983 Аргенцінай правілі пераважна ўрады ваенных. Гады праўлення апошняга ваен. рэжыму пазначаны абвастрэннем унутр. і знешняга становішча, што найб. выявілася ў англа-аргенцінскім канфлікце 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы. У выніку выбараў 1983 прэзідэнтам Аргенціны стаў Р.Альфансін ад партыі ГРС. Пагаршэнне эканам. сітуацыі ў краіне вылілася ў сац. хваляванні. На выбарах 1989 перамог кандыдат ад Хустысіялісцкай партыі К.​Менем. Ён аднавіў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй, умацаваў сувязі з дзяржавамі ЕЭС; Аргенціна выйшла з Руху недалучэння і арыентуецца на пазіцыю ЗША і інш. развітых краін. У 1991 падпісана пагадненне з Бразіліяй, Парагваем і Уругваем пра ўтварэнне паўд.-амер. агульнага рынку. На выбарах у 1995 прэзідэнтам краіны зноў выбраны К.​Менем. Аргенціна — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.11.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хустысіялісцкая партыя, Грамадз. радыкальны саюз, Саюз дэмакр. цэнтра, Хрысц.-дэмакр. партыя. Адзіны праф. цэнтр краіны — Усеагульная канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. Аргенціна — адна з найб. развітых у эканам. адносінах краін Лац. Амерыкі. Валодае разнастайнымі прыродна-эканам. рэсурсамі, урадлівымі землямі, энерганосьбітамі (нафта, газ, гідраэнергія, найб. ў Лац. Амерыцы запасы уранавых рудаў) і інш. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 112 млрд. дол. (1992), 3,4 тыс. дол. на душу насельніцтва, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні ўзровень па рэгіёне.

Прамысловасць. Аснова эканомікі — высокаразвітая апрацоўчая прам-сць, дае каля 24% ВУП і амаль цалкам забяспечвае патрэбы краіны. Каля 50% кошту прамысл. прадукцыі дае чорная металургія (выплаўка чыгуну і сталі, пераважна на прывазной сыравіне), каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку, алюмінію), маш.-буд. (аўта-, трактара-, судна- і станкабудаванне, с.-г. машыны), нафтаперапр., нафтахім. і хім. прам-сць. Развіта вытворчасць трубаў, электратэхн., цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць. У Аргенціне раней, чым у інш. краінах Лац. Амерыкі, узніклі галіны, звязаныя з высокімі тэхналогіямі (электронная, атамная). Удзельная вага традыц. галін прам-сці — харчасмакавай (тытунёвая, вытв-сць парагвайскага чаю матэ) і тэкстыльнай — знізілася. Вельмі развіта харч. прам-сць (мясная, цукровая, маслабойная, кансервавая, мукамольная, вінаробчая і інш.). Значная гарбарна-абутковая прам-сць. У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча нафты і прыроднага газу, поліметалічных, уранавых, жалезных, марганцавых, медных, берыліевых і вальфрамавых рудаў, а таксама вугалю. У 1992 выпрацавана 51,4 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі (каля 48% на ЦЭС, 46% на ГЭС, 5% на АЭС). Буйныя прамысл. цэнтры: Буэнас-Айрэс (каля паловы прамысл. прадукцыі), Кордава, Ла-Плата, Расарыо, Санта-Фэ, Мендоса, Баія-Бланка, Саратэ і інш.

Сельская гаспадарка. Разам з рыбалоўствам дае 15% ВУП і забяспечвае краіну харч. прадуктамі і большай ч. сыравіны. Спецыялізацыя — таварная вытв-сць мяса і збожжа. Каля 75% зямельнага фонду належыць буйным латыфундыям (больш за 1000 га). Плошча с.-г. угоддзяў каля 180 млн. га, з іх 20% — ворныя землі. Асн. галіна — жывёлагадоўля: буйн. раг. жывёла мяснога кірунку і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Развіта птушкагадоўля. Земляробства канцэнтруецца ў Пампе. Асн. с.-г. культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, авёс, сланечнік. Вырошчваюць лён, жыта, цукр. трыснёг, цукр. буракі, сою, рыс, чай, бавоўнік, люцэрну, бульбу, тытунь, арахіс, вінаград, аліўкавыя і тунгавыя дрэвы, цытрусавыя. Вакол вял. гарадоў — агародніцтва, садаводства, малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля.

Транспарт. У знешніх перавозках гал. роля належыць марскому транспарту, ва ўнутраных — аўтамабільнаму. Найб. марскія парты: Буэнас-Айрэс, Ла-Плата, Расарыо, Баія-Бланка, Сан-Нікалас, Камадора-Рывадавія, Санта-Фэ, Мар-дэль-Плата. Даўж. аўтадарог 575 тыс. км, 55 тыс. км асфальтаваныя, чыгунак 37 тыс. км. У Аргенціне 10 міжнар. аэрапортаў, найбольшы ў Буэнас-Айрэсе. Каля 80% экспарту складае с.-г. прадукцыя: мяса, мясапрадукты, воўна, скуры, збожжа, маслічныя, малочныя прадукты, дубільны экстракт з кебрача, чай. Экспартуюць таксама абсталяванне, вальфрам. Імпарт: машыны, прамысл. абсталяванне, сыравіна, нафтапрадукты, паліва. Гандл. партнёры: ЗША, Бразілія, Балівія, Германія, Італія, Японія, Нідэрланды і інш. Беларусь у 1993 экспартавала ў Аргенціну грузавыя аўтамабілі, трактары, з Аргенціны прывозіла с.-г. прадукты. Грашовая адзінка — песа.

Узброеныя сілы Аргенціны ўключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 83 тыс. чал. (1991) і складаюцца з сухап. войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (45 тыс. чал.) зведзены ў 4 армейскія корпусы, маюць на ўзбраенні танкі і інш. бранятэхніку, артылерыю, ракеты і інш. У складзе ВПС (13 тыс. чал.) 10 авіяц. брыгад (143 баявыя, 164 дапаможныя самалёты, 45 верталётаў). ВМС (25 тыс. чал.) уключаюць флот, авіяцыю ВМС і падраздзяленне марской пяхоты (3 тыс. чал.); 36 баявых караблёў (1 авіяносец, 6 эсмінцаў, 7 фрэгатаў, 4 падводныя лодкі, 12 патрульных караблёў і 6 тральшчыкаў), 67 катэраў, 38 дапаможных суднаў, 33 самалёты і 24 верталёты марской авіяцыі. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульнай воінскай павіннасці, прызыўны ўзрост — 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках і ВПС — 1 год, у ВМС — 14 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. вучылішчах, а таксама за мяжой. Ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з жандармерыі (ваен. паліцыя, 13 тыс. чал.) і берагавой аховы (9 тыс. чал.). Агульная колькасць рэзерву — 377 тыс. чал. (1987).

Асвета, навуковыя ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1976 сістэма адукацыі ў Аргенціне ўключае ўстановы дашкольнага выхавання для дзяцей 3—5 гадоў, абавязковую (пачатковую) школу (7 гадоў навучання) для дзяцей 6—12 гадоў, сярэднюю (5—7 гадоў навучання) з двума цыкламі: 3-гадовым базавым (8—10 кл.) і 2—4-гадовым агульнаадук. або спец. навучаннем (у залежнасці ад тыпу сярэдняй навуч. установы ці ВНУ). У 1989/90 навуч. г. дашкольныя дзіцячыя ўстановы (існуюць пры пач. школах) наведвала 720 тыс. дзяцей, у пач. школах займаліся 4,9 млн. вучняў, працавалі 252 тыс. настаўнікаў, у сярэдніх — каля 2 млн. вучняў і 262 тыс. выкладчыкаў. Вышэйшую адукацыю ў Аргенціне даюць у асноўным ун-ты (больш за 50), а таксама ін-ты і вышэйшыя каледжы. Каля паловы прыватных ВНУ кантралюе каталіцкая царква. У 1989/90 навуч. г. ў ВНУ займалася каля 903 тыс. студэнтаў, працавала каля 70 тыс. выкладчыкаў. Найбольшыя ун-ты: у Буэнас-Айрэсе (з 1821), Кордаве (з 1613), Ла-Плаце (з 1884), Санта-Фэ (з 1919), Мароне (з 1960) і інш. Найбольшыя б-кі: Нац. б-ка (з 1810), б-ка ун-та ў Буэнас-Айрэсе, Нац. кангрэса (з 1859). Музеі: прыродазнаўчых навук (з 1823), Нац. гістарычны (з 1889), Нац. музей прыгожых мастацтваў (з 1895), школьны імя Сарм’ента (з 1910, усе ў Буэнас-Айрэсе), прыродазнаўча-гістарычны ў Мендосе (з 1911) і інш. Навуковыя даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях навук, НДІ пры ун-тах і ін-тах, у навук. т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аргенціне выходзіць 227 перыяд. выданняў агульным тыражом 2,75 млн. экз. (1990). Найбуйнейшыя газетныя выданні: «Clarin» («Гарніст», з 1945), «Cronica» («Хроніка», з 1963). Агенцтвы друку: Тэленатысіёса Амерыкана (з 1945), Дзыстрыбуідора Аргенціна дэ Натыскас (прыватнае інфарм. агенцтва, з 1964), Дыярыас і Натысіяс (з 1982). Дзейнічаюць 37 дзярж., 3 прыватныя і 72 мясц. радыёстанцыі. Галоўныя: Радыё Эль Мунда, Радыё дэль Плата, Радыё Насьёналь. 14 дзярж. тэлестанцый, 28 прыватных тэлеканалаў.

Літаратура. Літ. помнікі карэннага індзейскага насельніцтва Аргенціны не захаваліся. Творы калан. перыяду (пач. 16 — пач. 19 ст.) — гіст. хронікі Р.​Дыяса дэ Гусмана, М. дэль Барка Сентынеры (л-ры Ла-Платы). У гады нац.-вызв. руху (1810—16) панаваў рэв.-патрыят. класіцызм (Х.​Крус Варэла, Б. дэ Мантэагуда). Пасля абвяшчэння незалежнасці Аргенціны ідэйна-маст. кірункам у л-ры стаў рамантызм (Х.​М.​Гуцьерэс, Э.​Эчыверыя, Х.​Мармаль). Маст.-філас. твор «Факунда» (1845) Д.​Ф.​Сарм’ента лічыцца шэдэўрам арг. рамант. школы. Гіст. раман «Амалія» (1855) Х.​Мармаля — першы нац. раман. Да канца 18 ст. склаліся традыцыі фальклору гауча (жыхароў Пампы). На іх аснове развіваецца ўласнаарг. «л-ра гауча» (І.​Аскасубі, Э. дэль Кампа, Р.​Аблігада). Яе вяршыня — эпічная паэма Х.​Эрнандаса «Марцін Ф’ера» (ч. 1—2, 1872—79), адметная рысамі кастумбрызму (апісанне побыту і нораваў). Імкненне да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці характэрна для твораў прадстаўнікоў кастумбрысцкай л-ры (2-я пал. 19 ст.) Л.​В.​Лопеса, Л.​Кане, Э.​Вільдэ, К.​Гіда-і-Спана. З пач. 20 ст. ўзмацніліся пазіцыі рэалізму [Х.​Мартэль, Э.​Камбасерас, Ф.​Моча (Х.​С.​Альварэс), Р.​Х.​Пайра, Ф.​Санчэс, Б.​Лінч, М.​Гальвес], мадэрнізму і постмадэрнізму (Л.​Лугонес, Э.​Лаэрта, Б.​Фернандэс Марэна, Э.​Карыега, А.​Сторні, Э.​Банчс, Р.​А.​Арыета, Э.​Марцінес Эстрада і інш.). Вялікі ўплыў на развіццё літ. жыцця 1920-х г. зрабілі літ. аб’яднанні «Фларыда» (адстойвала «чыстае» мастацтва: Х.Л.Борхес, Э.​Мальеа, Л.​Марычаль) і «Баэда» (выступала за «мастацтва для жыцця»: А.​Юнке, Р.​Арльт, Р.​Гансалес Туньён). У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у развіццё арг. і сусв. л-ры зрабілі Х.​Картасар, Х.​Л.​Борхес, Э.​Сабата і інш.

Архітэктура. У калан. перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і інш. з прамавугольнай сеткай вуліц, на гал. плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал. Архітэктура 17 ст. вызначалася прастатой і манументальнасцю (арх. Х.​Краус, А.​Бланкі, Х.​Б.​Прымалі). Найб. характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інж. Ф.​Лемера, 1649—90). З 18 ст. панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я г. склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (арх. А.​Вірасора, В.​Акоста, Х.​Віванка, А.​Банет, А.​Вільямс). З 1940—50-х г. архітэктары звяртаюцца да арган. архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А.​Агасціні, Х.​Сальсон, К.​Тэст, А.​Гайда, Э.​Лестан, Э.​Амбаш і інш.).

Выяўленчае мастацтва. Да каланізацыі Аргенціны ў 16 ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменю, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўл. мастацтва ў асн. было рэлігійнае (разнымі дэкар. скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (гал. чынам партрэт). Пасля вызвалення Аргенціны ад ісп. панавання (1816) пад уздзеяннем заходнееўрап. мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К.​Марэль, пейзажыст П.​Пуэйрэдон, скульптар Л.​Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э.​Сіворы). На пач. 20 ст. распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х.​Бутлер, П.​Куіда, М.​Мальяра, П.​Сонса Брыяна, Ф.​Фадэр, скульптары Р.​Іруртыя і інш.). У 1929 Р.​Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э.​Петаруці, Р.​Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Х.​Ле Парк, А.Берні, М.​Мінухін, Э.​Майк-Інтайр, Р.​Максіо). Вострыя сац. праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х.К.Кастаньіна, Л.​Э.​Спілімберга, Б.​Кінкуэла Марцін, графікі А.​Р.​Віга, А.​Брыес, разьбяры А.​Сібеліна, С.​Фітула.

Музыка. У нар. музыцы Аргенціны пераважае крэольскі фальклор. Музыка індзейцаў-абарыгенаў захавалася толькі на ПдЗ краіны. Сярод песень і танцаў індзейцаў — араві, уайна, карнаваліта; муз. інструменты — кена, пінкілья, сіку і інш. Крэольскі муз. фальклор (песні — яраві, трыстэ, тона, эсціла, танцы — самакуэка, байлесіта, куанда і інш., мастацтва нар. паэтаў-спевакоў — паядораў) дасягнуў росквіту ў 19 ст. Прафес. муз. школа складваецца з канца 19 ст. пад уплывам еўрапейскіх, пераважна італьянскіх, жанраў і стыляў. Яе заснавальнік К.Вільямс. У канцы 19 ст. з’явіўся жанр оперы (А.​Беруці). У 1929 арганізавана «Група музычнага абнаўлення». Працуюць кампазітары браты Х.М. і Х.​З.​Кастра, Х.​Фішэр, Х.​Пас, А.Хінастэра, Ф.​Кропфль і інш. Муз. Цэнтр Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе дзейнічаюць: оперны т-р «Калон» (1908); аркестры філарманічны, Нац. сімфанічны, Нац. радыё; Нац. і Муніцыпальная кансерваторыі; Лац.-амер. цэнтр муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья» і інш.

Тэатр. Першы т-р у Буэнас-Айрэсе адкрыты ў 1783. У 1880-я г. ўзнік жанр рамант. меладрамы, т.зв. «тэатр гауча», гал. герой якога — селянін-пастух (гауча), ахвяра сац. несправядлівасці. На пач. 20 ст. вял. значэнне для развіцця нац. т-ра мела рэаліст. творчасць драматурга Ф.​Санчаса. У 1920-я г. ў процівагу камерцыйным узніклі «незалежныя» т-ры, якія вывучалі вопыт еўрап. т-ра, ставілі п’есы нац. драматургаў А.​Кусані, А.​Драгуна, К.​Гарастыса, творы класічнай і тагачаснай драматургіі. Цэнтр тэатр. жыцця Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе працуюць незалежныя («Эль-Пуэбла», «Новы тэатр», «Ла Маскара») і камерцыйныя т-ры (Нац. т-р камедыі, «Архенціна» і інш.), Нац. ін-т вывучэння т-ра. Сярод рэжысёраў і акцёраў: А.​Баэра, П.​Аскіні, М.​Села, Л.​Сандрыні, Ф.​Петроне.

Кіно. Упершыню кіназдымкі ў Аргенціне адбыліся ў 1897. У 1908 зняты першы маст. фільм «Расстрэл у Дарэга» (рэж. М.​Гальа). Фільм «Танга смерці» (1917, рэж. Х.​А.​Ферэйра) паклаў пачатак серыі карцін, сюжэтна звязаных з папулярным у краіне танцам танга. У 1940—50-я г. найб. поспех мелі муз. камедыі з удзелам Л.​Торэс, лепшая з якіх — «Узрост кахання» (1953, рэж. Х.​Сарасэні). У 1950-я г. ў кіно прыйшло новае пакаленне рэжысёраў: Р.​Куін, Л.​Муруа, Л.​Фавіа, Х.​Марцінес Суарэс, творчасць якіх атрымала назву «новае аргенцінскае кіно». У 1956 заснавана Школа дакумент. кіно пад кіраўніцтвам Ф.​Біры. Вядомыя рэжысёры: Л.​Нільсен, Ф.​Э.​Саланас, Д.​Ліпшыц, Л.​Пуэнца.

Беларусы ў Аргенціне. Бел. дыяспара ў Аргенціне склалася з некалькіх значных эміграц. хваляў з Беларусі. Гэтаму спрыялі і адпаведныя законы Аргенціны: яе ўрад даваў усім эмігрантам роўныя правы, вызваляў іх ад падаткаў і г.д. Прадстаўнікамі 1-й эміграц. хвалі з Беларусі (канец 19 ст. — 1914, каля 300—400 тыс. чал.) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і інш. усх. губерняў (асн. іх ч. пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). У час 2-й хвалі эміграцыі ў 1921—39 з Зах. Беларусі каля 40 тыс. чал. перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мэндэра, Сан-Жуан, каля 60 тыс. — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 у Буэнас-Айрэсе склалася першае бел. культ.-асв. т-ва «Грамада», у 1935 — «Культура», у 1937 — «Т-ва бібліятэкі імя Івана Луцэвіча», у 1938 — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», у 1939 — «Док Суд», Бел. культ. т-ва ў г. Берысо. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне, дзейнасцю якой кіравала ўправа на чале з М.​Мярэчкам, У.​Гайлевічам і Я.​Пятрушакам; выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». У пач. 2-й сусв. вайны пры Федэрацыі створаны Бел. дэмакр. к-т, які праводзіў збор дабрачынных ахвяраванняў; у 1943 з аналагічнымі мэтамі ўтвораны Славянскі саюз Аргенціны. У час 3-й хвалі ваен.-паліт. эміграцыі ў 1946—53 бел. дыяспара павялічылася прыкладна на 1—1,5 тыс. чал. Яе прадстаўнікі заснавалі альтэрнатыўнае даваен. т-ва Згуртаванне беларусаў Аргенціны (ЗБА; 1948—57, старшыня К.​Мярляк), якое ў 1948 увайшло ў Антыкамуніст. славянскую лігу. ЗБА актыўна выступала супраць намаганняў пасольства СССР у Аргенціне прадстаўляць інтарэсы Беларусі. У 1949—54 у Аргенціне працавала прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з Мерляком. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страчваюць сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. У сувязі з рэпатрыяцыяй прыхільнікаў бел. нац. ідэі з ліку прац. эміграцыі (каля 15 тыс. чал.), выездам прадстаўнікоў ваенна-паліт. эміграцыі ў ЗША бел. нац. змястоўнасць ў грамадска-культ. жыцці суайчыннікаў амаль знікае. Паступова ліквідуецца і адна з найбуйнейшых арг-цый «Белорусский очаг» (з 1951, налічвала 15—18 тыс. пераважна сав. грамадзян). З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны» (больш за 2 тыс. чал.), куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У сучаснай бел. дыяспары Аргенціны каля 150 тыс. прадстаўнікоў бел. эміграцыі розных пакаленняў.

Літ.:

Пименова Р.А. Аргентина. М., 1987;

Культура Аргентины. М., 1977;

Arte argentino contemporaneo: [Catalogo]. Madrid, 1976.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Х.-К.​Папок (літаратура), А.​А.​Гарахавік (музыка), Л.​М.​Зайцава (кіно), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Аргенціне).

Герб і сцяг Аргенціны.
Аргенціна. Статак авечак у Патагоніі. Правінцыя Санта-Крус.
Аргенціна. Пейзаж аргенцінскай Пуны.
Аргенціна. Нацыянальны парк Наўэль-Уапі.
Аргенціна. Горад Кордава.
Да арт. Аргенціна. Спартыўная зала-басейн у Буэнас-Айрэсе. Арх. Э.​Лестан. 1988.
Да арт. Аргенціна. Руіны царквы Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес. 18 ст.
Да арт. Аргенціна. Э. Петаруці. Квінтэт. 1927.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Казёл 1 ’жывёла, самец казы’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; КЭС, лаг.; Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Юрч., Янк. Мат., Янк. 3.). Укр. козел, рус. козёл, польск. kozioł, в.-луж. kozoł, н.-луж. kózoł, чэш. kozel, славац. kozol, славен. kózel, серб.-харв. kozao (чак. і інш.), kozel (кайк.), балг. козел, ст.-слав. козьлъ, козелъ. Прасл. kozьlъ < koza, аб структуры ўтварэння гл. Шульцэ, Зб. Ягічу, 343–347. Прасл. інавацыя; БЕР (2, 525) спрабуе прапанаваць і.-е. рэканструкцыю: *(s)kəĝ‑ilo‑s літаральна ’скакун’.

Казёл 2 ’козлы для распілоўкі дроў’ (Бяльк., Выг. дыс., Касп., лаг. КЭС; Мат. Гом., Юрч.). Рус. (пск., калін., цвяр. і інш.) козёл ’тс’, н.-луж. kózol ’тс’. Статус слова няясны; яно можа быць самастойным утварэннем тыпу рус. козёл і інш. у значэнні розных падпорак, асабліва рагатых, а можа, улічваючы натуральнасць формы мн. ліку для назвы гэтай рэаліі, быць другасным. Ва ўсякім разе меркаваць, што бел., рус. і н.-луж. назвы захоўваюць або першасную, або старую паралельную назву для гэтай рэаліі, няма падстаў. Можна думаць, што тут не абышлося без уплыву іншых тэрмінаў у адз. ліку, як аманімічных да разглядаемага слова, так і семантычна падобных (кабылка і інш.). Гл. козлы, дзе этымалогія і паралелі.

Казёл 3 ’умацаванне саламянай страхі’ (Сцяшк., Мат. Гом.). Да казёл 1, перанос назвы паводле падабенства рэаліі да рагоў жывёлы, такая ж матывацыя ў шматлікіх іншых назвах розных рогападобных прыстасаванняў, дэталей і інш., параўн. наступныя словы і семантыку дэрыватаў ад каза.

Казёл 4 ’умацаваныя на бэльцы козлы, на якія абапіраецца верхняя частка даху’ (Юрч.). Як не зусім дакладныя адпаведнікі, можна прывесці польск. kozieł ’кроква, частка канструкцыі даху’ (ст.-польск. з XV ст. и дыял. паўн.-зах.), н.-луж. kózol ’тс’. Матывацыя, як і ў папярэднім выпадку, паводле падабенства.

Казёл 5 ’гімнастычны снарад’ (ТСБМ). Да казёл), матывацыя зразумелая (перанос па знешняму падабенству: канструкцыя на ножках параўноўваецца з формай жывёлы); паралелі ў іншых мовах і статус слова як тэрміна прымушаюць меркаваць аб запазычанні з рус. козел ’тс’.

Казёл 6 ’частка збудавання пры студні: разгалістае бервяно, на якім прымацоўваецца вочап’ (Янк. 3.). Да казёл 1, перанос назвы па зааморфнай прыкмеце рэаліі (наяўнасць расохі), якая параўноўваецца з рагамі жывёлы. Не выключае, што тут субстытуцыя каза 3 (гл.).

Казёл 7 ’сажань, прылада для вымярэння плошчы’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Да казёл 1, гэта слова паралельнае каза 8 або замяшчэнне назвы, як больш прымальнае або ўтворанае ў канкрэтным выпадку (у сістэме тэрміналогіі гаворкі).

Казёл 8 ’мера даўжыні (2,5 м)’ (Мат. Гом.). Можна разглядаць як утварэнне на базе папярэдняга слова (прыстасаванне для вымярэння — мера); што ж датычыцца канкрэтнай лічбы, тут або адлюстраванне старых варыянтаў мер даўжыні (параўн. у Семянтоўскага, О мерах и весах, употребляемых в Витебской губернии. Витебск, 1874, стар. 12), або мясцовыя традыцыі. Магчыма, гэта некалькі павялічаны касы сажань.

Казёл 9 ’мера дроў (2,5 м³)’ (Мат. Гом.). Відавочна, да папярэдняга слова: укладка на кубічнага «казла» → «казёл» як новая мера. Не выключана, што суадносіны гэтых лексем больш складаныя. Калі прыняць, што назва казачок, казёл утвараецца ад назвы спецыфічнай укладкі дроў пэўнага аб’ёму, можна думаць, што яе рэальная даўжыня магла лічыцца і асобнай мерай. Такім чынам, з’яўленне слова казёл ’мера даўжыні’ абавязана тэрміналагізацыі назвы спецыяльнай укладкі дроў як меры аб’ёму. Калі ж лічыць, што гэта малаверагодны (паводле складанасці пераносаў) варыянт тлумачэння, вельмі цяжка высветліць суадносіны слоў казачок і казёл. Магчыма, гэта незалежныя ўтварэнні і, прымаючы для слова казёл першы варыянт этымалогіі, можна экстрапаліраваць і на слова казачок. Тут неабходна дапусціць існаванне значэння ’прылада для вымярэння даўжыні’. Паколькі казачок у іншых значэннях як метафара ад казак < каза зафіксавана ў бел. і ў інш. слав. мовах, а рэалія носіць назвы-дэрываты ад каза 1, казёл 1, такое дапушчэнне цалкам верагоднае. Назва меры даўжыні таксама натуральная з’ява, як і магчымае наступнае ўтварэнне паняцця кубічнай меры. Прымаючы казачок ’лінейная мера, кубічная мера’ адэкватным сажню (параўн. каза ’сажань’), атрымліваем казачок ’мера дроў, якая раўняецца сажню’. Гатовыя для ўжывання дровы маглі вымярацца кубічнай і лінейнай мерай, а таксама адным, двума і г. д. радамі паленняў. Звычайным можна лічыць варыянт сажань дроў ’сажань з адным радам дроў’ і адпаведна казак дроў. Прымаючы пад увагу рус. пятерик дров ’пяціпаленны сажань’ і прыведзеныя Далем даныя па даўжыні палена — 10–12 вяршкоў, можна меркаваць, што пяціпаленны сажань — гэта кубічны сажань пры мінімальнай даўжыні палена, а пры іншым падліку (сажань — 3 аршыны, аршын — чатыры чвэрці па чатыры вяршкі, усяго 48 вяршкоў), пры даўжыні палена 12 вяршкоў, атрымліваем 1/4 сажня. Гэта можна прыняць, аднак рэальна ў нас казачок не 1/4, а 1/8 сажня. Можна прапанаваць наступную версію тлумачэння, каб суаднесці гэтыя лічбы. Казачок ’мера дроў’ звычайна яшчэ і ’столькі дроў, колькі змяшчаецца на невялікім возе’. Казачок ’1/4 сажня дроў’ і казачок ’два вазы дроў, адзначанае ў слоўніку мінска-маладзечанскіх гаворак, суадносяцца як роўныя велічыні. Гэта дазваляе меркаваць, што казачок ’адзін воз дроў’ і адпаведна ’1/8 сажня’ — другасныя ўтварэнні, вынік натуральнага развіцця значэння і ўзнікнення зручнай дробнай меры аб’ёму з наступнай спецыялізацыяй значэння ’аб’ём невялікага воза’. Аднак рус. болх., арл. казак значыць не 1/8, а 1/16 кубічнага сажня дроў, што матэматычна добра ўзгадняецца з папярэдняй лічбай як яшчэ больш дробная велічыня (1:2), але дрэнна тлумачыцца лінгвістычна, нават калі прымаць гэта слова як пранікненне з бел. гаворак (з формы казак) у якасці тэрміна. Апрача гэтага, пярэчыць нашым меркаванням і рус. дыял. (арханг.) козлец ’маленькі воз сена’, якое паказвае, што гэта праблема не толькі бел. мовы: тлумачэнне павінна ўлічваць і такі факт, прапаноўваючы або тыпалагічна верагодную мадэль утварэння, або такі варыянт, які ўключае рус. лексему як роднасную. Па такіх крытэрыях прапануемая этымалогія не вельмі надзейная і перавага за ранейшымі версіямі. Гл. казачок.

Казёл 10 ’род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўса, састаўленых пэўным чынам для прасушвання’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’бабка ячменных снапоў без шапкі’ (полац., Нар. лекс.). Гэтыя фіксацыі нельга аддзяліць ад рус. слаўк., пск. козёл ’укладка снапоў’ (пра лён), калін. ’вялікая ўкладка аўса’, валд., наўг. ’асаблівая ўкладка жытніх снапоў у дажджлівы час’. Безумоўна, да казёл 1, аднак матывацыя не зводзіцца да адзінай, што, магчыма, указвае на розныя па ўтварэнню словы. Так, можна разглядаць асобна казёл ’укладка лёну’ — гэта ўтварэнне па тыпу казёл, козлы ў дачыненні да прадметаў, пастаўленых у піраміду (козлы) вертыкальна з нахілам. Казёл ’спецыяльная ўкладка снапоў’ суадносіцца хутчэй за ўсё з тэрмінамі казёл, козлы, ставіць казлом, якія абазначаюць або Т‑падобныя канструкцыі, або спецыяльную ўкладку торфу, цэглы для больш хуткай прасушкі; такія словы суадносяцца з лексемай казёл 1 непасрэдна або — гэта вынік ужывання як уласнага тэрміна з адпаведным значэннем. Звяртае на сябе ўвагу дублетнасць ужывання бабка і казёл, гл. вышэй у дэфініцыях, параўн. таксама рус. дыял. (1965) козлуха ’укладка снапоў ільну; сноп ільну’ і прыклад: «Козлуха — снопы составляешь бабочкой, а что бабочка, что козлуха — все одно, так называют снопик льна» (СРНГ, 14, 69). Цяжка меркаваць, ці магла тут мець месца субстытуцыя тэрмінаў бабка і казёл, як у іншых выпадках, разгледжаных вышэй, ці гэта паралельнае ўжыванне тыпалагічна эквівалентных канструкцый (у змешаных гаворках). Тое ж і для разглядаемага слова: такі варыянт магчымы, але неабавязковы, як і ў выпадку баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза, казёл ’тс’.

Казёл 11 ’упарты чалавек’ (Янк. 3.). Пераноснае ўжыванне казёл 1. Метафара празрыстая; тое ж відаць, як тыпалагічная універсалій, у іншых мовах: рус. козел, польск. kozioł ’тс’, літ. oži statyti ’ўпарціцца, капрызіць’ і да т. п.

Казёл 12 ’конік, Locusta viridissima і інш.’ (Грыг., Касп., Сцяшк.; в.-дзвін., Шатал.), ’травяны конік як нажыўка’ (полац., З нар. сл.). Відавочна, паўн. і паўн.-зах. рэгіянальнае ўтварэнне. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма, аднак падобныя ўтварэнні ад каза, казёл і іх дэрыватаў вядомы дастаткова шырока, таму няма падставы меркаваць аб іншамоўным уплыве, параўноўваючы з літ. ožiùkas ’конік’, ožỹs ’жужаль’. Матывацыя пераносу: параўнанне характэрных асаблівасцей насякомых і жывёлы (перамяшчэнне скокамі), магчыма, на ўзроўні складанага вобраза, калі ўплываюць і іншыя зааморфныя прыкметы. Нельга не ўлічваць уплыву моцнага «тэрміналагічнага» фону дэрыватаў ад каза, казёл, конь, кабыла і да т. п., дзе магчымыя як субстытуцыі, так і генералізацыя асобінах форм і значэнняў, не выключаны калькі, аказіянальныя ўжыванні розных тэрмінаў і многія інш. працэсы.

Казёл 13 ’паласа, участак, адмераны драўляным брыгадзірскім цыркулем або палкай, роўнай яго даўжыні’ (слаўг., Яшк.). Відаць, перанос ад казёл ’сажань, прылада для вымярэння даўжыні, плошчы’; параўн. сінонімы ў той жа гаворцы: казулька, казюлька, палка ’паласа, участак’. Натуральнасць пераносу не дазваляе меркаваць аб сувязі з каза ’паласа і інш.’, хоць фармальна і семантычна гэта і магчыма.

Казёл 14 ’дошчачка з выемкай для здымання ботаў’ (рас., Шатал.). Хутчэй за ўсё непасрэдна да казёл 1: устаноўленая з наклонам дошчачка на падстаўцы нагадвае або сабаку (і гэты вобраз рэалізуецца ў рус. собачка), або казу, казла, паколькі ёсць два выступы, утвораныя выемкай. Метафара знаходзіць аналогію ў шматлікіх утварэннях; аднак для канкрэтнага выпадку не выключана, што вобраз мог быць складаным: тут праглядваюцца тыповыя для іншых утварэнняў ад казёл, сабака магчымыя значэнні ’ўпірацца; трымаць’ і наогул уплыў самой сістэмы тэрмінаў, утвораных ад заонімаў. Параўн. каза 11 (гл.).

Казёл 15 ’тоўстая галіна на дрэве — лапа, сук’ (Янк. 3.). Сувязь з казёл 1 фармальна бясспрэчная, матывацыя, аднак, не зусім ясная. Магчыма, вельмі простае ўтварэнне — разгалінаваны сук — сук; для расохі, рагулі назва казёл натуральная. Іншы варыянт тлумачэння — казёл як назва розных прыстасаванняў для сушкі гароху і інш., звычайна невялікае дрэўца з сукамі або кол, жэрдка з перакладзінамі. Зразумела, што галоўная адзнака прыстасавання — сукі, таму перанос назвы на адзін сук мог быць натуральным. Гэтыя варыянты не тлумачаць значэння ’тоўстая галіна — лапа’ і можна думаць, што справа не толькі ў знешнім падабенстве. Таксама не выключана, што тут выпадак субстытуцыі назвай казёл іншага тэрміна; такая з’ява была адзначана намі для каза і баба, бабка каза, казёл і кабылка, конь і інш., што дазваляе меркаваць аб магчымым кабыла, конь або інш. у значэнні ’тоўстая галіна’, для якіх такое значэнне з’яўляецца натуральным; характарызуецца вялікі, часта звышнатуральны памер прадмета. Калі гаварыць аб канкрэтнай рэаліі, можна прывесці славен. bìk, kònj ’неабрэзаная галіна вінаграднай лазы, галіна вінаграднай лазы’, аднак прымаць гэты прыклад неабходна вельмі асцярожна, разглядаючы рэвам з іншымі назвамі (напр. locenj), якія сведчаць і аб іншай семантыцы. Тое ж датычыцца і чэш. (мар.) kȯň ’вялікая галіна лісцевага дрэва’, не выключана, што тут ад’ідэацыя да ku̇ň, якое суадносіцца з чэш. дыял. konár ’моцная ветка’, славац. konár, польск. konar, укр. (зах.?) конар, гл. Махэк₂, 272, дзе іншыя вытворныя формы і спроба этымалогіі.

Казёл 16 ’палавіна веніка’ (Бяльк.), ’вязка лісцяў’ (Мат. Гом.). Да магчымасці супастаўлення дэфініцый параўн. прыклад: «Насабірай лісцяў падарожнікаў і сдзелай с іх казла і падвесь у сенцах» (Мат. Гом., 4, 193). Усх. утварэнні нельга аддзяліць ад рус. пск., асташ., цвяр. козел і казёл ’пара венікаў, звязаных разам’. Сувязь з казёл 1 (фармальная) відавочная, матывацыю вытлумачыць не проста. Па сутнасці, нявызначанасць дэфініцыі для рус. слоў дазваляе меркаваць, што венікі маглі быць злучаны крыж-накрыж; суаднесенасць назвы казёл для гэтай рэаліі і казёл 1 цалкам празрыстая. Аднак казёл ’пара венікаў’ — утварэнне другаснае, а сама рэалія суадносіцца з бел., параўн. у Бялькевіча, 217: «Адзін ужо ё казёл на венік, а другей нада зьдзелыць». Пара венікаў, такім чынам, два «казлы». Матывацыя назвы казёл ’вязка’ незразумелая, калі толькі не шукаць магчымых зааморфных прыкмет гэтай або папярэдняй рэаліі; ва ўсякім разе дзве злучаныя палавіны веніка можна ўявіць як варыянт расохі, рагулі, раздваення. У такім выпадку казёл ’вязка’ неабходна разумець як другасную назву (ад казёл ’венік’, якое казёл ’венік з дзвюх палавін’).

Казёл 17 ’подсціл (на чарэнь пры выпяканні хлеба)’: «Каб ад залы не быў чорны хлеб, кладзём казёл з дубовых лістоў» (Мат. Гом., 193). Няясна; фармальная сувязь з казёл 1 відавочная, матывацыя зацямнёная. Магчыма, ад казёл 15 ’вязка лісіцяй’ — ’лісце як подсціл’. Менш верагодна меркаваць аб метафарычным ужыванні слова казёл ’падпора, падстаўка і пад.’.

Казёл 18 ’засохлая слізь, якая тарчыць з ноздры, і ўсякі бруд у носе’ (Нас.). Дакладных адпаведнікаў быццам бы няма, аднак вытворныя, галоўным чынам, ад дэрыватаў асновы коз‑: рус. пецярб. козява, асташ., цвяр. козура, рус. козявка ’тс’. Бел. слова можна разглядаць як вытворнае на базе рус. падобных слоў, першапачатковае значэнне ’ўсякія камары, машкара’, ’усякая брыдота’ з канкрэтызацыяй значэння ’засохлыя соплі’; усё ж аднаўленне формы казёл, каза не зусім зразумелае. Да семантыкі параўн. яшчэ рус. дыял. козявка ’вусень’, вышневал., наўг. козура ’засохлая скурка невялікай жывёлы’, варонеж. ’пра неахайную жанчыну’. Параўн. таксама прыведзенае Далем без геаграфіі козулька ’нешта змятае ў пальцах у выглядзе чарвяка’. Магчыма, аднак, казёл, казёл 18, казёл 1; у аснове пераносу магло ляжаць уяўленне аб выдзяленнях з носа як дрэннай, магчыма, шкоднай з’яве, калі ўсё непажаданае, шкоднае чалавеку суадносіцца з жывёльным светам. Такая матывацыя праглядваецца ў розных дэрыватах ад каза, бык, асабліва воўк і інш.

Казёл 19 ’грыб масляк’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Дэмб., Жд. 3, Жыв. сл., Нар. словатв., Нас.; в.-дзвін., Шатал.; Юрч.; бялын., Янк. Мат.), ’перцавы грыб’ (Нар. словатв.), ’пеўнік стракаты’ (мазыр., Жыв. сл.). У Дэмбавецкага значэнні: ’Boletus luteus’, ’B. flavus’, ’B. annulatus’. Магчымы варыянт — паралельнае ўжыванне тэрмінаў, утвораных розным спосабам, па розных метафарах, хоць, магчыма, і не без узаемаўплыву. З такога пункту гледжання можна разгледзець літоўскі прыклад. Слова ўтворана на базе зааморфнай прыкметы грыба, але потым матывацыя не ўспрымаецца, семантыка абумоўліваецца іншымі прыкметамі грыба.

Казёл 20 ’расліна казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.). Да казёл 1, калі гэта самастойнае ўтварэнне, або адваротнае ад казелец, больш частага і звычайнага ў назвах раслін. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Аб матывацыі гл. казелец.

Казёл 21 ’легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці’ (ТСБМ). Відаць, запазычанне з рус. козел ’тс’, якое або да казёл 1, або, магчыма, калькуе невядомую нам назву. Ва ўсякім разе, калі прыняць першую версію, цяжка з пэўнасцю вытлумачыць метафару.

Казёл 22 ’род гульні ў карты, даміно’ (ТСБМ). Выклікае сумненне правільнасць дэфініцыі; прыклад ілюструе толькі другую яе частку (гульню ў даміно). Відавочна таксама, што слова хутчэй за ўсё сустракаецца толькі ў выразе стукаць казла, што, відаць, калькуе рус. забивать козла. Апошняе можа ўзыходзіць да назвы гульні казёл, якое ў сваю чаргу да казёл ’той, хто праіграў, апошні’. Не выключана, што гульня ў даміно нейкім чынам (у тэрміналогіі) атрымлівае ў спадчыну традыцыйныя паняцці народных гульняў: рус. гаворкі ведаюць такія, напрыклад, лексемы, як козел ’костка пры гульні ў бабкі; бабка — свінчатка’, козёл‑мозёл ’ямка, дзе стаіць гулец у клюшкі’. Лексема ў гульнях козёл у такім выпадку магла суадносіцца з назвай хатняй жывёлы паводле розных матывацый. Рус. мова і гаворкі ведалі і козла ’гульню ў карты’, цяжка, аднак, меркаваць, як гістарычна адносіцца назва гульні ў карты і ў даміно казёл: у рус. мове лінгвістычная інфармацыя аб гульні ў карты была вядома ў XVI ст., даміно — у канцы XVIII, калі з’явілася назва казёл у гэтых гульнях, нам невядома.

Казёл 23 ’метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.’ (ТСБМ). Запазычанне са спец. рус. тэрміналогіі: параўн. у Даля з паметай горн. посадить козла ’астудзіць недаглядам вагранку, недаплавіўшы чыгуну; тады ламаюць печ’. Параўн. таксама н.-тагіл., свярдл. козлик ’кусок металу, які не расплавіўся ў мартэнаўскай печы’. Матывацыя рус. слова (калі гэта не калька з вядомага нам еўрапейскага тэрміна ў параўнальна позні час) у адносінах да казёл ’назва жывёлы’ не зусім зразумелая. Тут можна меркаваць і аб метафары на базе вядомага, хоць і не вельмі пашыранага ўяўлення аб пажаданым чалавечым і непажаданым, шкодным — жывёльным; дэрываты ад каза, казёл у славянскім свеце значна ўступаюць у частотнасці вытворным ад воўк, сабака і да т. п. Можна меркаваць і аб літ. упарты, як казёл, і, нарэшце, аб магчымасці суаднесці козлик ’кусок металу’ і рус. наўг. козёл ’у ганчароў — куча нарыхтаванай гліны’. Апошняе можа быць і па знешняму падабенству, незалежна або і ў межах семантыкі ўтвораных ад заонімаў тэрмінаў, якія называюць розныя правільнай формы ўкладкі, кучы і т. п. Калі ж разглядаць казёл, козел, козлик як магчымую метафару па форме, можна думаць, што гэта цалкам магчыма: рэалія магла характарызавацца такімі назвамі на прычыне наяўнасці вострых выступаў, наплываў (рагоў, рожай). Што ж датычыцца значэння ’метал, шлак, які прыкарэў да сценак печы, каўша’, то гэта вельмі нагадвае магчымы вобраз пры ўтварэнні назвы казёл ’засохлая слізь у носе і да т. п.’

Казёл 24, у казла. Назва гульні дзяўчынак у «галанцы» (гродз., Нар. словатв.). Апісанне гульні наступнае: «Выбіраюць пяць гладкіх аднолькавых каменьчыкаў, кладуць іх на зямлю або на разасланую вопратку. Пачынае гуляць адна дзяўчынка: бярэ каменьчык (галанец), падкідае яго ўгору і ў гэты момант бярэ з зямлі наступны, стараючыся злавіць падкінуты. Пасля падкідае адзін каменьчык і бярэ з зямлі два, затым бярэ па тры і чатыры. Калі не зловіць, гуляць пачынае наступная дзяўчынка» (стар. 266). Аўтары слоўніка змяшчаюць слова ў рубрыку «Назвы гульняў з няяснай матывацыяй». Фармальная сувязь з казёл 1 празрыстая, што ж датычыцца матывацыі, можна пагадзіцца з тым, што яна няясная. Здаецца, бел. слова нельга лічыць матываваным, калі толькі не меркаваць, што каменьчык у гульні мог насіць назву казёл. Лінгвістычна (гуляць у казала, а не ў казлоў) гэта не выглядае надзейна. Больш верагоднай здаецца версія, па якой бел. гульня суадносіцца з такімі гульнямі, дзе назва казёл належыць пэўнаму ўдзельніку гульні, напрыклад, бел. тураў. казёл ’той, хто падкідае мячык пры гульні ў лапту’, рус. дыял. (бран., арл.) козёл ’гулец у лапту’ і, магчыма, козёл ’той, хто застаецца «казлом» у азартных гульнях’. Першае, што менш верагодна, можна разглядаць як утворанае ад казёл 1 (адпаведна козел) па «функцыянальнаму» падабенству: ’які скача як казёл’, параўн. рус. дыял. козёл ’пра бойкага жывога чалавека’, козлом прыгать, в козлы (козлом) играть (взыграть) ’хутка пабегчы’, або як адэкватнае маркіраванаму казёл у азартных гульнях, матывацыя апошняга няясная, магчыма, вынік адмоўнай дыфузнай семантыкі ўтваральнага слова, магчыма, рэлікт — спадчына тых гульняў, дзе казёл, па сутнасці, быў тэрмінам-заонімам. У такім выпадку казёл — галоўны ўдзельнік гульні зааморфнага характару, у наступным — галоўны ўдзельнік гульні наогул; адмоўнаясемантыка магла завіцца значна пазней (казёл — той, хто прайграе). Бел. слова можна тлумачыць па апошняму меркаванню (казёл ’галоўны ўдзельнік’ або казёл ’хто не злавіў каменьчык’). Звяртае на сябе ўвагу, што гульня ў раскладзеныя на зямлі каменьчыкі магла патрабаваць або спецыяльнай позы гульца, або яго рэзкіх рухаў. Параўн. рус. пск. козлиться ’нагінацца, каб падняць што-н.’ і таксама пск. козлом (стаяць) ’на карачках’. Параўн. да гэтага бел. тураў. козёл *дзіцячая гульня’: адзін стаіць, сагнуўшыся, а на яго ўскокваюць па чарзе ўдзельнікі і стараюцца ўтрымацца’ — тут сувязь з казёл 1 і, апрача таго, зразумела, як з’яўляецца семантыка адмоўнасці (быць казлом, казёл — той, якому больш за іншых дастаецца). Меркаваць аб храналогіі ўтварэння цяжка, паколькі мы не маем дакладных адпаведнікаў да бел. слова, аднак аб яго магчымым старым паходжанні можа сведчыць серб.-харв. дыял. kozàrati se — так гавораць дакорліва дзецям, якія ўвесь час кідаюць і падкідваюць каменьчыкі; аўтары RJA (5, 416) мяркуюць, што гэта, магчыма, ад kòzar ’пастух коз’ і азначае ’гуляць як kozari’. Да апошняга параўн. бел. гродз. гуляць у каменьчыкі — тое, што і ў казла: «Як пасвілі каровы, то ў каменьчыкі гулялі» (Нар. словатв., 261). Што бел. слова можна разглядаць як старую бел. інавацыю, сведчыць рус. пск., асташ., цвяр. козули ’гульня ў каменьчыкі, пры якой іх кладуць у жалабок паміж самкнутымі пальцамі рук і, падкідваючы, ловяць’. Гэта паралель між іншым падтрымлівае версію, па якой назва казёл магла адносіцца да каменьчыкаў.

Казёл 25 ’захворванне бульбы’ (Юрч.). Паколькі дакладна інфармацыі аб рэаліі ў слоўніку няма, па прыкладу («Сёліта ўся бульба ў кызлах», 106) відаць нейкае пашкоджанне скуры бульбы. Дакладныя адпаведнікі (у форме мн. ліку) бел. шчуч. казлы ’пашкоджаныя вочкі бульбы’ (Сл. паўн.-зах.), відаць, другаснае ’вочкі на бульбіне’ (Жд. 1); з іншых паралеляў параўн. тураў. козаты ’паточаны, шашалеваты’: козатые картоплі, магчыма, рус. горыц., калін. козлястый ’няроўны, з паглыбленнямі (пра бульбу)’. Рус. лексема хутчэй за ўсё толькі няпэўная семантычная паралель. Усх.-палес. козляк ’парастак на бульбе’ можна інтэрпрэтаваць як аналагічнае каза або як паралельнае да разглядаемага слова. Фармальная сувязь з казёл 1 бясспрэчная; матывацыя па тыпу чалавечы — нечалавечы, жывёльны; станоўчы, карысны — адмоўны, шкодны; аднак неабходна адзначыць, што ў слав. мовах звычайна па такой матывацыі ўтвораны розныя дэрываты ад воўк, сабака і да т. п. Што датычыць прыкладаў, можна прывесці серб.-харв. kȍze ’воспіны’, kòzice, kozjače, kozȉci ’тс’, kozica ’воспіна, рабацінка’. Улічваючы звычайнасць дублетаў каза/казёл у тэрміналогіі і натуральны характар субстытуцыі такіх утварэнняў з наступнай генералізацыяй таго або іншага дэрывата, можна меркаваць, што вялікай розніцы паміж бел. і серб.-харв. утварэннямі няма, аб чым сведчыць і тураў. форма козаваты. На жаль, позні характар рэаліі (бульбы) не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім характары бел. назвы. Безумоўна, можна дапусціць, што тут выпадак позняй спецыялізацыі старой назвы, аднак, нават і пры такім дапушчэнні рэгулярны характар утварэння наогул не дае магчымасці сцвярджаць архаічнасць лексемы. Натуральнасць такой назвы (як дэрыват ад каза 1, казёл 1) можна пацвердзіць і наяўнасцю назвы для ’воспіна, рабацінка’, утворанай ад асновы bab‑; параўн. рус. наўг., пск. бабушка ў такім значэнні. Як было паказана намі, у радзе выпадкаў дэрываты ад baba і koza выступаюць як субстытуты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

а ​1, нескл., н.

1. Першая літара беларускага алфавіта. Вялікае А.

2. Галосны гук сярэдняга рада ніжняга пад’ёму, які вымаўляецца без удзелу губ. Доўгае а. □ Хто сказаў а, той павінен сказаць і бэ. Прыказка.

•••

Ад а да я — ад пачатку да канца; усё цалкам.

Ні а ні бэ — зусім нічога (не ведаць, не разумець).

а ​2, злучн.

I. супраціўны.

1. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа; адпавядае словам: «наадварот», «але». На поўнач ішлі лясы, а на поўдзень мясцовасць была чыстая, зусім адкрытая. Чорны. У вачах тваіх іскрыцца сонца поўдня, А мае авеяны сіняю смугой... Звонак.

2. Злучае аднародныя члены сказа і сказы з узаемным выключэннем (звычайна пры наяўнасці адмоўя ў першай частцы сказа); адпавядае слову «наадварот». [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча да новых подзвігаў. Крапіва. Дзень быў ясны. У хаце было светла і можна было падумаць, што гэта не восень, а ранняя вясна. Чорны. Не рэкі гамоняць, а зброя звініць! Броўка.

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, што магчыма ці неабходна пры тых умовах, аб якіх гаворыцца ў другім сказе; адпавядае словам: «аднак», «але». Маці пачала суцяшаць, угаворваць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю. Маўр. [Туляга Гарлахвацкаму:] Значыць, напішу працу я, а яна будзе лічыцца вашай? Крапіва.

4. Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з уступальным проціпастаўленнем [звычайна пры наяўнасці ў адной з састаўных частак сказа прыслоўяў «яшчэ», «ужо» і часціц «усё», «усё (ж) такі»]; адпавядае выразам: «тым не менш»; «усё такі». Усюды яшчэ ляжыць снег, а подых вясны чуваць выразна. Паслядовіч. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да захаду сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы. Колас. // Ужываецца ў сказах з аднолькавымі або блізкімі па форме паўторнымі словамі антанімічнага тыпу (звычайна ў першай частцы). [Дзед Бадыль:] Будзе лад ці не будзе, а пачаставаць людзей трэба. Крапіва. У выразах: хто-хто, а..., каму-каму, а... і пад. Хто-хто, а.. [Міколка з дзедам] то ведалі, адкуль бярэцца нечаканы дождж. Лынькоў. [Янка:] Чаго-чаго, а куска хлеба дзіця свайму бацьку не пашкадуе. Крапіва. // У гэтым жа значэнні проціпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму. Хоць быў канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. Кавалёў. Што ні кажы, а жыццё ўжо само па сабе ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.

II. супастаўляльны.

Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з такім проціпастаўленнем, пры якім новае паведамленне непасрэдна не вынікае са зместу папярэдняга; адпавядае выразам: што датычыцца, у той час як. [Жанчына:] — Чалавек мой яшчэ ў партызанах загінуў, а Мішка ажно да Берліна дайшоў. Брыль. Поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце. Колас. // Злучае сказы, у якіх супастаўляюцца адначасовыя падзеі і з’явы; адпавядае выразам: у гэты ж час, між тым як. [Зыгмусь:] — Дух займае, бягу, а пагоня ўсё бліжэй. Колас. Ішлі гуськом падрыўнікі І след у след ступалі, А ў травах росных кулікі Крычалі, заміралі. Бялевіч. // Паказвае на нечаканасць, непрадбачанасць падзей. Азірнешся на вёску, а там блакітныя дымы з комінаў валяць. Паслядовіч. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы [клюшняй]. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах з уступальным супастаўленнем (звычайна пры наяўнасці ў кожнай састаўной частцы аднолькавых або блізкіх па форме слоў паўторнага тыпу). [Лабановіч:] — Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам! Колас. [Алесь:] — Вайна вайной, а работа работай! Брыль.

III. далучальны.

1. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з паслядоўным чаргаваннем з’яў і падзей або пры паслядоўным апісанні іх. Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра. Танк. [Ульяна брату:] — Я ўжо цябе хоць за сяло правяду, а там — калі ты так хочаш пехатой ісці, — дык ідзі. Скрыган. Навокал панскі лес, а за лесам — балота, а за балотам — сплаўная рэчка Слізянка. Бядуля. На прыпечку гарэлі трэсачкі, над імі стаяў трыножнік, а на трыножніку грэлася скаварада. Колас.

2. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з часавай паслядоўнасцю (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца зноў. Пестрак. [Гарлахвацкі Чарнавусу:] Вось я толькі крыху ад працы вызвалюся, даклад прачытаю, а тады сам займуся вашай справай. Крапіва. Краем лесу паляцела задорыстае водгулле, прыціхла, а потым павярнула назад, бегучы другім краем лесу, і нарэшце заціхла на яго заломе. Колас.

3. Далучае групы слоў і сказы, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць выказаную думку. Доўгія дні, а часта засаб і ночы, прастойвала.. [Стэпа] за працаю, не адгінаючы спіны. Гартны. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Стрымала мяне пошта дальняя. Мяжа-граніца, а перад усім Я не асмеліўся пасланне прывітальнае Слаць з асабістым клопатам сваім. Танк. // Далучае ўстаўныя сказы і словазлучэнні. Каля Нёмана — а ён тут быў блізка — пачулася песня. Колас. Ратавала атрад усё-такі дарога. Мясцовыя навакольныя жыхары з году ў год, а можа і з веку ў век, вобмацкам пратапталі яе, абмінаючы дрыгвяныя мясціны. Пестрак. // У гэтым жа значэнні ўжываецца для далучэння сказаў і членаў сказа, якія даюць дадатковую ацэнку сказанаму. Любяць край за бярозы, за месяц, за восені дзіўныя, А тым больш яго нам як, скажы, не любіць: Калі нівы і рэкі, палотны азёр пераліўныя, Калі песні, што б’юць жывой сілай крыніц, Нам гавораць аб долі сярмяжнай аратага. Танк. Вы яго [Базыля Трайчанскага] напэўна не ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч. Колас. Няўдача не пахіснула намеру чалавека. У яго яшчэ ставала сілы, а больш, чым сілы, было жадання — жадання дабрацца да дарогі. Быкаў.

4. Па сувязі з папярэдняй думкай далучае сказы з адценнем супастаўлення, у якіх раскрываецца або высвятляецца сутнасць сказанага. Млыны даюць арцелі зваротныя сродкі, а гэта мае вялікае значэнне ў гаспадарцы. Скрыган. [Волечка Райтовічу:] — Ты нарэшце здагадаўся, а дзе ж раней твой розум быў? Чорны. // У спалучэнні са словам «таму» далучае сказы і члены сказа з прычынна-выніковым адценнем. У хаце было душна, а таму мне вельмі не хацелася сядзець дома. Бядуля.

5. Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі або тэмы выказвання (у мове адной асобы або дыялогу). [Зося:] — Няхай ладзяць, а што там такое. [Шура] не кепская дзяўчына, не дурная. Крапіва. Ніколі не думаў [Нічыпар], што гэты.. гультай [Гарасім] так рана ўстае, а тут на табе: ён ужо з кошыкам па садзе ходзіць. Чарнышэвіч.

6. Ужываецца ў пачатку рэплікі, якой пачынаецца гутарка. — Дзень добры ў хату! — прывітаўся адзін з мужчын. — А ў цябе, Астап, няйначай госці, пазнаём нас. Лынькоў.

•••

А то, злучн. 1) супраціўны. а) Іначай, у адваротным выпадку. [Наталля:] Ах, вось што! Я гэтага не ведала, а то раней бы прыйшла. Крапіва. [Сарока:] — Пакідай араць, а то гужы парэжу! Лобан. б) Аказваецца, на самай справе, усяго толькі. Каб хоць рэчка была,.. а то ж равок.. і толькі. Брыль. [Юрка:] — Каб.. [цётка] цябе набіла, дык тады б нядобра было, а то сказала, а ён ужо і думае ліха ведае што. Чорны. 2) прычынны. Таму што, бо. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі. Пестрак. Хоць бы ветрык дыхнуў, а то наўкола, як у гаршку, горача і ціха. Гроднеў. 3) далучальны. а) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Усе сходы, якія.. [Драбняку] даводзілася праводзіць у жыцці, раптам адзін за адным, а то і ўсе адразу, усплывалі ў памяці. Кулакоўскі. Змрокам, а то і пазней, хлопцы па адным збіраліся дадому. Лобан. [Доктар:] — Заўсёды трэба берагчыся. А то ў вас робіцца так — калі сёння здароў, дык і заўсёды, думаецца, так будзе. Чорны, б) Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі (у мове адной і той жа асобы). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка, в) Ужываецца ў мове адной і той жа асобы пры адмове ад папярэдняй просьбы, згоды або нязгоды. [Маці:] — Ты, Міколка, па Вольку схадзіў бы. А то няхай лепш заўтра. Брыль. — Добра, — адказаў бібліятэкар. — А то пачакайце, я запішу. Пальчэўскі, г) Разам з пытальнымі займеннікамі і займеннымі прыслоўямі ўтварае спалучэнні, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сцвярджальных адказаў на папярэднія пытанні. — І ўсё гэта раскарчавалі людзі? — акінуў вачыма Яўхім. [Васіль Кузьміч:] — А то хто ж. Пальчэўскі. — Дзе ты ўзяў? — падазрона спытала Святланка. [Сярожка:] — Назбіраў, а то дзе ж яшчэ. Васілёнак. д) Ужываецца пры ўгаворванні, пажаданні. [Камандуючы:] — А можа, вам цяжка будзе камандаваць? Вы, здаецца, ранены? А то падлячыліся б. Крапіва. 4) пералічальна-размеркавальны. Або, ці. Унук мала калі і плакаў на руках у дзеда, цягнуў пакрысе соску, калі не спаў, а то вучыўся смяяцца і вылузваць з пялёнак ногі. Кулакоўскі.

А не то (дык), злучн. супраціўны. Тое, што і «а то» (у 1 знач.). [Рыгор:] — Уцякай, а не то страляць пачнуць. Мурашка.

а ​3, часціца.

1. пытальная. а) Ужываецца як пытальны водгук на зварот або пры перапытванні недачутага. — Ігнат Андрэеевіч, — паклікаў.. [Максім] шэптам, нясмела. — А-а? Шамякін. — Гэй, уставай! — штурхнуў.. [Віктар] Мірона. — А? Чаго? — Выклікаю цябе на спаборніцтва? — А? Што? Маўр. б) Ужываецца як пытанне, якое патрабуе адказу або пацвярджэння. [Карніцкі:] — Скажыце, таварыш Лазарэвіч, а сучасны кароўнік, галоў так на сто пяцьдзесят, вы можаце спланаваць з падвеснымі пуцямі, з аўтапаілкамі і сіласнай вежай? А-а? Паслядовіч.

2. пабуджальная. Ужываецца пры паўторным звароце з мэтай прыцягнуць увагу. [Астап:] — Максімка, а Максімка... уставай: нам пісьмо ёсць. Чорны. Сонечны Зайчык туліўся да мяне, каб не званіць зубамі і шаптаў: — Уладак! А, Уладак? Ты спіш? Брыль.

а ​4, выкл.

1. Перадае прыпамінанне, пазнаванне, здагадку, здзіўленне. — Здароў, Каўтун! — А, Андрэй, вось не пазнаў, браце, цемень, бачыш. Лынькоў. [Зоська:] А! Як відненька! А я думала, што ўжо ночка наступіла. Купала. [Юрка:] — Юзік, што гэта за уланы? — Салдаты гэтакія. — А-а, салдаты!? Чорны.

2. Перадае прыкрасць, абурэнне, пагрозу, зларадства. — А, пакінь ты, — замахала.. [Аўдоля] рукамі на Шуру. Крапіва. — А-а-а-а!.. Дык ты хаваць і маніць... — падбег да.. [Сяргея] адзін з белагвардзейцаў. — Ты гэтак?! Нікановіч.

3. Перадае жах, адчай, боль і пад. — А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі.. [Валодзька], — вазьміце! Мележ. — А-а-а, — чуваць раптам ціхі стогн. Брыль.

4. Перадае ўзмацненне эмацыянальнай выразнасці выказвання. — А таварышок, а паненак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго [Сяргея], — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

а ​5, прыназ. з М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «а» выражае:

Часавыя адносіны

Ужываецца, каб паказаць дакладны або прыблізны час дзеяння. Мы пайшлі ў поле а вясне. Куляшоў. Васіль Іванавіч выехаў з сяла а самай поўначы. Лынькоў. Гадзіне а дзевятай раніцы.. [Насця і Мікалай] падышлі да Ласінага. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КУ́БА (Cuba),

Рэспубліка Куба (República de Cuba), дзяржава ў Вест-Індыі. Размешчана на а-вах Куба (105 тыс. км²), Хувентуд (2,2 тыс. км²) і на суседніх дробных астраўках і рыфах. На ПдУ К., у раёне бухты Гуантанама — аднайменная ваен.-марская база ЗША. Пл. 110,9 тыс. км². Нас. 11 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Гавана. К. падзяляецца на 14 правінцый і спец. муніцыпію (в-аў Хувентуд). Нац. святы: Дзень вызвалення (1 студз.), Міжнар. дзень працоўных (1 Мая), Дзень нац. паўстання (26 ліп.), пачатак барацьбы за незалежнасць Кубы ад Іспаніі (10 кастр.).

Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі і дапаўненнямі 1992. Вышэйшы орган дзярж. улады — аднапалатны парламент (Нац. асамблея нар. улады), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (у 1993—589 дэпутатаў). У перыяд паміж сесіямі функцыі ўлады ажыццяўляе Дзярж. савет (31 член выбіраецца на асамблеі з ліку яе дэпутатаў). Старшыня Дзяж. савета з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада (Савета міністраў). Дзярж. савет і ўрад падсправаздачны Нац. асамблеі. У правінцыях і муніцыпіі мясц. ўладу ажыццяўляюць правінцыяльныя і муніцыпальная асамблеі.

Прырода. Большая ч. тэрыторыі занята раўнінамі. На ПдУ в-ва Куба горы Сьера-Маэстра (г. Туркіна, 1974 м). Невысокія горы ёсць у цэнтр. (да 1108 м) і зах. (да 692 м) ч. вострава. Пашыраны карст. К. багатая нікелевымі рудамі. Ёсць невял. запасы хромавых, медных, жал., марганцавых руд, нафты, золата і інш. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячная т-ра на раўнінах у студз. каля 22 °C, у жн. каля 28 °C. Ападкаў за год 1400—1600 мм, найб. у гарах (да 2300 мм), найменш на ПдУ (900—800 мм). Дажджлівы сезон май—кастрычнік (80% гадавой сумы ападкаў). У жн.—кастр. бываюць ураганы. Рэкі кароткія, найб. — р. Каута (370 км). У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. Пад лесам 10% (пальмы, хвоі, эўкаліпты, чырвонае дрэва), ёсць участкі саваннаў, хмызнякі, на ўзбярэжжах мангравыя зараснікі. Для жывёльнага свету характэрна адсутнасць буйных жывёл. Запаведнікі: Эль-Каба, Купеяль і інш.; рэзерваты Сьенага-дэ-Сапата, Сьенагадэ-Ланьер.

Насельніцтва. 95% складаюць кубінцы — нацыя, якая склалася ад змяшання ісп. перасяленцаў з неграмі і ў невял. ступені з карэннымі жыхарамі — індзейцамі. Каля 66% — белыя, 12% — негры, 22% — мулаты і метысы. Жывуць таксама выхадцы з в-ва Гаіці, кітайцы, японцы і інш. Каля 90% вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты і прыхільнікі розных афра-хрысц. сінкрэтычных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6%. Сярэдняя шчыльн. 99,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльн. (да 300 чал. на 1 км²) у прав. Гавана, дзе жыве каля 25% насельніцтва К. У гарадах 76% насельніцтва. Найб. горад — Гавана, 2221 тыс. ж. (1994). Больш за 300 тыс. ж. у гарадах Сант’яга-дэ-Куба і Камагуэй. У прам-сці і гандлі занята 33% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах і кіраванні — 30%.

Гісторыя. Да каланізацыі еўрапейцамі К. насялялі індзейцы сібанеі, таінас і інш. 28.10.1492 адкрыта Х.​Калумбам. У 1510—11 заваявана іспанцамі, якія да сярэдзіны 16 ст. знішчылі мясц. індзейцаў. З пач. 18 ст. пачаўся хуткі рост г. Гавана, які ператварыўся ў адзін з буйнейшых гандл. партоў Карыбскага бас. З 2-й пал. 18 ст. асновай эканомікі К. стала вытв-сць цукр. трыснягу, якая ў 1850 давала ​1/3 сусв. вытв-сці цукру і 89% кубінскага экспарту. Гэта спрыяла росту насельніцтва (150 тыс. чал. у 1763, 1,3 млн. ў 1860). Дробныя сял. гаспадаркі выцясняліся буйнымі плантацыямі, для працы на якіх толькі ў 1800—65 завезена больш за 400 тыс. неграў-рабоў (рабства скасавана ў 1886). 83% экспарту К. ішло ў ЗША, якія з 1860-х г. пачалі ўмешвацца ва ўнутр. справы К. Незадаволенасць ісп. панаваннем прывяла ў кастр. 1868 да паўстання кубінцаў, якое перарасло ў вайну за незалежнасць (1868—78). У крас. 1869 абвешчана 1-я Кубінская рэспубліка, але ў лют. 1878 б.ч. яе кіраўнікоў згадзілася на аднаўленне ўлады Іспаніі ў абмен на шырокую аўтаномію (т. зв. «Санхонскі пакт»). Аднак ісп. ўлады не стрымалі абяцання, 24.2.1895 кубінскія патрыёты на чале з Х.Марці ўзнялі новае паўстанне. Рэпрэсіі ісп. калан. улад супраць мірных жыхароў К. і выбух на амер. караблі «Мейн» каля Гаваны далі ўраду ЗША падставу абвясціць у крас. 1898 вайну Іспаніі (гл. Іспана-амерыканская вайна 1898) і акупіраваць К. У снеж. 1898 Іспанія прызнала незалежнасць К. Аднак амер. акупацыя яе працягвалася да 20.5.1902. Пад націскам ЗША у 1901 у канстытуцыю К. ўнесена т. зв. «папраўка Плата», якая дазваляла ім умешвацца ў яе ўнутр. і знешнія справы (адменена ў 1934). У 1903 ЗША навязалі кубінскаму прэзідэнту Т.​Эстраду Пальму (1902—06) дагавор аб арэндзе бухты Гуантанама пад ваен. базу. Пры прэзідэнтах Х.​М.​Гомесе (1909—13), М.​Менакалі (1913—21), А.​Саясе (1921—25), Х.​Мачада (1925—33), Ф.​Батысце-і-Сальдывары (1940—44, 1952—58), Р.​Грау Сан-Марціне (1944—48) і К.​Прыо Сакарасе (1948—52) у органах дзярж. улады значныя памеры набыла карупцыя. Ключавыя пазіцыі ў эканоміцы К. займалі замежныя фірмы, пераважна з ЗША. Пасля звяржэння ў жн. 1933 дыктатуры Мачала праведзены шэраг дэмакр. рэформ, у 1940 прынята ліберальная канстытуцыя, але гэта не зменшыла сац. напружанасць у грамадстве, якая рэзка ўзмацнілася пасля ўсталявання ў сак. 1952 дыктатуры ген. Батысты.

У выніку Кубінскай рэвалюцыі 1959 да ўлады прыйшоў урад на чале з Ф.Кастра Русам, прэзідэнтам краіны стаў А.​Дартыкос Тарада (1959—76). Быў распушчаны парламент, адменена дзейнасць канстытуцыі 1940, замест якой уведзены Асн. закон. 17.5.1959 прыняты закон аб агр. рэформе, летам і восенню 1960 без кампенсацыі нацыяналізавана маёмасць кампаній ЗША, у снеж. 1960 абвешчаны курс на пабудову сацыялізму. У адказ ЗША у студз. 1961 разарвалі дыпламат. адносіны з К., спынілі закупкі кубінскага цукру і ўвялі супраць яе эканам. санкцыі, садзейнічалі высадцы ўзбр. кубінскіх эмігрантаў у зал. Качынас (крас. 1961, разбіты ў раёне Плая-Хіран). У 1962 ЗША прымусілі Лігу амер. дзяржаў (ЛАД) пазбавіць К. членства ў гэтай арг-цыі і разарваць з ёй дыпламат. адносіны (не падпарадкавалася толькі Мексіка). У гэтых умовах К. пашырыла сувязі з СССР і інш. сацыяліст. краінамі (дагавор аб сав.-кубінскім эканам. супрацоўніцтве і пастаўках на К. сав. нафты падпісаны ў лют. 1960). Размяшчэнне сав. ракет на К. для яе абароны прывяло да Карыбскага крызісу 1962. У ліп. 1963 на базе аб’яднаных рэв. арг-цый створана Адзіная партыя сацыяліст. рэвалюцыі К. (з кастр. 1965 Камуністычная партыя Кубы, КПК). У 1960—70-я г. К. падтрымлівала шэраг рэв. рухаў у Лац. Амерыцы, яе войскі дапамагалі ўрадам Анголы (1976—90) і Эфіопіі (1977—78). На 1-м з’ездзе КПК (снеж. 1975) прынята канстытуцыя К. У кастр. 1976 адбыліся выбары ў 169 муніцыпальных асамблей, якія выбралі дэпутатаў Нац. асамблеі нар. улады (НАНУ), што выбрала Дзярж. савет (старшыня Кастра). З 1975 ЛАД спыніла эканам. санкцыі супраць К. З канца 1980-х г. СССР спыніў эканам. дапамогу К., што пагоршыла яе эканам. становішча. Пад націскам ЗША ў вер. 1991 СССР адклікаў з К. ўсіх ваен. і цывільных саветнікаў. У кастр. 1992 кангрэс ЗША прыняў т. зв. «закон Тарычэлі» па ўзмацненні рэжыму санкцый супраць К. У гэтых умовах 4-ы з’езд КПК у кастр. 1991 абвясціў шэраг рэформ. У ліп. 1992 прыняты папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх 24.2.1993 адбыліся прамыя выбары ў НАНУ (Кастра зноў выбраны старшынёй Дзярж. савета). Пачалася і эканам. лібералізацыя: у ліп. 1993 скасавана забарона на валоданне валютай, у вер. 1993 дазволена прыватнапрадпрымальніцкая дзейнасць, актывізавана развіццё турызму. К. — член ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Палітычныя і грамадскія арганізацыі. Камуністычная партыя Кубы, Саюз маладых камуністаў Кубы, Прафс. цэнтр працоўных Кубы, К-ты абароны рэвалюцыі, Федэрацыя кубінскіх жанчын, Нац. асацыяцыя дробных земляробаў.

Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. каля 1300 дол. за год. Прам-сць дае каля 43% нац. даходу, сельская і лясная гаспадаркі, рыбалоўства — каля 14%, гандаль — каля 30%, буд-ва — каля 8%. Аснова эканомікі — аграпрамысл. комплекс, які ўключае цукр. прам-сць і вырошчванне цукр. трыснягу. Дзярж. сектар ахоплівае ўсю прамысл. вытв-сць, буд-ва, гандаль, 98% транспарту, 80% зямельных угоддзяў. Слабая матэрыяльна-тэхн. база нар. гаспадаркі, нізкая яе эфектыўнасць, гандлёва-эканам. блакада ЗША, рэзкае скарачэнне гандлёва-эканам. сувязяў пасля распаду СССР прывялі да вельмі цяжкага эканам. становішча. У сельскай гаспадарцы назіраецца зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі. 70% с.-г. прадукцыі даюць дзярж. гаспадаркі (нар. маёнткі). Плошча с.-г. угоддзяў каля 4,8 млн. га, у т. л. арашальных зямель 1 млн. га. Пад ворнымі землямі каля 3 млн. га, у т. л. пад цукр. трыснягом 1,5 млн. га, пад тытунём 70 тыс. га, пад цытрусавымі і інш. фруктамі 100 тыс. га, пад рысам 200 тыс. га, маніёкам, бататам і ямсам 100 тыс. га. Вырошчваюць таксама кукурузу, бульбу, бабовыя (пераважна фасолю), каву і какаву, алейныя культуры (у т. л. арахіс і алейная пальма), агародніну, бавоўнік, хенекен і кенаф. Штогод збіраюць каля 20—30 млн. т цукр. трыснягу, каля 0,5 млн. т рысу, каля 1 млн. т цытрусавых, каля 50 тыс. т тытуню. Жывёлагадоўля дае менш за 30% кошту с.-г. прадукцыі. У 1996 было 4,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 1,7 млн. свіней. Птушкагадоўля (каля 10 млн. курэй). Рыбалоўства (93,4 тыс. т, 1993) і промысел ракападобных. Вядучая галіна прамысловасці — перапрацоўка цукру. Працуе больш за 150 цукр. з-даў, 20 з іх выпускаюць рафінаваны цукар, астатнія — цукар-сырэц, які ідзе на экспарт. У 1980—90 выраблялася штогод 7—8 млн. т цукру-сырцу, потым вытв-сць стала зніжацца, у 1995 атрымана 3,3 млн. т. На базе адходаў цукр. прам-сці створана вытв-сць кармоў, цэлюлозы, пластмас і паперы. Развіта горназдабыўная прам-сць, асабліва здабыча і абагачэнне нікелевых, медных, хромавых руд. Па здабычы нікелевай руды К. ў 1980—90 займала 3—4-е месца ў свеце (каля 36 тыс. т нікелю штогод), у 1995 здабыта (у пераліку на метал) 3,1 тыс. т, хромавай руды — 14 тыс. т, меднай — 2 тыс. т. Асн. раён здабычы — прав. Ар’ентэ. Здабываюць таксама каменную соль, буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, нафту (каля 0,5 млн. т). Электраэнергетыка засн. на імпартнай нафце. У 1995 атрымана 10,1 млрд. кВт∙гадз (у 1990—14,7 млрд. кВт∙гадз.). Працуюць ЦЭС каля г. Гавана, Камагуэй, Сант’яга-дэ-Куба і інш., АЭС каля г. Сьенфуэгас. Харч. прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мяса-малочнай, спіртагарэлачнай, піваварнай і вінаробчай галінамі, вытв-сцю алею, фруктовых і рыбных кансерваў, перапрацоўкай кавы і какавы. У Гаване 4 буйныя тытунёвыя ф-кі, 2 нафтаперапр. з-ды (Гавана і Сант’яга-дэ-Куба). Вытв-сць угнаенняў, штучных валокнаў, пластмас, гумава-тэхн. вырабаў і інш.; гал. цэнтры: Гавана, Пінар-дэль-Рыо, Матансас, Сьенфуэгас, Камагуэй. Лёгкая прам-сць прадстаўлена тэкст. і швейнай галінамі (Гавана, Альгін), вытв-сцю абутку (Гавана), канатаў і мяшкоў (Санта-Клара). Вытв-сць цэменту 1456 тыс. т. (1995, асн. з-ды каля Гаваны і Сант’яга-дэ-Кубы), панельнае домабудаванне, выпуск жалезабетонных вырабаў (Гавана). Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць с.-г. тэхніку (Альгін), дызельныя маторы (Сьенфуэгас), веласіпеды (Гавана, Кайбар’ен), гандл. і рыбалавецкія судны (Гавана, Кардэнас, Мансанільё). У Гаване металургічны камбінат. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў Нікара, Моа. Есць прадпрыемствы дрэваапр., мэблевай, шкляной, цэлюлознапапяровай, фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у Гаване. Развіваецца міжнар. турызм, які займае 1-е месца па валютных паступленнях (у 1995 К. наведала 750 тыс. чал., даход склаў 1 млрд. дол.). Развіты аўтамаб., чыг., марскі транспарт, Даўж. аўтадарог каля 35 тыс. км, у т. л. каля 15 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак каля 5 тыс. км. Каля 0,5 млн. аўтамашын. Танаж гандл. флоту 1 млн. дэдвейт т (1991). Гал. парты: Гавана (60% грузаабароту), Сант’яга-дэ-Куба, Сьенфуэгас, Нуэвітас, Матансас. На К. 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт у Гаване. У 1995 экспарт склаў 1,6 млрд. дол., імпарт — 2,4 млрд. долараў. К. экспартуе цукар-сырэц, нікель, тытунь, каву, імпартуе нафту, разнастайныя харч. і прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Іспанія, Канада, Кітай, Расія, Мексіка. У 1996 Беларусь экспартавала на К. тавараў на 1,6 млн. дол., імпартавала на 27,2 млн. долараў. К. набывае на Беларусі с.-г. тэхніку і калійныя ўгнаенні, пастаўляе пераважна цукар-сырэц. Знешняя запазычанасць К. — 9,1 млрд. дол. (без даўгоў краінам Усх. Еўропы і б. СССР). Грашовая адзінка — кубінскае песа.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (сілы дзярж. бяспекі, пагран. войскі). Агульная колькасць 79 тыс. чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 38 тыс. чал., на ўзбраенні каля 1,5 тыс. танкаў, 1,1 тыс. баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў, 1,6 тыс. пераносных зенітных ракетных комплексаў і пускавых установак зенітных кіроўных ракет, 1 тыс. мінамётаў, каля 700 гармат, якія буксіруюцца, 300 сістэм рэактыўнага залпавага агню і інш. У ВПС 10 тыс. чал., 130 баявых самалётаў і 45 баявых верталётаў. У ВМС 5 тыс. чал., у т. л. 550 чал. у марской пяхоце, 2 падводныя лодкі, 12 баявых караблёў, 30 дапаможных суднаў, 5 катэраў і інш. У ваенізаваных фарміраваннях 19 тыс. чал., у т. л. 15 тыс. у сілах дзярж. бяспекі і 4 тыс. чал. у пагран. войсках.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,8, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 134 чал., урачамі — 1 на 231 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (яслі і сады для дзяцей да 5 гадоў), 9-гадовую базавую (асноўную) і сярэднюю агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. (для працуючай моладзі) і вышэйшыя навуч. ўстановы. Абавязковая базавая 9-гадовая школа для дзяцей ад 6 да 16 гадоў мае 2 ступені: 1-я — 6-гадовая пачатковая, 2-я — 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа (7—9 кл.). Атрыманне базавай адукацыі дае права паступаць у сярэднія навуч. ўстановы. 3-я ступень агульнай адукацыі — 3-гадовая поўная сярэдняя агульнаадук. школа на базе асноўнай школы. Яе заканчэнне дае права паступаць у ВНУ. Асн. прынцып у рабоце агульнаадук. школы — працоўнае выхаванне і прафес. арыентацыя навучэнцаў. Прафес. падрыхтоўка вядзецца на базе асн. школы ў прафес.-тэхн. вучылішчах, політэхн. навуч. цэнтрах (рыхтуюць кваліфікаваных рабочых; тэрмін навучання 1—2 гады) і ў політэхн. ін-тах (тэхнікумах), рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй; тэрмін навучання — 3—4 гады. У сістэме вышэйшай адукацыі 4 тыпы ВНУ: ун-ты, вышэйшыя політэхн. і спец. ін-ты, універсітэцкія цэнтры (маюць пераходны характар, на іх базе ствараюцца самастойныя ВНУ). Буйнейшыя ВНУ: Гаванскі ун-т (з 1728, рэарганізаваны ў 1960—62, 1976), ун-т Ар’ентэ (з 1947) у г. Сант’яга-дэ-Куба, Цэнтр. ун-т Лас-Вільяс (з 1953) у г. Санта-Клара, ун-т г. Камагуэй (з 1974), Вышэйшы політэхн. ін-т імя Хасэ А.​Эчэверыі (з 1976) і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. б-ка «Хасэ Марці» (з 1901) у Гаване і б-ка Гаванскага ун-та (з 1728). Музеі: Нац. музей выяўл. мастацтва (з 1913), Музей Рэвалюцыі, Музей Х.​Марці (з 1925), Антрапалагічны музей (з 1847), Музей Хемінгуэя і інш. Навук. даследаванні на К. праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты Акадэміі навук К. (з 1962), навук. т-вы, ун-ты. З 1902 працуе Нац. абсерваторыя.

Друк, радыё, тэлебачанне. Найб. значныя перыяд. выданні: штодзённыя газеты «Granma» («Гранма», з 1965), «Juventud Rebelde» («Паўстанцкая моладзь», з 1965). Выходзяць таксама правінцыяльныя газ. «Adelante» («Наперад», з 1959), «Vanguardia» («Авангард», з 1962) і інш. Інфарм. агенцтвы: Прэнса Лаціна (з 1959) і Нац. агенцтва інфармацыі. Радыёвяшчанне з 1914. Найбуйнейшыя радыёстанцыі: Радыё ліберасьён, Радыё прагрэса, Радыё Гавана-Куба, Радыё рэбельдэ і інш. Трансліруюцца перадачы для замежжа на англ., франц., араб. і інш. мовах. Тэлебачанне з 1950, працуюць 2 агульнанац. каналы. Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны і кантралююцца Кубінскім ін-там радыёвяшчання.

Літаратура. Л-ра індзейцаў дакалумбавай эпохі не захавалася. У 1-й пал. 16 ст. на К. была пашырана місіянерская л-ра: падручнікі па евангелістыцы і этнагр. нарысы. У 16—18 ст. развівалася крэольская нар. паэзія, якая ўзнікла на аснове ісп. паэт. форм (апісальная паэма «Зярцала цярплівасці» С. дэ Бальбоа, 1608). З канца 18 ст. побач з духоўнай і свецкай паэзіяй развіваюцца жанры гіст. хронікі, літ.-філас. і паліт. публіцыстыкі. У пач. 19 ст. створана першае літ. аб’яднанне кубінскіх пісьменнікаў, удзельнікі якога (Ф.​Варэла-і-Маралес, Х.​А.​Сака, Д. дэль Монтэ-і-Апонтэ і інш.) выступалі супраць схаластыкі і ўстарэлых літ. форм. Ідэі нац. самасвядомасці развіваліся ў асветніцкай публіцыстыцы Варэлы-і-Маралеса, вершах Х.​М.​Эрэдыі — пачынальніка кубінскага рамантызму. Прозе рамантыкаў 19 ст. Х.​Гомес дэ Авельянеды, А.​Суарэса-і-Рамера, С.​Вільявердэ ўласціва бытаапісальнасць, т.зв. кастумбрызм. Прадвесцем мадэрнізму ў л-ры К. з’явілася творчасць Х.Марці (раман «Гібельнае каханне», паэт. зб-кі «Простыя вершы», «Верлібры», «Кветкі выгнання»). Пад уплывам антрапалагічных прац Ф.​Ортыса аб афр. каранях кубінскай культуры ў канцы 1920-х г. развіваўся т.зв. «негрызм»: паэзія Н.Гільена, Э.​Бальягаса, Х.​С.​Тальета і інш., проза Л.​Кабрэры. На перакрыжаванні афра-кубінскай культуры і еўрап. авангарду знаходзілася творчасць А.Карпенцьера. У 1940—50-х г. асобнае месца займала творчасць Х.​Лесамы Лімы, якая развівалася ў стылі літ. барока, а таксама А.​Аўх’ера, што ўнёс у інтымную лірыку сац. матывы. ’Проза гэтага перыяду адзначана матывамі сац. крытыцызму (Ф.​Піта Радрыгес, А.​Х.​Кардоса і інш.).

У 1959 створана грамадска-літ. арг-цыя Дом Амерык, у 1961 — Саюз пісьменнікаў і мастакоў К. Значнае месца пачала займаць героіка-рэв. тэматыка, якая стала асноўнай у творчасці празаікаў Х.​Салера Пуіга, Л.​Атэра Гансалеса, М.​Кафіньё і інш., паэтаў М.​Навара Луны, Э.​Дыега, С.​Віцьера і інш. У апошнія дзесяцігоддзі ў л-ру прыйшло новае пакаленне: Р.​Фернандэс Рэтамар, Ф.​Хаміс, Л.​Марэ і інш., для якіх характэрны пошукі новых форм і маст. сродкаў, адэкватных рэчаіснасці. На бел. мове выдадзены асобныя творы Гільена, Дыега, Хаміса, Аўх’ера і інш. у перакладах Р.​Барадуліна, А.​Вярцінскага, Х.​Жычкі і інш.

Архітэктура. У дакалумбійскі перыяд індзейцы будавалі каркасныя хаціны («боіо»), платформы на палях для захоўвання прадуктаў. З драўніны пальмы рабілі каркас, з кары і трыснягу — сцены, дах накрывалі пальмавым лісцем. Змацоўвалі пабудовы ліянамі. У працэсе ісп. каланізацыі (з канца 15 ст.) узніклі гарады (Гавана, Сант’яга-дэ-Куба, Трынідад і інш.) з магутнымі ўмацаваннямі, прамавугольнай сеткай вуліц, царквой, ратушай і асабнякамі знаці на цэнтр. плошчах. Для абароны ад піратаў будавалі крэпасці. Эканам. развіццё К. ў 18 ст. выклікала рост грамадз. архітэктуры ў стылі мудэхар. Пад уплывам ісп. і мекс. дойлідства барока склаліся тыпы кубінскага мураванага жылога дома (1—2-павярховага, з унутр. дваром-паціо, беленымі і фарбаванымі сценамі, аддзелкай з каляровай глазураванай пліткі, драўлянымі і метал. рашоткамі на вокнах і балконах) і царквы [1-нефавай, з 1—2 прамавугольнымі вежамі, столлю з кесонамі (артэсанада) ці скляпеннем]. Фасады аздаблялі калонамі, аркамі, каляровымі вітражамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. створаны арх. ансамблі гал. плошчаў у Гаване і Трынідадзе. Нац. адметнасць кубінскага барока абумоўлена трапічным кліматам і выкарыстаннем мясц. порыстага каменю-ракушачніку з яго багатымі святлоценявымі эфектамі, мяккімі абрысамі. З пач. 20 ст. ў Гаване будавалі шматпавярховыя дамы ў духу эклектыкі і ў стылі мадэрн, у 1920—30-я г. — у стылі сучаснай еўрап. і амер. архітэктуры (арх. Э.​Радрыгес Кастэльс). У 1940—50-я г. арх. А.​Кінтана, А.​Радрыгес Пічарда, А.​Капабланка стваралі пабудовы з маналітнага жалезабетону ў духу функцыяналізму (гасцініцы, курортныя комплексы), адметныя навізной аб’ёмнай і планіровачнай кампазіцый, трапным выкарыстаннем колеру. У 1950-я г. на месцы трушчоб выраслі добраўпарадкаваныя раёны з жалезабетоннымі дамамі (жылы масіў Гавана-дэль-Эстэ ў Гаване, арх. Р.​Каранса і інш.), гандл. і культ. цэнтрамі (Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтва). У 1960—80-я г. ўзмацніліся індустрыялізацыя і тыпізацыя гар. буд-ва, шырока выкарыстоўваецца зборны і маналітны жалезабетон (арх. Х.​Рэбельён, Р.​М.​Франка, Ф.​Салінас, Р.​Пора). Архітэктура вылучаецца манум. характарам, у ёй спалучэнне тыпавых секцый, характэрныя для К. галерэі, лоджыі, адкрытыя лесвіцы, балконы, казыркі, багацце колеравых вырашэнняў. У 1916 засн. Калегія архітэктараў Гаваны.

Выяўленчае мастацтва. Стараж. мастацтва індзейцаў прадстаўлена пячорнымі размалёўкамі, размаляванымі пасудзінамі, статуэткамі людзей і жывёл, каменнымі і драўлянымі ідаламі («семі»). Першыя помнікі выяўл. мастацтва К. — царк. драўляная скульптура і жывапіс, алтарная разьба 18 ст. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам ісп. мастацтва сфарміраваліся гравюра (Ф.​Х.​Баэс — рэліг. эстампы, ілюстрацыі) і жывапіс (рэліг. карціны Х.Н. дэ ла Эскалеры, рэаліст. партрэты В.​Эскавара, класіцыстычныя гіст. карціны Х.​Б.​Вермая). У 1818 у Гаване засн. АМ Сан-Алехандра. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся кастумбрызм, у 2-й пал. пераважалі акад. і рамант. традыцыі ў пейзажы (Ф.​Сіснерас, В.​Санс Карта) і гіст. жывапісе (М.​Мелера). Пач. 20 ст. — уздым нац.-патрыятычнай тэматыкі. Развіваліся гіст. і батальная карціна (А.​Менакаль), рэаліст. жанравы жывапіс (Л.​Раманьяч, Р.​Лой) і скульптура (Х.​Х.​Сікрэ). У 1920—30-я г. на мастацтва К. ўплывалі мексіканскае мастацтва, традыцыі кастумбрызму, еўрап. маст. кірункаў (жывапісцы Э.​Авела, А.​Гаторна, К.​Бермудэс, М.​Карэньё, скульптар Д.​Равенет і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва і сюррэалізм (В.​Лам і інш.). Пасля 1959 пераважае рэв. і паліт.-агітацыйная тэматыка, што паўплывала на інтэнсіўнае развіццё графікі, асабліва плаката (К.​Гансалес, Р.​Кінтана, Р.​Партакарэра і інш.). Сярод жывапісцаў: С.​Кабрэра Марэна, О.​Янес, А.​Бенітэс і інш. У 1961 засн. Саюз пісьменнікаў і мастакоў К.

Музыка. У нар. музыцы К. адрозніваюць крэольскую, афра-кубінскую і афр. музыку Шырока вядомы крэольскія песенныя жанры крыолья, гуахіра, песня і танец хабанера. Сярод песенна-танц. форм афра-амер. музыкі найб. пашыраны сон, гуачара, конга, румба; сярод муз. інструментаў сем’і барабанаў — бата, бембе, конга. Захавалася т.зв. чыстая афр. музыка — рытуальныя гімны-песнапенні, танцы, строга рэгламентаваная музыка «свяшчэнных» барабанаў. У 16—17 ст. пашырыліся ваен. аркестры, вулічныя тэатралізаваныя відовішчы з муз. суправаджэннем, свецкае музіцыраванне. У 2-й пал. 18 ст. росквіту дасягнула царк. музыка (Э.​Салас-і-Кастра). У 1776 у Гаване адкрыты першы пастаянны т-р «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), у 1814 — муз. школа, у 1816 — муз. акадэмія «Санта-Сесілія». Нац. кампазітарская школа склалася ў сярэдзіне 19 ст. (М.​Саўмель Рабрэда, І.​Сервантэс Каванаг, Н.​Р.​Эспадэра). У канцы 19-га — 1-й пал. 20-га ст. створаны нац. оперы «Юмуры» Э.​Санчэса дэ Фуэнтэса (1898), «Нявольніца» Х.​Мауры Эстэве (1921), балеты «Рэбамбарамба» (1928) і «Цуд у Анакільі» (1929) А.​Ральдана. Заснаваны Т-ва класічнай музыкі (1866), Нац. кансерваторыя (1885), сімфанічны (1908) і філарманічны (1923) аркестры ў Гаване, Бетховенскае т-ва (1872) і Т-ва камернай музыкі (1888) у Сант’яга-дэ-Куба. Лепшыя ўзоры кубінскай музыкі 1-й пал. 20 ст. стварылі заснавальнікі афра-кубінскага кірунку Ральдан і А.​Гарсія Катурла. Удзельнікі «Групы музычнага абнаўлення» (з 1943) Х.​Ардэваль, А.​Граматхес, Э.​Марцін, А.​Леон і інш. выступаюць за асваенне і ўвасабленне нац. фальклору. У 1960-я г. створаны дзярж. муз. ўстановы, у т. л. Генеральная дырэкцыя музыкі, Дэпартамент музыкі Нац. б-кі «Хасэ Марці», Дом Амерык, які аб’ядноўвае музыкантаў і інш. дзеячаў мастацтва. У 1960—70-я г. побач з кампазітарамі традыц. кірункаў вылучылася новае пакаленне аўтараў, што арыентуюцца на муз. авангард (алеаторыка, санорыка, канкрэтная і электронная музыка), у т. л. Х.​Бланка, К.​Фарыньяс, Л.​Браўэр і інш. Сучасная прафес. муз. творчасць К. разнастайная паводле жанраў і форм (ад сімфоній і кантат да масавых песень) і ўяўляе сабой даволі складаную стылістычную карціну. Сярод выканаўцаў: скрыпачы Х.​Уайт, К.Х.​Д.​Брындзіс дэ Салас, дырыжоры Э.​Гансалес Манцічы, М.​Дучэсне Кусан, Р.​Санчэс Ферэр, піяніст С.​Цьелес, гітарысты Л.​Браўэр, Х.​Артэга. Сярод харэографаў і артыстаў балета Алісія, Альберта і Фернанда Алонса, Х.​Банегас, Х.​Парэс, Л.​Араўха. Працуюць: Нац. сімф. аркестр (з 1960), сімф. аркестр Нац. т-ра, Квартэт імя А.​Ральдана, Нац. поліфанічны хор, хары мадрыгалістаў (у Гаване і Сант’яга-дэ-Куба), «Арфеон», Ансамбль нац. танца і Нац. балет (з 1959), Нац. фальклорны ансамбль (з 1962), балет Камагуэя (з 1967). Кансерваторыі ў Гаване, Сант’яга і інш., муз. ф-т Вышэйшага ін-та мастацтваў (з 1976), школы хар. спеваў і павышэння муз. майстэрства ў Гаване і інш. Праводзяцца нац. і міжнар. фестывалі музыкі.

Тэатр. Паяўленне т-ра К. звязана з ісп. т-рам і фальклорным мастацтвам неграў-рабоў (паказы на плошчах, у цэрквах, прыватных дамах, карнавальныя шэсці, рытуалы). У 1776 у Гаване пабудавана тэатр. памяшканне «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), дзе ставіліся п’есы пераважна ісп. драматургаў. Пачатак нац. т-ру далі муз. паказы сайнетэ (п’есы з музыкай і спевамі) акцёра і драматурга Ф.​Каваруўяса. Фарміраванне нац. т-ра актывізавалася ў 1-й пал. 20 ст.: створана «Т-ва садзеяння развіццю т-ра» (1910), пачалі выдавацца тэатр. часопісы, ствараліся новыя трупы, у т. л. т-р «Куэва» ў Гаване (1936—37), Нар. т-р (1943—45). У 1941 заснаваны Кубінская акадэмія драм. мастацтва і тэатр. школа пры Гаванскім ун-це. Пасля 1959 ствараюцца дзярж. трупы і т-ры, арганізуюцца т-ры ў правінцыі. Ставяцца п’есы Х.​Марці, Ф.​Гарсіі Лоркі, А.​Чэхава, Ж.​П.​Сартра, Х.​Брэне, Э.​Кінтэра, Х.​Трыяны, Р.​Ферэра, А.​Эстарына.

Кіно. З 1897 на К. здымаліся кінахроніка і дакумент. фільмы. Асновы рэгулярнай кінавытворчасці заклалі ў 1910—20-я г. рэж. Э.​Д.​Кеседа і Р.​Пеан. Здымаліся фільмы на актуальныя праблемы, дэтэктывы, камедыйныя фільмы-буф, фарсы і інш. У 1937 створаны першы паўнаметражны гукавы фільм (рэж. Э.​Капарас). З 1930-х г. набылі папулярнасць муз. фільмы з выкарыстаннем нар. музыкі (Х.​Сальвадор і інш.). 1940—50-я г. — перыяд заняпаду кубінскага кіно, фільмы здымаліся пераважна з мексіканскімі кінавытворцамі. У 1959 створаны Кубінскі ін-т кінамастацтва і кінапрамысловасці. Найб. развіццё атрымала дакумент. кіно. У 1960-я г. пачалі выходзіць «Лацінаамерыканская хроніка інстытута кінамастацтва і кінапрамысловасці», серыя «Народная энцыклапедыя». На дакумент. кінематограф К. паўплывалі І.​Івенс (Нідэрланды), Р.​Кармэн, М.​Калатозаў, С.​Урусеўскі (СССР). Гал. тэма кубінскай кінематаграфіі — «Сто гадоў барацьбы» (паказ асобных яе этапаў) — стала вызначальнай для гісторыка-рэв. дакумент. («Гэта наша зямля», 1959; рэж. Т.​Гуцьерэс Алеа) і маст. («Лусія», 1968; рэж. У.​Солас) фільмаў.

Ствараліся біяграфічныя («Часы маладога Марці», 1960; рэж. Х.​Масіп), сацыялагічныя («З кубінскімі жанчынамі», 1974; рэж. А.​Картасар; «Кайіта — легенда і быль», 1981; рэж. Л.​Ф.​Бернаса) і інш. фільмы. Сярод рэжысёраў дакументалістаў: С.​Альварэс, О.​Вальдэс, П.​Вега, Х.​Дыяс, Ф.​Перэс, М.​Флейтас, Б.​Эрнандэс. Фільмы на сучасную тэматыку здымалі Гуцьерэс Алеа («Смерць бюракрата», 1966), Картасар («Настаўнік», 1977), М.​А.​Гомес («Жанчына, мужчына, горад...», 1978), Вега («Партрэт Тэрэсы», 1979), П.​Гусман («Ружа вятроў», 1983) і інш. Сярод акцёраў: І.​Андрэус, М.​Бальмаседа, А.​Віньяс, С.​Вуд, Д.​Гранадас, С.​Клакстан, А.​Легра, Р.​Міравальес, Э.​Нуньес. Здымаюцца таксама анімацыйныя фільмы. З 1979 у Гаване штогод праходзіць Міжнар. кінафестываль лац.-амер. «новага кіно».

Літ.:

Очерки истории Кубы. М., 1978;

Гавриков Ю.П. Куба: страницы истории. М., 1979;

Ларин Е.А. Куба конца XVIII — первой трети XIX в. М., 1989;

Шустов К.С. Освободительная война на Кубе (1895—1898) и политика США. М., 1970;

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. М., 1972;

Филиповская Н. Архитектура революционной Кубы. М., 1965;

Пичугин П. Краткий очерк истории кубинской музыки // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;

Культура Кубы: Сб. ст. М., 1979;

Быкова И.С. Кино Кубы. М., 1984.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), С.​В.​Логіш (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Кубы.
Да арт. Куба. Тыповы ландшафт на раўнінах вострава.
Краявід на захадзе Кубы ў правінцыі Пінар-дэль-Рыо.
Да арт. Куба. Бухта порта Сант’яга-дэ-Куба.
Да арт. Куба. Крыж на ўшанаванне памяці ахвяр урагану 1930-х г. у г. Санта-Крус-дэль-Сур.
Да арт. Куба. Будынак Дома-музея Э.​Хемінгуэя ў Гаване.
Да арт. Куба. Адна з цэнтральных плошчаў Гаваны.
Да арт. Куба. Ганчар за работай.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каза́ 1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр. коза, рус. коза, польск. koza, палаб. tʼözɜ, н.-луж. kóza, в.-луж. koza, чэш. koza, славац. koza, славен. kóza, серб.-харв. ко̀за, макед. коза, балг. коза. Засведчана ў ст.-слав. коза ’тс’. Праслав. koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл. koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд. аjā ’каза’ (і.-е. *ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс. azak, н.-перс. azg ’каза’, літ. ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт. *ažia‑), патрабуе тлумачэння слав. k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб. keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ. hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц. hakuls ’тс’, ст.-ісл. hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням. hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб. kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е. *ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд. chā́gaḥ ’казёл’ і слав. koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ. ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав. azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав. ꙗзьно ’скура’ < прасл. azьno, магчыма, славен. aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав. koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ. ožkà ’каза’, так і для слав. koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк. äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк. käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав. koza, ст.-інд. ajā́ і інш. K у слав. koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав. kostь, якое разам з лац. costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд. ásthi, ст.-іран. ast‑, asti‑, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет. hastai, арм. oskr, якія да і.-е. *est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд. chagaḥ ’казёл’, chā́gā ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е. *skego‑s ’скакун’, а z у слав. koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е. *(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е. *(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.

*Каза́ 2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш. koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза 1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус. пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск. koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац. koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.

Каза́ 3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр. коза ’тс’, чэш. дыял. koza ’абрадавая гульня’. Да каза 1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.

Каза́ 4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.

Каза́ 5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза 1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск. koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.

Каза́ 6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг. дыял. козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза 1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза 1, казёл 1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг. дыял. козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.

Каза́ 7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр. коза ’турма’, польск. koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш. дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.

Каза́ 8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш. koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен. koza ’козлы’, параўн. укр. козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус. арх. козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг. козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел. казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр. козинець, рус. козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.

Каза́ 9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза 1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв. kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус. смал. козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.

Каза́ 10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск. koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза 1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус. смал. коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза 10 не ад каза ’лавачка’.

Каза́ 11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза 1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус. смал. козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.

Каза́ 12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза 1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.

Каза́ 13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал. коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус. дыял. коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза 1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза 10, каза 11). Можна як пераноснае ад каза 13 разглядаць каза 14.

Каза́ 14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус. тагільск., свярдл. козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза 1.

Каза́ 15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза 1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.

Каза́ 16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус. свярдл. коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза 1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.

Каза́ 17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза 1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза 1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм. каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).

Каза́ 18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус. арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел. карм. каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.

Каза́ 19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза 1.

Каза́ 20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза 1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус. пячор., арханг. кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц. кобылка ’козлы’, кадн., валаг. кобыла ’тс’, бел. каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус. уладз., малаж., ярасл. кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус. трубч., арл. кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг. козел ’тс’.

Каза́ 21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза 1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак 5.

Каза́ 22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза 1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес. баба, маг. лісіца, рус. дыял. собака, бел. літар. сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел. сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.

Каза́ 23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск. варм.-маз. koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза 22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза 1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).

Каза́ 24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран. козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза 1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў. бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза 24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза 24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр. усх.-палес. козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.

Каза́ 25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус. коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр. харк. коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус. вяц. коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск. дыял. koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял. koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш. мар. дыял. zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв. коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус. іркуц. посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес. кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў. барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр. козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг. останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).

Каза́ 26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус. с.-урал. козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза 25.

Каза́ 27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел. блюзна, блізна, рус. близна, балг. близна, серб.-харв. бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел. каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял. козлы ’сварка, нелады’.

Каза́ 28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза 1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр. усх.-палес. бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел. бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес. укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак 5, казакі і інш.

*Каза́ 29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск. koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск. koza — калька з лац. Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск. koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза 1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛГА́РЫЯ, Рэспубліка Балгарыя,

дзяржава на ПдУ Еўропы, ва ўсх. ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Румыніяй, на З з Югаславіяй і Македоніяй, на Пд з Грэцыяй і Турцыяй. На У абмываецца Чорным м. Пл. 110,99 тыс. км². Нас. 8800 тыс. чал. (1994). Дзярж. мова — балгарская. Сталіца — г. Сафія. Краіна падзяляецца на 9 абласцей. Нац. свята — 3 сак. (Дзень вызвалення ад асманскага ярма).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1991 Балгарыя — рэспубліка з парламенцкім праўленнем. Вярх. орган заканадаўчай улады — аднапалатны Народны сход (240 чл.), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады (пры зацвярджэнні канстытуцыі дзейнічае пад назвай Вялікі нар. сход, колькасць дэпутатаў павялічана да 400). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 5 гадоў; узначальвае ўзбр. сілы, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў, валодае правам вета на пастановы парламента. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які зацвярджаецца Нар. сходам.

Прырода. Поўнач Балгарыі займае Дунайская раўніна, якая на Пд абмяжоўваецца самым доўгім горным ланцугом краіны — Стара-Планіна выш. да 2376 м (г. Боцеў). Сярэдняя Балгарыя — невял. горныя масівы, міжгорныя катлавіны (Сафійская, Казанлыкская, Дзімітроўская) і Верхнефракійская нізіна. На ПдЗ — Рыла-Радопскі масіў, у складзе якога масіў Рыла (г. Мусала, 2925 м — найвышэйшы пункт Балгарыі і Балканскага п-ва), хрыбет Пірын, горы Радопы.

Карысныя выкапні: жал., свінцова-цынкавыя, медныя, хромавыя, марганцавыя, сярэбраныя руды, лігніты, буры і каменны вугаль. Ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу, а таксама каменная соль, вапняк, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і мяккай зімой. У Сафіі сярэдняя т-ра ліп. 21 °C, студз. -2 °C, на ўзбярэжжы ў Варне адпаведна 23 °C і 1 °C. Каля 650 мм ападкаў за год (на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 850—1000 мм). Рэкі Струма і Марыца ўпадаюць у Эгейскае м., Дунай, рэкі ўзбярэжжа — у Чорнае. Запасы гідраэнергіі — 10 млрд. кВт. Пад лясамі 28% тэрыторыі, пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук, граб). На схілах гор хваёвыя лясы (хвоя, елка, піхта). Пашыраны хмызнякі, альпійскія лугі.

Насельніцтва. Этнічны склад: 85,3% балгары, 8,5 туркі, 2,6 цыганы, 2,5% македонцы; жывуць таксама армяне, рускія, грэкі, румыны і інш. Паводле веравызнання праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (каля 9%), а таксама католікі, пратэстанты, іудзеі. 68% насельніцтва жыве ў гарадах. Самыя вял. гарады (тыс. ж., 1992): Сафія (1141), Плоўдзіў (379), Варна (316), Бургас (212), Русе (190). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 79 чал. на 1 км², на нізінах, раўнінах, у міжгорных катлавінах больш за 100—200, у гарах да 20—40 чал. на 1 км².

Гісторыя. Тэр. Балгарыі заселена чалавекам у сярэднім палеаліце. У 7—6 ст. да н.э. ў фракійскіх плямёнаў (стараж. насельнікаў балг. зямель) пачалося станаўленне класавага грамадства. У 4—1 ст. да нашай эры фракійцы змагаліся з македонцамі, пасля з рымлянамі, якія з 46 да нашай эры сталі гаспадарыць на Балканах. Пры падзеле Рымскай імперыі (395 нашай эры) тэр. Балгарыі адышла да Візантыі. З канца 5 — пач. 6 ст. на Балканскі п-аў пранікаюць слав. плямёны (склавіны і анты). Класавая дыферэнцыяцыя сярод славян і імкненні Візантыі аднавіць сваё панаванне на занятых славянамі землях паскорылі працэс фарміравання дзяржавы. У прыдунайскіх землях склаўся саюз Сямі слав. плямёнаў. У 680 дружыны цюркскіх пратабалгар на чале з ханам Аспарухам перайшлі Дунай, перамаглі візантыйцаў, заключылі пагадненне з правадырамі Сямі слав. плямёнаў і ўтварылі аб’яднаную славяна-балг. дзяржаву. У 681 Візантыя прызнала яе незалежнасць. Хрысціянства, якое з 2-й пал. 9 ст. стала афіц. рэлігіяй дзяржавы, паспрыяла паляпшэнню яе міжнар. становішча, фарміраванню балг. народнасці. Пры цару Сіямоне [893—927] Балгарыя ў выніку войнаў з Візантыяй павялічыла сваю тэрыторыю, дасягнула значнага паліт., эканам. і культ. росквіту. Але пагаршэнне эканам. становішча сялян вылілася ў 10 ст. ў шырокі грамадскі рух у форме рэліг. ерасі — багамільства (гл. Багамілы). Аслабленая гэтым рухам і феад. міжусобіцамі Балгарыя ў 1018 зноў трапіла пад уладу Візантыі. На барацьбу супраць яе балгары падымаліся ў 1040, 1072, 1074, 1079, 1084; усенар. паўстанне 1185—87 на чале з братамі Асенем і Пятром вымусіла Візантыю прызнаць у 1187 незалежнасць балг. дзяржавы. За гады праўлення цара Івана Асеня II [1218—41] у выніку яго ваен. і дыпламат. поспехаў значна пашырана тэр. Балгарыі (далучана б.ч. Фракіі, Македонія, Албанія), яна стала самай моцнай дзяржавай на Балканах. У 2-й пал. 13 ст. феад. адносіны ў краіне дасягнулі высокай ступені развіцця. Аднак жорсткая эксплуатацыя, набегі тат. ордаў даводзілі сялянства да галечы. У 1277—80 у краіне ўспыхнула антыфеад. паўстанне на чале з пастухом Івайлам. Феад. міжусобіцы прывялі Балгарыю да распаду на 2 царствы і княства, тэрыторыі якіх у 14 ст. сталі аб’ектам захопніцкай палітыкі Асманскай імперыі. У 1393 туркі захапілі г. Тырнава, пазней Тырнаўскае і Відзінскае царствы, у канцы 14 ст. — княства Дабруджу. Феад. эксплуатацыя народа дапоўнілася жорсткім нац і рэліг. прыгнётам. Балгары ўпарта змагаліся супраць тур. панавання (паўстанне на чале з Канстанцінам і Фружынам 1404, Тырнаўскія паўстанні 1598 і 1686, Чыпраўскае 1688, інш.). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Балгарыі зарадзіліся капіталіст. адносіны. Гарады сталі гандл.-прамысл. цэнтрамі. Вырасла нац. самасвядомасць балгар. У 1830-я г. нац. рух набыў форму барацьбы за нац. свецкую школу, у 1840—60-я г. — за стварэнне незалежнай балг. царквы (у 1870 Балгарыя атрымала аўтаномную царк. арг-цыю). Супраць тур. феадалаў узняліся сяляне (паўстанні 1835—36, 1841, 1850, 1856). У барацьбе за сваю незалежнасць балгары апіраліся на дапамогу рас. войскаў, якія актыўна падтрымлівалі іх у рус.-тур. войнах 1806—12, 1828—29, 1853—56.

Нац.-вызв. рух узмацніўся ў 2-й пал. 19 ст. Яго ўзначалілі дзеячы балг. адраджэння дэмакраты Г.С.Ракоўскі, Л.Каравелаў, В.Леўскі, Х.Боцеў. У 1869 арганізаваны Балг. рэв. к-т. Адбыліся Старазагорскае паўстанне 1875 і самае масавае выступленне балг. народа супраць тур. панавання — Красавіцкае паўстанне 1876. Абодва яны задушаны, пераможаны і атрад Боцева, у падрыхтоўцы і ўзбраенні якога актыўна ўдзельнічаў беларус М.К.Судзілоўскі. Нечуваныя зверствы тур. войскаў у час разгрому паўстанняў выклікалі абурэнне прагрэс. грамадскасці свету. Шырокі рух у падтрымку балг. народа разгарнуўся на Беларусі. Толькі ў Мінскай губ. было сабрана больш за 13 тыс. руб. Каб удзельнічаць у барацьбе на баку балгар, з Беларусі выехалі добраахвотнікі. Падзеі ў Балгарыі абвастрылі Усходні крызіс, які прывёў да рус.-тур. вайны 1877—78. У час яе воіны 54-га пях. Мінскага палка ў ліку першых фарсіравалі Дунай 27.6.1877 і вызвалілі г. Свіштоў. Перадавы атрад рас. арміі на Балканах узначальваў ураджэнец Беларусі ген.-лейт. І.У.Гурка. Беларусы ўдзельнічалі ў гераічнай абароне Шыпкінскага перавалу, у баях за Плеўну і Стара-Загору. Сан-Стэфанскі мірны дагавор 1878, якім скончылася вайна, прадугледжваў стварэнне самаст. балг. дзяржавы. Але пад націскам зах. краін Берлінскі кангрэс 1878 прыняў рашэнне падзяліць Балгарыю на васальнае ад Турцыі Балг. княства і аўтаномную Усх. Румелію ў межах Тур. імперыі. Фракія і Македонія зноў адышлі да Турцыі. Тым не менш у выніку вайны 1877—78 былі закладзены асновы самаст. нац. балг. дзяржавы, прынята Тырнаўская канстытуцыя 1879. На трон Балг. княства выбраны (па рэкамендацыі краін — удзельніц Берлінскага кангрэсу 1878) ням. прынц Аляксандр Батэнберг [1879—86), які ў 1881 адмяніў канстытуцыю, а ў знешняй палітыцы імкнуўся зблізіць Балгарыю з Аўстра-Венгрыяй і Германіяй. Патрыят. рух супраць падзелу краіны перарос у вер. 1885 ва ўзбр. паўстанне, у выніку якога Усх. Румелія ўз’ядналася з Балг. княствам. Уладу ў краіне захапілі колы, што падтрымлівалі палітыку Аўстра-Венгрыі і Германіі. Яны пасадзілі на трон ням. прынца Фердынанда I Кобургскага [1887—1918].

У 1891 пад кіраўніцтвам Дз.Благоева засн. Балг. с.-д. партыя. Пасля Бурж. рэвалюцыі 1908 у Турцыі Балгарыя пазбавілася ад васальнай залежнасці і ў кастр. 1908 абвясціла поўную незалежнасць; Фердынанд прыняў тытул «цара балгар». У 1912 Балгарыя заключыла саюзныя дагаворы з Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй (гл. Балканскі саюз 1912), накіраваныя супраць Турцыі і аўстра-венг. экспансіі на Балканах. У 2-й Балканскай вайне (гл. Балканскія войны 1912—13) Балгарыя была пераможана і страціла частку сваіх тэрыторый, набытых у 1-й Балканскай вайне. У 1-й сусв. вайне Балгарыя ўдзельнічала на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі. Паводле Нёіскага мірнага дагавора 1919 Балгарыю акупіравалі войскі Антанты. Краіны-пераможцы анексіравалі каля 11,3 тыс. км² яе тэрыторыі і прымусілі выплаціць вялікую рэпарацыю.

Уладайскае паўстанне 1918 супраць манархічнай улады, у якім удзельнічала каля 30 тыс. рэв. настроеных салдатаў, было задушана з дапамогай ням. войскаў. Але цар Фердынанд адмовіўся ад трона на карысць сына Барыса III. На выбарах у Нар. сход 28.3.1920 перамог Балг. земляробчы нар. саюз (ВЗНС), лідэр якога А.Стамбалійскі ўтварыў аднапартыйны ўрад, прыняў шэраг дэмакр. законаў. 9.6.1923 правыя сілы на чале з А.​Цанкавым ажыццявілі дзярж. пераварот. Арганізаванае камуністамі 23.9.1923 узбр. паўстанне жорстка задушана, рэформы Стамбалійскага адменены, Балг. камуніст. партыя, дэмакр. партыі і арг-цыі забаронены.

У выніку выбараў у Нар. сход 21.6.1931 да ўлады прыйшоў урад Нар. блока (кааліцыі бурж. партый і ВЗНС), але прыкметных змен ва ўнутр. і знешняй палітыцы не адбылося. Каб умацаваць пазіцыі буржуазіі, Ваен. ліга (аб’ядноўвала рэакц. афіцэрства) і паліт. група «Звяно» 19.5.1934 учынілі дзярж. пераварот (распушчаны Нар. сход, усе паліт. партыі і прафсаюзы), што стала перадумовай усталявання ў Балгарыі манарха-фаш. дыктатуры.

У час 2-й сусв. вайны кіраўніцтва краіны на чале з царом Барысам III падпісала ў сак. 1941 пратакол пра далучэнне Балгарыі да траістага саюза фаш. дзяржаў. У распараджэнне герм. камандавання былі аддадзены ўсе матэрыяльныя рэсурсы краіны, аэрадромы, чыгункі. Да Балгарыі далучаны тэр., страчаныя ў 1919. 13.12.1941 Балгарыя абвясціла вайну Вялікабрытаніі і ЗША. У краіне разгарнуўся антыфаш. рух, фарміраваліся партыз. атрады, якія ў 1943 аб’ядналіся ў адзіную Нар.-вызв. паўстанцкую армію. 17.7.1942 абвешчана праграма Айч. фронту: скінуць манарха-фаш. рэжым, устанавіць нар.-дэмакр. ўладу. 5.9.1944 урад СССР абвясціў правячым колам Балгарыі вайну. У ноч на 9.9.1944 антыфаш. сілы скінулі існуючы рэжым (гл. Вераснёўскае ўзброенае народнае паўстанне 1944), да ўлады прыйшоў кааліцыйны ўрад Айч. фронту, які аб’явіў вайну фаш. Германіі, Балгарыя далучылася да дзяржаў-саюзніц. На падставе рэферэндуму 8.9.1946 ліквідавана манархія, Балгарыя абвешчана Нар. Рэспублікай (15.9.1946). Пасля выбараў у Вял. нар. сход з 27.10.1946 урад узначаліў Г.Дзімітроў.

Пасляваеннае развіццё Балгарыі адбывалася па шляху абвяшчэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства пад кіраўніцтвам кампартыі, нацыяналізацыі прам-сці, агр. рэформаў. У Балгарыі ўсталяваўся таталітарны рэжым: у 1947 ліквідавана апазіцыя камуніст. ўраду, яе лідэр Н.​Петкаў пакараны смерцю. Пасля смерці Г.​Дзімітрова (1949) В.​Чарвенкаў пачаў масавыя чысткі, спыненыя ў 1954 Т.​Жыўкавым. З канца 1970 — пач. 1980-х г. у Балгарыі стаў паглыбляцца крызіс у эканам. і культ. жыцці. Ён яшчэ больш абвастрыўся ў 1984 у сувязі з асіміляцыйнымі дзеяннямі балг. улад супраць насельніцтва тур. паходжання. З канца 1980-х г. у Балгарыі разгарнуліся пераўтварэнні, накіраваныя на злом і ліквідацыю ранейшага рэжыму і вынікаў яго кіравання. У 1989 створана дэмакр. апазіцыя, адпраўлены ў адстаўку Жыўкаў. З ліст. 1990 краіна стала наз. Рэспублікай Балгарыя. У ліп. 1991 прынята новая канстытуцыя. У выніку парламенцкіх выбараў у кастр. 1991 да ўлады прыйшоў Саюз дэмакр. сіл, які ўзяў курс на ўмацаванне дэмакратыі і пераход да рыначнай сістэмы; прыняты закон аб паліт. партыях і арг-цыях, аб зямлі, прыватызацыі і інш. У ліку прыярытэтных задач вызначаны інтэграцыя з еўрап. паліт. і эканам. структурамі, супрацоўніцтва з інш. краінамі на двухбаковай і рэгіянальнай аснове. Прэзідэнт краіны з 19.1.1992 Ж.Жэлеў. Балгарыя чл. ААН з 1955, удзельніца хельсінскага працэсу, уваходзіць прыкладна ў 300 міжнар. арг-цый. Беларусь і Балгарыя маюць даўнія традыцыі дружбы і шматбаковых сувязяў — гандаль і тавараабмен, абмен вопытам, сувязі ў галіне навукі, л-ры і мастацтва, турызму і спорту, дэкады балг. культуры на Беларусі і бел. культуры ў Балгарыі, дапамога Балгарыі бел. народу ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і інш. На Беларусі і ў Балгарыі працуюць т-вы дружбы і культ. сувязяў. Афіц. Дыпламат. адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Балгарыяй ўстаноўлены 26.3.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Балгарыі зарэгістравана каля 80 партый і паліт. рухаў, у т. л. Саюз дэмакр. сіл (аб’ядноўвае каля 20 партый і рухаў), Балгарская сацыяліст. партыя, Рух за правы і свабоды, Балгарская сац.-дэмакр. партыя, Балгарскі земляробчы нар. саюз. Арганізатары прафс. руху ў краіне — Канфедэрацыя незалежных сіндыкатаў Балгарыі і Канфедэрацыя працы «Падкрэпа».

Гаспадарка. Балгарыя — індустрыяльна-агр. дзяржава. Удз. в. прамысловасці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. Аснова энергетыкі — здабыча вугалю (каля 32 млн. т за год, у т. л. лігніту каля 28 млн. т). Гал. басейны: Усх.-Марыцкі і Зах.-Марыцкі, Перніцкі, Бобаўдальскі, Балканскі, Чарнаморскі. Найбольшыя ЦЭЦ (у Сафіі, Дзімітроўградзе) працуюць на лігнітах. Каля ⅓ электраэнергіі дае АЭС Казладуй (на ПнЗ). У гарах, пераважна на Пд, каскады невялікіх ГЭС. Выпрацоўка электраэнергіі каля 42 млрд. КВт∙гадз. Імпартуюцца каменны вугаль, кокс, нафта, газ. Асн. сыравінная база для каляровай металургіі — радовішчы Усх. Радопаў (Мадан, Рудазем). Найб. яе камбінаты ў Кырджалі і каля Плоўдзіва (свінец, цынк, рэдкія металы), у Злаціцы і Сафіі (медзь), у Шумене (алюміній). Чорная металургія ў Сафійска-Перніцкім раёне (камбінаты ў Крамікаўцах і Перніку). Выплаўка сталі 1,6 млн. т, імпарт. жал. руды 0,5 млн. т, здабыча 0,32 млн. т (1992). У машынабудаванні развіта вытв-сць абсталявання падымальна-трансп. і для харчова-смакавай прам-сці, электра- і мотакараў, электраабсталявання (акумулятараў, электраматораў і інш.). Выпускаецца выліч. і радыёэлектронная тэхніка. Прадпрыемствы трактарнай (Карлава), станкабуд. і электратэхн. (Сафія), суднабуд. (Варна, Бургас, Русе), аўтамаб. (Шумен, Ловеч, Плоўдзіў) прам-сці. Буйнейшыя цэнтры машынабудавання — Сафія, Русе, Плоўдзіў, Варна. Хім. прам-сць на базе радовішчаў вугалю, каменнай солі і пірытаў. Вытв-сць азотных угнаенняў (911 тыс. т, 1991) у Дзімітроўградзе і Стара-Загоры, складаных і фосфарных у Дзеўні, нафтахімія ў Бургасе і Плевене, выраб сінт. валокнаў у Бургасе, Ямбале, Відзіне, штучных валокнаў і тканін у Свіштове, соды і хлору ў Дзівіне. Вытв-сць каўстычнай соды 521,8 тыс. т, кальцыніраванай — 1046 тыс. т (1992), буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, блочныя вырабы). Лёгкая і харч. прам-сць дае каля палавіны ўсяго аб’ёму прамысл. прадукцыі. Тэкст. прам-сць сканцэнтравана ў Сафіі, Габраве, Слівене, Плоўдзіве. Ёсць прадпрыемствы швейнай, гарбарна-футравай і абутковай прам-сці. У харч. прам-сці высокая ўдз. в. тытунёвай, кансервавай, вінаробчай (2458 тыс. гекталітраў віна ў 1992), цукр. і алейнай вытв-сці. У Карлаве атрымліваюць ружавы алей. У сельскай гаспадарцы вядучая галіна — раслінаводства. С.-г. землі займаюць больш за палавіну тэрыторыі (6,1 млн. га), з іх 60% ворыва, 11% сады, вінаграднікі, агароды. Арашаецца больш за 1 млн. га. Асн. масівы разараных зямель на Ніжнедунайскай раўніне, Верхнефракійскай нізіне і ў Дабруджы (на ПнУ). Каля 60% пасяўных плошчаў пад збожжавымі. Валавы збор (1992, тыс. т): пшаніцы — 3270, кукурузы — 2300, ячменю — 1100, рысу — 20, бульбы — 550, перцу — 220, памідораў — 472, тытуню — 72, сланечніку — 470, цукр. буракоў — 868. Вырошчваюць таксама бавоўнік, кармавую люцэрну і кукурузу, у Карлаўскай і Казанлыкскай катлавінах — эфіраалейныя культуры (ружа, мята, лаванда). Садоўніцтва (яблыкі, слівы, персікі) і вінаградарства (700 тыс. т, 1992) у перадгор’ях і ў Кюстэндзільскай катлавіне. Цукр. буракі і сланечнік вырошчваюць на Пн, тытунь, бавоўнік, каноплі, а таксама гародніну (памідоры, перац, баклажаны) — у катлавінах сярэдняй і паўднёвай ч. краіны. Жывёлагадоўля (1992, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 1,3, свіней 3, авечак 6,7, птушкі 21. У гарах пераважае экстэнсіўная горнапашавая жывёлагадоўля. Транспарт. Даўжыня чыгунак (1992) — каля 4,3 тыс. км, з іх 61,4% электрыфікавана. Агульная працягласць аўтадарог амаль 37 тыс. км. 70% перавозак ажыццяўляецца аўтатранспартам, 17% — па чыгунках. Марскі і рачны транспарт. Гал. марскія парты Бургас і Варна, дунайскі порт Русе. Чыг. паромная пераправа Варна—Ільічоўск (Украіна). Міжнар. авіяц. лініі праз Сафію, Варну. Гандаль больш як са 100 краінамі. Экспарт прадукцыі машынабудавання, соды і хім. угнаенняў, тытунёвых вырабаў, агародніны і садавіны, вінаграду; імпарт энерганосьбітаў, сыравіны для хім. прам-сці, аўтамабіляў, тавараў нар. ўжытку. Беларусь пастаўляе ў Балгарыю шыны для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі, быт. халадзільную тэхніку, трактары, экскаватары, падшыпнікі, шпалеры, ільняныя тканіны і інш.; атрымлівае з Балгарыі аўтапагрузчыкі, медыкаменты, акумулятары, цукар і інш. харч. тавары, тытунёвыя вырабы. Адна з важнейшых крыніц даходаў краіны — замежны турызм (каля 10 млн. чал. штогод). Найб. вядомыя курорты: Залатыя Пяскі, Дружба, Албена (каля Варны), Сонечны Бераг (каля Бургаса); горныя курорты — Боравец, Пампорава. Грашовая адзінка — леў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чалавек. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі 1 на 97 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 312 чал. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 12 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Балгарыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў; адзіную школу з 2 ступенямі — базавай (пач. — 4 гады і няпоўная сярэдняя — 4 гады) і поўнай сярэдняй адукацыі (узрост абавязковага навучання ад 6—7 да 16 гадоў); прафес. і вышэйшыя (у т. л. няпоўныя вышэйшыя) навуч. Ўстановы. Базавыя і поўныя сярэднія школы падпарадкоўваюцца органам мясц. самакіравання і маюць права самастойна вызначаць мэты і метады навучання. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты «Клімент Охрыдскі» ў Сафіі, «Паісій Хілендарскі» ў Плоўдзіве, «Кірыла і Мяфодзій» у Тырнаве; эканам. і механіка-электратэхн. ін-ты ў Сафіі. Сярод няпоўных ВНУ — 16 настаўніцкіх ін-таў, ін-т сувязі, бібліятэчны. Буйнейшыя б-кі: Нар. б-ка імя Кірылы і Мяфодзія, б-ка ун-та «Клімент Охрыдскі», б-ка Балг. АН, Нар. б-ка ў Плоўдзіве. Музеі: Нац. маст. галерэя, этнагр., археал., ваенна-гіст. ў Плевене, археал. і этнагр. музеі ў Плоўдзіве і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Балг. АН (засн. ў 1869), Акадэміі с.-г. Навук, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Штодзённа выходзіць 19 цэнтр. газет, з іх буйнейшыя: «24 часа» («24 гадзіны»), «Дума», «Демокрация» («Дэмакратыя»). Тэле- і радыёвяшчаннем ахоплена больш за 90% тэр. краіны. Разам з цэнтр/ тэлебачаннем дзейнічаюць 4 мясц. тэлецэнтры (у Варне, Плоўдзіве, Русе, Благоеўградзе). Самыя буйныя інфарм. агенцтвы: Балгарскае тэлеграфнае агенцтва (БТА), Сафія-прэс.

Літаратура. Узнікла ў 2-й пал. 9 ст. і звязана з дзейнасцю першых слав. асветнікаў, стваральнікаў слав. пісьменнасці Кірылы і Мяфодзія. Росквіт стараж. балг. л-ры (9—10 ст.) звязаны з охрыдскай і праслаўскай літ. школамі (Клімент Охрыдскі, Канстанцін Праслаўскі, Іаан Экзарх, Чарнарызец Храбр). Жанрава разнастайная л-ра сярэднявечча (жыціі, службы, філас., філал. творы, проза і паэзія) мела царкоўна-дыдактычны характар. У 10 ст. ўзнікла т.зв. багамільская (ерэтычная) л-ра (жыціі, апокрыфы, легенды і паданні). Значны ўклад у развіццё культ. і літ. жыцця позняга сярэднявечча зрабілі прадстаўнікі тырнаўскай літ. школы (Кіпрыян, Грыгорый Цамблак, Канстанцін Касцянецкі, стваральнік школы, рэфарматар правапісу, дзеяч асветы і л-ры Яўфімій Тырнаўскі). Турэцкі прыгнёт не садзейнічаў развіццю л-ры. Кніжная дзейнасць пры цэрквах і манастырах (Уладзіслаў Граматык, Поп Пеё, Матэй Граматык) стала сродкам пашырэння ведаў і фарміравання нац. самасвядомасці. Духоўнае жыццё народа адлюстроўваў фальклор (юнацкія, гайдуцкія, гіст. песні, балады, легенды, казкі). У 17—18 ст. бытавалі дамаскіны — зборнікі пропаведзяў грэч. епіскапа 16 ст. Дамаскіна Студыта, перакладзеныя на дыялекты стараж. балг. мовы. Пачынальнік Балг. адраджэння (2-я пал. 18 — 1878) Паісій Хілендарскі ў «Гісторыі славяна-балгарскай» (1762) упершыню ў балг. л-ры адлюстраваў ідэі тагачаснай эпохі, барацьбу за нац. мову, асвету, незалежнасць. Асветніцкія творы яго паслядоўнікаў засведчылі пераход л-ры ад традыц. агіяграфіі да мемуараў і сентыментальнага рамана Новага часу. Эстэт. канцэпцыю асобы тагачаснай гіст. эпохі ўвасобіў Сафроній Урачанскі («Жыццё і пакуты грэшнага Сафронія», 1805). У 1820—40-я г. развівалася навук., філал. і маральна-дыдактычная л-ра, з’явіліся першыя перыяд. выданні. У л-ры 1850—70-х г. адлюстраваны ўздым нац.-вызв. барацьбы, асн. кірункі тагачаснага паліт., культ. жыцця — асветніцкі (П.​Славейкаў) і рэвалюцыйны (Д.​Чынтулаў, Г.​Ракоўскі). Прадстаўнік рэаліст. л-ры Л.​Каравелаў. Вяршыняй паэзіі адраджэння стала творчасць Х.​Боцева. У гэты перыяд зараджаліся новыя літ. жанры: байка і павучальнае апавяданне (П.​Бярон, Элін Пялін), фельетон (А.​Канстанцінаў), аповесць (Т.​Влайкаў), літ. крытыка (Дз.​Благоеў, К.​Крысцеў), дакумент. проза (З.​Стаянаў), драма (П.Явараў), раман (І.Вазаў). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся мадэрнісцкія тэндэнцыі (у крытыцы — Крысцеў, у маст. л-ры — Славейкаў), узнік сімвалізм (Явараў, Т.​Траянаў, Х.​Ясенаў), індывідуалістычныя дэкадэнцкія настроі (Славейкаў, Дз.​Дэбелянаў). Пасля паўстання 1923 пашырылася т.зв. вераснёўская л-ра, скіраваная супраць фашызму (Г.​Мілеў, А.​Разцветнікаў, А.​Страшыміраў, Л.​Стаянаў і інш.). Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ры запанаваў сацыяліст. рэалізм (заснавальнік Х.Смірненскі). У маст. творах асвятляліся сац.-паліт., маральна-псіхал. праблемы, тэмы вясковага і гар. жыцця і побыту. Значных поспехаў дасягнуў балг. раман: гіст.-рэв. (Дз.​Талеў), сац.-псіхал. (С.​Даскалоў, Дз.​Дзімаў, Э.​Станеў), маральна-этычны (К.​Калчаў, А.​Гуляшкі, П.​Вежынаў). З пач. 1960-х г. развіваюцца малыя празаічныя жанры: «мікрараман», аповесць, апавяданне, навела (І.​Пятроў, М.​Хайтаў, І.​Радзічкаў); пейзажная, інтымная, філас. паэзія (А.​Германаў, Л.​Леўчаў, Л.​Даскалова і інш.); лірычная (Дз.​Фучаджыеў, І.​Давыдкаў, Д.​Жоцеў, С.​Паптонеў, Б.​Дзімітрова) і дакумент. (Е.​Каранфілаў, М.​Хрыстозаў) проза. У л-ры апошніх гадоў выяўляецца пратэст супраць разбурэння сувязяў паміж людзьмі, дэфармацыі духоўнага свету чалавека (Фучаджыеў, Б.​Томаў і інш.), спроба асэнсаваць значнасць гіст. працэсаў, складаную дынаміку жыцця і вастрыню маральна-этычных праблем.

Бел.-балг. сувязі зарадзіліся яшчэ да прыняцця хрысціянства на Беларусі, калі сюды пачалі трапляць балг. кнігі. У 14 ст. творы прадстаўнікоў тырнаўскай літ. школы спрыялі станаўленню жанраў бел. л-ры (напр., аратарскай прозы, на Беларусі жыў Цамблак). У 19 ст. сувязі ўзмацніліся (В.​Дунін-Марцінкевіч прысвяціў балг. народу верш «Славяне ў XIX стагоддзі», 1856; вызваленне Балгарыі вітаў Я.​Купала вершамі «Забраны край», «На вялікім свеце...». У 1920—30-я г. ў балг. перыёдыцы з’явіліся артыкулы пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, М.​Чарота, А.​Александровіча, у беларускай — вершы Боцева, Смірненскага, Н.​Ланкава, артыкулы Г.​Бакалава, З.​Снежкі. Асобнымі кнігамі выдадзены творы Канстанцінава, М.​Марчэўскага, С.​Лілянава. Пасля 2-й сусв. вайны сувязі і ўзаемаўплывы паглыбіліся (праводзіліся дні нац. культур, сімпозіумы перакладчыкаў і інш.). Выходзілі анталогіі паэзіі і прозы, выданні асобных аўтараў, працы даследчыкаў па пытаннях нац. л-ры і ўзаемасувязяў. На бел. мове апублікаваны празаічныя творы Вазава, Гуляшкі, Даскалова, Караславава, Вежынава, кніга лірыкі Н.​Вылчава, зб-кі сучаснай балг. паэзіі, твораў для дзяцей, нар. песень, казак. З артыкуламі пра балг. л-ру выступілі Н.​Гілевіч, Л.​Цімашкова, В.​Цімафеева. На балг. мове выдадзены зб-кі вершаў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Куляшова, П.​Броўкі, М.​Танка, П.​Панчанкі, Гілевіча, Р.​Барадуліна, празаічныя творы А.​Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка, В.​Быкава, І.​Шамякіна і інш. На балг. мову бел. творы перакладалі Н.​Вылчаў, Давыдкаў, Германаў, Г.​Вылчаў, Х.​Бербераў, на бел. мову балг. творы — Гілевіч, Барадулін, В.​Нікіфаровіч, В.​Куляшова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпох неаліту і бронзы (4—2-е тыс. да нашай эры) на тэр. Балгарыі выяўлены гліняныя посуд з геам. арнаментам, фігуркі людзей і жывёл, ад ранняга жал. веку — мегалітычныя збудаванні (дальмены ў гарах Странджа, Сакар і Усх. Радопы), наскальныя малюнкі з выявамі людзей і жывёл. На чарнаморскім узбярэжжы зберагліся рэшткі стараж.-грэч. гарадоў (Апалоніі, Месембрыі, цяпер г. Нясебыр) з ант. скульптурай. Зберагліся рэшткі гарадоў і крэпасцяў рым. эпохі (Рацыарыя, Эскус, 1—2 ст. н. э.), царква св. Георгія ў Сафіі і грабніца ў Сілістры (4 ст.). У перыяд візант. панавання тут будаваліся хрысц. храмы (Старая мітраполія ў Нясебыры, ку́пальная базіліка св. Сафіі ў г. Сафія, 5—6 ст.). З утварэннем Балг. царства (681—1018) пачало фарміравацца ўласна балг. мастацтва, якое складвалася на аснове культуры стараж. славян і протабалгар пад уплывам ант. і візант. традыцый. Сярод першых помнікаў балг. дойлідства — рэшткі крапасных сцен і палацаў 9—10 ст. у Плісцы і Прэславе. Інтэр’еры палацаў з мармуровымі каланадамі былі ўпрыгожаны плітамі і карнізамі з разным геам. узорам, скульптурай з медзі і каменю. Унікальны помнік 9 ст. — велічны барэльеф, высечаны на скале каля с. Мадара, т.зв. «Мадарскі коннік». Царк. архітэктура 9—10 ст. мела візант. прататыпы (Вял. базіліка ў Плісцы, т.зв. круглая царква ў Прэславе), маляўнічае дэкар. ўбранне. Уздым мастацтва Балгарыі пачаўся ў эпоху Другога Балг. царства (1187—1396), калі гал. Маст. цэнтрам стала Тырнава (сучасны г. Вяліка-Тырнава). Дойлідства гэтага часу адметнае свабоднай трактоўкай візант. традыцый, дэкар. вытанчанасцю (цэрквы 12—14 ст. у Вяліка-Тырнаве і Нясебыры). Высокага ўзроўню дасягнулі манум. жывапіс, сценапіс (царква ў с. Баяна, 1259, цяпер у межах г. Сафія), мініяцюры «Хронікі Манасія» і «Евангелле Івана Аляксандра» (сярэдзіна 14 ст.), ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і інш. маст. рамёствы. З тур. нашэсцем у канцы 14 ст. многія помнікі знішчаны, стараж.-балг. мастацтва заняпала. Новы ўздым культуры пачаўся ў эпоху Балг. адраджэння. У гарадах будаваліся дамы, цэрквы, масты, гадзіннікавыя вежы, перабудоўваліся манастыры (Рыльскі манастыр). У канцы 18 ст. склаліся нац. тыпы жылых дамоў з каменным цокальным і фахверкавым 2-м паверхам, з мноствам галерэй, эркераў, балконаў, з размалёўкай на атынкаваных фасадах і ў інтэр’ерах, прыгожай разной столлю (дамы ў Плоўдзіве, Вяліка-Тырнаве і інш.). Заснавальнікамі свецкага мастацтва Балгарыі сталі жывапісцы З.​Зограф, С.​Даспеўскі, Н.​Паўлавіч.

Пасля вызвалення Балгарыі ад асманскага ярма пачалася рэканструкцыя гар. Цэнтраў, узводзіліся грамадскія будынкі ў духу эклектызму і ў неавізантыйскім стылі. У выяўл. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. развіваецца кірунак дэмакр. рэалізму (А.​Мітаў, І.​Ангелаў, І.​Мырквічка, Я.​Вешын). У 1920—30-я г. нац. традыцыі развівалі Х.​Станчаў, У.​Дзімітроў-Майстара, С.​Венеў, І.​Мілеў, П.​Георгіеў, партрэтны і пейзажны жывапіс — І.​Пятроў, Дз.​Узунаў, П.​Младэнаў і інш. У архітэктуры пластычную выразнасць і нац. своеасаблівасць пабудоў вызначае выкарыстанне традыц. для Балгарыі арх. элементаў (балконаў, эркераў, лоджый). У 1970-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны ў Сафіі, Плоўдзіве і інш., курортныя комплексы «Сонечны бераг», «Залатыя Пяскі». Паводле новых планаў забудоўваліся вял. гарады, новыя прамысл. цэнтры (Дзімітроўград, Мадан і інш.).

У пошуку новых выразных рашэнняў да стараж. нац. мастацкіх традыцый звяртаюцца жывапісцы І.​Кіркаў, Д.​Кіраў, С.​Русеў, Л.​Дзіманаў, К.​Ісінаў, А.​Пятроў, скульптары А.​Ніколаў, І.​Фунеў, М.​Маркаў, графікі Б.​Ангелушаў, П.​Вылкаў, манументалісты А.​Стаменаў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (кераміка, тканіны, дываны, разьба па дрэве) сучасныя маст. прынцыпы спалучаюцца з нар. традыцыямі.

Музыка. Балгарская нар. музыка склалася на аснове фальклору стараж. славян і інш. народаў, што жылі на тэр. Балгарыі. Зберагліся старадаўнія абрадавыя, працоўныя, пастухоўскія песні (пераважна аднагалосыя), рытуальныя песнапенні і танцы з архаічнай мелодыкай і складанай нерэгулярнай рытмікай. З 18 ст. пашыраны гайдуцкія песні, з 19 ст. — песні нац. адраджэння, пазней пралетарскія, антыфаш. і партыз. песні. Сярод інструментаў: струнна-смычковы — гадулка, струнна-шчыпковы — тамбур; духавыя — гайда, кавал. Пасля прыняцця праваслаўя ў 9 ст. склалася балг. царк.-пеўчая традыцыя. Свецкае мастацтва фарміруецца з сярэдзіны 19 ст. Заснавальнікі нац. кампазітарскай школы: Э.​Манолаў (аўтар першай балг. оперы «Жабрачка», 1900, не скончана), А.​Букараштліеў, Д.​Хрыстаў, Н.​Атанасаў (аўтар першай балг. сімфоніі). Значнае месца належыць операм Г.​Атанасава (1910—20-я г.), творам П.​Уладзігерава (опера «Цар Калаян», інстр. канцэрты), Л.​Піпкава (опера «Дзевяць братоў Яны», вак.-сімф. паэма «Вяселле», 1-я сімфонія), П.​Стайнава, Ф.​Куцева, В.​Стаянава (опера «Саламбо»), М.​Галемінава (балет «Несцінарка») і інш. Пасля 2-й сусв. вайны вядучыя кампазітары Піпкаў, П. і А.​Уладзігеравы, Стаянаў, Куцеў, Галемінаў, П.​Хаджыеў, А.​Райчаў, К.​Іліеў (і дырыжор), Д.​Хрыстаў, Г.​Мінчаў. Праводзяцца міжнар. фестывалі і конкурсы. Працуюць 10 муз. т-раў, у т. л. Сафійская нар. опера, больш за 15 сімф. і камерных аркестраў, Саюз балг. кампазітараў (1947), Саюз балг. муз. дзеячаў (1965), Ін-т музыказнаўства пры Балг. АН (1948), Балг. дзярж. кансерваторыя (1954) і інш.

Тэатр. Вытокі балг. т-ра ў нар. гульнях, асабліва ў «кукерах». Першыя публічныя тэатр. паказы ў 1856 у Ломе і Шумене. У 1866 драматург Д.​Войнікаў засн. балг. трупу ў Брэіле (Румынія). Прафес. т-р узнік пасля вызвалення Балгарыі ад тур. прыгнёту (першая трупа ў Плоўдзіве, 1883). У 1887 засн. «Плоўдзіўская аматарская трупа» (з 1888 працавала як драм. трупа «Аснова» ў Сафіі). У 1892 на яе базе створана дзярж. драм. трупа «Сляза і смех» (з 1904 Нар. т-р імя І.​Вазава), дзе ставіліся п’есы балг. драматургаў — Вазава, В.​Друмева, А.​Страшымірава і інш. У перыяд уздыму балг. т-ра (1904—12) сфарміравалася рэаліст. акцёрскае мастацтва. Яго заснавальнікі — выхаванцы рус. тэатр. школ А.​Будзеўская, К.​Сарафаў, Г.​Кіраў, М.​Масаліцінаў. Пасля 2-й сусв. вайны развівалася нац. драматургія, ствараліся новыя тэатр. калектывы, ставіліся п’есы замежных аўтараў, у т. л. беларускіх: «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (Нар. т-р моладзі ў Сафіі), «Канстанцін Заслонаў» (Нар. т-р імя Вазава) і «Калі ты чалавек» (Нар. т-р моладзі) А.​Маўзона, «Лявоніха на арбіце» (Сафійскі т-р сатыры), «Зацюканы апостал» (т-ры Сафійскі сатыры і Відзінскі) і «Трыбунал» (т-ры Сафіі, Варны, Тырговіштэ) А.​Макаёнка, «Амністыя» (у многіх т-рах) М.​Матукоўскага. Сярод акцёраў: А.​Караміцеў, С.​Гецаў, Л.​Кабакчыеў, Г.​Калаянчаў, Ц.​Манева, І.​Кондаў; сярод рэжысёраў: Ф.​Філіпаў, К.​Мірскі, М.​Андонаў, В.​Цанкоў, Л.​Даніэль. Л.​Гройс, Я.​Агнянава. У 1948 засн. вышэйшы ін-т тэатр. мастацтва.

Кіно. Вытворчасць дакумент. і хранік. фільмаў пачалася з 1907, мастацкіх — з 1915. У 1919 утворана акц. т-ва «Лунафільм». У 1930-я г. ставіліся камедыі, меладрамы, гіст. фільмы. У 1933 выпушчаны першы гукавы фільм «Бунт раба». У 1939 створана дзярж. кінафірма «Балгарская справа». З канца 1940-х г. разам з вопытнымі (Л.​Мартынавіч, З.​Жандаў) пачалі працаваць рэжысёры, што заклалі асновы сучаснага нац. кінамастацтва (Д.​Дакоўскі, Б.​Шараліеў, Х.​Піскаў, Р.​Вылчанаў, Б.​Жалязкава і інш.), створана аб’яднанне «Балгарская кінематаграфія». У 1950-я г. ўзмацняюцца ідэалаг. матывы [«Калін Арол», «Трывога», «Песні пра чалавека», «Неспакойны чалавек», «Героі Шынкі» (сумесна з СССР), «Зоркі» (з ГДР)]. З канца 1950-х г., з прыходам рэжысёраў Г.​Дзюлгерава, Л.​Стайкава, М.​Ніколава і інш., пачынаюцца пошукі творчых сродкаў спасціжэння псіхалогіі чалавека і нац. характару [«На маленькім востраве», «Якія маладыя мы былі», «Сонца і цень», «Тытунь» (у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Выкрадальнік персікаў», «Ланцуг», «Цар і генерал» і інш.]. Здымаліся гіст. фільмы для моладзі, камедыі, развіваліся жанры лірычнага дэтэктыва, кінааповесці («Бывайце, сябры», «Чорныя анёлы», «Матрыярхат», «Бар’ер», «Раўнавага», «Хан Аспарух»), У 1976 зняты сумесна бел.-балг. фільм «Братушка» (рэж. І.​Дабралюбаў). Развіваецца дакумент., навук.-папулярнае і анімацыйнае кіно. У 1952 арганізаваны Саюз балгарскіх кінематаграфістаў. Кінастудыі працуюць у Варне (з 1962) і Плоўдзіве (з 1975).

Літ.:

Цімашкова Л.Я. Беларуска-балгарскія літаратурныя сувязі. Мн., 1963;

Мельцар Д.Б., Савачкін П.З. Беларусь і Балгарыя — дружба, супрацоўніцтва, братэрства. Мн., 1973;

Гілевіч Н.С. Верная вялікім запаветам: Сучас. балг. паэзія, 1956—1976. Мн., 1977;

Нікіфаровіч В. Дарогі ў шырокі свет: Старонкі літ. узаемасувязей. Мн., 1979;

Вълчев Г. Приобщения: Лит. контакти и аналогии. София, 1971;

Львова Е.П. Изобразительное искусство Болгарии эпохи национального Возрождения. М., 1975;

Енциклопедия на изобразителните изкуства в България. Т. 1—2. София, 1980—87;

Арбалиев Г.П. Национални традиции в архитектурата. София, 1982;

Хлебаров И. История на българската музикална культура. София, 1985.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), Г.​Я.​Адамовіч (літаратура), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Балгарыі.
Да арт. Балгарыя. Цясніна р. Лева ў гарах Стара-Планіна.
Да арт. Балгарыя. Залаты скарб з с. Вылчытрын (Плевенская акруга). 8 ст. да н.э.
Да арт. Балгарыя. Радопы ў Кырджалійскай акрузе.
Да арт. Балгарыя. Горад Слівен.
Да арт. Балгарыя. Нафтаперапрацоўчы завод у Бургасе.
Да арт. Балгарыя. Шыпка. Помнікі рускім воінам і балгарскім апалчэнцам, якія загінулі ў руска-турэцкай вайне 1877—78.
Да арт. Балгарыя. Сланечнікавыя палі на Дунайскай раўніне.
Да арт. Балгарыя. Плошча «9 верасня» ў Сафіі. Фрагмент.
Да арт. Балгарыя. Бачкаўскі манастыр.
Да арт. Балгарыя. Царква Старая мітраполія ў г. Нясебыр. 6 ст.
Да арт. Балгарыя. Севастакратар Калаян. Фрагмент размалёўкі царквы ў с. Баяна. 1259.
Да арт. Балгарыя. З.​Зограф. Аўтапартрэт. 1840-я г.
Да арт. Балгарыя. Фрагмент размалёўкі Казанлыкскай пахавальні. 4—3 ст. да н.э.
Да арт. Балгарыя. Храм-помнік Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Арх. А.​Памяранцаў. 1904—12.
Да арт. Балгарыя. Помнік Вызваліцелям у Сафіі. Скульптар А.​Цокі. 1907.
Да арт. Балгарыя. Я.​Вешын. Вяртанне з кірмашу. 1898.
Да арт. Балгарыя. У.​Дзімітраў-Майстара. Сялянская дзяўчына. 1930-я г.
Да арт. Балгарыя. Царква Пантакратара ў г. Нясебыр. 14 ст.
Да арт. Балгарыя. Курорт Залатыя Пяскі.

т. 2, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЗАНТЫ́Я, Візантыйская імперыя,

дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г. Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах. ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш. Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.

Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне I). З 370-х г. імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.

З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м. Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі па шляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант. імперыя часова перастала існаваць.

На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч. дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.

Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.

Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.

Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст. навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара па ант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.

Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд. Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.

Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст. вытв-сць).

Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.

Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант. Культ. спадчыны.

Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст. філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).

Гістарычная навука. У візант. гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц. гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Пасля лац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.

Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.

Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст. ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг. л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.

Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.​Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-ва хрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).

Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).

Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб. муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб. стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт. Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.​Тыльярд і Э.​Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.

Літ.:

Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;

Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;

Прокопий Кесарийский. Война с персами;

Война с вандалами;

Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;

Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;

Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;

Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр. М., 1986;

Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;

Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;

Византийский временник. Т. 1—55. СПб.;

М., 1894—1994;

История Византии. Т. 1—З. М., 1967;

Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;

Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;

Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;

Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;

Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;

Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;

Византийская литература. М., 1974;

Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;

Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;

Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;

Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;

Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;

Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;

Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;

Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;

Manso C. Architettura bizantina. Milano, 1978.

Г.​А.​Лаўрэцкі (архітэктура), В.​Я.​Буйвал (выяўл. мастацтва), Н.​К.​Мазоўка (гіст. навука).

Да арт. Візантыя. Царква манастыра Хосіяс Лукас у Факідзе. 11 ст.
Да арт. Візантыя. Царква Сан-Вітале ў Равене. Інтэр’ер. 526—547.
Да арт. Візантыя. Інтэр’ер базілікі Сант-Апалінарэ Нуова ў Равене. 533— 549.
Да арт. Візантыя. Імператрыца Феадора з прыбліжанымі. Мазаіка царквы Сан-Вітале ў Равене. Фрагмент. Каля 547.
Да арт. Візантыя. Давід, які іграе на ліры. Мініяцюра т.зв. «Парыжскай псалтыры». 1-я пал. 10 ст.
Да арт. Візантыя. Царква Апосталаў у Салоніках. 1312—15.
Да арт. Візантыя. Хрыстос. Мазаіка сабора св. Сафіі ў Канстанцінопалі. 13 ст.
Да арт. Візантыя. Маці Божая Адзігітрыя. Мазаіка царквы манастыра Хора ў Канстанцінопалі. 14 ст.

т. 4, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)