Казю́лька 1 ’маленькая лавачка’ (Касп.), ’выразаны з яліны цурбан з сукамі, які служыць замест зэдліка’ (Бяльк.). Рус. смал. казюлька ’невялікая драўляная лавачка’, ’драўляная лавачка з ножкамі з тоўстых сукоў’: падобныя значэнні зафіксаваны і ў Калінінскай вобласці. Рэгіянальны наватвор; да каза 1, відаць, праз казюлька ’нешта рагатае’. У слоўніку Бялькевіча зафіксавана асноўнае значэнне, у Каспяровіча — або перанос, або недастаткова поўнае апісанне рэаліі. Параўн. яшчэ казулька.
Казю́лька 2 ’казяўка, казурка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Нас.). Гэтыя ўсх.-бел. утварэнні нельга аддзяліць ад рус. пск., цвяр., смал., уладз., кур., варонеж. козюлька ’тс’. Статус інавацыі (усх.-слав.? рус.?) не зусім ясны. Словаўтваральна — ад казюля, казюлька ’нешта рагатае’ або, магчыма, і перанос ад неадзначанай назвы свойскай жывёлы, як у іншых назвах, дзе сувязь з дэрыватамі ад каза 1 больш празрыстая. Матывацыя — наяўнасць зааморфных адзнак у насякомых. Параўн. яшчэ казурка (гл.).
Казю́лька 3 ’дошчачка з выемкай для здымання ботаў’ (в.-дзвін., Шатал.). Верагодна, самастойны рэгіянальны наватвор ад казюлька ’нешта рагатае’, якое да каза 1. Матывацыя назвы зразумелая: два выступы, утвораныя выемкай, успрымаюцца як рожкі. Аб іншых магчымасцях утварэння (перанос з казюлька ’свойская жывёла’; субстытуцыя тэрмінаў) гл. каза 1.
Казю́лька 4 ’сажань’ (Мат. Гом.). Рэгіянальны наватвор ад казюлька ’нешта рагатае’. Да каза 1; рэалія з відавочнымі зааморфнымі прыкметамі. Не выключана субстытуцыя тэрмінаў.
Казю́лька 5 ’паласа, участак, адмераны драўляным цыркулем, або палкай, роўнай яго даўжыні’ (слаўг., Яшк.). Перанос ад папярэдняга слова. Рэгіянальны наватвор.