Казу́лька ’божая кароўка’ (Шатал., З жыцця; Чач.), казулькі ’конікі палявыя’ (Федар. Рук.). Укр. козуля, козулька ’насякомае Cerambix’. Словаўтваральна празрыстая структура; цяжэй вытлумачыць як вытворнае ад каза 1, ці тут перанос назвы з казуля, вядомага ў розных значэннях. Параўн. у Федароўскага ў рукапісным слоўніку: kozaczki ’конікі палявыя’. Лексемы з апошнім значэннем могуць быць аўтаномнымі ўтварэннямі (паводзіны насякомага нагадваюць паводзіны жывёлы), магчыма, нават першаснымі для семемы ’божая кароўка’, напр., супадзенне назвы коніка і божай кароўкі ў бел. лельч. кавалік. Разам з тым міфалагічны кантэкст, які суправаджае розныя назвы Coccinella septempunctata як у слав., так і неслав. мовах, дазваляе меркаваць аб магчымай субстытуцыі назвы або міфалагічным варыянце, параўн. бел. кароўка, ярыца, укр. щедрик‑ведрик і рус. козуля, козурка, козюлька, коровка і інш. для сакральнага печыва з відавочнымі зааморфнымі адзнакамі.
Казу́лька ’маленькая лавачка’ (Касп.). Рус. козуля ’кароткая лавачка, зробленая так, што сучкі дрэва з’яўляюцца ножкамі’, казулька ’тс’, халм., пск. ’маленькая лавачка, на якую садзяцца, калі дояць карову’, маск. ’санкі, якія робяць са старой лаўкі’. Матывацыя назвы зразумелая (рожкі, зааморфная адзнака), аднак не вельмі ясна, утворана слова суфіксальным спосабам ад каза або тут перанос назвы ад казуля, параўн. інш. назву лавачкі каза (гл.). Статус інавацыі (усх.-слав.?) няясны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)