існава́нне, ‑я, н.
1. Наяўнасць каго‑, чаго‑н. у рэальнасці; быццё. Існаванне свету. Існаванне матэрыі. □ Ніякіх разумных довадаў супраць існавання беларускай газеты Баўдзей не прыводзіў. Колас. Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень. Мележ.
2. Жыццё (у 2 знач.); спосаб жыцця. Барацьба за існаванне. Сродкі на існаванне. □ [Сеньёр Джордж] сам жыве радасцямі і горам гэтага народа, сам добра паспытаў, што такое беспрацоўе, беднае, галоднае існаванне. Мележ.
існава́ць, існую, існуеш, існуе; незак.
1. Быць у наяўнасці; мецца. Перастаць існаваць. □ Гэта была самая найкарацейшая сцежка, каб прайсці лес, і існавала яна тут здаўн[а]. Чорны. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. // Служыць для якой‑н. мэты. Правілы існуюць для таго, каб іх выконвалі.
2. Быць жывым; жыць (у 1 знач.). — Жывеш? — Як бачыш, рухаюся, існую. А ты? — Дыхаю. Значыцца, таксама існую... Лынькоў. // чым і на што. Здабываць сродкі для жыцця якім‑н. чынам. Існаваць на сродкі бацькоў. // Жыць няпоўным жыццём, без радасці, без задавальнення. Калі бяссоннымі начамі Ля вокан сцежак не таптаў, — Хоць ты і быў тут, поруч з намі, Ты ўсё ж не жыў, а — існаваў. Рудкоўскі.
і́снасць, ‑і, ж.
Тое, што і сутнасць. Ох, гэтыя ціхія маладыя людзі! Іх сапраўдную існасць даўно вызначыла народная мудрасць: у ціхай бухце чэрці водзяцца. Колас.
існу́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад існаваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які ёсць цяпер, маецца ў рэальнасці. Існуючы парадак.
3. Дзеепрысл. незак. ад існаваць.
і́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе, маецца ў рэальнасці. Цяпер ужо Каралькоў крычаў на ўсё поле, абвінавачваючы мяне ва ўсіх грахах, існых і выдуманых. Шамякін.
2. у знач. наз. і́снае, ‑ага, н. Тое, што існуе ў рэальнасці. Прымаць жаданае за існае. □ Нават маўклівы матэматык Рамашка не стрымаўся, каб не сказаць колькі слоў у абарону дакладных навук, без якіх, як ён адзначыў, нельга ўявіць нічога існага на зямлі. Дамашэвіч.
3. Сапраўдны, рэальны. — У нас ёсць адзін селянін, Шкробат Тарэнта. Ён самы існы п[рыхільнік] справядлівасці. Галавач.