я́ўка, ‑і, ДМ яўцы; Р мн. явак; ж.
1. З’яўленне, прыход куды‑н. або прысутнасць дзе‑н. (звычайна па афіцыйнаму распараджэнню). Яўка ў суд.
2. Канспіратыўная сустрэча. Мінула гадзіна, прызначаная для яўкі, а .. [Косця] не ішоў. Новікаў. Паўлоўская мае сувязь з падполлем, атрымлівае і выконвае адказныя заданні, наладжвае яўкі, сустракаецца з іншымі падпольшчыкамі. Кудраўцаў. // Месца, памяшканне, дзе адбываецца такая сустрэча. Хведар.. быў чацвёрты чалавек у брыгадзе, .. які ведаў усе гарадскія яўкі. Шамякін. [Туравец] даў адрасы явак, сказаў умоўленыя паролі і працягнуў пашпарт і пропуск. Мележ. / Пра адрасы і іншыя звесткі аб такіх сустрэчах. [Хведар:] — Вось паролі і яўкі. Звязвайся з нашымі людзьмі. Няхай.
я́ўканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. яўкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. — Кот, відаць, увіваўся каля некага і бесперапынным яўканнем вымагаў спажыву. Кулакоўскі.
я́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і мяўкаць.
я́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да яўкаць.