Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чу́ласць, ‑і, ж.

1. Здольнасць успрымаць знешнія раздражненні органамі пачуццяў. Чуласць пальцаў музыканта. □ [Нявідны] абярнуўся ў нежывога, страціўшага чуласць і прытомнасць чалавека. Колас. // Тонкае, вострае ўспрыманне. Вясна і праца выгналі з думак [Зосі] рэшткі хваравітай чуласці да ўспамінаў. Чорны. З чуласцю прыслухоўваецца .. [Ілька] да вясковых зыкаў, як скрыпяць вароты і стукаюць цапы, як спяваюць вясковыя, дзяўчаты. Каваль. // Адчувальнасць. Унутраная чуласць да навакольнага памагае герою зліць душу з прыродай, і, наадварот, тонкае адчуванне прыроды выклікае прыліў унутраных сіл і творчасці. Гіст. бел. сав. літ. Паэт валодае павышанай чуласцю да хараства жыцця, ён улюбёны ў родную прыроду, ва ўсё светлае, чыстае, высакароднае. Перкін.

2. Увага да людзей; спагадлівасць, спачувальнасць. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Максім Танк — паэт-лірык, які заўсёды вызначаўся чуласцю да гора і радасці народа. «Беларусь».

чуллі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан чуллівага. І толькі дома, за сталом, калі выпіў другую чарку і стаў да слёзнасці добрым — чуллівасць да сына ўжо не ўмесцілася ў ім, — і Даніла не вытрымаў, устаў з месца і працягнуў цераз стол Сцяпану руку: — Здароў яшчэ раз, сын! Капыловіч. Беларускай песеннай творчасцю некаторыя захапляліся шчыра, адчуваючы яе хараство, далікатную чуллівасць, паэтычнасць. «Полымя».

чуллі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны ўспрымаць знешнія, фізічныя раздражненні. Чуллівыя нервы. // Які вызначаецца хваравіта павышанай здольнасцю ўспрымаць раздражненні. Адно вядома, што хвароба вельмі небяспечная, яна падкралася да самага чуллівага аргана — да мазгоў. Васілёнак. — У гэтых дваццаці яблынь мы наўмысна затрымліваем цвіценне, яны вельмі чуллівыя да замаразкаў. Стаховіч.

2. Кранальны, сардэчны, здольны выклікаць замілаванне, добрае пачуццё. Мы добра ведаем з біяграфіі У. І. Леніна аб яго вымушанай эміграцыі за мяжу, ведаем аб той чуллівай апошняй сустрэчы Уладзіміра Ільіча з маці ў Стакгольме. «ЛіМ». Вечарамі баян з пералівамі Ціха шэпча песні чуллівыя. Бураўкін.

3. Здольны тонка адчуваць, востра рэагаваць. На душы ў паэта, чуллівай заўжды, Кожны імпульс жыцця адгукнецца. Сэрца плача, смяецца, а трэба — тады І крывёю гарачай зальецца. А. Астапенка. Ад чуллівага дзіцячага сэрца не схаваеш фальшы. Краўчанка. Людзі з цяжкім лёсам ад гора не чарсцвеюць, а робяцца чуллівымі, вельмі спагадлівымі. Грахоўскі.

чу́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Уважлівы, спагадлівы; добразычлівы. Дзеці вельмі любілі сваю класную настаўніцу — чулую, добрую жанчыну. Няхай. [Бацька] быў чулы чалавек і не ўспомніў сыну ў гэты дзень тое, пра што ўжо раней было дагаворана з ім: трэба ісці з дому шукаць работы. Чорны. // Які сведчыць пра ўважлівасць, спагадлівасць да людзей. Стары Несцер, абапёршыся на кій, стаў на жоўты пясок каля магілы і чулымі, простымі словамі, па-бацькоўску пашкадаваў Алесю. Пестрак. Яшчэ да болю закране Душу гарачы позірк чулы. Тарас. // Сардэчны, цёплы. Адносіны [Веры Антонаўны] да бацькоў, здаецца, былі больш цёплыя, чулыя. Карпаў.

2. Які жыва, востра ўспрымае жыццёвыя з’явы; уражлівы. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Балела і збітае бізуном і розгамі цела, і чулая да людскога гора .. душа [Базылька]. Якімовіч. // Які хутка рэагуе на якія‑н. з’явы, дзеянні, востра ўспрымае акаляючае. Народная мова сама вельмі чулая да тых змен, якія адбываюцца ў жыцці грамадства, і спагадліва адгукаецца на гэтыя змены. Юрэвіч.

3. Які тонка, лёгка ўспрымае што‑н. органамі пачуццяў. Нястройны гул і смех, і млявы голас скрыпак Мой чулы слых ахутваюць ватай. Панчанка. Чулае салдатава вуха ўлавіла, што і за дзвярыма нехта адмервае крокі. Сабаленка.

4. Які хутка адзываецца, адказвае на ўздзеянне, раздражненне (гук, датыканне і пад.). Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Мускулы твару вельмі рухлівыя, чулыя і кожную хвіліну мяняюць выраз. Бядуля.