чуласць, ‑і, ж.
1. Здольнасць успрымаць знешнія раздражненні органамі пачуццяў. Чуласць пальцаў музыканта. ▪ [Нявідны] абярнуўся ў нежывога, страціўшага чуласць і прытомнасць чалавека. Колас. // Тонкае, вострае ўспрыманне. Вясна і праца выгналі з думак [Зосі] рэшткі хваравітай чуласці да ўспамінаў. Чорны. З чуласцю прыслухоўваецца .. [Ілька] да вясковых зыкаў, як скрыпяць вароты і стукаюць цапы, як спяваюць вясковыя, дзяўчаты. Каваль. // Адчувальнасць. Унутраная чуласць да навакольнага памагае герою зліць душу з прыродай, і, наадварот, тонкае адчуванне прыроды выклікае прыліў унутраных сіл і творчасці. Гіст. бел. сав. літ. Паэт валодае павышанай чуласцю да хараства жыцця, ён улюбёны ў родную прыроду, ва ўсё светлае, чыстае, высакароднае. Перкін.
2. Увага да людзей; спагадлівасць, спачувальнасць. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Максім Танк — паэт-лірык, які заўсёды вызначаўся чуласцю да гора і радасці народа. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)