Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чу́тачку, прысл.

Разм. Крышачку, трошачкі. І плацце сонечнага колеру, і прычоска, чутачку паднятая стаўбунком.. — усё так міла і так хораша.. [Тоні]. Скрыган. Моцны вецер.. абсыпаў.. [Міхаську] мяккім сняжком. Але — няхай сабе. Яму ж так добра. Яшчэ хоць чутачку адпачыць бы. Якімовіч.

чу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Вестка, паведамленне. [Кандрат:] — А ад Барташэвіча чутак няма? — [Домна:] — ..Чаму няма? Напісаў, што скора прыйдзе. Лобан. Чуткі з вайны трохі-трохі даходзілі да горада, надта далёка была яна адгэтуль. Мурашка. І вось гэтай вясною маланкай абляцела ўсе вёскі чутка: да Першага мая шахцёры абяцаюць даць калійную соль. Кулакоўскі. // звычайна мн. (чу́ткі, ‑так). Звесткі (звычайна няпэўныя, недакладныя); пагалоска. Справы ў яго доўга не ладзіліся, і да Зыбіна даходзілі чуткі, што яго вось-вось здымуць з пасады. Мележ. Хадзілі чуткі, што ніякі.. [Мінін] не слесар, а жандар коннай петраградскай паліцыі. Дуброўскі.

чу́ткасць,

Уласцівасць чуткага. Чуткасць слыху. Чуткасць душы.

чу́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны добра ўспрымаць што‑н. слыхам, нюхам. — Спі, — гаворыць Яворскі, — сабакі ў мяне чуткія і злыя — абудзяць, калі што. Колас. // Які хутка рэагуе на знешнія раздражненні (гук, дотык і пад.). А ўначы ўсё навокал скоўваў амаль касмічны холад, і чуткія сейсмографы адзначалі, як недзе ў гарах трашчаць скалы. Шыцік.

2. Уражлівы, успрыімлівы. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала. Першым затрапятала чуткае лісце асіны. Шамякін.

3. Лёгкі, неглыбокі. Чуткі сон.

чу́тна і чутно́,

1. Прысл. да чутны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Можна чуць. І здаецца, Зязюля даўно адкувала, І не чутна За вокнамі Звону вясны. Грахоўскі. Чамусьці не відаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку. Лынькоў. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ.

3. безас. у знач. вык. Разм. Ёсць звесткі, навіны, паведамленні пра каго‑, што‑н. Прайшла палова чэрвеня, а пра наступленне Чырвонай Арміі нічога пэўнага не было чутно. Машара.

4. у знач. пабочн. Кажуць, як кажуць. [Сушкевічава] жонка, папр[адава]ўшы будынкі, выехала адсюль і жыве, чутно, добра. Кулакоўскі.

чу́тнасць, ‑і, ж.

1. Ступень выразнасці гучання. Добрая чутнасць. Мяжа чутнасці.

2. Магчымасць чуць, слухаць каго‑, што‑н. Чутнасць выбухаў.

чутно́,

гл. чутна.

чу́тны, ‑ая, ‑ае; чуцён, чутна.

1. Даступны слыху; які ўспрымаецца слыхам. І дзявочы голас звоніць над лясамі: «Будуць у калгасе слаўныя дажынкі, Будуць чутны песні за гарой высокай». Панчанка. Рагочуць мужчыны. Доўга адзін да аднаго бародамі варочаюцца, а тады паасобныя галасы — кожны па-свойму чуцён. Скрыган. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? А. Вольскі. // перан. Вядомы. Бедны хлопец Кастусь, Што каленьмі свяціў у апратцы кастравай, Выспеў коласам буйным, а Беларусь Стала чутнай і знанай на свеце дзяржавай. Лужанін.

2. у знач. вык. Чуецца, гучыць. Ледзь чутны ціхі звон Звычайным свежым ранкам, Калі страсае клён З галін сваіх мядзянкі. Астрэйка. У кнізе чутны і рэха гераічнай.. гісторыі Беларусі, і перазвон зброі ў часы рэвалюцыйных выступленняў народных мас. Ярош.

чу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад чуць ​1 (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Які ўжо быў пачуты; вядомы. Кожнаму хацелася сказаць, што ён ведаў, і самому пачуць нешта яшчэ новае, нячутае, а можа і чутае, але расказанае нанава, з новымі падрабязнасцямі і меркаваннямі. Крапіва.

3. у знач. наз. чу́тае, ‑ага, н. Тое, што хто‑н. дзе‑н. чуў, пачуў. Едучы ў тралейбусе, Валя зноў у думках перабрала чутае і ўбачанае ў Шарупічаў. Карпаў. Кручынін заўсёды згушчаў фарбы, перабольшваў і завастраў чутае так, што часам цяжка было зразумець, дзе канчаецца праўда і пачынаецца выдумка. С. Александровіч.

•••

Дай бог чутае бачыць гл. даць.

Каб жа чутае бачыць гл. бачыць.